Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Крыху пра сужэнскія абавязкі

У мінулым артыкуле «Што мы павінны адзін аднаму?» мы распачалі гутарку пра тое, што два дарослыя, самастойныя чалавекі, якія ўзялі шлюб і пры гэтым, не забудзем, умеюць клапаціцца самі пра сябе, павінны адно аднаму, а чаго не павінны. У працяг гэтай гутаркі хацелася б прапанаваць вам наступны эксперымент. Складзіце з вашым сужэнцам паасобку два спісы: абавязкі жонкі і абавязкі мужа. Цікава было б потым абмеркаваць вынікі. Не пашкодзіла б таксама спытаць, што думаюць наконт такіх абавязкаў вашыя дзеці, асабліва падлеткі. Іх адказ быў бы добрай ілюстрацыяй да таго, што яны даведаліся пра сужэнскае жыццё, гледзячы на вашае сужэнства.

Для таго, каб разабрацца са спісам абавязкаў, трэба спачатку зразумець, а дакладней, успомніць, адкуль яны бяруцца. І ключавое пытанне тут вось якое: мужчына, беручы шлюб, становіцца штосьці павінным жанчыне толькі таму, што ён цяпер будзе насіць найменне мужа ці таму, што ён штосьці абяцаў сваёй жонцы перад Богам у час удзялення шлюбу? Тое ж пытанне датычыцца і жанчыны. Калі вы, як і я, лічыце, што ўся справа ў абяцанні, то пытанне пра абавязкі ў шлюбе, гэта значыць пра тое, хто каму што і колькі павінен і чаго не павінен, зводзіцца да пытання пра сужэнскае абяцанне, а дакладней, пра сужэнскую клятву.

Што ж такога незвычайнага абяцаюць сужэнцы адно аднаму? Любоў? Але любіць бліжняга мы павінны незалежна ад таго, у шлюбе мы ці не.

Мы ўсе ведаем, што аснова сужэнскай клятвы — гэта абяцанне вернасці. А вось што такое вернасць, кожны разумее па-свойму, аднак у большасці сваёй людзі зводзяць гэтае паняцце да адсутнасці сексуальных адносінаў па-за шлюбам. Я ж хачу прапанаваць вам разгледзець гэтае паняцце з іншага боку.

Уявіце сабе дарослага і ўжо самастойнага хлопца або дзяўчыну, якія ўжо адчулі, што «не добра, каб чалавек быў адзін», і задумваюцца пра будучую сям’ю. А на практыцы гэта азначае, што яны сталі прыглядацца да дарослых людзей супрацьлеглага полу, выбіраючы сярод іх таго, з кім хацелі б пражыць усё астатняе жыццё, а гэта значыць як мінімум гадоў пяцьдзесят. Усе мы ведаем, што выбар — справа няпростая, а выбар будучага сужэнца, магчыма, і ёсць самы важны выбар у жыцці. Менавіта таму маладыя людзі знаёмяцца, сустракаюцца, кахаюцца, расчароўваюцца, часам расстаюцца, спадзяюцца, адным словам — прыглядаюцца адно да аднаго. Бацькі і ўсе іншыя людзі даюць ім поўнае права выбіраць свабодна і без прымусу. Гэтае права ў выглядзе свабоды падаравана чалавеку ад нараджэння самім Богам. Зразумела, часам у працэсе гэтага выбару чалавек забывае пра сваю годнасць Божага дзіцяці, парушаючы Божыя запаведзі і ў выніку прыносячы боль сабе і іншым.

Урэшце наступае момант, калі кожны з пары маладых людзей гатовы сказаць: «Я скончыў выбіраць, я хачу пражыць усё жыццё з табою». І, заключаючы шлюб, яны добраахвотна назаўсёды адмаўляюцца ад сваёй свабоды выбіраць іншага чалавека для сумеснага жыцця. Вернасць — гэта і ёсць добраахвотнае адмаўленне ад магчымасці працягваць выбар. А сужэнскае абяцанне вернасці з’яўляецца своеасабліваю аплатаю магчымасці быць побач усё жыццё: «Я прашу цябе жыць разам са мною да канца жыцця, і за гэта я гатовы заплаціць адмаўленнем ад свабоды».

