Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Гнеў — і ахоўвае, і знішчае

Дуалізм гневу на практыцы выяўляецца ў тым, што ў залежнасці ад акалічнасцяў і спосабу праяўлення гнеў можа быць несправядлівым, знішчальным, грэшным або зусім наадварот — справядлівым, добрым, ахоўным.

Гнеў — надзвычай складанае пачуццё. Напэўна, таму вельмі многія людзі маюць з ім вялікія праблемы.

Гісторыкам добра вядомая постаць імператара Феадо­сія І Вялікага і звязанае з ім трагічнае здарэнне. Пад уплывам буйных эмоцый, разгневаны на жыхароў Тэсалонікаў, ён загадаў сваім жаўнерам усіх іх пазабіваць. Мяркуецца, што пад уплывам імпульсіўнага рашэння імператара загінула каля 10 тысяч чалавек. Рэакцыяй на гэтыя забойствы было рашэнне біскупа, святога Амброзія, які забараніў імператару пера­ступаць парог мілан­скай катэдры, пакуль той не выкупіць грэх пакаяннем. Імператар не толькі падпарадкаваўся загаду біскупа, але і ўстанавіў закон, які забараняў у будучыні суддзям і кіраўнікам аддаваць загады ў гневе. Аднак пакаянне імператара, хоць і было справядлівым і важным, не вярнула жыццё 10 тысячам забітых.

Гнеў — магутная сіла. Ён узнікае як рэакцыя на пэўнае зло, успрынятае больш ці менш суб’ектыўна. З-за шырокага дыяпазону, на адным канцы якога знаходзіцца аб’ектыўнае зло, а на другім — суб’ектыўная фрустрацыя, выкліканая абмежаваннем нашага самаўпраўства, гнеў можна акрэсліць як пачуццё дуалістычнай прыроды. Дуалізм гневу на практыцы выяўляецца ў тым, што ў залежнасці ад акалічнасцяў і спосабу праяўлення гнеў можа быць несправядлівым, знішчальным, грэшным або зусім наадварот — справядлівым, добрым, ахоўным.

Гнеў, які ахоўвае

Кардынал Ёзаф Ратцынгер у сваім «Рапарце пра стан веры» крытыкаваў многіх духоўных асобаў за няўменне карыстацца пачуццём гневу. Лагоднасць, ветлівасць, далікатнасць часта з’яўляюцца праявамі любові, але не заўсёды! Сапраўдная любоў нярэдка патрабуе рашучасці, адвагі і сапраўднай цвёрдасці духу. Нельга — у імя няправільна зразуметай любові — адступаць ад абароны найважнейшых каштоўнасцяў, сярод якіх — годнасць чалавека, у тым ліку ўласная годнасць.

Веруючыя людзі часта маюць праблемы на гэтай глебе, бо жывуць з няслушным перакананнем, што яны заў­сёды павінны быць шчырыя, зычлівыя і стрыманыя. Але ж у Святым Пісанні сам Бог шмат разоў гневаецца і, больш за тое, заўсёды адкрыта паказвае гэта.

Святы Павел піша: «Гневайцеся, але не грашыце», прызнаючы, што гнеў — гэта пачуццё, якое бывае вельмі дарэчным і часта — справядлівым. «„Добры“ гнеў — гэта рэакцыя ў абарону праўды, хараства», — тлумачыць а. Яраслаў Налівайка SJ, псіхатэрапеўт і духоўны кіраўнік. Мы маем права гневацца, а гэта значыць таксама ўжы­ваць гнеўныя словы і паво­дзіць сябе гнеўна, калі хтосьці нас крыўдзіць, несправядліва абыходзіцца з намі, дрэнна да нас адносіцца або спрабуе знішчыць якое-небудзь дабро.

Аднак, вяртаючыся да словаў святога Паўла, трэба звярнуць увагу, што пасля дазволу на гнеў адразу ж гучыць перасцярога: нельга грашыць гневам. Айцец Яраслаў Налівайка кажа: «Грэх — гэта свядомы выбар зла, а ў выпадку гневу ён з’яўляецца грахом тады, калі, нягледзячы на магчымасць кантролю, мы выкарыстоўваем яго з мэтаю абразіць іншага або самога сябе. Мы не грашым тады, калі кантралюем гнеў і ўзровень яго інтэнсіўнасці, каб выратаваць тое, на што скіраваная атака, не нішчачы агрэсара або не пазбаўляючы яго добрага імя, не нішчачы яго адносінаў з іншымі і светам або яго ўласнасці.

