Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

Сакральная прастора і літургічная мова – тое, да чаго дакранаецца кожны вернік, прыходзячы на святую Імшу, аднак ці разумее? На пытанні адносна святой Імшы ў інтэрв’ю для Catholic.by адказаў кс. Багуслаў Мігут, дырэктар Інстытута літургікі і гамілетыкі пры Каталіцкім люблінскім універсітэце Яна Паўла ІІ у Польшчы.

кс. Багуслаў Мігут, дырэктар Інстытута літургікі і гамілетыкі пры Каталіцкім люблінскім універсітэце Яна Паўла ІІ у Польшчы.

Другі Ватыканскі Сабор адкрыў фортку для эксперыментаў у літургіі?

— Я лічу, што Другі Ватыканскі Сабор варта адчытаць нанова. Пра гэта вельмі ясна кажа папа Бэнэдыкт XVI. Самая апошняя яго сустрэча з духавенствам Рыма была вельмі цікавая. Тады Папа каментаваў менавіта гэтую тэму. Ён падкрэсліў, што тады, умоўна кажучы, было два саборы – «сабор СМІ» і сапраўдны сабор. Нават многія біскупы, не ведаючы да канца саборных дакументаў, пазнаёміліся з «саборам СМІ».

Насамрэч Другі Ватыканскі Сабор ні ў літургіі, ні ў навучанні Касцёла нічога істотнага не змяніў, ён унёс толькі новыя акцэнты. У Канстытуцыі пра святую літургію Sacrosanctum Concilium (першы дакумент Другога Ватыканскага Сабору, 8 снежня 1963 г.) гаворыцца, што ўся літургія павінна быць рэфармавана, і быў указаны кірунак – што неабходна змяніць. І гэтых пунктаў няшмат. Быў зроблены акцэнт на належнай ацэнцы Божага слова, на дазволе канцэлебрацыі, што было забыта ў Заходнім Касцёле, на ўвядзенні малітвы вернікаў і гаміліі, а таксама ўказвалася на неабходнасць спрашчэння абрадаў, якія з’яўляюцца паўторамі (у асноўным гэта ўступныя абрады Трыдэнцкай Імшы і абрады т.зв. offertorium).

Літургічная рэформа застаецца вернай апублікаваным пасля сабора літургічным кнігам, за адным выключэннем – у літургіі сталі пераважаць нацыянальныя мовы.

Большая праблема заключаецца ў тым, што ў разуменні тагачасных СМІ Другі Ватыканскі Сабор дазваляў усё. Але гэта неаўтэнтычная інтэрпрэтацыя сабору. І гэты дух, асабліва пасля 1968 года, пасля культурнай рэвалюцыі ў Заходняй Еўропе, моцна паўплываў: з’явілася пачуццё, што свабода магчымая ва ўсім. Гэта датычыць не толькі Касцёла, але і ўсяго жыцця грамадстваў.

Малітва «Ойча наш...» падчас святой Імшы. Услед за святаром падымаем рукі дагары?

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

— Жэст узнясення рук падчас святой Імшы, калі б мы прыгледзеліся да розных літургічных абрадаў, якія ўжываюцца ва ўсім хрысціянстве, таксама можа датычыць і вернікаў. Яны таксама могуць такім чынам маліцца. Але і ў рымскай традыцыі і ў візантыйскай вельмі выразна зазначаецца: толькі святар узносіць рукі ў пазіцыі oranta (рукі ўзнесены ўверх). Чаму так? Таму што святар выступае найперш ад імя Хрыста – in persona Christi. Гэта значыць, што ён з’яўляецца асабовай іконай Хрыста. І Хрыстус, які моліцца ў літургіі, моліцца вуснамі святара. Гэтая пастава Хрыста нагадвае Езуса ўкрыжаванага, а таксама Хрыста, які, седзячы праваруч Бога, моліцца і заступаецца за сваіх братоў. Але адначасова святар выступае ад імя Касцёла, а значыць ад імя ўсіх вернікаў. Таму раскінутыя рукі, узнесеныя дагары, абдымаюць малітвай усіх прысутных вернікаў. Такім чынам, няма патрэбы, каб вернікі – ні ў гэты момант, ні ў іншыя моманты Эўхарыстыі – уздымалі рукі падобна святару.

Пра благаслаўленне вернікаў, якія не прымаюць Цела Хрыста падчас удзялення святой Камуніі

— Выразных прадпісанняў, якія б забаранялі гэтую практыку, няма. Нашмат цікавей тое, адкуль узялася традыцыя благаслаўляць. З’явілася яна ў краінах Заходняй Еўропы і ў ЗША, дзе закладзена меркаванне, што ўсе прысутныя на Імшы павінны ісці ў працэсіі да Камуніі. Ідуць усе: і той, хто прымае, і той, хто не прымае, і той, хто знаходзіцца ў стане граху, і той, хто пасля споведзі, ідуць таксама дзеці. Хто не можа прымаць Камунію, напрыклад, дзіця, атрымліваюць благаслаўленне. Але да асобы, якая ўдзяляе Камунію, падыходзяць усе! Вось адкуль гэты жэст, які ўвайшоў у звычай у многіх касцёлах.

На маю думку (беручы пад увагу дух – тое, чым з’яўляецца Камунія), гэты жэст не мае сэнсу ў гэты момант, бо благаслаўленне прысутнічае зусім у іншым месцы святой Імшы.

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

Як належыць перадаваць знак супакою?

— Знак супакою ў рымскім абрадзе заўсёды перадаваўся перад святой Камуніяй. Значэнне знаку супакою заключаецца ў тым, што не мы з’яўляемся крыніцай супакою, а Хрыстус. У Евангеллі паводле св. Яна Езус у дзень уваскрасення прыходзіць і кажа: «Супакой вам». Менавіта гэты супакой – Яго супакой! – мы ўзаемна перадаём адно аднаму.

Праблема ў тым, што чалавек разумее знак супакою занадта гарызантальна, толькі ў грамадскім вымярэнні. У выніку гэты знак становіцца жэстам прывітання або выразу пашаны да свайго суседа. Аднак дадзены жэст не для гэтага прысутнічае ў літургіі.

Варта заўважыць, што папа Бэнэдыкт XVI прапанаваў біскупскім канферэнцыям паразважаць пра тое, каб перанесці знак супакою ў іншае месца літургіі (як у амбразіянскім або мазарабскім абрадзе) – перад ахвяраваннем пасля Літургіі слова. Каб дары, прынесеныя да алтара, былі перададзены ў духу ўзаемнага супакою. Тады б знак супакою меў крыху іншае значэнне – сімвалічнага паяднання з усімі.

Вельмі цікава перадаюць знак супакою ў візантыйскай традыцыі, г.зн. у праваслаўі і ў грэка-католікаў. Ён спалучаны з Credo (Сімвал веры) і перадаецца, калі дары ўжо на алтары: адна вера і адна любоў яднаюць усіх, хто складае гэтую ахвяру ў Езусе Хрысце.

Што датычыць хаджэння падчас літургіі, то адзіны спосаб, дапушчальны літургічна, – гэта працэсія. Калі святар выходзіць да жаніха і нявесты і вядзе іх да алтара – гэта працэсія. Таксама ёсць працэсія напачатку літургіі ў Пальмовую нядзелю. Такім чынам, працэсія з’яўляецца літургічным перамяшчэннем. Таму не належыць хадзіць па касцёле з мэтай перадаць знак спакою. Усе павінны быць сканцэнтраваны на прысутнасці Хрыста, на Яго дзеянні, на Яго слове і любові. Святар падчас перадавання знаку спакою не павінен пакідаць прэзбітэрый. Гэты знак павінен быць сімвалічным і датычыць ён асобаў, якія стаяць побач. Мы ўсё роўна не ў стане перадаць яго ўсім.

Пастава вернікаў падчас працэсіі з дарамі

— Вернікі павінны сесці. Стаяць застаюцца толькі тыя, хто нясе дары і прымае іх. Узнікае іншае пытанне: якія дары трэба прыносіць да алтара? Напрыклад, у Польшчы да хлеба і віна дадаюцца розныя сімвалічныя дары: кветкі, малітоўнік, абутак – як гатоўнасць ісці за Хрыстом... Гэтыя дары страчваюць свой сэнс падчас святой Імшы. Іх не павінна быць.

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

Першая і асноўная катэгорыя дароў – хлеб і віно. Яны сімвалізуюць духоўныя ахвяры або падпарадкаванне жыцця кожнага ўдзельніка святой Імшы Богу.

Ёсць таксама другая катэгорыя дароў, якую можна прыносіць да алтара – гэта канкрэтныя матэрыяльныя дары як адмаўленне ад свайго на карысць дадзенай супольнасці, пэўнай асобы або іншай патрабуючай супольнасці.

