Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 8, 4–7. 10–22а
І будзеце наракаць на караля, якога сабе выбралі, але не пачуе вас Пан

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Сабраліся ўсе старэйшыны Ізраэля, прыйшлі да Самуэля ў Раму і сказалі яму: Вось ты састарэў, а сыны твае не ходзяць шляхамі тваімі. Таму пастаў цяпер над намі караля, каб судзіў нас, як ёсць ва ўсіх народаў.

Не спадабалася сказанае Самуэлю, таму што казалі: Дай нам караля, каб судзіў нас. І маліўся Самуэль да Пана. А Пан адказаў Самуэлю: Слухай голас народа ва ўсім, што кажа табе, бо не цябе адкінулі, але Мяне адкінулі, каб Я не валадарыў над імі.

Тады ўсе словы Пана Самуэль перадаў народу, які прасіў у яго караля. І прамовіў ён: Такое будзе права караля, які стане валадарыць над вамі. Ён забярэ сыноў вашых, паставіць іх на калясніцы свае і зробіць іх сваімі вершнікамі, і будуць бегаць перад калясніцамі ягонымі. І прызначыць іх сабе тысячнікамі і сотнікамі, аратаямі палёў сваіх і жняцамі пасеваў. Каб рабілі для яго ваенную зброю і прылады для ягоных калясніц. Дачок вашых таксама возьме, каб намашчалі яго, былі кухаркамі і пекарамі. Палі вашыя, і вінаграднікі, і аліўкі найлепшыя забярэ і дасць слугам сваім. Але і з пасеваў вашых, і з вінаграднікаў будзе браць дзесяціну, каб аддаваць еўнухам і слугам сваім. А вашых слуг, і служанак, і найлепшых валоў забярэ і паставіць на сваю працу. Статкі вашыя абкладзе дзесяцінаю, а вы станеце яго слугамі. І будзеце наракаць ў той дзень на караля, якога сабе выбралі, але не пачуе вас Пан у дзень той.

Аднак народ не хацеў слухаць Самуэля і казаў: Не, няхай кароль будзе над намі, і мы станем, як усе народы; і будзе нас судзіць кароль наш, і выходзіць перад намі, і весці нашыя войны. І выслухаў Самуэль усе словы народа, і паўтарыў іх перад Панам. А Пан сказаў Самуэлю: Паслухай іх голас і пастаў над імі караля.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Чацвер — першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 4, 1–11
Разбілі Ізраэль, і захоплены быў каўчэг запавету

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

Сталася ў тыя дні:

Філістымляне сабраліся на вайну супраць Ізраэля. Ізраэль таксама вырушыў на бітву супраць філістымлянаў. І размясцілі стан каля Абэнэцэра. Тымчасам філістымляне прыбылі ў Афэк і выстраіліся супраць Ізраэля. І разгарнулася бітва, і быў разбіты Ізраэль філістымлянамі, якія забілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.

Калі вярнуліся людзі ў лагер, старэйшыя Ізраэля казалі: Чаму Пан дазволіў разбіць нас сёння перад філістымлянамі? Возьмем да сябе з Сілома каўчэг запавету Пана, каб ішоў сярод нас і вызваліў нас ад рукі непрыяцеляў нашых. І паслаў народ у Сілом, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Пана Магуццяў, які сядзіць на Хэрубінах. І былі з каўчэгам запавету Пана два сыны Элія, Офні і Фінхас.

Калі прынеслі каўчэг запавету Пана ў стан, увесь Ізраэль ўзняў вялікі крык і задрыжэла зямля. І пачулі філістымляне шум крыку, і казалі: Што гэта за шум моцнага крыку ў лагеры габрэяў? І даведаліся, што каўчэг запавету прыбыў у стан. І спалохаліся філістымляне, кажучы: Бог наведаў стан! І бедавалі са словамі: Гора нам! Бо не здаралася такога ні ўчора, ні яшчэ раней. Гора нам! Хто ж выратуе нас ад рукі гэтых магутных багоў? Гэта багі, якія спаслалі на Егіпет ўсялякую пошасць у пустыні. Мацуйцеся і будзьце мужнымі, філістымляне, каб не служыць габрэям, як і яны служылі нам. Будзьце адважнымі і змагайцеся.

І змагаліся філістымляне, і разбілі Ізраэль, і кожны ўцякаў да палаткі сваёй. І параза іх была вельмі вялікая: з ізраэльцян палегла трыццаць тысяч пяхоты. І захоплены быў каўчэг запавету, а два сыны Элія, Офні і Фінхас, загінулі.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Серада — першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 3, 1–10. 19–20
Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Малады Самуэль служыў Пану пад наглядам Элія. У тыя дні рэдка прамаўляў Пан, аб’яўленні не былі частыя. І сталася ў пэўны дзень, калі Элій спаў на сваім месцы, – вочы яго пачалі ўжо заплюшчвацца, і не мог бачыць, — і светач Божы яшчэ не пагас. Самуэль жа спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: Вось я. І пабег да Элія і сказаў: Вось я, ты мяне клікаў. Элі адказаў: Я не клікаў цябе, вярніся і спі. Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: Самуэль!

Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Той адказаў: Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі. Самуэль яшчэ не пазнаў Пана, і слова Пана яшчэ не адкрылася яму. Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: Самуэль! Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: Ідзі спаць! А калі зноў цябе пакліча, адкажы: Гавары, Пане, бо слухае слуга Твой. Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: Самуэль, Самуэль! Самуэль адказаў: Кажы, бо слухае слуга Твой.

