Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Вол і асёл каля ясляў

Першасным святам хрысціянства з’яўляецца не Нараджэнне Пана, а Вялікдзень – менавіта ўваскрасенне Пана стала трыумфам новага жыцця і тым самым – пачаткам Касцёла. Таму ўжо св. Ігнацый з Антыёхіі (пам. пасля 117 г.) называў хрысціянамі тых, хто «больш не прытрымліваецца шабату, а жыве паводле дня Панскага»1: быць хрысціянінам – гэта значыць жыць пасхальнай таямніцай, паўстаннем з мёртвых, якое адзначаецца ў штотыднёвым нядзельным святкаванні Пасхі.

вол і асёлТое, што Езус нарадзіўся 25 снежня, упершыню было вызначана Гіпалітам Рымскім у яго каментарыі на Кнігу прарока Даніэля, напісаным каля 204 года пасля нараджэння Хрыста; аднак даследчык з Базэля Бу Рэйке* мяркуе, што на падставе розных ускосных доказаў можна сцвярджаць, што ўжо Лука ў сваім Евангеллі лічыць днём нараджэння Езуса 25 снежня, – тады ў гэты дзень адзначалася ўведзенае Юдаю Макабэем у 164 годзе да нараджэння Хрыста свята благаслаўлення святыні, і такім чынам дата нараджэння Езуса сімвалізавала б адначасова, што з дапамогаю Езуса, які зімовай ноччу ўзышоў як Божае святло, сапраўды адбылося благаслаўленне святыні – прыйсце Бога на гэтую зямлю2.

Бог прыходзіць без зброі,
таму што Ён авалодвае чалавекам не звонку,
а здабывае яго знутры.

Хутчэй за ўсё, канкрэтная форма святкавання Нараджэння Пана ў хрысціянстве была прынятая толькі ў IV стагоддзі, калі гэтае свята выцесніла рымскае свята непераможнага бога Сонца і нараджэнне Хрыста сталі разумець як перамогу сапраўднага Святла; тое, што ў ходзе гэтай «пераплаўкі» язычніцкага свята ў хрысціянскую ўрачыстасць усё ж такі былі засвоеныя юдэйска-хрысціянскія традыцыі, становіцца ясным дзякуючы заўвагам Бу Рэйке.

Праўда, асаблівая цеплыня чалавечнасці, якая гэтак моцна кранае нас у свяце Нараджэння Пана, што ў цэнтры хрысціянскага свету яно паўсюль пераўзышло Пасху, была нададзена гэтаму святу толькі ў Сярэднявеччы, і садзейнічаў з’яўленню гэтага новага Францішак Асізскі з яго глыбокаю любоўю да Езуса-Чалавека, да «Бога з намі». Яго першы біёграф Тамазо да Чэлана распавядае ў сваім другім жыццяпісе наступнае: «Больш за ўсе іншыя святы, з неапісальнаю радасцю, святкаваў ён Нараджэнне Пана. Ён казаў, што гэта свята святаў, бо ў гэты дзень Бог стаў малым Дзіцяткам і смактаў малако, як усе чалавечыя дзеці. Францішак абдымаў – з якой жа пяшчотаю і адданасцю! – выявы, на якіх было прадстаўлена Дзіцятка Езус, і поўны спачування лепятаў, нібы дзіця, пяшчотныя словы. Імя Езуса на ягоных вуснах заўсёды было салодкім як мёд»3.

Такія перажыванні таямніцы прывялі тады да знакамітага святкавання Нараджэння Пана ў Грэччыа, на якое натхніла Францішка наведванне ім Святой Зямлі і ясляў у рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ; вырашальным быў сум па блізкасці і рэальнасці, які абудзіўся ў ім, жаданне перажыць цяпер усё тое, што адбылося ў Бэтлееме, непасрэдна спазнаць радасць нараджэння Дзіцяткі Езуса і падзяліцца сваёй радасцю з усімі.

Пра гэтую ноч каля ясляў Чэлана распавядае ў першай біяграфіі такім чынам, што гэта заўсёды ўзрушвала людзей і адначасова садзейнічала таму, што змог развіцца самы прыгожы звычай святкавання Нараджэння Пана – будаванне ясляў.