Сям’я пачынаецца з узаемнага адмаўлення ад свабоды шукаць кагосьці «больш вартага, чым ты». І менавіта з гэтага адмаўлення вынікаюць асноўныя сужэнскія абавязкі, а значыць і правы. Так у святле абяцання вернасці кожны з сужэнцаў павінен паведамляць свайму партнёру па шлюбе пра тое, дзе і якім чынам ён праводзіць час па-за сям’ёй, а таксама лічыцца з жаданнем партнёра праводзіць час разам. Вось, уласна кажучы, і ўсе абавязкі.

А як жа клопат пра дзяцей? Гэта ўжо абавязак і адказнасць не сужэнская, а бацькоўская. Ці адчуваеце вы розніцу паміж паняццямі жонка і маці, а таксама муж і бацька? Тут усё проста — жонка павінна толькі мужу, а муж — жонцы. А вось дзецям павінны тата і мама.

З дзецьмі ўсё зразумела, а як жа ўзаемная павага? Адкажу пытаннем: а хіба два чалавекі не павінны паважаць адно аднаго, калі яны не ў шлюбе?

А побытавыя справы (мыццё, прыбіранне, гатаванне і г.д.)? А матэрыяльнае ўтрыманне сям’і? Але ж мы з вамі высветлілі гэта мінулым разам: дарослыя людзі абавязаны самі задавольваць свае патрэбы і рэалізоўваць свае жаданні. Кожны дарослы, незалежна ад таго, жыве ён адзін або ў шлюбе, абавязаны сам клапаціцца пра свой хлеб надзённы і пра дах над галавою, пра стан свайго здароўя, харчаванне, пра сваю гігіену і лячэнне, зрэшты — пра сваю душу і свае адносіны з Богам. Усё вышэйназванае абавязаны даваць дзецям бацькі, але не сужэнцы адно аднаму.

Вось і атрымліваецца, што гатаваць і мыць у сям’і кожны з дарослых павінен сам сабе, і бюджэт у кожнага павінен быць асобны. Але гэта ў тым выпадку, калі абмежавацца толькі абавязкамі. Аднак ёсць яшчэ і каханне. Так, жонка павінна прыгатаваць вячэру толькі для сябе. Але яна кахае свайго мужа і, разумеючы, што ён, з’яўляючыся дарослым чалавекам, павінен гатаваць сабе сам, проста з любові, думаючы пра яго стомленасць, добраахвотна вырашае зрабіць яго працу — прыгатаваць вячэру і для яго. Ён жа, прыйшоўшы дадому і бачачы гарачую вячэру на стале, разумее, што яна зрабіла яго працу, і яго сэрца напаўняецца ўдзячнасцю. Ён у сваю чаргу разумее, што яна сама павінна зарабляць на сябе, але ён яе кахае, да таго ж удзячны ёй і таксама добраахвотна вырашае зрабіць яе працу за яе, таму прыносіць заробак дадому і дзеліцца ім з жонкаю. Прымаючы яго клопат, яна разумее, што ён не абавязаны быў гэтага рабіць, і цяпер удзячнасцю напаўняецца яе сэрца.

Такім чынам шмат разоў на дзень любоў нараджае ўзаемную ўдзячнасць, а ўдзячнасць умацоўвае любоў. Але гэта толькі ў тых сем’ях, дзе шмат любові і мала павіннасцяў.

Часцей жа абое дарослыя сужэнцы нават не здагадваюцца пра тое, што задавальняць свае патрэбы і жаданні яны абавязаны самі. Больш за тое, яны перакананыя, што пасля шлюбу жонка павінна клапаціцца пра сытасць мужавага страўніка, а ён пра тое, каб ёй было што апрануць зімою. А калі ўжо даводзіцца зрабіць для сябе штосьці самастойна або нейкія патрэбы застаюцца незадаволеныя, то віна за гэта ўскладаецца на сужэнца, назапашваюцца крыўды і расчараванні. У выніку гарачая вячэра хоць і стаіць на стале і заробак таксама прынесены дадому, а ў галаве пачынаюцца падлікі, хто для каго больш зрабіў, ды і ў сэрцы нарастае холад.

Вось так памятаючы пра свае абавязкі, мы адчуваем удзячнасць і ўзмацняем любоў. А падлічваючы, хто і колькі нам павінен — назапашваем крыўды і забіваем любоў.

Дарэчы, за што вы ўдзячныя свайму сужэнцу?

А ці ўпэўненыя вы, што гэта і ёсць удзячнасць?


Наталля Пан
Паводле Ave Maria

Меткі: Сужэнства