Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Разважанні над таямніцамі святла святога Ружанца паводле кс. Яна Твардоўскага

У гэтым цудоўным месяцы кастрычніку, прысвечаным Маці Божай Ружанцовай, прапануем вашай увазе разважанні над таямніцамі Святла Святога Ружанца паводле кс. Яна Твардоўскага.

Калі маеш жаданне стаць вялікім, ты павінен стаць малым. Быць малым – азначае верыць, як вераць дзеці, любіць, як любяць дзеці, маліцца, як моляцца дзеці. Каб палюбіць ПА-САПРАЎДНАМУ, шчыра і адданна Езуса, звяртайся да Яго Маці, якая прывядзе цябе да гэтай сапраўднай Любові.

– Хочаш навучыцца любіць Панну Марыю? Дык любі Яе!!! Як??? Молячыся шчыра на Ружанцы!

– Але Ружанец такі манатонны і такі нудны, заўсёды бармочам тое ж самае… Якая карысць і сэнс?

– А ці не тое ж самае заўсёды кажуць закаханыя? А ці не прагнуць яны кожны дзень зноў чуць тое ж самае?

– А можа, выпадкова манатоннасць з’яўляецца ў тваёй ружанцовай малітве, таму што замест таго, каб вымаўляць словы як ЧАЛАВЕК, ты іх бармочаш, выдаваючы гукі, як жывёла, у думках застаючыся далёка ад Бога і Панны Марыі

Хосэ Марыя Эскрыва

 Таямніца 1 – Хрост Езуса ў рацэ Іардан

Ці аддаем Найсвяцейшай Маці пашану сваёй малітвай на ружанцы? Ці верым у тое, што Марыя, “прысутная ў ружанцы”, можа для нас выпрасіць тое, што па-чалавечы немагчыма? Калі ружанец ударыць у Неба, над нашымі галовамі расступяцца хмары і заззяе сонца цудоўнай надзеі!

Хрост Езуса – гэта штосьці важнейшае і большае, чым сама падзея хросту, бо гэта пачатак Яго ахвяры. Хрост Езуса не быў Сакрамантам. Кожны з нас мае пасведчанне хросту – у Езуса такога пасведчання няма. Сакрамант Хросту – гэта момант нашага ўсынаўлення Богам, аб’яўлення Бога ў нашым жыцці, атрыманне ласкі Божай, тое, чаго Езус не патрабаваў.

Дык чаму ж тады хрост Яна, хоць гэта і не Сакрамэнт, мае такое вялікае значэнне???

Калі Езус наблізіўся да Іардана, Св. Ян Хрысціцель, паказваючы на Яго, сказаў: “Гэта Баранак Божы, які бярэ на Сябе грахі свету.” (Ян.1,21). Гэта азначае: “Вось нявінны, які возьме на сябе ЎСЁ зло ўсіх грэшнікаў і адпакутуе за яго!”

Езус добраахвотна становіцца ў адну чаргу з грэшнікамі, не брыдзіцца іх і той вады, у якую ўваходзіць разам з імі. Часам мы адварочваемся ад грэшнікаў, лічым, што яны нас могуць згоршыць, бо мы ж заўсёды найлепшыя і вярнейшыя Богу, таму не хочам плюхацца разам з імі ў бруднай вадзе, клапоцімся пра сваю знешнюю чысціню і пах . Але кожны хрысціянін пакліканы не праходзіць абыякава каля зла, бо вельмі часта большым за само зло бывае наша АБЫЯКАВАСЦЬ да чалавека, якую часам мы яшчэ і залічваем сабе за святасць, апраўдваючыся, што гэты чалавек не заслугоўвае маёй увагі і часу. Кожны хрысціянін патрэбуе абавязковых, трывалых унутраных перамен у сабе, так званай рэформы сваіх перакананняў, больш дасканалай вернасці і адданасці, яшчэ глыбейшай пакоры і прыніжэння , мацнейшага даверу, каб такім чынам у душы ўзрастаў Езус і ўмацоўвалася Яго навука.

І як узнагароду за сваю пакору і прыніжэнне Езус чуе: ”Гэта Сын мой умілаваны, якога я ўпадабаў!” Бог глядзіць на Яго не як на Бога, але як на Чалавека, ствараючы якога , так марыў бачыць менавіта такім, глядзіць на Яго, як на ідэал кожнага Чалавека, якога праг і прагне бачыць менавіта такім. І, якое шчасце, сапраўды Езус спраўдзіў мару Бога. Падчас хросту ў Езуса даспявае людская свядомасць Яго паклікання, паклікання Месіі. Чытаем у Святым Пісанні: “ раскрыліся Яму Нябёсы і голас з Нябёсаў прамовіў: “Гэта Сын мой умілаваны, якога Я ўпадабаў”. Нябёсы раскрыліся ў Яго душы. І нам заўсёды раскрываюцца нябёсы, калі мы паслухмяныя натхненням Св.Духа, калі з пакорай адмаўляемся ад уласных перакананняў і амбіцый, і тады выразна чуем голас Божы і ведаем дакладна, што рабіць. Кожны, хто мае сапраўднае пакліканне быць святаром, урачом, настаўнікам, сябрам, бацькам ці маці, кімсьці, хто ўсур’ёз адносіцца да сваёй працы і паклікання, – усведамляе сабе, што мусіць развітацца са спакойным і размераным жыццём і цалкам аддацца таямніцы свайго паклікання. Самае галоўнае – ад самага пачатку быць свядомым і падрыхтаваным да ахвяры і так, як Езус, вытрываць да канца, нягледзячы на тое, што Дух Святы выведзе не адзін раз на пустыню, як і Езуса. І на гэтай пустыні галоўнае дазволіць Яму праз скруху і боль змяняць і рабіць больш чулым сваё сэрца, а не адыходзіць пры першай цяжкасці ад свайго паклікання, не абвінавачваць іншых, бо толькі тое, што пераўзыходзіць наш розум і нашу любоў, прымушае нас змяняцца і ўзрастаць у веры.