Заўважу таксама, што ахвяраванні падчас святой Імшы збіраюцца не на патрэбы пробашча, а на патрэбы супольнасці, якая тут збіраецца.

Такім чынам, па-за літургіяй можна выкарыстоўваць розныя элементы. Таксама мовай літургіі не з’яўляецца фільм або трансляванне голасу нейкай асобы. Літургія выкарыстоўвае галасы асобаў, сабраных на ёй.

Песні рэлігійныя і літургічныя. Што спяваць на святой Імшы?

— Адрозніць рэлігійныя песні ад літургічных няпроста. Я маю на ўвазе спеў супольнасці, а не сталыя часткі Імшы або грыгарыянскія спевы.

Пасля Другога Ватыканскага Сабору спеў быў прызнаны інтэгральнай часткай літургіі. Гэта значыць, што спеў не з’яўляецца аздобай або дадаткам да літургіі. А значыць у тэкстах песень не павінна быць тэалагічных памылак, усё павінна адпавядаць навучанню Касцёла. Песня павінна выражаць тое, што выражае літургія, а мелодыя павінна быць дастасавана да важнасці літургіі. Мелодыя не можа ўключаць элементы чужыя літургіі або быць накіраванай найперш на эмоцыі.

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

Вельмі цікава, напрыклад, што грыгарыянскі спеў здаецца нам манатонным. Але ў ім закладваўся акцэнт менавіта на тое, што найперш мае значэнне ў літургіі – а гэта глыбокая сувязь (з дапамогай волі і розуму чалавека!) з Хрыстом, Яго словам і любоўю. Спеў не можа абуджаць толькі і выключна эмоцыі.

Ці магчымай з’яўляецца спантанная малітва праслаўлення пасля Камуніі?

— Мне цяжка дыскутаваць з фактамі. Гэтая практыка ўжо стала элементам груп адновы ў Духу Святым па ўсім свеце. Аднак жа, я раю асобам з гэтых груп задумацца над тым, што пасля святой Камуніі працягваецца Імша, і мы не можам дазваляць сабе вольнасці і рабіць тое, што нам падабаецца. Літургія – гэта не дзеянне асобных людзей. Літургія – гэта дзеянне Хрыста і Касцёла, але перш за ўсё Хрыста. А за малітвай праслаўлення часта стаіць разуменне, што чым інтэнсіўней, грамчэй паасобныя вернікі будуць усклікаць, тым больш прывабнай будзе малітва. Трэба задумацца, што ў гэтых малітвах мае значэнне – Хрыстус і з’яднанне з Ім ці выражэнне эмоцый?

Ці дазваляе Касцёл нелітургічныя песні пад гітару ў якасці падарунка падчас цэлебрацыі Імшы?

— Назіраючы за тым, што зараз адбываецца ў літургіі Касцёла, мне здаецца, што мы пазбягаем аб’ектыўнага вымярэння літургіі, аб’ектыўнага дзеяння Хрыста ў ёй. Мы ўсё больш робім акцэнт на чалавечым удзеле: літургія перш за ўсё з’яўляецца выражэннем нас, а не дзеяння Хрыста. Несумненна, элемент чалавечага ўдзелу важны, але ён перабольшваецца.

Мы шмат чэрпаем з пяцідзясятніцкіх рухаў, у асноўным з амерыканскіх і неаевангелісцкіх. І мноства гэтых элементаў мы спрабуем перанесці ў каталіцкую літургію. Аднак каталіцкая літургія мае сакрамэнтальнае вымярэнне. У той час як у разуменні вышэйназваных рухаў літургія з’яўляецца толькі і выключна сабраннем людзей, відам супольнай малітвы і слухання Божага слова, якое таксама не абвяшчаецца сакрамэнтальна прысутным Хрыстом, а хутчэй з’яўляецца эмацыйным разуменнем гэтага Божага слова прамоўцам або паасобных людзей.

Таму я лічу, што трэба ўважліва кантраляваць усе тыя моманты, дзе чалавек – ці то святар, ці то вернік – занадта моцна экспанаваны ў літургію. Бо святар важны падчас літургіі, таму што ён робіць прысутным Хрыста і Яго дзеянне, святар з’яўляецца Яго іконай. А вось на ўсё іншае, што праяўляе святара як асобу, не павінна прысутнічаць у літургіі. Падчас літургіі ўмоўны Ян Янавіч перастае існаваць, ёсць той, хто прадстаўляе Хрыста, хто атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Святар не можа захіляць сабою галоўнага цэлебранта Імшы – Езуса Хрыста.

