Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 11, 1–7
Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым. Праз яе старэйшыя атрымалі сведчанне.

Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.

Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, дзякуючы якой ён атрымаў сведчанне сваёй справядлівасці, таму што Бог засведчыў пра дары ягоныя, і дзякуючы ёй прамаўляе нават пасля смерці.

Вераю Гэнох быў перанесены, каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу. А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае.

Вераю Ной атрымаў перасцярогу наконт таго, што яшчэ не было бачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг, каб уратаваць свой дом. Праз веру ён асудзіў свет і стаў спадкаемцам справядлівасці паводле веры.

Гэта слова Божае

Падрабязней

Друкаваць

Пятніца — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 11, 1–9
Сыдзем жа і змяшаем мову іхнюю

Чытанне кнігі Быцця.

На ўсёй зямлі была адна мова і аднолькавыя словы. Рушыўшы з усходу, людзі знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адзін аднаму: Давайце наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: Давайце збудуем сабе горад і вежу, вяршыня якой узнясецца да нябёсаў, і зробім сабе знак, каб не рассеяцца па паверхні ўсёй зямлі. І сышоў Пан паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны чалавечыя.

І сказаў Пан: Вось адзін народ і адна ва ўсіх мова; і вось што пачалі рабіць, і не адступяцца яны ад таго, што задумалі ўчыніць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў мовы другога. І рассеяў іх Пан адтуль па паверхні ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя “Бабілён”, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі, і адтуль рассеяў іх Пан па паверхні ўсёй зямлі.

Падрабязней

Друкаваць

VІ Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 17, 5-8
Пракляты, хто спадзяецца на чалавека; благаслаўлёны, хто спадзяецца на Пана

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так кажа Пан:

Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана. Ён будзе як ядловец у стэпе, не ўбачыць, калі прыйдзе шчасце, але будзе жыць у высахлых месцах на пустыні, на салёнай і бязлюднай зямлі.

Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога – Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца і не перастане прыносіць плён.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Чацвер — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 9, 1–13
Кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю

Чытанне кнігі Быцця.

Благаславіў Бог Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: Пладзіцеся, і памнажайцеся, і напаўняйце зямлю. І няхай страх і боязь перад вамі маюць усе жывёлы зямныя, і птушкі нябесныя, і ўсё, што рухаецца па зямлі, і рыбы марскія. Яны аддадзены ў рукі вашыя. Усё, што рухаецца і жыве, будзе вам ежай, як і зялёныя расліны; Я даў вам усё. Толькі цела з жыццём ягоным, што ў крыві, не ешце. Бо за кроў жыццяў вашых Я спаганю з кожнай жывёлы; а з рукі чалавека і з рукі кожнага брата ягонага Я спаганю за кроў чалавека.

Хто пралье чалавечую кроў, кроў таго будзе праліта чалавекам; бо чалавек створаны на вобраз Божы.

А вы пладзіцеся і памнажайцеся, засяляйце зямлю і размнажайцеся на ёй.

Так сказаў Бог Ною і сынам ягоным, якія былі з ім, кажучы:

Вось Я ўстанаўлю запавет Мой з вамі і з вашым патомствам пасля вас, і з кожнаю жывою душою, якая з вамі, з птушкамі, жывёлай і ўсімі звярамі зямнымі, якія з вамі — з усім, што сыдзе з каўчэга, з усім, што жыве на зямлі. Устанаўлю запавет Мой з вамі; і больш ніколі воды патопу не заб’юць усялякага цела, і не будзе больш патопу, які спусташае зямлю.

І сказаў Бог: Вось знак запавету, які Я ўстанаўлю на вечныя пакаленні паміж Мною і вамі, і кожнаю жывою душою, якая з вамі: кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Серада — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 6, 5–8; 7, 1–5. 10
Паглядзеўшы, убачыў, што высахла паверхня зямлі

Чытанне кнігі Быцця.

Калі мінула сорак дзён, Ной адчыніў акно каўчэга, якое зрабіў, і выпусціў крумкача. Але той вылятаў і вяртаўся, пакуль не высахлі воды на зямлі. Потым выпусціў галубку, каб паглядзець, ці ўжо сышлі воды з паверхні зямлі. Але галубка не знайшла, дзе б магла спачыць нага яе, і вярнулася да яго ў каўчэг, бо воды былі над усёй паверхняй зямлі. Тады Ной працягнуў руку, і схапіў яе, і забраў назад у каўчэг.