У хвіліну хросту Езус адыходзіць ад свайго жыцця, штодзеннага і простага: ад Бэтлеема з зорачкай, ад босых пастушкоў, ад Назарэта са Св.Юзафам, ад Сваёй Маці, з якой заўсёды бывае найлепш. Адыходзіць кажучы: “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя —гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву”. Адразу пасля хросту Дух Святы вывеў ( у арыгінале нават ”выгнаў”) Езуса ў пыстыню, у цяжкае аднатоннае жыццё, змаганне з шатанам. Вялікае дасвядчэнне і вопыт, а потым – цярпенне і смерць. Хрост Езуса – гэта пачатак ахвяры, як бы ўводзіны ў св.Імшу.

Кожны з нас раней ці пазней пакідае родны дом з лямпай на пісьмовым стале, на якім выконваў урокі, пакідае родных, блізкіх, сяброў, з якімі разам гуляў і марыў, пакідае таксама мары, якія не здзяйсняюцца. Як часта ў гэтым адыходзе бачым смутак прамінання, бессэнсоўнасць і няўдалае жыццё. Але мусім глядзець на гэты адыход у духу веры, выканання ахвяры з любові да Пана Бога. Мы павінны памятаць, што на пустыні заўсёды будзе шмат жудасных выпрабаванняў і толькі, калі мы дазволім Духу Святому дзейнічаць у нас, а не бунтаваць і не будаваць сваё жыццё па ўласным рэцэпце, то яны толькі ўмацуюць і моцна ўкараняць нас у Хрысце. Вельмі часта , калі здараюцца жудасныя трагедыі, Божая мудрасць вызывае скандал у нашай галаве. Некаторыя дрэнныя падзеі сапраўды пераўзыходзяць наш абмежаваны чалавечы розум, і яны сапраўды не заўсёды ідуць ад Бога, аднак Бог дазваляе, каб яны здараліся і запрашае нас, як бы цяжка не было, прыняць іх, зразумела без радасці і ўсмешкі, але з супакоем і даверам, нават калі яны нас моцна раняць і супярэчаць нашым поглядам і станоўчым ідэям. Тут не ідзе гаворка, каб прыняць само зло і апраўдаць яго, але з пакорай (згадзіцца, што я шмат чаго не ведаю і не зразумею) прыняць гэту таямнічую мудрасць Божую, якая дазваляе гэта зло. Яна ніколі нічога не руйнуе, а толькі будуе. Гэта прыняцце сітуацыі не з’яўляецца нейкім кампрамісам – гэта выраз даверу Богу, МАЦНЕЙШАМУ і МАГУТНЕЙШАМУ, чым зло, якое Ён у свёй усемагутнасці з лёгкасцю можа ў кожную хвіліну ператварыць у дабро, калі ўбачыць нашу ўпэўненасць, што “ўсё на дабро тым, хто любіць Бога”. Сыноўні давер, паслухмянасць і пакора для Яго нашмат КАШТОЎНЕЙШАЯ за ўсе нашы добрыя ўчынкі. (як прыклад, Бог ніколі не хацеў здрады Юды, трусасці Пілата (Бог неўмее ЖАДАЦЬ граху!!!), але дазволіў і жадаў, каб Езус прыняў гэта з супакоем і даверам, як Ён і зрабіў: “Ойча, не мая, але Твая няхай будзе воля!”)

Езус аб’яўляецца кожнаму з нас падчас Св.Хросту, значэнне і вартасць якога мы часта не разумеем. Хвілінай аб’яўлення Езуса могуць быць перажыванні Першай Споведзі, сум па Св.Камуніі, нараджэнне паклікання да святарства ці прага клопату пра іншага. Ёсць шмат хвілін, калі Езус аб’яўляецца нам і мы адчуваем Яго і ведаем дакладна, што Ён ПОБАЧ, хоць і нябачны нашаму зроку. І тады раптоўна раскрываюцца Нябёсы і ў душы чуем Яго голас і адчуваем супакой і пяшчоту, якую прыносіць Яго прысутнасць, якая саладзейшая за ўсе зямныя радасці. Мы мусім быць падобнымі да мудрацоў з Усходу, якія пазналі ў Дзіцяці Бога, мы павіны пазнаць Яго і складаць свае дары: золата-любоў, кадзіла-малітву,смірну-цярпенне. Без асабістай штодзённай сустрэчы і размовы з Езусам у нашым жыцці не бывае сапраўднай ВЕРЫ.

Кожны з нас праз Хрост з’яўляецца ўмілаваным сынам, дачкой Бога, але ці з’яўляецца для нас Езус найважнейшым у штодзённым жыцці? Ці з’яўляюся я тым, кім захапляецца БОГ? Ці звяртаюся я да Яго за парадай? Мая малітва і зварот да Яго гэта першая рэакцыя ці ўжо апошняя надзея?

Бываюць моманты, калі на нас звальваецца пякучы боль,здрада найбліжэйшых, не ведаем , што рабіць і куды хавацца ад пакутаў, церпім невядома за што і дзеля чаго. Звяртаемся да спаведнікаў, законных асобаў, псіхолагаў і невядома да каго за парадай і дапамогай. А трэба задаць адно пытанне, а як бы ў пэўную хвіліну паступіў бы Езус? Рэдка ставім сабе гэтае пытанне, а яно вельмі важнае. Гэты дзіцячы зварот і сыноўні давер менавіта Яму не можа не ўзрушыць Яго сэрца і адразу ж пачуем, што нас Ён упадабаў і што толькі Ён паказвае нам адзіную правільную Дарогу і Праўду і дае адказы на нашы пытанні.

Маці Верная,навучы мяне быць вернай голасу Бога, калі раскрыюцца нябёсы маёй душы, і на пустыні дай моцы не наракаць і не губляць надзею і давер, а ўсцяж памятаць,што праз Хрост мы сталі Яго Любімымі сынамі і дочкамі і атрымалі Яго айцоўскую ЛЮБОЎ і клопат пра нас, а адначасова і заданне, каб на дарозе свайго жыцця: манаскага, святарскага, сужэнскага, самотнага – былі святымі, як і наш Айцец Нябесны. Каб Ён мог намі захапляцца, як і Езусам.

Таямніца 2 – Аб’яўленне Езуса на вяселлі ў Кане Галілейскай

Бедным слугам з Каны Галілейскай магло здавацца, што робяць бессэнсоўную і беспатрэбную працу невядома для чаго. Хіба быў сэнс насіць ваду вядро за вядром ? Навошта? Не было ні пажару, ні засухі, час рытуальнага абмывання таксама ўжо скончыўся… Напэўна хваляваліся, што госці круцяць пальцам у скроні.

Аднак хоць і не ведалі і не бачылі сэнсу сваёй працы , але выконвалі сумленна і адданна, хоць , можа, не раз нахіляліся, каб паглядзець у збаны, ці шмат яшчэ засталося туды-сюды хадзіць… Але ў выніку атрымалася, што Бог надае канчатковы сэнс усім намаганням, якія звычайна здаюцца бессэнсоўнымі.

Сёння мноства людзей не бачыць сэнсу ў тым, што выконвае штодзённа, не бачаць сэнсу у тым, што здараецца. Усцяж толькі і ставяць пытанне: навошта цярпенне? Навошта хвароба? Навошта каханне, калі каханы адварочваецца? Навошта мацярынства: выхавала дзяцей, а зараз у інтэрнаце для пакінутых і самотных? Чаму няма ў свеце ўдзячнасці? А яшчэ навошта шпіталі для вар’ятаў? Чаму так шмат хворых ракам дзяцей? Веруючыя людзі – дрэнныя, а няверуючыя – добрыя. Які гэта мае сэнс?

Так шмат навокал нас усяго дзіўнага, здавалася, бессэнсоўнага і непатрэбнага, непадуладнага чалавечаму розуму. Чалавек нястомна хвалюецца , бо хацеў бы надаць сэнс і тлумачэнне свету, якога не ствараў. Выніковы сэнс усяму надае толькі Бог. Таксама і таму, што нам часам здаецца бессэнсоўным. Божы сэнс аб’явіцца толькі ў канцы.

Толькі Бог мае моц перамяняць ваду ў віно, а мы толькі плёхаемся ў вадзе і пускаем пузыры, ад якіх нічога не мяняецца. Нам застаецца толькі давяраць Богу і церпяліва трываць у выкананні сваёй чалавечай штодзённай працы.

Чаму толькі св. Ян апісаў цуд у Кане Галілейскай? Чаму Ян, якога мы называем містыкам, якога малюць, як арла, які ўзносіцца над зямлёй на вялікіх крылах і распачынае Евангелле апісаннем балю, вясельных гасцей, якія прагнуць віна?

Гэта, мабыць, больш бы адпавядала Мацвею, які быў мытнікам, лічыў грошы і быў больш зямным. А, можа, Луку, бо быў урачом, а яны заўжды пытаюць: Ці маеш апетыт? Ці п’еш? Што п’еш і колькі?

Але яны пачынаюць Евангелле з больш важных падзей: змаганне Езуса на пустыні з шатанам, з залатой зорачкі, якая вядзе мудрацоў да Дзіцяткі, а Ян, містык ( пра якога казалі: “не есць, не п’е – уздыхае і жыве!”), распачынае Евангелле вяселлем, бяседнымі сталамі і гасцямі. Мабыць, Марку, Луку і Мацвею, якія доўга пісалі Евангелле, вялікія і важныя падзеі засланялі малыя.

Ян пісаў Евангелле напрыканцы свайго жыцця, будучы ўжо мудрым старцам, столькі перажыўшы і бачыўшы ў жыцці, разумеў, што не бывае малых і вялікіх падзей. Усе ВЯЛІКІЯ!

Бог заўсёды вядзе нас, і Яго рука бачна не толькі праз зорку на небе, але і праз засушаны кляновы лісток, які можа абудзіць успаміны.

Неаднойчы тое, што здаецца нам малым і выпадковым, звязвае трывала наша жыццё з нашым пакліканнем. Бываюць у жыцці спатканні, якія нам здаюцца выпадковымі, таксама кніжкі, якія трапляюць нейкім чынам нам у рукі… але з цягам часу пасля лавіны пазнейшых здарэнняў раптоўна гэтыя выпадковыя дробязі ажываюць у памяці і мы бачым сувязь. Бачым, як праз ланцужок такіх дробязяў нас вядзе Бог. Самая галоўная наша задача –заставацца верным гэтым дробязям, бо лёгка, занядбаўшы адну дробязь, разарваць увесь ланцужок.

Св. Ян глядзеў на ўсе падзеі, што адбываліся, праз прызму часу. І ў гэтым такім дробным цудзе ( значна меншым, чым уваскрашэнне Лазара і дачкі Іаіра), аднак убачыў штосьці НАЙВАЖНЕЙШАЕ: сутнасць хрысціянства, сутнасць перамены.

Сутнасць менавіта ў тым, каб усцяж мы ўнутрана мяняліся, каб падчас ранішняй ці вячэрняй малітвы не вымаўлялі бяздумна зазубраныя пацёркі і звароты да Езуса і Марыі, якія завучылі яшчэ падчас падрыхтоўкі да Першай Споведзі і , аўтаматычна вымаўляючы іх, займаліся іншай справай, беспамылкова і з гонарам сцвяржаючы, што наша малітва на самым высокім узроўні, бо сістэматычная.

Няўжо вясельным падарункам Езуса было толькі перамяненне вады ў віно?

Езус перамяніў не толькі ваду ў віну, але і ўВЕРУ, бо чытаем: “ і паверылі ў Яго вучні Ягоныя ”. (Ян 2,11)

Не толькі збаны напоўніся віном, а вяселле – радасцю, але ўсе атрымалі тое, што НАЙВАЖНЕЙШАЕ- ДАР ВЕРЫ!

Маці Збаўцы, навучы мяне быць чуйнай і адкрытай на вялікія і малыя патрэбы бліжніх, учыні, каб намеры маіх добрых учынкаў былі чыстымі і паходзілі ад Духа Святога, каб учыненае мною дабро, якога іншыя не заўважаюць, не цэняць і за якое не праяўляюць удзячнасці, яшчэ глыбей адкрывала і набліжала мяне да Хрыста і таямніцы веры, замест таго, каб бунтаваць і абвінавачваць увесь сусвет. Панна Наймудрэйшая, учыні, каб кожны дзень я была гатова нанова перамяняць сваё жыццё, свае асабістыя погляды , зацвярдзелыя ідэі і зраненыя амбіцыі.

Таямніца 3 – Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

На 3 гады рыбакі пакінулі свае лодкі і сеці і пайшлі за Езусам, (Клеопа нават кінуў у Эмаусе сваю краму), і ўсе сталі вучнямі Езуса. Вандравалі за Ім, слухалі Слова Божае, назіралі за цудамі, а калі ўкрыжавалі Езуса – спужаліся і паўцякалі. Разышліся і лічылі, што лепш вярнуцца да сваёй ранейшай працы: рыбы, гандлю… У свеце ж так шмат рыбакоў, гандляроў, і свет неяк жа жыве і ідзе сваім шляхам. Навошта ўсё ўскладняць і дабаўляць сабе клопату? Ім здавалася, што, вярнуўшыся да ранейшых абавязкаў і працы, будуць жыць, як і ўсе. Можа, яны лічылі, што тры гады прабывання з Езусам было сном, цудоўным, але неверагодным? Можа, баяліся ўспамінаць і хацелі схавацца ў гушчыні шэрай штодзённасці?

Але ад Езуса нельга схавацца. Ён пачынае ім аб’яўляцца, з’явіўся ім на досвітку, калі яны лавілі рыбу, спачатку не пазналі Яго. Потым ішлі ў сваю краму ў Эмаус і Езус аб’явіўся ім на дарозе, таксама не пазналі, ці не хацелі пазнаць, бо баяліся вяртацца. Так і ў нашым жыцці мы неаднаразова не пазнаём ці не жадаем пазнаць Езуса, бо Ён прыходзіць да нас, каб змяніць наш накірунак, але ж мы лепш ведаем свой шлях. Кожны з нас атрымаў заданне: ідзіце і абвяшчайце Божае Валадарства! Нельга адысці ад абвяшчэння Божага Валадарства да сваёй працы і клопату толькі пра свае справы.

Ведаю святара, які пакінуў святарства і стаў навукоўцам, яму здавалася, што навукоўцы больш патрэбныя, чым Езус, і такім чынам Ён будзе больш плённа абвяшчаць пра Божае валадарства. Гэты чалавек лічыў, што лёгка будзе пакінуць святарства, але Езус пачаў з’яўляцца яму. Былы святар быў самотны і вельмі нешчаслівы шмат год, пакуль не зразумеў, як будзе лепш. Вельмі зранены, з вялікай скрухай вярнуўся да святарства, дзе і адшукаў супакой і былую радасць.