Адна незвычайная падзея гэтай ночы здаецца мне асабліва вартаю таго, каб быць згаданаю. Мясцовасць у Грэччыа была аддадзена ў распараджэнне Бедачыне з Асізі адным высакародным панам па імені Джаванні, пра якога Чэлана паведамляе, што ён, нягледзячы на сваё высокае паходжанне і важнае становішча, «не надаваў ніякага значэння высакародству крыві і, больш за тое, жадаў дасягнуць высакародства душы». Таму Францішак любіў яго4.

Пра гэтага Джаванні ў Чэлана гаворыцца, што ў тую ноч яму была ўдзелена ласка цудоўнага бачання. Ён убачыў у яслях малое Дзіця, якое ляжала нерухома, а пры набліжэнні святога Францішка прачнулася. Аўтар дадае: «Гэтае аб’яўленне на самай справе адпавядала таму, што адбылося, бо Дзіцятка Езус да гэтага моманту сапраўды было агорнута сном забыцця ў многіх сэрцах. Праз Ягонага слугу Францішка ўспамін пра гэта быў ажыўлены і пакінуў неразбуральны адбітак у памяці»5.

Вол і асёл каля ясляў

У гэтым эпізодзе вельмі дакладна апісваецца новае вымярэнне, якое Францішак з яго верай, што пранікае сэрца і розум, падараваў хрысціянскаму святкаванню Нараджэння Пана, – адкрыццё Божага Аб’яўлення, якое заключаецца менавіта ў Дзіцятку Езусе. Менавіта так Бог сапраўды стаў Эммануэлем, «Богам з намі», ад якога нас не аддзяляюць бар’еры велічы і далечыні. Як Дзіцятка Ён стаў для нас такім блізкім, што мы можам без боязі звяртацца да Яго на «ты», быць шчырымі перад Яго дзіцячым сэрцам.

У Дзіцятку Езусе безабароннасць Божай любові найбольш відавочная: Бог прыходзіць без зброі, таму што Ён авалодвае чалавекам не звонку, а здабывае яго знутры, Бог хоча знутры перамяняць чалавека. Калі нешта і можа адолець чалавека, ягоную самаўпэўненасць, ягоную жорсткасць, ягоную хцівасць, то гэта бездапаможнасць дзіцяці. І Бог прыняў яе, каб такім чынам адолець нас і прывесці да саміх сябе.

Разам з тым не будзем забываць, што найвышэйшы тытул Езуса Хрыста – «Сын Божы»; боская годнасць называецца словам, якое паказвае Езуса як заўсёднае Дзіця. Дзіцячасць Езуса – гэта адзіны ў сваім родзе адпаведнік Ягонай боскасці, якая ёсць боскасцю Сына. Такім чынам, Яго дзіцячасць з’яўляецца «дарожным знакам», які паказвае, як мы можам прыйсці да Бога, да абагаўлення. Зыходзячы з гэтага, можна зразумець словы Езуса: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Mц 18, 3).

Той, хто не зразумеў таямніцы Нараджэння Пана, не зразумеў самага істотнага ў хрысціянстве. Той, хто не прыняў гэта, не зможа ўвайсці ў Валадарства Нябеснае, – вось тое, пра што хацеў нагадаць хрысціянству свайго часу і ўсіх наступных часоў Францішак6.

«Вол ведае ўладальніка свайго, і асёл – яслі пана свайго;
а Ізраэль не ведае Мяне, народ Мой не разумее» (1, 3).

У пячоры непадалёк ад Грэччыа ў Святую Ноч стаялі, у адпаведнасці з распараджэннем Францішка, вол і асёл. Святы Францішак сказаў высакароднаму Джаванні: «Мне хацелася б з усёй рэальнасцю ажывіць у памяці ўспамін пра Дзіця, пра тое, як Яно нарадзілася ў Бэтлееме, і пра ўсе нягоды, якія Яно вымушана было вытрываць у сваім дзяцінстве. Мне хацелася б бачыць сваімі цялеснымі вачыма, як гэта было – ляжаць у яслях і спаць на сене, паміж валом і аслом»7.

З таго часу вол і асёл сталі часткаю кожнай святочнай дзеі з яслямі. Але адкуль яны, уласна кажучы, з’явіліся? Як вядома, гісторыі пра Нараджэнне Пана з Новага Запавету нічога не апавядаюць пра гэта. Калі мы паспрабуем высветліць гэтае пытанне, то сутыкнёмся з пэўнымі абставінамі, аднолькава важнымі, як для звычаяў, звязаных са святкаваннем Нараджэння Пана, так і ўвогуле для хрысціянскай пабожнасці, якая праяўляецца ў літургіі Касцёла і ў народных звычаях перыяду Нараджэння Пана і Велікоднага перыяду.

Вол і асёл – гэта не проста прадукты пабожнай фантазіі; дзякуючы веры Касцёла ў адзінства Старога і Новага Запавету яны сталі спадарожнікамі падзеяў, звязаных з нараджэннем Пана. А менавіта, у Кнізе прарока Ісаі напісана: «Вол ведае ўладальніка свайго, і асёл – яслі пана свайго; а Ізраэль не ведае Мяне, народ Мой не разумее» (1, 3).

Вол і асёл каля ясляў

Айцы Касцёла бачылі ў гэтых словах прароцкую мову, якая ўказвала на новы Божы народ, Касцёл з юдэяў і язычнікаў8. Перад Богам усе людзі, юдэі і язычнікі, як валы і аслы, без розуму і ўсведамлення. Але Дзіцятка ў яслях расплюшчыла ім вочы, так што яны цяпер пазнаюць голас уладальніка, голас свайго Пана.

У сярэднявечных прадстаўленнях падзеяў Нараджэння Пана заўсёды кідаецца ў вочы тое, што абедзве жывёліны маюць амаль што чалавечыя твары, што яны з усведамленнем і пашанаю стаяць перад таямніцаю Дзіцяці і схіляюцца перад ёю. І гэта было лагічна, бо абедзве жывёліны лічыліся прароцкім шыфрам, за якім хавалася таямніца Касцёла – наша таямніца; які паказваў, што, у параўнанні з вечным, мы – валы і аслы; мы – валы і аслы, у якіх у святую ноч адкрыліся вочы, так што яны пазналі ў яслях свайго Пана.

Народ Мой не разумее,
а ты разумееш голас твайго Пана?

Але ці пазнаём мы Яго на самай справе? Калі ставім пры яслях вала і асла, мы павінны нагадваць сабе словы Ісаі, якія з’яўляюцца не толькі Евангеллем – абяцаннем блізкага ўсведамлення, – але таксама судом над сённяшнім асляпленнем. Вол і асёл пазнаюць, «а Ізраэль не ведае Мяне, народ Мой не разумее».

Хто сёння з’яўляецца валом і аслом, а хто – народам, які не разумее? Па чым пазнаюць вала і асла, а па чым – «народ Мой»? І ўвогуле, чаму так ёсць, што неразумны пазнае, а разумны застаецца сляпым?

Каб знайсці адказ, мы павінны разам з айцамі Касцёла яшчэ раз вярнуцца да першых падзеяў, звязаных з Нараджэннем Пана. Хто не пазнаў Пана? А хто пазнаў? І чаму так было?

Дык вось, тым, хто не пазнаў, быў Ірад, які нічога не зразумеў, калі яму расказвалі пра Дзіця, але толькі яшчэ мацней асляпляўся з-за свайго ўладалюбства і маніі пераследавання, што валодала ім (Мц 2, 3). Тым, хто не пазнаў, быў таксама «і ўвесь Ерузалем з ім» (тамсама). Тымі, хто не пазнаў, былі людзі, апранутыя ў мяккія шаты, – знатныя людзі (Мц 11, 8). Тымі, хто не пазнаў, былі вучоныя людзі, кніжнікі, спецыялісты, што тлумачылі Пісанне, якія добра ведалі дакладнае месца ў Бібліі, але ўсё ж такі нічога не зразумелі (Мц 2, 6).

Тыя, хто пазнаў, былі – у параўнанні з тымі, што толькі выхваляліся, – як «вол і асёл»: пастухі, мудрацы з Усходу, Марыя і Юзаф. Ці ж магло быць інакш? У стайні – месцы, дзе знаходзіцца Пан, – няма знатных людзей, тут менавіта вол і асёл адчуваюць сябе добра.

А як з намі? Ці не таму мы так аддаленыя ад стайні, што мы занадта знатныя і занадта разумныя для яе? Ці не заблыталіся і мы ў навуковым тлумачэнні Бібліі, у доказах неаўтэнтычнасці або сапраўднасці гістарычнага месца так моцна, што сталі сляпымі ў адносінах да самаго Дзіцяці і нічога не слухаем пра Яго? Ці не занадта далёка заводзяць і нас у «Ерузалем», у палац, высечаны ў нашым сэрцы, наша самаўпэўненасць, наш страх перад пераследаваннем, каб, пачуўшы ў наступны раз голас анёла, мы змаглі пайсці да стайні і пакланіцца Пану?

Вол і асёл каля ясляў

Таму глядзяць на нас у гэтую Ноч вол і асёл, пытаючыся: народ Мой не разумее, а ты разумееш голас твайго Пана? З вераю ставячы гэтыя фігуры каля ясляў, мы павінны прасіць Бога, каб Ён даў нашым сэрцам тую прастату, якая адкрые ў Дзіцятку Пана, як гэта было з Францішкам у Грэччыа. Тады і з намі магло б здарыцца тое, пра што Чэлана апавядае словамі, вельмі блізкімі да словаў святога Лукі ў адносінах да пастухоў у першую Святую Ноч (Лк 2, 20), кажучы пра ўдзельнікаў начнога чування ў Грэччыа: кожны вяртаўся дадому, поўны радасці9.

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак

Паводле: Josef Kardinal Ratzinger.
Ochs und Esel an der Krippe // Licht, das uns leuchtet.
Besinnungen zu Advent und Weihnachten. — Verlag Herder, 1978.

Ілюстрацыі: Жюль Сюпервьель. Вол и осел при яслях - «Никея», 2013.


1 Ігнацый з Антыёхіі. Пасланне да Магнезійцаў, ІІІ, 1.
* Бу Рэйке (Bo Reicke) (1914–1987) — шведскі і швейцарскі філолаг, даследчык тэкстаў Новага Запавету; з
1956 г. жыў і працаваў у Базэлі (Швейцарыя).
2 Bo Reiche. Jahresfeier und Zeitenwende im Judentum und Christentum der Antike // TThQ 150 (1970) 321–334. Гэты твор, які разбурае існаваўшую да гэтага часу згоду ў даследаваннях адносна паходжання святаў Нараджэння і Аб’яўлення Пана, здаецца, наўрад ці мае перспектывы, каб быць прынятым літургікай.
3 II Cel 151, 199; нямецкае выданне:
E. Grau. Thomas von Celano. Leben und Wunder des heiligen Franziskus von Assisi. — Werl i. W., 1964. Цытаты, выкарыстаныя ў тэксце артыкула, перакладзены аўтарам.
4 I Cel 30, 84. Пра ўзнікненне звычаю будавання ясляў: Dom Gougaud. La Cre1che de Noлl avant saint Franзois d’Assise // RevScRel 2 (1922), 26–34.
5 I Cel 30, 86.
6 Пар. J. Ratzinger. Der Gott Jesu Christi. — Mьnchen, 1976, 57–61; A. Schilson, Gott kommt als Kind. — Freiburg i.Br., 1977.
7 I Cel 30, 84.
8 J. Ziegler. Ochs und Esel an der Krippe. Biblisch-patristische Erwдgungen zu Is 1, 3 und Hab 3, 2 (LXX) // MThZ 3 (1952), 385–402.
9 I Cel 30, 86.

Паводле ave-maria.by

Меткі: Божае Нараджэнне

  • Май
    2018

    Тэатр Зніч

  • Пілігрымка

    8 красавіка 2018 г. (у нядзелю Божай Міласэрнасці) адбудзецца пілігрымка з удзелам у Святой Імшы ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Гродна.

  • Красавік
    2018

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Фотавыстава

    Фотавыстава Уладзіслава Цыдзіка "Бачу Беларусь такой"

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Запрашаем на тыдзень беларускай мовы, які адбудзецца 21 – 25 лютага 2018 г. у бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла.