Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Баяцца граху, а не смерці

 «Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць» (Лк 20, 38).

Бог стварыў чалавека для вечнага жыцця ў раі, але чалавек адкінуў Бога. Грэх непаслухмянасці Божай волі нашых прабацькоў Адама і Евы прывёў усё чалавецтва да смерці. Паводле словаў апостала Паўла, «...як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, таму што ўсе зграшылі» (Рым 5,12).

Каб чалавек зноў мог вярнуцца ў рай, неабходна ачышчэнне, аднаўленне, патрэбна вялікая ахвяра. Таму Пан Бог пасылае свайго Адзінароднага Сына Езуса Хрыста, які быў укрыжаваны і памёр за грахі ўсяго чалавецтва. Праз сваю ахвяру Ён зноў паяднаў нас з Нябесным Айцом і гэтым самым адкрыў зноў шлях да раю. Пакутніцкая смерць і змёртвыхпаўстанне Хрыста дае нам надзею вярнуцца ў вечную радасць, для якой мы і былі створаны. З моманту адкупіцельнай ахвяры Езуса для веручага чалавека смерць — гэта пачатак новага жыцця. «Для мяне жыццё — гэта Хрыстус, а смерць — гэта выгода», — кажа апостал Павел.

Сапраўды, мы можам лічыць сябе шчаслівымі, бо ў Езусе мы атрымалі надзею, якой, на вялікі жаль, не мелі нашыя продкі дахрысціянскай эпохі. У іх рэлігіях не было яснасці і праўды аб збаўчай місіі Хрыста, таму іх веравызнанні былі прасякнутыя страхам, няўпэўненасцю. У сваёй боязі яны выкарыстоўвалі розныя спосабы, каб задобрыць звышнатуральныя сілы, бо моцна верылі ў жыццё вечнае, хаця ў іх уяўленні яно не было прыгожым і светлым. Згодна з іх вераю, тыя людзі, якіх яны моцна любілі на зямлі, пасля смерці станавіліся нядобрымі духамі, якім патрабаваліся ўсё новыя ахвяры і рытуалы. Так узніклі звязаныя з культам смерці секты, якія радыкальна разыходзяцца з сапраўднай верай у Хрыста, бо толькі хрысціянства адкрывае вочы на сапраўднага Бога. Мы добра ведаем, што гэта не нейкая звышнатуральная сіла альбо касмічная энергія, а Бог, адзіны ў трох Асобах, Бог, які стварыў чалавека і паслаў на зямлю Сына свайго, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Усе іншыя веравызнанні губляюць усялякі сэнс.

Мы верым, што разам са смерцю жыццё чалавека не заканчваецца, а толькі змяняецца. Мы ўжо не можам спаткацца з памерлымі фізічна, але можам сустракацца з імі ў знаках веры — у малітве, у святых сакрамэнтах, ва ўчынках міласэрнасці, і праз гэта можам вельмі дапамагчы ім у асягненні жыцця вечнага. Малітва праведнікаў мае вялікую моц. Як сказана ў Святым Пісанні, па веры сваёй кожны атрымае. Патрэбна чыстая хрысціян­ская вера без усялякіх сумясяў іншых веравызнанняў, нейкіх паганскіх звычаяў і забабонаў. У Пісанні таксама сказана, што нельга служыць двум гаспадарам — Богу і мамоне. Нельга клікаць на дапамогу Бога і іншыя звышнатуральныя сілы.

На жаль, вера ў многіх з нас апаганеная. Аб гэтым сведчаць паводзіны людзей на пахаваннях. Вера ў сапраўднага жывога Бога часта падмяняецца прымітыўнымі паганскімі забабонамі. У мяне заўсёды ўзнікае пытанне: чаму альбо каму павінна служыць завешанае тканінаю люстэрка ў доме, дзе ляжыць нябожчык? Гэта забабон на 100%! Некаторыя нават не могуць растлума­чыць, навошта яны гэта робяць, а хтосьці лічыць, што гэта магічны знак, які робіцца для таго, каб душа памерлага не ўбачыла сябе ў люстэрку і не засталася там. Ці ж гэта не здрада сваёй веры? Няўжо люстэрка мае большую моц за Бога і яно, а не Бог, які стварыў усё бачнае і нябачнае, можа распараджацца душою нябожчыка?

Амаль на кожным пахаванні на стале каля галавы нябожчыка родныя кладуць хлеб, печыва, ставяць шклянку з вадою, а некаторыя нават з гарэлкаю. Аднак ні ў Бібліі, ні ў катэхізісе Касцёла я не знайшоў гэтаму тлумачэння. Аказваецца, усе гэтыя рэчы робяцца для таго, каб «не пакрыўдзіць» душу памерлага. Гэта пайшло ад нашых продкаў паганаў, якія, не ведаючы Хрыста, хацелі такім чынам задобрыць памерлых. Сумна, што адукаваныя хрысціяне XXI стагоддзя наіўна пераймаюць язычніцкія забабоны. Ці можна хлебам альбо нечым матэрыяльным злагодзіць духоўнае! Дзе логіка?

Змрочныя забабоны не дазваляюць прысутнасці цяжарнай жанчыны пры нябожчыку. Даводзілася чуць нават ад пабожных бабулек, што тады і саму жанчыну, і яе яшчэ не народжанае дзіця чакае небяспека: калі яна закрые памерламу вочы, дзіця можа нарадзіцца сляпым, а калі дакранецца да памерлага, то ў дзіцяці можа быць радзімая пляма і ўвогуле пасля прысутнасці на пахаванні яна ўжо можа больш не мець дзяцей. Вось так! Я згодны з тым, што цяжарнай жанчыне не пажадана браць удзел у жалобных рытуалах, але толькі па прычыне перажыванняў, бо моцнае расстройства можа адбіцца і на яе здароўі, і на здароўі дзіцяці.

У дахрысціянскія часы пагане верылі, што нябожчык можа вярнуцца і забраць некага з сабою. Каб аберагчы жывых, вялікая ўвага звярталася на тое, як выносяць цела з дому.

І сёння засталося шмат недарэчных традыцый і звычаяў, у якія многія працягваюць верыць. Так, падчас вынясення труны з целам нябожчыка нехта ў след сыпе жыта, каб адагнаць смерць. Адразу ж праціраецца падлога, каб «вымыць смерць» з дому. Некаторыя нават пытаюцца, як трэба мыць падлогу — ад вакна ці ад дзвярэй. І смех і грэх! Многія пераварочваюць крэслы, на якіх стаяла труна, каб на іх у бліжэйшы час не лягла чарговая труна. Да «сродкаў перасцярогі» адносіцца і звычай выносіць цела ўперад нагамі, пры гэтым трэба старацца не зачапіць парогаў, вушакоў дзвярэй, каб памерлы не мог вярнуцца па сваіх слядах назад.

Вельмі часта ў мяне пытаюцца, ці могуць блізкія родныя несці труну з нябожчыкам, маўляў, каб ён «не пакрыў­дзіўся» і «не падумаў», што яны радуюцца яго смерці. Сапраўдная недарэчнасць! Хто ж як не блізкія павінны гэта рабіць, каб аддаць апошнюю пашану таму, каго любілі!

Лічу, што вянкі на могілках — таксама не хрысціянская традыцыя. На магіле лепш паставіць жывыя кветкі як абяцанне райскай прыгажосці. Вянкі і пампезныя помнікі — гэта марна страчаныя грошы, якія нічога не даюць нябожчыку. Робіцца гэта больш для лю­дзей, а душы памерлага ніякай карысці яны не прыносяць. У хрысціянстве ёсць традыцыя складаць ахвяры на міласэрныя справы на ўспамін памерлых, бо сам Езус Хрыстус вучыў, што, калі апранулі голага і накармілі галоднага, то менавіта Яму дапамаглі гэтым. Міласціну і свае добрыя ўчынкі можна ахвяра­ваць за душы памерлых. Менавіта такая ахвяра мае сэнс.

Асобна трэба сказаць і пра алкаголь на памінках. Сёння кожны добрасумленны католік згаджаецца з тым, што памінкі з алкаголем — гэта не толькі абраза Бога, але і вялікая шкода душам памерлых. У Святым Пісанні сказана, што п’яніцы не ўваходзяць у Валадарства Божае. Традыцыя распіцця алкаголю на памінках распаўсюдзілася ў часы саветаў, калі вялася барацьба з рэлігіяй. Няверуючыя людзі, якія не шукалі суцяшэння ў малітве, стараліся кампенсаваць сваё гора алкаголем. Каб піць за супакой душы, трэба быць альбо атэістам альбо вар’ятам.

Забабонаў, звязаных з пахаваннем, вельмі шмат. Kалі няма веры ў вечнае жыццё і змёрт­выхпаўстанне, з’яўляецца па­нічны страх перад смерцю і ўсім, што з ёю звязана. Для малаверных смерць — гэта нешта накшталт старой з касою, якая выглядвае сабе здабычу. Шукаецца мноства розных сродкаў, каб адкупіцца ці задобрыць смерць. Дзе няма веры ў змёртвыхпаўсталага Пана, там ёсць страх перад смерцю. Гэты страх знаходзіць сваё адлюстраванне ў грамад­стве, у культуры, кіно. Хрысціянскі падыход да ўсяго гэтага такі: жыццё чалавека — у руках Бога. Толькі Ён, Усемагутны Бог, вырашае: жыць чалавеку альбо памерці. Таму ўсе тыя забабоны, якія я пералічваў, з’яўляюцца цяжкім грахом. «Яны замянілі праўду Божую на фальш і пачалі пакланяцца і служыць стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн» (Рым 1, 22–25).

Я заклікаю ўсіх, для каго Бог з’яўляецца Богам, пазбя­гаць ўсяго, што абражае Яго святасць. Не блытайце святога, светлага, чыстага з цёмнымі паганскімі страшылкамі, якія прыніжаюць годнасць дзяцей Божых! Жыццё нашых памерлых знаходзіцца ў руках Божых, а наша малітва, вера, споведзь — гэта тое, што можа дапама­гаць ім. Надышоў час абу­джэння і ачышчэння. Будзем жа баяцца граху, а не смерці.

Кс. Дзяніс Шастаковіч MSF
Паводле Ave Maria

  • Снежань
    2017

    Тэатр Зніч

  • У чаканні Божага прыйсця...

    Моладзь Чырвонага касцёла прапануе ўсім ахвотным далучыцца да дабрачыннай акцыі “Калядная паштоўка”. На працягу Адвэнту з панядзелка па пятніцу пасля св. Імшы а 19 гадзіне збіраецца творчая група, каб сваімі рукамі ствараць віншавальныя паштоўкі да свята Божага Нараджэння. Сродкі ад іх рэалізацыі будуць скіраваныя на падтрымку дзіцячага дома ў Смалявічах.

  • Лістапад
    2017

    Тэатр Зніч

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.