Самуэль рос, а Пан быў з ім. Не дазволіў Самуэль ніводнаму Яго слову ўпасці на зямлю. І ўвесь Ізраэль ад Дана да Бээр-Шэбы даведаўся, што Самуэль быў устаноўлены прарокам Пана.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Аўторак I звычайнага тыдня, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 9–20
Пан успомніў пра Ганну, і нарадзіла яна Самуэля

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Устала Ганна пасля таго, як елі і пілі яны ў Сілом, а святар Элія сядзеў у крэсле пры дзвярах святыні Пана. Яна ж у глыбокім суме малілася да Пана і горка плакала. І дала такое абяцанне, кажучы: Пане Магуццяў, калі Ты сапраўды паглядзіш на гора Тваёй слугі і ўспомніш мяне, і не забудзеш слугі Тваёй, і дасі слузе сваёй дзіця мужчынскага полу, я аддам яго Пану на ўсе дні жыцця ягонага і брытва не дакранецца да ягонай галавы.

А калі яна доўга малілася перад абліччам Пана, Элія назіраў за яе вуснамі. Ганна ж казала ў сэрцы сваім; хоць яе вусны варушыліся, голасу яе не было чуваць. Таму Элія думаў, што яна п’яная. І сказаў ёй Элія: Колькі ты будзеш п’янай? Працверазей ад віна.

Ганна сказала ў адказ: Не, спадар мой, я – няшчасная жанчына, і не піла я ні віна, ні хмяльнога напою, але выліла душу сваю перад Панам. Не лічы слугу сваю дачкой Бэліаля, бо ад вялікага болю і смутку майго я казала ўвесь гэты час.

Тады Элія сказаў ёй: Ідзі ў спакоі, і няхай Бог Ізраэля дасць табе тое, аб чым ты Яго прасіла. Яна адказала: Няхай знойдзе слуга твая прыхільнасць у вачах тваіх. І пашла тая жанчына сваёй дарогаю, і ела, і твар яе ўжо не быў такі сумны, як раней.

Усталі яны рана і пакланіліся перад абліччам Пана, вярнуліся і прыйшлі ў дом свой ў Раму. І зблізіўся Элькана да сваёй жонкі Ганны, і Пан успомніў пра яе. І зачала Ганна, і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Панядзелак I звычайнага тыдня, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 1–8 
Саперніца ж дакучала Ганне з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне

Пачатак Першай кнігі Самуэля.

Быў адзін чалавек па імені Элькан з Раматаім-Цафіма, з узгор’я Эфраіма. Ён быў сынам Ерахама, сына Элігу, сына Тоху, сына Цуф Эфрата. Было ў яго дзве жонкі: адна па імені Ганна, а другая — Феніна. У Феніны былі дзеці, а ў Ганны дзяцей не было.

Штогод гэты чалавек хадзіў са свайго горада пакланіцца і прынесці ахвяру Пану Магуццяў у Сілом. Там былі два сыны Элія: Офні і Фінхас, святары Пана.

У той дзень, калі Элькана прыносіў ахвяру, ён даваў Феніне, сваёй жонцы, і ўсім яе сынам і дочкам па частцы. Ганне даваў падвойную частку, бо любіў Ганну, хоць Пан і замкнуў яе ўлонне. Саперніца ж яе засмучала яе моцна, бо дакучала ёй з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне. І так рабіў ён з году ў год, калі яна ўваходзіла ў дом Пана. А Феніна так насміхалася з яе, што Гана плакала і не ела. Тады сказаў ёй Элькана, муж яе: Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму смуткуе сэрца тваё? Ці ж я не лепшы для цябе, чым дзесяць сыноў?

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

12 студзеня – Свята Хросту Пана. Год А.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 42, 1–4. 6–7
Вось слуга Мой, якога ўпадабала душа Мая

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Вось  слуга Мой, якога Я падтрымаю,
выбраннік Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Я спаслаў Духа свайго на Яго;
Ён прынясе народам Правасуддзе.
Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць,
на вуліцы не будзе чутна голасу Яго.
Ён не зломіць надломленай трысціны
і не пагасіць тлеючана кноту;
для праўды прынясе Ён Правасуддзе.
Не аслабне і не надломіцца,
пакуль не ўстановіць Правасуддзе на зямлі,
і наказаў Ягоных чакаюць астравы.
Я, Пан, паклікаў Цябе ў справядлівасці,
і ўзяў Цябе за руку і сфармаваў Цябе,
і ўчыніў запаветам для людзей,
святлом для народаў,
каб Ты адкрыў вочы сляпым
і з вязніцы вывеў палонных,
з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

11 студзеня — перыяд Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 5, 5-13
Дух і вада, і кроў

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?

Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў, і праз Духа, і не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух – гэта праўда. Бо трое тых, хто сведчыць: Дух і вада, і кроў, і гэтыя тры – адно. Калі мы прымаем сведчанне людзей, то Божае сведчанне большае, бо гэта ёсць сведчанне Бога, якое Ён даў пра Сына свайго. Хто верыць у Сына Божага, той мае сведчанне ў самім сабе; хто не верыць Богу, той робіць Яго ілгуном, бо не паверыў сведчанню, якое Бог даў пра Сына свайго. Гэтае сведчанне ў тым, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё – у Сыне Ягоным. Хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.

Я напісаў гэта вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыццё вечнае.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

10 студзеня — перыяд Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 19 – 5, 4
Хто любіць Бога, няхай любіць і брата свайго

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас. Калі б хто сказаў: Я люблю Бога, — а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць. І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і выконваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы выконвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.

Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.
  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».