Пачакаўшы яшчэ сем дзён, ён зноў выпусціў галубку з каўчэга. І тая прыляцела да яго ўвечары і прынесла ў дзюбе аліўкавую галінку з зялёным лісцем. І зразумеў Ной, што воды сышлі з зямлі. Пачакаўшы яшчэ сем дзён, ён зноў выпусціў ад сябе галубку, і яна ўжо не вярнулася да яго.

Так на шэсцьсот першым годзе, у першы месяц і ў першы дзень месяца высахлі воды на зямлі. Тады Ной зняў дах каўчэга і, паглядзеўшы, убачыў, што высахла паверхня зямлі.

І пабудаваў Ной ахвярнік Пану, і, узяўшы з усіх чыстых жывёл і з усіх чыстых птушак, прынёс усеспаленне на ахвярніку. Пан адчуў прыемны пах, і сказаў Пан у сэрцы сваім: Не буду больш праклінаць зямлю з-за людзей, бо задумы чалавечага сэрца схіляюцца да зла ад яго маладосці. Больш не буду знішчаць кожнай жывой істоты, як учыніў Я. Ва ўсе дні зямлі не спыняцца сяўба і жніво, холад і спёка, лета і зіма, дзень і ноч.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

 V Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 6, 1-2а. 3-8
Вось я, пашлі мяне

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У год смерці караля Озіі я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім; кожны з іх меў па шэсць крылаў.

Яны ўсклікалі адзін да аднаго, кажучы: Святы, святы, святы, Пан Магуццяў. Уся зямля поўная хвалы Яго. І захісталіся вушакі дзвярэй ад гэтага голасу, і дом напоўніўся дымам.

І сказаў я: Гора мне, бо Я загінуў, таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі і жыву я сярод людзей з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў.

Тады падляцеў да мяне адзін з Серафімаў, а ў руцэ яго быў распалены вугаль, які ён клешчамі ўзяў з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да вуснаў маіх і сказаў: Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой.

Тады я пачуў голас Пана, які казаў: Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І сказаў я: Вось я, пашлі мяне.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

 ІV Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 1, 4–5. 17–19
Устанавіў цябе прарокам для народаў

Чытанне Кнігі прарока Ераміі

У дні Ёсіі:

Cкіраваў да мяне Пан слова, кажучы: Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў.

Ты падпяражаш свае бёдры, устанеш і скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх, інакш Я напоўню цябе страхам перад імі. Вось Я зрабіў цябе сёння ўмацаваным горадам, жалезным слупом і меднымі мурамі супраць усёй зямлі, супраць каралёў юдэйскіх, супраць правадыроў іхніх, супраць святароў і народу гэтай зямлі.

Яны будуць ваяваць з табою, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, — кажа Пан, — каб ратаваць цябе.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

ІIІ Звычайная нядзеля, Год C

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нм 8, 2–4а. 5–6. 8–10
Чыталі кнігу Закону і раскрывалі сэнс

Чытанне кнігі Нээміі.

У тыя дні:

Прынёс святар Эздра кнігу Майсеевага Закону ў першы дзень сёмага месяца на сход мужчын і жанчын, і ўсіх, хто мог разумець. І чытаў яго на плошчы, што перад Воднаю брамай, ад світання да сярэдзіны дня перад мужчынамі і жанчынамі, і тымі, хто мог разумець; і вушы ўсяго народа былі ўважлівыя да кнігі Закону. Стаяў жа кніжнік Эздра на зробленым драўляным узвышэнні.

І разгарнуў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народа, а стаяў ён вышэй за народ. І, калі разгарнуў яе, увесь народ устаў. Благаславіў Эздра Вялікага Пана Бога, а ўвесь народ адказаў: Амэн, амэн, – падымаючы рукі свае. І кланяліся, і падалі на калені, тварам на зямлю, перад Панам.

І чыталі кнігу Закону Божага выразна, і тлумачылі, і раскрывалі сэнс, і рабілі зразумелым тое, што чыталася.

Тады намеснік Нээмія і Эздра, кніжнік і святар, і левіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: Дзень гэты святы для Пана Бога нашага. Не смуткуйце і не плачце. Бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.

І сказаў ім Нээмія: Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі тым, хто не прыгатаваў сабе, таму што святы гэты дзень для Пана нашага. І не смуткуйце, бо радасць Пана – гэта моц вашая.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць