Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Чысцец на зямлі — шлях да паўнаты збаўлення. Чысцец і пачуцці

Чысцец таму і з’яўляецца станам цярпення, што памерлы, аслеплены наступствамі сваіх грахоў, не мае магчымасці ба­чыць Бога, чуць Яго голас, адчуваць Яго прысутнасць.

Пра рэальнасць перажывання чыстца ў нашым зямным жыцці мы даведваемся — хоць і не напрамую — з самога вучэння Каталіцкага Касцёла, у якім гаворыцца пра вечнае жыццё як мэту нашага зямнога вандравання, пра пакліканне кожнага з нас да святасці, пра свабодную волю чалавека, сумленне, грэх, пакаянне і цярпенне, якія таксама цесна звязаныя са святымі сакрамэнтамі.

Зямное жыццё нам дадзена для таго, каб мы рабілі ўсё, што магчыма, каб навучыцца любіць Бога і бліжняга, а пасля смерці адразу трапіць на неба. Улічваючы слабасць і грэх, якія абцяжарваюць нашае распазнаванне Божых шляхоў, мы не заўсёды добра паступаем, памыляемся, ранім сябе і іншых, а таксама не заўсёды належным чынам выпраўляем наступствы дрэнных учынкаў. Аднак, дзякуючы Божай ласцы, падчас зямнога жыцця мы можам дасягнуць поўнага ачышчэння сэрца. Больш за тое, Касцёл вучыць, што ў стане чыстца пасля смерці апынаюцца тыя асобы, якія ў зямным жыцці належным чынам не зрабілі кампенсацыі за часовыя кары з-за наступстваў сваіх грахоў. Такім чынам, кожны мае магчымасць адпакутаваць за свае грахі. Кожны, хто абудзіць у сабе глыбокае жаданне неба і згодзіцца на супрацоўніцтва з Божай ласкай, даверыцца Божай любові і адначасова будзе напаўняцца ёю. Неба адчыненае для кожнага, хто захопіцца Любоўю, і, кіруючыся ёю, будзе крочыць сваёю дарогаю паклікання.

Чалавек створаны Богам як духоўна-цялесная істота. Дух пранізвае цела, ажыўляе яго і асвячае. Цела з’яўляецца дабром. Больш за тое, менавіта жывучы ў целе, мы духоўна ўзрастаем і дасягаем святасці. Бог надзяліў нас пяццю відамі пачуццяў не для таго, каб мы мучыліся з імі, а для таго, каб даць нам магчымасць як мага паўней радавацца дару жыцця і прыгажосці створанага свету.

Мы любім Бога і чалавека сэрцам, але адначасова ў гэтым духоўным перажыванні бяруць удзел нашыя зрок, слых, нюх, дотык і смак. Жывучы ў целе, праз цела мы развіваем у сабе і духоўныя пачуцці. У Кнізе Мудрасці Сіраха пра гэта напісана: «Пан стварыў чалавека з зямлі і зноў яго верне ў яе. Пэўны лік дзён і адпаведны час Ён удзяліў людзям і даў ім уладу над усім, што на зямлі. Ён адарыў іх сілаю, падобнаю да сваёй, і паводле свайго вобразу стварыў іх. (...) Ён даў людзям разважнасць, вочы, вушы і сэрца, каб думаць. Веданнем і розумам напоўніў іх і паказаў ім дабро і зло. Сваё вока Ён паклаў на іх сэрцы, каб паказаць ім веліч сваіх спраў. (...) Ён паклаў перад імі веды і даў ім у спадчыну закон жыцця. Устанавіў з імі вечны запавет і паказаў ім свае пастановы. Іх вочы ўбачылі веліч Яго славы, а славу голасу Яго пачулі іх вушы. Ён сказаў ім: беражыцеся ўсяго несправядлівага. І кожнаму з іх даў запаведзь пра бліжняга свайго. Іх шляхі заўжды перад Ім, яны не схаваюцца ад Ягоных вачэй» (пар. Сір, 17, 1–15).

Паводле Арыгена, менавіта Пан Езус — уцелаўлёнае Слова — стаўся чалавекам, прыняўшы пачуццёвую натуру, каб мы ўсёй сваёй сутнасцю напаўняліся Яго любоўю і блізкасцю. У каментарыі да Песні Песняў Арыген піша, што «Хрыстус становіцца ўсім для асобных пачуццяў душы. Гэта завецца праўдзівым святлом, каб вочы душы маглі быць чымсьці асветленымі; завецца Словам, каб вушы маглі штосьці пачуць; завецца хлебам, каб смак душы меў што пакаштаваць. Завецца таксама алеем або нардам, каб нюх душы адчуваў водар Слова. Таму і сказана пра Яго, што можна дакрануцца да Яго рукою і што Слова сталася целам, каб рука ўнутранай душы магла дакрануцца да Слова Жыцця. Усім гэтым з’яўляецца адно і тое ж Слова, якое (...) ніводнага пачуцця душы не пазбавіла ўсведамлення атрыманай ласкі».