У мяне ёсць добры сябар, святар, які практыкуе ўдзяленне Камуніі напачатку вернікам, а потым прымае сам. Мне ён патлумачыў, што як гаспадар літургіі ён хоча найперш пачаставаць гасцей. Я ж задаў яму пытанне: ці ты сапраўды тут гаспадар? Не, ты таксама госць. І калі хочаш штосьці даць, мусіш сам гэта мець, мусіш сам напачатку з’яднацца з Хрыстом. На жаль, спакуса некаторых свецкіх вернікаў паказаць сябе, каб заіснаваць, датычыць таксама і святароў.

Як грамадства часоў постмадэрнізму можа выражаць свае эмоцыі падчас літургіі?

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

— Эмоцыі заўсёды важныя, бо яны матывуюць нас, з’яўляюцца палівам для рэалізацыі таго, што мы лічым добрым, чаго жадаем. Але, на маю думку, літургія з’яўляецца не тым месцам, дзе эмоцыі маглі б стаяць на першым месцы. Падчас літургіі трэба быць настроеным на атрыманне Хрыста, які прыходзіць, каб не заглушыць Яго размовамі, не страціць, каб праз нашае дзеянне не размінуцца з прыходзячым Езусам. Каб не сталася так, што Хрыстус прыходзіць, а мы знаходзімся недзе ў іншым месцы, бо сканцэнтраваныя на сабе.

Несумненна, у літургіі ёсць моманты для праяўлення эмоцый, напрыклад, падзяка пасля Камуніі. Аднак ізноў жа, павінна быць цішыня. Нават калі падзяка вельмі разбудаваная, то павінен быць час на цішыню. Літургія – гэта месца, дзе павінна быць шмат цішыні. У агульных уводзінах да Рымскага Імшалу змешчана патрабаванне аб захаванні цішыні – і пасля чытанняў, і пасля гаміліі, і пасля Камуніі. Часта мы не выконваем гэтую рэкамендацыю. Чаму? Таму што мы больш засяроджаны на эмоцыях, на сабе або на нейкіх прагматычных жаданнях, напрыклад, каб усё было хутка. Усё гэта ўказвае на тое, што мы не паважаем гэтай цішыні, баімся яе.

«Пан мой і Бог мой!» Пастава вернікаў падчас кансэкрацыі

— Кансэкрацыя – гэта час ціхай адарацыі. Аднак жэсты і словы вернікаў тут могуць быць свабоднымі. Гэта асабістая справа.

Прыгожыя гэтыя словы – «Пан мой і Бог мой!» Гэта словы Тамаша, які бачыць уваскрослага Езуса і вызнае сваю веру ў Яго. Але, безумоўна, гэтыя словы належыць прамаўляць ціха, больш у сэрцы.

Трэба таксама памятаць: калі святар падымае гостыю пасля кансэкрацыі, то адначасова ахвяруе Богу гэтыя дары, складае ахвяру. Таму гэты жэст мае на мэце не толькі паказванне ахвярных дароў. У Старым Запавеце, напрыклад, дары падымаліся дагары, а потым жывёлу забівалі, прыносілі ў ахвяру.

Пастава вернікаў падчас благаслаўлення на заканчэнне святой Імшы — стоячы ці на каленях?

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

— Я б пакінуў тут свабодны выбар. Абавязку кленчыць у гэты момант няма. Калі ж хтосьці індывідуальна лічыць, што трэба ўкленчыць, то не трэба рабіць з гэтага праблемы. Хоць, несумненна, пажадана, каб вернікі прымалі аднолькавую паставу. Варта патлумачыць, што благаслаўленне на заканчэнне літургіі не дадае нічога новага, нічога звыш таго, што дала святая Імша і Камунія. Яно толькі паказвае: тое, што мы атрымалі, з’яўляецца благаслаўленнем.

Калі адразу пасля Імшы ў парафіі прадугледжаны яшчэ нейкі абрад, у які момант павінна ўдзяляцца благаслаўленне: да абраду ці пасля яго?