Аднак часам ад справядлівага гневу да знішчальнага — адзін крок. З гневам — гэтак жа, як з вадою, што стрымлівае дамба: нават адносна невялікі лішак вады можа прывесці да таго, што рухне ўся абарончая канструкцыя.

Гнеў, які знішчае

Складваецца ўражанне, што ў міжчалавечых адносінах мы часцей маем справу з іншым відам гневу — несправядлівым, грэшным, які ўзнікае ў выніку спробаў абмежаваць наш эгаізм, нашае самавольства, жаданне дзейнічаць з думкаю выключна пра ўласную карысць. Паглядзім на малое дзіця, калі мама ў касцёле ці ў прыёмным пакоі ў доктара забараняе яму цягнуцца да чужых рэчаў: нярэдка яно пачынае плакаць, тупаць нагамі, кладзецца на падлогу і «ўсіх ненавідзіць».

Мы як дарослыя ўжо не паводзім сябе так, як гэтае дзіця, аднак у некаторых лю­дзей на працягу ўсяго жыцця дамінуюць падобныя прэтэнцыёзныя паводзіны, мысленне тыпу «мне ўсё дазволена» і ўзвышэнне над іншымі. Таму ў сітуацыі розных натуральных патрабаванняў, якія ставіць жыццё, некаторыя людзі ўспрымаюцца як асабістыя нападнікі і выклікаюць гнеў.

Могуць быць дзве прычыны фарміравання такога мыс­лення. З аднаго боку, калі дзеці, празмерна распешчаныя бацькамі, з кожнай правіны «выходзілі сухімі», то ў дарослым узросце яны могуць адчуваць сябе беспакарана, як тыя, каму ўсё можна. У такіх лю­дзей часцей узнікаюць успышкі гневу і злосць у сітуацыях, якія іх абмяжоўваюць.

З другога боку, псіхолагі сцвярджаюць, што дзеці, якіх празмерна каралі за правіны і якія ўвесь час былі ў фрустрацыі, у пазнейшы перыяд жыцця адчуваюць да іншых неабгрунтаваную агрэсію.

Выяўляецца, што менавіта такое насілле рознага тыпу, спазнанае ў дзяцінстве, — асноўная крыніца хваравітай агрэсіі, якая ўзнікае ў дарослым жыцці. Трывожыць колькасць відаў насілля, якое можа спазнаваць дзіця: ад найчасцейшага, спазнанага ў школе ад іншых вучняў ці настаўнікаў у славеснай форме, да найбольш трагічнага — сексуальнага насілля. Напэўна, няма на свеце чалавека, які не насіў бы ў сабе якіх-небудзь незалечаных ранаў, выкліканых досведам насілля ў ранні перыяд жыцця.

Цішэй, мудрэй і звяртаючыся па дапамогу

Аналіз нашых праблемаў, звязаных з гневам, трэба пачынаць з пытання: з якім відам гневу мы маем справу? Хоць праца над уласным гневам карпатлівая і цяжкая, на шчасце, мы можам звярнуцца да дзеянняў, якія дапамагаюць у кожным відзе гневу.

Па-першае, трэба пазбя­гаць шуму. Цішыня супакойвае і расслабляе. І наадварот: шум павялічвае агрэсію, унутраны неспакой, запальчывасць. Аддаліцеся ад шумных месцаў настолькі, наколькі гэта залежыць ад вас. Калі ваша праца праходзіць у такіх складаных умовах, не падлівайце масла ў агонь і пасля працы не спрабуйце шукаць адпачынку ў шумных рэстаранах, гандлёвых цэнтрах ці пабах.

Па-другое, будзьце разважлівымі і карыстайцеся разумнаю аргументацыяй, у тым ліку ў дыялогу з самімі сабою. Дзейнасць пад уплывам эмоцый да дабра не прывядзе. Пачуцці маюць уласціваць паступова праходзіць, яны не падлягаюць маральнай ацэнцы, але нашыя дзеянні аналізуюцца.

Урэшце, калі ваш гнеў зусім выходзіць з-пад вашага кантролю, скарыстайцеся дапамогаю псіхатэрапеўта. Часам нават некалькі эфектыўных сустрэчаў з прафесіяналам могуць мець дастаткова ачышчальную моц.

 

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка
Паводле Ave Maria