Дарэчы, Эўхарыстычная літургія таксама задумана такім чынам, каб чалавеку цалкам, душою і целам, даць магчымасць кантакту з Богам. Спевы і лі­ургічныя чытанні сілкуюць слых; Эўхарыстычная літургія дазваляе нам бачыць і дакранацца да Цела Пана, а таксама пакаштаваць яго дзякуючы прыняццю святой Камуніі.

Падчас цэлебравання ўрачыстасцяў дадаткова выкарыстоўваецца кадзіла, якое акунае ў малітву праслаўлення Бога пачуццё нюху: «Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла, а ўзнясенне рук маіх — нібы вячэрняя ахвяра» (гл. Пс 141, 2). Больш за тое, праз розную паставу цела падчас святой Імшы — стоячы, седзячы, укленчыўшы або склаўшы рукі — усё цела моліцца разам з сэрцам і розумам, становячыся мілаю ўдзячнаю ахвяраю Пану.

Хоць св. Павел у Пасланні да Галатаў і прыпісвае цялеснасці адны толькі грэшныя ўчынкі (гл. Гал 5, 19–21), але мае на ўвазе тое, што мы паддаемся пажадлівасці і распусце. Дакладней кажучы, ён, аднак, не «адкідвае» цела, бо ў сваім іншым Пасланні піша: «Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце ўжо самім сабе? Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым» (гл. 1 Кар 6, 19–20). Аднак св. Павел мае рацыю, калі кажа, што часта нашае цела імкнецца да нечага цалкам іншага, чым мы хацелі б, — таго, што з’яўляецца наступствам першароднага граху. Слабасць і схільнасць да спакусаў злога прыводзіць да таго, што мы не заўсёды імкнемся да добрага. Пачуцці асаблівым чынам падатлівыя на ўплыў злога духа — лёгка паддаюцца падману. Адзначым, што ў апісанні першай спакусы чалавека злы дух дабраўся да чалавечага розуму і сэрца менавіта праз пачуцці і такім чынам схіліў прабацькоў парушыць Божыя запаведзі. Гэтая сфера з’яўляецца найбольш далікатнаю і вымагае няспыннай увагі з нашага боку.

Гледзячы на чалавечае жыццё ў перспектыве паклікання да вечнасці, мы разумеем, што цела калісьці памрэ, але разам з момантам смерці не перастане існаваць асоба, створаная па вобразе і падабенстве Творцы. Пан Бог, хоць і не мае матэрыяльнага цела, бачыць, чуе і адчувае.

Гэтак жа і мы ў вечнасці будзем карыстацца пачуццямі, бо сутнасць неба — гэта сузіранне Божага аблічча. Чысцец таму і з’яўляецца станам цярпення, што памерлы, аслеплены наступствамі сваіх грахоў, не мае магчымасці ба­чыць Бога, чуць Яго голас, адчуваць Яго прысутнасць.

Ачышчальнае цярпенне пасля смерці таксама датычыцца пачуццяў — асаблівым чынам перажываюць гэта асобы, якія грашылі пачуццёваю сфераю: пажадлівасцю цела і пажадлівасцю вачэй. Шмат апісанняў такога тыпу чыстцовых цярпенняў сустракаем, напрыклад, у лістах бл. Ганны Кацярыны Эмерых, св. Брыгіты Шведскай, а таксама ў пісьмовых сведчаннях сучасных містычак Марыі Сімы і Натузэ Эволы. Яны пішуць, што найцяжэйшы чысцец — гэта той пакутлівы стан, калі душы пастаянна бачаць дэманаў, чуюць крыкі іншых душаў ад іх жахлівых цярпенняў, адчуваюць невыносны смурод, знішчальныя спёку або холад, смагу ці голад. Таму ў візіях святым памерлыя, церпячыя ў чыстцы, часам паказваліся ахопленымі полымем, патопленыя ў багне, з загніўшымі вачыма або пачварнымі тварамі, каб папярэдзіць, што церпяць пакуты не толькі духоўныя, у тузе па Богу, але і пачуццёвыя ў выніку недастатковага клопату пра чысціню пачуццяў падчас зямнога жыцця.

С. Анна Чайкоўская WDC
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле Ave Maria

Меткі: чысцец

  • Снежань
    2017

    Тэатр Зніч

  • У чаканні Божага прыйсця...

    Моладзь Чырвонага касцёла прапануе ўсім ахвотным далучыцца да дабрачыннай акцыі “Калядная паштоўка”. На працягу Адвэнту з панядзелка па пятніцу пасля св. Імшы а 19 гадзіне збіраецца творчая група, каб сваімі рукамі ствараць віншавальныя паштоўкі да свята Божага Нараджэння. Сродкі ад іх рэалізацыі будуць скіраваныя на падтрымку дзіцячага дома ў Смалявічах.

  • Лістапад
    2017

    Тэатр Зніч

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.