— Залежыць, які гэта абрад. Калі гэта выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, і вернікі будуць у ім удзельнічаць, то няма сэнсу ўдзяляць благаслаўленне. Калі, напрыклад, пасля Імшы прадугледжана працяглае набажэнства таксама з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, але не ўсе вернікі на яго застануцца, то неабходна ўдзяліць благаслаўленне на знак заканчэння святой Імшы, каб тыя, хто павінен ісці, мог спакойна гэта зрабіць.

Пра дэкарацыі ў касцёле

— Часам мы блытаем катэхезу з літургіяй. Мы чынім літургію катэхезай і хочам, каб літургія нам усё патлумачыла. Адной з праяваў гэтага з’яўляюцца розныя надпісы ў касцёле, дэкарацыі. Але гэтая мова не з’яўляецца мовай сакральнай прасторы. Сакральная прастора існуе не для таго, каб нас пра штосьці інфармаваць, а для таго, каб мы аддавалі пашану Богу. Для інфармацыйных элементаў месца ў катэхетычным класе. Мы не можам змешваць мову культу, мову літургіі з мовай поп-культуры, нават у нечым з мовай вуліцы.

У гэтым сэнсе самай лепшай дэкарацыяй, якая падкрэслівае выключнасць дадзенай урачыстасці ці перыяду, з’яўляецца абрус на алтары, кветкі, форма кампазіцый з кветак альбо іх адсутнасць. Вось гэта павінна дастасоўвацца да літургічнага перыяду.

Можна прывесці такое параўнанне. На табернакулюме мы не робім надпісу, што тут прысутнічае Езус Хрыстус. Для гэтага мы выкарыстоўваем лампу, сімвалічнае святло якой указвае на Хрыста і на Яго рэальную прысутнасць.

Слова да спантанных вернікаў і да кансерватыўных

— Да вернікаў, якія вядуць сябе на Імшы спантанна, у мяне наступнае пытанне. Што для вас важна падчас Імшы: фактычна з’яднацца з Хрыстом, фактычна скласці духоўную ахвяру, якая вынікае з пачутага слова, заўважыць прыходзячага Хрыста ў прысутнай Яго ахвяры, складзенай раз і назаўсёды, з’яднацца з Ім сакрамэнтальным чынам, ці толькі эмацыйна гэта выразіць або эмацыйна выразіць свае пачуцці? Пытанне заключаецца ў тым, хто і што мае значэнне: Хрыстус ці я? Мае эмоцыі ці тое, каб у маім жыцці штосьці адбылося?

Асобам жа, для якіх так важна выконваць усе прадпісанні, я сказаў бы наступнае. Літургія, між іншым, з’яўляецца выражэннем таго, што адчувае чалавек. Несумненна, асоба павінна панаваць над сваімі эмоцыямі не толькі падчас літургіі, але і ў розных іншых сітуацыях. Але варта дазволіць чалавеку адрознівацца: ён праўша ці ляўша, ён можа кленчыць або не можа (не кожны мае магчымасць кленчыць!). Дазволім людзям падчас літургіі быць у доме Айца, каб яны адчувалі сябе свабоднымі, хоць гэта не азначае, што яны могуць цалкам адкінуць усе правілы.

Эксперыменты ў літургіі або пра ўдзел у святой Імшы

Асабліва дазволім быць свабоднымі дзецям! Часта мы ставімся да дзяцей, як да няпрошаных гасцей на літургіі. Аднак такая наша супольнасць – у ёй ёсць дзеці. І яны таксама павінны мець права плакаць, гаварыць, паводзіць сябе так, як уласціва дзецям. Добрым рашэннем з’яўляецца, калі ў святынях ёсць прастора для дзяцей – перад алтаром або нейкае памяшканне за шклянымі дзвярыма, дзе бацькі могуць знаходзіцца з малымі дзецьмі.

Паводле catholic.by

Меткі: Хрысціянства, Літургія

  • Верасень
    2017

    Тэатр Зніч

  • Пілігрымка на Святую Зямлю 18-24 верасня 2017

    Запрашаем у пілігрымку на Святую Зямлю 18-24 верасня 2017г.

  • Пілігрымка з удзелам у кангрэсе

    Запрашаем у пілігрымку з удзелам у кангрэсе "Маці ў малітве". У плане наведванне Чэнстаховы, Кракава, Лагеўнікаў, Кальварыі-Зэбжыдоўскйа, Непакалянава (Польшча) 18-22.09.2017.

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.