Тры добрыя парады для бацькоў нарачоных
Бацькам звычайна хочацца бачыць сваіх дзяцей у сужэнстве і з іх дзецьмі. А колькі бацькоў задумваюцца, якую ролю яны самі адыграюць у тым, каб іх дзеці былі сапраўды шчаслівыя ў сужэнстве?
Не сакрэт, што нашае грамадства не ўмее адпускаць дарослых дзяцей і хоча працягваць апекавацца імі, нават калі яны сталыя і цалкам дзеяздольныя. Хоць, якое там сталае, калі бацькі ўзялі на сябе ўсе праблемы, пакінулі за сабой прыняцце ўсіх рашэнняў і фактычна пражываюць жыццё замест сваіх дзяцей, каб тыя не змучыліся.
Аднак дзеці вырастаюць, хочам мы гэтага ці не. І вось яны ўжо дараслі для таго, каб адказваць не толькі за сябе, але і за іншага чалавека – яны знаходзяць пару і прагнуць стварыць сваю сям’ю. Сваю ўласную тэрыторыю адказнасці, са сваімі правіламі, з асабістым досведам. І, паверце, будзе ў вас доступ на гэтую «тэрыторыю» ці не – залежыць ад вас.
Каб не ўзнікла абурэння, трэба падкрэсліць, што ўмяшальніцтва бацькоў у жыццё дарослых дзяцей не заўсёды з’яўляецца свядомым перашкаджаннем: звычайна ўсё адбываецца з добрымі намерамі і пад дэвізам «мы лепш ведаем», «мы жыццё пражылі» і «мы з табой не чужыя». А фінал, як правіла, развіваецца ў двух напрамках – або разбітая маладая сям’я («а мы, бацькі, заўсёды ведалі, што ён/яна табе не пара»), або маладое сужэнства («няўдзячныя якія!») разрывае адносіны з бацькамі, якія ніяк не пачнуць жыць сваім жыццём. Варта, аднак, адзначыць, што ў выпадку дамашняга насілля або алкагалізму такое ўмяшальніцтва і дапамога не толькі пажаданыя, але і неабходныя.
Вось тры парады для бацькоў, якія дапамогуць убачыць звычаныя рэчы па-іншаму – і, цалкам не выключана, дапамогуць вам зберагчы добрыя адносіны з маладой сям’ёй і стаць цудоўнымі дзядулямі і бабулямі.
1. Змірыцца
Выбар зроблены. Вашае дзіця вырасла і само вырашае, каго любіць і з кім ствараць сям’ю. Вядома, што вашае дзіця вартае самага найлепшага. Але, паколькі так думаюць усе бацькі, будзьце ўпэўнены: бацькі нарачонай (ці нарачонага) вашага дзіцяці маюць аналагічныя думкі. Успрымайце свайго сына ці дачку як дарослага чалавека, які ў стане вырашаць сам, бо вы іх такімі выхавалі.
2. Адпусціць
Адпусціць маладую сям’ю складаней, чым з пакорай прыняць выбар. Але спрабуйце не кантраляваць, не павучаць, не прымушаць жыць па вашых стандартах, не дапамагаць, калі не просяць, не браць на ўтрыманне – і вы ўбачыце, колькі часу і грошай у вас застанецца для сябе. Вы таксама заслужылі, каб падарожнічаць ці мець час на любімую справу – выкарыстайце гэтую магчымасць! Калі ваш сын ці дачка дастаткова дарослыя для таго, каб заключыць сужэнства, то яны дарослыя і для таго, каб паклапаціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне сям’і, якую вырашылі стварыць. І яны таксама цалкам здольныя самастойна прымаць рашэнні і выбіраць шлях, якім павінна ісці іх сям’я. Зрабіце сабе ласку: паклапаціцеся пра сваё сужэнства, а яны паклапоцяцца пра сваё. Дайце ім шанс.
3. Давяраць
Асабліва тады, калі вашы дзеці самі становяцца бацькамі. Памятайце, што вашы ўнукі маюць бацькоў, якія рыхтаваліся да іх нараджэння дзевяць месяцаў. Вы сваю місію выхавання дзяцей завяршылі. Гэта вашыя ўнукі, і выхоўваць іх вы не маеце абавязку. Не імкніцеся да гэтага. Любіце, гуляйце, забірайце на выхадныя ці на канікулы, калі ўзрост дазваляе – ваш ці ўнукаў; але рэшту пакіньце бацькам. Давярайце ім – яны ведаюць, што робяць, нават калі нешта робяць не так, як вы. І ўвогуле, цешцеся, што вашыя дзеці такія сталыя, што не скінулі на вас сваіх дзяцей і не ўцяклі, а спраўляюцца з імі самастойна. Гэта ж добры знак: у свой час вы добра іх выхавалі. Ганарыцца трэба, а не крыўдзіцца ці хвалявацца.
Няхай гэтыя простыя, месцамі відавочныя думкі дапамогуць вам пабудаваць прыгожыя адносіны з маладой сям’ёй.
І апошняе: перш чым даваць параду, спытайце ў сябе – гэта прамаўляе ваш досвед ці асабістыя раны; перш чым крытыкаваць, падумайце, ці сапраўды гэта так важна, каб варта было псаваць адносіны; перш чым умешвацца, падумайце, якія наступствы могуць прынесці вашы намеры. Будзьце тымі, да каго не толькі ўзрост прыйшоў, але разам з ім таксама мудрасць і разважлівасць. Любіце не толькі сваіх дзяцей, але і сябе.
Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка
Паводле catholic.by
Меткі: Сямейны Кансультант, Сужэнства