Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

ІІІ Велікодная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 2, 14а. 22–33
Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У дзень Пяцідзесятніцы ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю і прамовіў моцным голасам да іх: Мужы юдэйскія, выслухайце гэтыя словы: Езус з Назарэту быў Мужам, якога Бог паказаў вам у сіле, цудах і знаках, што Бог учыніў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце. Вызначаная воля і прадбачанне Божае выдала Яго, а вы, укрыжаваўшы рукамі бязбожных, забілі Яго. Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад мукаў смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго. Давід жа гаворыць пра Яго: Я заўсёды меў Пана перад сабою, бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся. Таму ўсцешылася сэрца маё і ўзрадаваўся язык мой, і цела маё будзе спачываць у надзеі. Бо не пакінеш душы маёй у адхлані, не дасі Святому Твайму ўбачыць тленне. Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця. Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім.

Мужы і браты, дазвольце мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, які памёр і пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца сярод нас па сённяшні дзень. Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог прысягнуў яму пасадзіць на ягоным троне патомка ягонага. Ён прадбачыў і казаў пра ўваскрасенне Хрыста, што не засталася душа Яго ў адхлані, і цела Ягонае не ўбачыла тлення. Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі. Вось, узнесены правіцаю Бога і, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, Ён выявіў тое, што вы бачыце і чуеце..

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Субота — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 6, 1–7
Выбралі сем мужоў, поўных Духа Святога

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні.

Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. Таму, браты, выбярыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтае служэнне. А мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова.

Спадабалася гэтая мова ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, і Філіпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая празеліта з Антыёхіі, якіх паставілі перад апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў прыняло веру.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Пятніца — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 34–42
А яны пайшлі, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў на месцы пасяджэнняў і загадаў на хвіліну вывесці Апосталаў. Пасля сказаў: Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі. Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі. Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся.

І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне, а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. Каб часам вы не змагаліся з Богам. І яны паслухаліся яго.

Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, і адпусцілі. А яны пайшлі з месца пасяджэння, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса.

Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах і абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Чацвер — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 27–33
І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі слугі прывялі Апосталаў на месца пасяджэнняў, першасвятар спытаўся ў іх: Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вучэннем вашым і хочаце абвінаваціць нас у крыві гэтага Чалавека.

Пётр і Апосталы адказалі: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго правіцаю сваёй як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.

Калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Серада — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 17–26
Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Першасвятар і ўсе тыя, хто быў разам з ім, з кола садукеяў, поўныя зайздрасці, схапілі Апосталаў і кінулі іх у публічную турму.

Але ноччу анёл Пана адчыніў дзверы вязніцы, вывеў іх і сказаў: Ідзіце і абвяшчайце народу ў святыні ўсе гэтыя словы жыцця. Яны ж, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у святыню і навучалі.

Першасвятар і тыя, хто быў разам з ім, прыйшлі, склікалі Высокую раду і ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля, і паслалі ў вязніцу, каб прывялі Апосталаў. Калі ж слугі прыйшлі, не знайшлі іх у вязніцы. Вярнуўшыся, яны сказалі: Турма была замкнёнай і ў поўнай бяспецы, і варта стаяла пры дзвярах. Аднак, адчыніўшы, мы нікога там не знайшлі.

Калі дазорац святыні і святары пачулі гэтыя словы, не зразумелі, што сталася. Але нехта прыбыў і сказаў ім: Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ. Тады дазорац пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, таму што баяліся народа, каб не закідалі іх камянямі.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Аўторак — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 4, 32–37
Адзіныя сэрцам і душою

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, што яму належала, але ўсё ў іх было супольнае. Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.

Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. І раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай.

Юзаф жа, якога Апосталы называлі Барнабай, што азначае «сын суцяшэння», левіт, родам з Кіпру, прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

Панядзелак — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 4, 23–31
Калі памаліліся, усе напоўніліся Духам Святым і адважна абвяшчалі Божае слова

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі адпусцілі Пятра і Яна, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі, што сказалі ім першасвятары і старэйшыны. Калі іх выслухалі, узнялі разам голас да Бога і сказалі:

Валадару, Ты стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх. Ты праз Духа Святога вуснамі айца нашага Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаму бунтуюцца язычнікі і народы задумалі марнае? Паўсталі каралі зямныя і валадары сабраліся разам супраць Пана і супраць Памазанніка Яго.

Бо, сапраўды, сабраліся ў гэтым горадзе супраць святога Слугі Твайго Езуса, якога Ты намасціў, Ірад і Понцій Пілат разам з язычнікамі і народам Ізраэля, каб учыніць тое, што Твая рука і воля Твая прадвызначыла.

І цяпер, Пане, паглядзі на пагрозы іхнія і дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць слова Тваё. Выцягні сваю руку дзеля аздараўлення, няхай стануцца знакі і цуды ў імя святога Слугі Твайго Езуса.

І калі памаліліся, затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

ІІ Велікодная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 2, 42–47
Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Браты заставаліся вернымі вучэнню апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам. І быў страх у кожнай душы; і шмат цудаў і знакаў чынілі апосталы. Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; і прадавалі набытак свой і маёмасць, і дзялілі паміж ўсімі, хто меў патрэбу. Штодня былі разам у святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца, праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народа. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто збаўляўся.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць