Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Мужчынскае пакліканне — дар і заданне

Тэма бацькоўства і рэалізацыі мужчынскага паклікання ва ўсе часы была важнаю і актуальнаю, а ў наш час, калі ў Касцёле назіраецца своеасаблівы «мужчынскі крызіс», праблема душпастырства сярод мужчынаў набывае асаблівую вастрыню. Пра гэта мы пагутарылі з Паўлам Шарэйкам, аніматарам рэлігійнай супольнасці «Мужчыны святога Юзафа».

— У апошні час вельмі шмат гаворыцца пра крызіс мужнасці і жаноцкасці, які стаў вынікам эмансіпацыі і розных сацыяльна-эканамічных праблемаў. Якім чынам, на Вашу думку, ён праяўляецца ў жыцці каталіцкай сям’і?

— Можа, на гэтае пытанне лепш адказаў бы псіхолаг ці сацыёлаг, але па нашых назіраннях найбольшая праблема заключаецца ў адсутнасці мужчыны ў сям’і. Сем’і распадаюцца, дзеці застаюцца без бацькі, жонка — без мужа. І нават калі мужчына ў доме ёсць фізічна, нярэдка ён адсутнічае псіхалагічна, бо ён увесь альбо ў працы, альбо ў камп’ютары, альбо ў тэлэвізары. Мужчына не выконвае тых абавязкаў, якія выконваць павінен, і адсюль вынікае цэлы шэраг іншых праблемаў.

— Чаго не хапае сучаснаму мужчыну католіку для таго, каб напоўніцу рэалізоўваць сваё мужчынскае пакліканне?

— Па-першае, адказнасці. На жаль, многія мужчыны сёння жывуць, здаецца, выключна дзеля асабістага задавальнення. А калі гаварыць менавіта пра католікаў, то ім не хапае шчырай, жывой веры, асабістых адносінаў з Богам. Многія мужчыны католікі маюць вельмі павярхоўную веру, на ўзроўні перажывання традыцый і абрадаў. А як можна напоўніцу рэалізоўваць Божае пакліканне, не маючы блізкіх адносінаў з Богам, не размаўляючы з Ім у малітве, не чэрпаючы ласку ў сакрамэнтах?

Мужчынскае пакліканне — дар і заданне

— Як жанчына (маці, жонка) можа дапамагчы ў гэтым мужчыну?

— Перадусім мужчыну павінен дапамагаць мужчына. Хлопчык вучыцца мужнасці ад бацькі, ад старэйшага брата, іншага старэйшага мужчыны, сябра вучыцца ад сябра. Жанчыны павінны перш за ўсё маліцца за сваіх мужчынаў. А яшчэ, зразумела, важна, каб яны не перашкаджалі ім перажываць і рэалізоўваць сваю мужнасць: каб не бралі на сябе іх абавязкаў, каб дазвалялі ім рабіць свае памылкі. Гэта асабліва датычыцца матуляў і бабуляў, але і жонак таксама. Яшчэ мужчыну патрэбна час ад часу быць з іншымі мужчынамі: паехаць на рыбалку, напрыклад, ці яшчэ куды-небудзь (вядома ж, у нейкіх разумных межах). Жанчыны павінны паважаць гэтыя мужчынскія патрэбы. Гэта калі разважаць агульна, бо трэба ўлічваць і сітуацыю канкрэтнай сям’і.

— Нельга не заўважыць, што ў Касцёле нашмат менш мужчынаў, чым жанчынаў. Як Вы думаеце, чаму?

— Так было не заўсёды. Пра тое, чаму ў нейкі момант мужчыны страцілі цікавасць да веры і Касцёла, можна разважаць доўга. Больш важным з’яўляецца пытанне пра тое, што можна зрабіць, каб гэтую сітуацыю выправіць. На маю думку (зрэшты, пра гэта шмат гаворыцца), у Касцёле па­трэбна адмысловае мужчынскае душпастырства. І, варта адзначыць, што Дух Святы, як гэта было неаднойчы ў гісторыі Касцёла, сам прыходзіць на дапамогу. Цяпер мы бачым, што па ўсім свеце спантанна, незалежна адзін ад аднаго, узнікаюць розныя мужчын­скія рухі, супольнасці, формы душпастырства, прычым не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але і ў пратэстантаў, у Праваслаўнай Царкве. Хвала Пану за гэтае Ягонае дзіўнае дзеянне!

— Павел, Вы з’яўляецеся аніматарам супольнасці «Мужчыны святога Юзафа» ў Гродне. Як і калі ўзнікла гэтая супольнасць? Хто з’яўляецца яе за­снавальнікам?

— Наша супольнасць была заснаваная ў кастрычніку 2012 года. Дон Турбіт, ініцыятар і міжнародны аніматар супольнасці «Мужчыны святога Юзафа», тады ўпершыню прыехаў у Гродна, выступіў у гродзенскай катэдры і запрасіў мужчынаў да ўдзелу ў гэтым руху. Адгукнулася некалькі мужчынаў, якія і склалі першыя дзве групы.

— У артыкуле Мэцью Джэй­мса Крыстафа «Мужчынам католікам патрэбныя святары, якія будуць з імі працаваць», змешчаным на сайце вашай супольнасці msj.by, падкрэсліваецца, што «галоўнаю прычынаю падзення папулярнасці каталіцкай веры з’яўляецца сур’ёзны „мужчынскі крызіс“». Ці згодныя Вы з гэтым меркаваннем? Што асабіста Вас прывяло ў супольнасць «Мужчыны святога Юзафа»?

— Цяжка з гэтым меркаван­нем не згадзіцца, бо яно пацверджанае сур’ёзнымі сацыялагічнымі даследаваннямі. Зрэшты, я бачу пацвярджэнне гэтаму ў жыцці. Неаднойчы я бачыў такую сітуацыю ў сем’ях, калі маці вельмі пабожная, а мужчына да рэлігіі цалкам абыякавы, і дзеці, раней ці пазней, адыходзяць ад веры. І наадварот, калі мужчына навяртаецца, пачынае шчыра жыць вераю, за яго прыкладам ідзе ўся сям’я. Мы неяк прызвычаіліся да думкі, што вера, рэлігія — гэта занятак для матуляў і бабуляў. Не, гэта і наш, мужчынскі занятак. Вера, малітва, Касцёл — гэта перадусім менавіта для мужчын. Біблія — вельмі мужчынская кніга. Нам, мужчынам, трэба гэта адкрываць нанова, адкрываць прыгажосць і дынамізм духоўнай прыгоды, якой з’яўляецца хрысціянская вера.

Асабіста для мяне дар супольнасці «Мужчыны святога Юзафа» быў ласкаю Году веры. Я прагнуў паглыблення сваёй веры, шукаў нейкай супольнасці, маліўся аб гэтым, а калі сустрэўся з Донам Турбітам і пачуў ад яго пра мужчынскі рух, то адразу зразумеў, што гэта Божы адказ на мае малітвы. Дзякуй Богу, знайшліся святары і мужчыны, якія адгукнуліся на гэтую ініцыятыву.

Мужчынскае пакліканне — дар і заданне

— У чым галоўная місія вашай супольнасці? І якім чынам вы яе рэалізуеце?

— Калі гаварыць проста, то ў нас дзве мэты. Першая — дапамагаць мужчыну мець жывую веру, якую мы разумеем як асабістыя адносіны з Езусам Хрыстом, а таксама трываць у гэтай веры, бо сучасная культура гэтаму зусім не спрыяе. Другая — гэта дар сяброўства. Як мы ўжо гаварылі, мужчыну патрэбны мужчына, каб увесь час узрастаць у мужнасці. У нашай супольнасці можна знайсці сапраўдных сяброў, братоў па веры. Гэтыя адносіны для нас вельмі важныя. Гэта вялікі дар Божы, які мы вельмі цэнім.

— Як праходзяць сустрэчы ў мужчынскіх групах? З чаго яны складаюцца?

— Мы карыстаемся адмысловым падручнікам, распрацаваным для каталіцкіх мужчынскіх групаў. Ён падзелены на розныя тэмы. Падручнік зацверджаны касцёльнымі ўладамі. Сустрэчы, зразумела, пачынаюцца з малітвы. Потым мы чытаем урыўкі з Бібліі на пэўную тэму, урыўкі з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, кароткую жыццёвую гісторыю, звязаную з тэмаю сустрэчы. Далей адказваем на сем пытанняў, дзелячыся асабістым досведам, асабістымі меркаваннямі. Зразумела, мы не распавядаем па-за групаю пра тое, што пачулі ад братоў у групе. На заканчэнне мы зноў молімся. Вельмі важным з’яўляецца хатняе заданне: тое, пра што мы даведаліся, што адкрылі для сябе ў групе, мы павінны рэалізоўваць на практыцы, у сваім жыцці. Важна захоўваць пэўны духоўны дынамізм, рост. Бог паклікаў нас усіх да святасці, і мы хочам у гэтай святасці ўзрастаць.

— Якія тэмы — з Вашага асабістага досведу — выклікаюць найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў гэтых сустрэчаў?

— Цяжка сказаць, бо ўсе тэмы мы звычайна абмяркоўваем з вялікім энтузіязмам. Мужчыны прагнуць ведаць, як лепш маліцца, як жыць вераю ў штодзённых сітуацыях, як глыбей перажываць удзел у сакрамэнтах. Сямейнае жыццё, сексуальнасць — таксама заў­сёды вельмі гарачыя тэмы.

— Якія іншыя формы працы або набажэнстваў, акрамя сустрэчаў у групах, выкарыстоўваюцца ў вашай супольнасці?

— Кожную першую сераду ў 19:00 пад кіраўніцтвам ксяндза Віктара Ханька, нашага апекуна, праходзіць святая Імша і адарацыя для ўсіх жадаючых мужчынаў. Прыкладна раз у квартал адбываюцца адна­дзённыя рэкалекцыі, а летам — больш працяглыя рэкалекцыі. Таксама мы збіраемся і проста для таго, каб разам адпачыць. Напрыклад, мы ў Гродне час ад часу збіраемся ў каго-небудзь дома, каб разам павячэраць, паразмаўляць, пагуляць у настольныя гульні. Нядаўна ездзілі разам на шашлыкі. Маем вялікія планы на гэтае лета, паглядзім, што атрымаецца.

— Колькі такіх групаў існуе ў Гродне і ці ёсць яны ў іншых гарадах Беларусі?

— У Гродне дзейнічае 4 групы, ёсць яшчэ група ў Лідзе і ў Росі.

— Магчыма, многія мужчыны, якія будуць чытаць наша інтэрв’ю, зацікавяцца супольнасцю «Мужчыны святога Юзафа». Як яны могуць далучыцца да вас?

— Усю неабходную інфармацыю можна знайсці на нашым сайце msj.by. Каб заснаваць групу ў сваёй парафіі, патрэбна няшмат: некалькі мужчынаў, якія хочуць разам узрастаць у веры, і дазвол пробашча на такія сустрэчы. Падручнікі мы вышлем.

— Дзякуй, Павел, за цікавую размову!

Размаўляла Ганна Шаўчэнка
Фота з архіва Паўла Шарэйкі

Паводле ave-maria.by

Меткі: Хрысціянства, Сям'я

  • Верасень
    2017

    Тэатр Зніч

  • Пілігрымка на Святую Зямлю 18-24 верасня 2017

    Запрашаем у пілігрымку на Святую Зямлю 18-24 верасня 2017г.

  • Пілігрымка з удзелам у кангрэсе

    Запрашаем у пілігрымку з удзелам у кангрэсе "Маці ў малітве". У плане наведванне Чэнстаховы, Кракава, Лагеўнікаў, Кальварыі-Зэбжыдоўскйа, Непакалянава (Польшча) 18-22.09.2017.

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.