Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Адкуль бяруцца цярпенні ў чыстцы?

Найважнейшым момантам нашага жыцця на зямлі з’яўляецца хвіліна смерці. Тады адбываецца суд, у часе якога раз і назаўсёды вырашаецца пытанне вечнасці чалавека, яго збаўленне ад смерці альбо асуджэнне на вечную пагібель. Бог, які любіць нас, перадае нам гэтую праўду ў Святым Пісанні: «Назначана людзям памерці, а потым суд» (пар. Гбр 9, 27). Пасля смерці ўжо не магчыма вярнуцца да зямнога жыцця. Чалавек жыве на зямлі толькі адзін раз. Пан Бог перасцерагае: «Не забывай, што няма вяртання» (пар. Сір 38, 21). Думка пра рэінкарнацыю — геніяльная мана сатаны, у якую, на жаль, многія вераць.

Чалавек, які ў хвіліну сваёй смерці шчыра пакаецца за грахі і адкрыецца для Хрыстовай любові, абавязкова будзе збаўлены. Святое Пісанне кажа: «...сам жа збавіцца, але як бы праз агонь» (1 Кар 3, 15). Гэтыя словы пра агонь указваюць на цярпенне, што чакае чалавека з прычыны яго зямных грахоў. Чалавек павінен дарасці да з’яднання ў любові з Трыадзіным Богам, і таму ён сам прагне часам вельмі балючага працэсу ачышчэння і даспявання да любові. Праблемы цярпенняў у чыстцы нельга растлумачыць без усведамлення дзвюх вельмі важных аб’яўленых праўдаў:

Найперш трэба памятаць пра тое, што ўсе людзі, як жыхары зямлі, так і памерлыя, якія цяпер знаходзяцца альбо ў небе, альбо ў чыстцы, утвараюць адзіны жывы арганізм у Хрысце. Толькі памерлы чалавек жыве ўжо ў іншым вымярэнні, знаходзіцца па-за фізічным часам, але духоўная повязь любові ці яе недахоп надалей лучаць яго з людзьмі на зямлі, і яна надалей трывае. Памерлыя, якія знаходзяцца ў небе альбо ў чыстцы, разам з жыхарамі зямлі складаюць адзіную, незнішчальную супольнасць у Хрысце. Гэтую праўду аб’явіў сам Пан Езус, выкарыстоўваючы вобраз вінаграднага куста: «Я — вінаградная лаза, а вы — галіны» (Ян 15, 5). Святы Павел піша: «Вы ж цела Хрыстовае, а паасобку — члены» (1 Кар 12, 27). Падкрэсліваючы праўду пра арганічную, узаемную залежнасць людзей, ён сцвярджае: «бо мы — часткі адзін аднаго» (Эф 4, 25). Гэтая нязвыклая еднасць усіх людзей, падобная да жывога арганізму, пачала існаваць у хвіліну стварэння ўсяго ў Хрысце (пар. Кал 1, 17–18). Дзякуючы Хрысту ўсе людзі ўтвараюць адну супольнасць, падобную на адзін арганізм, а таму іх лучаць таямнічыя духоўныя повязі ўзаемнай залежнасці.

З факту еднасці ўсіх людзей у Хрысце вынікае другая, вельмі істотная праўда: кожны чалавек, з’яднаны з Езусам жывою вераю, і становіцца для іншых людзей пасрэднікам, які перадае любоў Хрыста. Тымчасам кожны грэх дэфармуе, парушае альбо перарывае повязі любові, што лучаць чалавека з Езусам, які ёсць «галавою Касцёла... паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім» (Эф 1, 22–23).

Чаму душы церпяць у чыстцы?

Прабачэнне Богам грахоў з’яўляецца адначасна аздараўленнем грахоўных ранаў, аднаўленнем знішчанага дабра. Гэта адбываецца тады, калі чалавек шчыра шкадуе за свае грахі і адкрывае сваё сэрца для ўсемагутнай любові Хрыста. Аднак існуюць сітуацыі, у якіх недастаткова таго, каб паміраючы чалавек шчыра шкадаваў за свае грахі, бо вынікі яго грахоў сталі катастрафічнымі для іншых праз занядбанне, згаршэнне, абмовы, здзек і г. д. Таму для поўнай перамогі над вынікамі гэткіх грахоў абавязкова патрэбна, каб усе людзі, якіх закранула зло яго грахоў, праз веру адкрыліся перад Езусам. Дзеля таго, каб у іх нанава стварылася дабро, знішчанае грахамі гэтага чалавека. Толькі тады, калі будуць вылечаныя ўсе вынікі грахоў, знішчацца ўсе прычыны цярпення таго чалавека ў чыстцы.

Цярпенні чыстцовых душаў выкліканы вынікамі тых грахоў, якія не былі поўнасцю адпакутаваныя чалавекам. Тыя вынікі існуюць альбо па віне недастатковага адкрыцця людзей у хвіліну смерці на прабачальную любоў Бога, альбо з прычыны таго, што ў іншых людзях яшчэ ёсць вынікі грахоў памерлага чалавека. Кожныя, хоць бы найменшыя «плады» граху, якія не былі поўнасцю выпраўленыя ў часе зямнога жыцця, будуць прыносіць цярпенні ў чыстцы. Пасля смерці як любоў, так і яе недахоп застануцца часткаю нашай асобы. Таму наша сувязь з тымі, хто пакуль застаўся жыць на зямлі, будзе існаваць і пасля смерці. Калі ж пасля нашай смерці на зямлі застанецца хтосьці, хто будзе цярпець з-за нашых грахоў, то яго цярпенні будуць таксама і нашымі. І мы будзем цярпець да таго часу, пакуль не знікнуць вынікі нашых грахоў.

Праўда пра чысцец — гэта заклік да вялікай адказнасці за свае ўчынкі, за тое, як мы ў нашым штодзённым жыцці выконвалі запаведзь любові Бога праз любоў да бліжняга. Занядбанне бацькоў у выхаванні дзяцей, недахоп апекі дзяцей над старымі і хворымі бацькамі, разбэшчванне дзяцей і моладзі парнаграфіяй і амаральным жыццём, розныя праклёны, абмовы, памяншаюць аўтарытэт Касцёла, выклікаюць карыслівыя адносіны да іншага чалавека, недараванне крыўды, нелюбоў, нянавісць, а таксама нежаданне прабачаць і прымірацца — усе гэтыя грахі нясуць у сабе вельмі шмат цярпенняў, якія ў чыстцы будуць асабліва адчувальнымі. Цярпенні ў чыстцы павялічваюцца ў шмат разоў тым, што чалавек адчувае агонь Божай любові і адначасна не можа канчаткова з’яднацца з Ім, бо яшчэ ёсць вынікі яго граху.

Чаму мы сваёй малівай і цярпеннямі дапамагаем душам у чыстцы?

Толькі ўсемагутная любоў Хрыста можа знішчыць вынікі грахоў, якія з’яўляюцца прычынаю чыстцовых цярпенняў. Толькі наш Збаўца можа цалкам аздаравіць, запоўніць увесь той недахоп любові і дабра, які трывае ў канкрэтных людзях, адносінах паміж людзьмі і прыносіць ім цярпенне. Аднак Ён не можа ўчыніць таго насуперак вольнай волі чалавека. Езус чакае згоды чалавека, які выяўляе гэтую згоду тады, калі паверыць і пачне маліцца. У часе малітвы чалавек з даверам адкрываецца перад усемагутнай любоўю Хрыста альбо перад дарам Святога Духа. Тады яго сэрца напаўняецца Божай любоўю. Калі мы молімся за памерлых, то сваёй любоўю ахопліваем іх, а значыць і ўсё тое, што з’яўляецца прычынай іх цярпення. Таму той, хто моліцца, становіцца пасрэднікам збаўленчай любові Хрыста. (...)

Малітва за памерлых — гэта наша любоў да бліжніх і найвялікшы духоўны дар, які мы можам ім ахвяраваць. Самым прыгожым і карысным дарам малітвы за нашых памерлых з’яўляецца ахвяра святой Імшы. Памерлыя чакаюць ад нас, ад тых, хто яшчэ жыве на зямлі, каб мы ў нашым штодзённым жыцці жылі верай і шмат маліліся, каб мы шчырым сэрцам прабачалі ўсё ўсім і не затойвалі ў сэрцы крыўды. Такім чынам праз малітву за памерлых, «будучы шчырымі ў любові, ва ўсім будзем узрастаць да таго, хто з’яўляецца Галавою, — да Хрыста. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне для будавання самога сябе ў любові» (Эф 4, 15–16).

Існаванне чыстца — гэта праўда веры, аб’яўленая Панам Богам. Яна была сфармуляваная ў якасці дагмату на Трыдэнцкім саборы ў 1563 г. Айцы сабору нагадвалі тады вернікам, каб яны, разважаючы над праўдаю існавання чыстца, не захапляліся пустою цікаўнасцю, а таксама адкінулі забабоннае разуменне той праўды.

Напрыканцы трэба падкрэсліць, што чысцец не з’яўляецца нейкім лагерам пакарання на тым свеце, але ён з’яўляецца станам, які вынікае з патрэбы дарастання да любові ў небе. Чыстцовыя цярпенні — вынік яшчэ неадпакутаваных грахоў, і таму яны прыносяць цярпенне. Гэта сам Хрыстус агнём сваёй любові перамяняе, ачышчае і робіць душы ў чыстцы здольнымі да поўнага яднання ў любові з Ім і ўсёй супольнасцю святых.

Вернікі, якія жывуць на зямлі, павінны ўсведамляць, што яны абавязаныя несці чыстцовым душам дапамогу ў іх вельмі балючым дарастанні да любові. Гэта мы робім сваёю штодзённаю малітваю, ахвяраваннем за іх сваіх цярпенняў і перадусім ахвяраю святой Імшы.

Падрыхтавала Кс. Мечыслаў Пятроўскі
Паводле Ave Maria

Меткі: чысцец