Ведаю сястру законную, якая пакінула кляштар, стала швачкай, потым мадэльерам. Была вельмі нешчаслівая, не магла прыняць тое, што была па-за кляштарам, сумавала па той простай працы, якую штодзённа выконвала.

Ведаю адну веруючую жанчыну, якая з часам адышла ад веры. Вельмі дрэнна адчувала сябе без Езуса.

Некаторым здаецца, што проста адысці ад паклікання быць святаром, хрысціянінам, сябрам, мужам ці жонкай, але на самой справе гэта самы балючы і пякучы досвед. Нават засумняваўшыся ці здрадзіўшы пакліканню, варта вярнуцца з пакорай да ранейшых абавязкаў.

Нават калі мы адыдзем і забудзем пра Езуса, Ён пачне нам з’яўляцца зранку, у абед і ўвечары, каб нагадаць нам пра наша пакліканне. Спачатку мы Яго не пазнаем, не разглядзім, не ўбачым , але з цягам часу Ён прыйдзе да нас з згрызотамі сумлення, якія пазбавяць нас супакоя і радасці сэрца.

”Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзясят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце…І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.

Пасылаючы апосталаў, Езус даў ім загад быць адважнымі, не баяцца ваўкоў, аздараўляць хворых і прапаведаваць супакой. Заўважым, што Езус таксама маецца з імі сустракацца. Мусілі ісці туды, куды Ён сам таксама збіраўся прыйсці, пасылаў іх, каб сустракацца з імі.

Недастаткова быць адважным, мала чыніць цуды і аздараўляць. Трэба штодзённа сустракацца з Езусам, мець з Ім асабісты кантакт. Гэта мэта кожнага хрысціяніна. Можна, будучы святаром, законнай асабой ці проста вельмі веруючым чалавекам, так глыбока згубіцца ў сваёй уласнай веры і перакананнях, дарэшты аддаючы свой час і сілы свайму Богу, і праз сваю ўпартасць заглушыць натхненні Св. Духа і, зразумела, амаль ніколі не мець часу і жадання на сустрэчу з сапраўдным невядомым Езусам.

Варта часцей задаваць сабе пытанне, ці сапраўды я ўсведамляю, што сустракаюся з Езусам на малітве, падчас Св.Імшы, пры чытанні Евангелля? Як выглядае мая адарацыя, калі я сустракаюся з Ім твар у твар? Я так шмат кажу пра Езуса і Яго Валадарства, але якім я выглядаю ў Яго вачах? Ці спраўджваю я надзеі Бога?

Варта прызнацца сабе, ці ўмею і ці жадаю я ўвогуле з Ім сустракацца, ці прагне гэтага мая душа? Айцы-пустэльнікі лічылі, што большым лічыцца той, хто ўмее прызнаць свой грэх і шчыра прасіць за яго прабачэння, чым той, хто ўваскрашае з памерлых. Варта прызнацца сабе ў гэтым, бо само прызнанне граху можа стаць пачаткам нашага навяртання і будаваннем Божага Валадарства ў сабе саміх, шуканнем таго, якімі нас прагне бачыць Бог.

Бог з’яўляецца і ёсць Уладаром вялікага Сусвету, калі мы дазваляем Яму быць уладаром нашых сэрц, калі дазваляем Яму, каб перамяняў наша жыццё – перамяняем свет. Кожны дзень каючыся і навяртаючыся нанова, мы з’яўляемся місіянерамі Яго Валадарства. Кожны ахрышчаны праз хрост і Спасланне Духа Святога пакліканы і мае моц нясці і запальваць ужо тут на зямлі свет Нябёс і распаўсюжваць ВЯЛІКУЮ БОЖУЮ ЛЮБОЎ. Маці Ласкі Божай, навучы мяне трываць у маім пакліканні, а калі адыду ад яго, засумняваюся ці здраджу яму, улі ў маё сэрца такую ласку і скруху, каб умела шчыра прасіць прабачэння і адразу вярталася да свайго паклікання. Учыні, каб заўсёды знаходзіла час на асабістую сустрэчу з Езусам. Навучы мяне прасіць Яго, каб я ЗАЎСЁДЫ знаходзіла час для шчырай малітвы-размовы з Тваім Сынам і штодзённа размаўляла з Ім, давяраючы Яму ўсе справы і пачуцці і ўмацоўвалася ў Яго БЯСКОНЦАЙ ЛЮБОВІ . Панна Праслаўленая, няхай Дух Святы ачышчае мой пошук праўды і пачуцці, каб я ніколі не змешвала любоў з грахом і каб заўсёды шукала Божае Валадарства ў сабе і мела ў душы Божае святло, каб ім магла запальваць іншых.

Таямніца 4 – Перамяненне Пана на гары Табор

Некаторыя дзівяцца, чытаючы гэты фрагмент з Евангелля, ці магчыма на гэтым свеце ўбачыць штосьці з нябачнага нам Свету?

Езус узяў з сабой на гару Табор толькі 3 вучняў, а не ўсіх 12. Толькі выбраныя часам дакранаюцца да іншай рэальнасці. Мне здаецца, што ў сваім жыцці кожны хоць раз перажыў такую хвіліну, калі дакрануўся да чагосьці незвычайнага, чагосьці не з гэтага свету. Памятаю, як аднойчы сярод белага дня, ідучы па вуліцы, нечакана заўважыў, што ўвесь свет гэта толькі дэкарацыя, за якой хаваецца штосьці такое велізарнае, што не мог бы растлумачыць нават адным словам.

Калі б увесь час не даляталі да нас такія іскры з іншага свету, не было б вялікіх навяртанняў, пакліканняў, натхненняў, якія заўсёды па-за намі і далятаюць да нашага сэрца.

На абразіку Перамянення Пана нас здзіўляе тое, што вучні сапраўды бачылі перамяненне і яно адразу знікла. Загарэлася і згасла. Калі вучні ўбачылі Хвалебнага Езуса, жадалі Яго затрымаць , замкнуць у сваім намёце, каб заўсёды быў з імі, каб яны гадзінамі маглі ўзірацца ў Яго. Але Бога нельга затрымаць, бо за Ім увесь час трэба ісці і адкрываць нанова.

Гісторыя перамянення здараецца падчас дарогі ў Іерусалім, на дарозе да Вялікай Пятніцы.

Адзін знаёмы мяне пытаў: Як мне вярнуць і затрымаць у душы таго Пана Бога са школьных год? Ён быў тады такі блізкі сэрцу, такі добры і шчыры! А потым знік кудысьці. Сёння ўжо няма таго Пана Бога. Не магу ніяк затрымаць Таго Бога з 5-6 класа, а гэты, а, прысутны сёння, мне чужы!

Адна сястра законная казала: О, калі б я магла затрымаць Бога з першага тыдня прабывання ў кляштары! Ён быў так блізка! Ён быў такі сардэчны! А зараз Ён іншы! Аддаліўся ад мяне, не адчуваю Яго прысутнасці.

Многія веруючыя навукоўцы, інтэлектуалы і эрудыты мараць толькі аб адным, каб толькі сэрцам адчуць хоць дзясятую частку таго, што ведаюць, каб дакрануцца да Неба і ўсцяж працягваюць шукаць гэта пачуццё ў кнігах і філасофскіх роздумах, а не ў штодзённай і пакорнай малітве да Езуса.

Бог увесь час бывае той самы і ўвесь час іншы. Ён заўсёды менавіта такі, які нам патрэбны ў пэўную хвіліну, таму не трэба баяцца, што часам на малітве знікае, становіцца іншым і мы не адчувем уздыму і радасці. Але трэба быць перакананым, што Ён заўсёды ПОБАЧ і прагне толькі нашай любові, паслухмянасці і вернасці як на гары Табор, так і на Кальварыі, бо толькі той, хто любіць ПА-САПРАЎДНАМУ, не ўцячэ з-пад Крыжа, не пакіне малітву толькі з-за таго, што не адчувае ўзнёсласці і не бачыць эфекту . Неабходна заўсёды паслухмянна ісці за Ім , куды нас вядзе, і ўважліва слухаць, што нам кажа Езус на крыжы і на гары Табор, той самы і адначасова іншы. Часам неабходна нам быць з Ім у Яго хвале, а іншым разам – і ў цярпенні, каб глыбей зразумець Яго навуку.

Апісанне Перамянення Пана крыху незвычайнае і дзіўнае, як кажуць. “не з гэтага свету”, адрозніваецца ад перадачы іншых евангельскіх падзей. Евангелле часта паказвае Божую моц Езуса менавіта тады, калі вяртаў зрок сляпым, ачышчаў пракажоных, уваскрашаў памерлых. Аднак Ён сам заўсёды выглядаў, як і ўсе навокал. Калі і меў плашч, то ён не быў белы, як снег, але забруджаны, як і ўсе плашчы на пустыні. Не свяціў сонцам падчас дажджу, знешне нічым не адрозніваўся ад іншых. А тут раптоўна і нечакана, нібы праз замочную дзірку, зірнулі на хвіліну ў неба і ўбачылі анёлаў. Штосьці незвычайнае!!! Штосьці казачнае і неверагоднае!!! Нам, якія цвёрда ходзяць па гэтай зямлі, гэта здаецца чымсьці дзіўным, аднак кожны з нас тут, на зямлі, хоць на хвілінку можа сутыкнуцца з нябачным светам, з іншай рэчаіснасцю, Божай!

Як растлумачыць навяртанне няверуючага чалавека? Усё жыццё не верыў, сцвяржаў, што няма Бога. Езус здаваўся яму нудным, непрывабным, нецікавым. І раптам – бялейшы за снег! Можна толькі дзівіцца, што здарылася з гэтым чалавекам?

А як зразумець нараджэнне паклікання?

Маладая зяўчына, якая, як і ўсе, марыць пра моду і абцасы, нечаканна – насуперак чалавечай логіцы – пакідае бацькоў і ідзе ў кляштар. Апранаецца дапатопным чынам у нялюдскае рыззё, на шыю вешае нашыйнік, як накрахмаленую дошку, на галаву накідвае ластаўкіна гняздо, старамодны вэлюм, а яшчэ і нейкі каптур, абвязваецца нейкім пасам, ці яшчэ лепш, зусім шнурком. І ў такім стане выходзіць на вуліцу. Штосьці незвычайнае! Што здарылася? Вось перамяненне, якое бачым уласнымі вачыма!

Як зразумець здарэнне насуперак усім логікам і вешчунам, калі нікому не вядомы кракаўскі кардынал, заслонены ценем вялікага прымаса Вышынскага, становіцца Вялікім Папам Рымскім? Мае такую энергію і моц, што будуе не тры намёты, але адзіны трывалы Касцёл. Што здарылася? Адкуль такая незвычайная сіла? Адкуль такая вялізная моц?

Кожнае навяртанне, кожны святы, кожны пабудаваны касцёл ці кляштар – гэта невымоўнае сведчанне, што штосьці прасочваецца з нябачнага свету і бачна нашым вачам. Штосьці сапраўды незвычайнае, што ўзрушвае людзей.

Калі запыталі Грэма Грына, вядомага брытанскага пісьменніка, ці веруючы ён, пісьменнік адказаў: “У жыцці я верыў чвэрць секунды. Потым пэўныя рэчы ў касцёле мне не падабаліся, нават раздражнялі. Але мне хапіла гэтай адной чвэрці секунды, гэтага аднаго дотыка да нябачнага свету Бога.”

Маці добрай рады, навучы мяне пазнаваць Бога ўсё лепш і глыбей у КОЖНЫМ ЧАЛАВЕКУ, адкрываць у чалавечым абліччы Божае падабенства, нягледзячы на ўсе яго ўчынкі. Панна Наймудрэйшая, учыні, каб я штодзённа прагла нанова адкрываць Езуса, каб з кожным днём Ён станавіўся мне бліжэйшым, каб аднойчы я здолела сказаць: “ ужо жыву не я, а жыве ўва мне Хрыстос”, каб гэта былі не простыя словы, не нейкі досвед, а гэта стала маёй сутнасцю. Каб я зразумела, што Езус – гэта не гістарычная постаць, якая жыла і мінула, якая існавала і знікла, але Езус – гэта Эммануэль – БОГ З НАМІ!!

Таямніца 5 – Устанаўленне эўхарыстыі

У Евангеллі паводле Св. Яна чытаем пра Езуса, які мые ногі вучням. Цікава, што Св.Ян адрозніваецца ад іншых евангелістаў у апісанні Апошняй Вячэры, замоўчвае кансэкрацыю, а звяртае ўвагу на тое, што здарылася потым: абмыццё ног вучням.

Евангеліст Ян, аўтар вялікага Пралогу ( “На пачатку было Слова, і Слова было ад Бога, і Богам было Слова”), у свой час ступаў па вышынях глыбокіх думак і з пашанай адносіўся да слова, той, які быў такі блізкі тэалогіі і містыкі св. Імшы, пісаў пра рэчы штодзённыя і звычайныя падчас Апошняй Вячэры – аб звычайным абмыванні ног. Хутчэй за ўсё хацеў нам паведаміць, ШТО мусім рабіць падчас св.Імшы і ў якім духу мусім вяртацца пасля Імшы дадому. Вялікая, ўзнёслая Імша. Найглыбейшая таямніца веры. Таямніца ахвяры.

Што мусім рабіць у нашым штодзённым жыцці?

Служыць людзям у духу пакорнай любові.

“Гэта Цела Маё, за вас адданае!” . “ Гэта келіх Крыві Маёй, пралітай за вас. Гэта чыніце на Маю памяць”. Гэтыя словы калісьці святар прамаўляў ціха і на латыні. Ніхто іх не чуў, а калі чуў – не разумеў іх. Сёння гэтыя словы святар прамаўляе моцна. Кожны раз, калі чуем гэтыя словы, у нас у вачах паўстае Езус, які з любові да людзей аддае сябе цалкам з Целам і Крывёй. Гэта азначае з Целам і Душой, бо габрэі лічылі, што Кроў – гэта жыллё душы. Аддача ўсяго чалавека іншай асобе.

Ці ўмеем цалкам аддаваць сябе бліжняму? Ці патрафім служыць не толькі духам, але і целам? Ці здольныя мы прыняць іх цяжар, ці ўмеем стамляцца дзеля іх, ці умеем прабачаць іх бруд, любіць іх , нягледзячы на іх недахопы?

Часта вельмі лёгка і проста аддаваць сябе толькі душой іншаму чалавеку. Маліцца за кагосьці, цярпець, ахвяраваць пешыя пілігрымкі басанож да розных санктуарыяў, адмаўляць навэнны і душой быць з тым, хто церпіць, але не дапамагчы словам і ўчынкам. Чырвонай стужкай у дзённіку Св.Фаўстыны праходзіць думка, што спачатку – УЧЫНКІ, а потым – малітва. Бо нельга па-сапраўднаму любіць моўчкі. Гэта тое самае, як звычайна апраўдваюцца няверуючыя, кажучы, што ў душы маюць “Бога” і ўсёй душой Яго “любяць” і таму ніколі не прыходзяць у касц

ёл – гэта эгаістычная любоў, якая любіць свайго ўласнага Бога і яму служыць, бо САПРАЎДНАЯ ЛЮБОЎ каб ЖЫЦЬ і ўмацоўвацца, мусіць увесь час мець фізічны кантакт з тым, каго любіць.

Нашмат складаней любіць ПА-САПРАЎДНАМУ не толькі душой, але і аддаваць сябе цалкам фізічна: быць побач з тым, каму цяжка, браць на рукі хворага і знямоглага, чуваць пры ім без слоў, прыбраць у пакоі, вымыць падлогу і посуд . Варта вучыцца , нягледзячы на стому, крыўды і іншыя абставіны, аддаваць сябе цалкам другому чалавеку і такім чынам служыць ЛЮБОВІ.

Столькі стагоддзяў ужо існуе Імша. Колькі разоў мы ўдзельнічаем у ёй . Ці ўсведамляем, у якой вялікай падзеі ўдзельнічаем? Ці памятаем, што св.Імша – гэта найвялікшы дар Божай міласэрнасці для нас, з якой мы кожны раз чэрпаем найвялікшыя ласкі?

Для габрэяў вера не была інтэлектуальнай праблемай, яна была цвёрдай скалой, месцам апоры і ўпэўненасці. І была заўсёды памяццю. Веруючы чалавек заўсёды памятаў пра вандроўкі сваіх айцоў у пустыні, пра тое, што Езус пасылаў манну з неба і здабываў ваду са скалы. Як гэта адбывалася яны не жадаюць і не прагнуць даведацца. Яны сведкі факту, як Бог дзейнічаў у іх жыцці і яны ПАМЯТАЮЦЬ, як ШМАТ ЁН зрабіў для іх народа. І гэта памяць – іх ВЕРА!

Часам мы не разумеем ці не даацэньваем Св. Імшы. Ці ўсвядамляем, што падчас кожнай Імшы адбываюцца найвялікшыя перамены ў нашым жыцці і мы напаўняемся вялікай ласкай?

Узгадаем наша дзяцінства, калі прыходзілі да касцёла, калі ўпершыню прынялі Цела Езуса, ніхто з нас глыбока не разумеў, што адбываецца, але св. Імша нас узносіла ў Неба.

У школьныя гады св.Імша нас здзіўляла ўзнёсласцю і прастатой. Такая ўзнёслая, як паднятыя рукі святара, і такая простая, як ламанне хлеба за сталом.

Св. Імша рэкалекцыйная... Колькі ж іх было ў нашым жыцці! І колькі Божых ласк мы атрымалі з гэтай крыніцы! Колькі добрых пастаноў нараджалася ў нашых сэрцах!

Св. Імша нагадвае нам рахунак сумлення, жаль за грахі, прабачэнне, пачатак кожнай літаніі, ахвяраванне. Вучыць нас прасіць прабачэння і прабачаць, аддаваць сябе, прысвячаць свой час іншым, раздаваць сябе цалкам. Ці памятаем мы пра гэта? Памяць і ёсць наша ВЕРА! Веруючы – гэта той, хто памятае , што Бог дзейнічае ў яго жыцці праз кожную Св. Імшу. Сапраўдны веруючы заўсёды радасны і ніколі не губляе надзеі, бо верыць не толькі ў тое, што Бог можа ўсё, але верыць, што ён сам усё можа атрымаць ад Бога.

У Евангеллі Св. Лука запісаў словы Езуса: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець”( Лк 22,15). Сам Езус сумаваў па эўхарыстычным пасілку, Апошняй Вячэры, падчас якой меў намер даць усім вялікую любоў. ЁН З ЛЮБОВІ АДДАЎ СЯБЕ і прыняў усе мукі Вялікай Пятніцы: суд Пілата, крыжовы шлях і ганебную смерць на крыжы. І ўсё для таго, каб паяднаць нас з Богам, даць ласку прабачэння, даць нам скарб надзеі.

Ці маем свядомасць усяго гэтага? Ці памятаем, што карыстаемся з гэтай вялікай ласкі?

Ці ўсведамляем, што зрабіў для нас Езус, устанавіўшы Эўхарыстыю? Ці ўмеем быць Яму ўдзячнымі? Калі мне задаюць пытанне, як можна быць удзячным не толькі душой Езусу за дар Эўхарыстыі, я адказваю, што кожны чацвер у касцёле адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, дзе ты можаш быць фізічна і адараваць, пасля Св.Імшы заўсёды можаш затрымацца ў касцёле на некаторы час, каб выказаць сваю ўдзячнасць; кожны дзень дома, становячыся на калені і молячыся, можаш часцей прамаўляць словы падзякі за такі вялікі дар, бо адзіннае, што мы фізічна можам аддаць Богу – гэта наш час на малітве, нягледзячы на нашу стому, настрой і пастаянны недахоп часу.

Маці наймілейшая, вучы мяне не толькі дзякаваць за ўсё атрыманае ад Бога дабро, але вучы і цяжкай падзяцы за тое , што мяне раніць, баліць, пераўзыходзіць, супраць чаго я так упарта бунтую, з чым ніяк не магу згадзіцца, каб у Эўхарыстыі маё жыццё набывала сэнс і вартасць. Навучы мяне любіць Бога бескарысна, так як ты Яго любіла, учыні, каб я ўсведамляла сэрцам цану свайго адкуплення і любіла Езуса за кожнае Яго цярпенне дзеля мяне і за тое, што Ён пакінуў нам Сябе ва Эўхарыстыі.

Падрыхтавала Ірына Жалубоўская
Паводле Grodnensis.by

Меткі: Ружанец, Разважанні

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"