Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

«Кожнае яе слова буду памятаць да канца жыцця»: як кардынал Свёнтэк прыгадваў сустрэчу з с. Люцыяй у Фаціме

Прыводзім тэкст казання (было апублікована ў часопісе Ave Maria за 1996 год) кардынала Казіміра Свёнтка, у якім ён распавядае пра сустрэчу з с. Люцыяй — сведкай аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме ў 1917 годзе.

Казанне кардынал прамовіў 13 мая 1996 г. падчас урачыстасці Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.

«Мае думкі імкнуцца ў Фаціму»

Я вельмі рады быць разам з вамі сёння на гэтай урачыстасці Маці Божай Фацімскай. І калі бачу вашыя вочы, скіраваныя менавіта да гэтай Фацімскай Пані, калі адчуваю вашыя гарачыя сэрцы, запоўненыя любоўю да Яе, міжволі думкі мае, розум, сэрца і воля мае імкнуцца туды, у Партугалію, у Фаціму.

Здаецца, што разам з вамі, а цяпер там, у той капліцы, збудаванай на тым месцы, дзе Маці Божая аб’явілася траім дзецям, — Люцыі, Жасінце і Францішку.

У капліцы, там, дзе было само аб’яўленне, цяпер знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамэнт, перад уваходам у капліцу цяпер стаіць аўтэнтычная фігурка Маці Божай Фацімскай. Які ж Бог міласэрны, ласкавы і добры, што даў мне магчымасць і разам са мною 16 святарам з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, шасці святарам з Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама 20 святарам з Казахстану і Украіны правесці некалькі цудоўных дзён у Фаціме.

Штодзённа адбывалася там канцэлебраваная святая Імша, а пасля быў гэты цудоўны Ружанец перад фігураю Маці Божай. Ружанец чыталі на розных мовах, людзі розных нацыянальнасцей, але ўсе гэтыя мовы былі зразумелыя Маці Божай Фацімскай, бо ружанцовая малітва сыходзіла з глыбіні сэрца, з душы кожнага, хто ў ёй удзельнічаў.

І потым — не да апісання — шматлюдная працэсія на пляцы перад капліцаю з запаленымі свечкамі, са спевам Ave Maria на кожным рэфрэне, свечкі падносіліся высока над галавою. Пра ўсё гэта можна расказваць, але трэба яго перажыць. Ніхто не здзіўляўся, што ва ўсіх вочы былі, як цяпер у мяне, замглёныя слязьмі...

А потым мы паехалі ў кармэлітанскі кляштар у Каімбр, дзе да сённяшняга дня жыве сястра Люцыя. Гэта яна мела ласку бачыць Маці Божую, размаўляць з Ёю і атрымліваць ад Яе пасланні. Калі я даведаўся, што павінна быць сустрэча з сястрою Люцыяй, то не адразу ў гэта паверыў. Але сталася...

Мы сустрэліся і пачалася доўгая размова, кожнае слова з якой я буду памятаць да канца жыцця. Сустрэча пачалася з нечаканасці: адразу пасля прывітання сястра Люцыя глянула на мяне і як бы з папрокам сказала: «Як я доўга павінна была чакаць вас!»

Яна чакала з 1917 года, чакала, каб атрыманае пасланне аб навяртанні на Усходзе пачало спаўняцца. І менавіта гэтае з’яўленне ў Фаціме 26 ліпеня 1995 года трох біскупаў і 46 святароў з Усходу стала пачаткам рэалізацыі паслання аб навяртанні Усходу.

Таму сястра Люцыя сказала, што так доўга чакала нас, і я спытаў: «Скажыце, што можна лічыць, што сястра дачакалася?». Мы зразумелі адно аднаго. Яна адказала: «Так, Ваша Эмінэнцыя. Можна сказаць, што гэта ўжо ў пэўным сэнсе слова рэалізацыя таго першага паслання».

Фігура Маці Божай Фацімскай

«Пасланне датычыць не толькі хрысціян»

Наша размова цягнулася доўга, хацелася даведацца як мага больш. І ў той жа час я разумеў, што сястра Люцыя не можа расказаць усяго таго, што пачула ад Маці Божай. Яна і так сказала мне вельмі шмат, але я магу сказаць вам вельмі нямногае, — прабачце мне: таямніца застаецца таямніцаю, не мне выкрываць яе, бо і мяне яна таксама абавязвае.

Фацімскія пастушкі

Але адным магу падзяліцца з вамі. Калі я спытаў у сястры Люцыі, як трэба разумець гэтае навяртанне, ці толькі як навяртанне выключна аднаго краю на Усходзе? Тады сястра Люцыя энергічна, з вялікім узрушэннем сказала: «О, не, тады гэта было б абмежаваным навяртаннем. Пасланне трэба разумець у шырокім сэнсе. Гэта навяртанне не аднаго толькі краю, але навяртанне ўсіх людзей, усяго чалавецтва».

«А можа, гэта датычыць толькі хрысціян», — запытаў я.

«Не толькі, — адказала яна. — Але хрысціян таксама».

А потым падала мне маленькі ружанец, зроблены яе рукамі, і ахвяравала яго мне на памяць аб нашай сустрэчы і аб гэтай размове. Гэты ружанец цяпер пастаянна са мною, і малюся я толькі на ім.

Умілаваныя! Вы, магчыма, чакалі казанне ў поўным сэнсе гэтага слова, навукі, павучэнняў. Але я думаю, што сёння, ва ўрачыстасць Маці Божай Фацімскай, варта было ўспомніць Фаціму і яшчэ раз прыгадаць тое, што я пачуў ад сястры Люцыі.

І на заканчэнне — адзін наказ, які вынікае з фацімскіх пасланняў, перададзеных праз сястру Люцыю, — пакаянне і малітва. Пакаянне — г.зн. навяртанне, гэта значыць паяднанне, гэта значыць праўдзівы жаль за грахі. А малітва — гэта пастаянная размова з Богам, пастаянны дыялог нашай душы з Богам, асабліва пры дапамозе Ружанца. Няхай гэта будзе практычным выкананнем сённяшняй вашай парафіяльнай урачыстасці.

Ідзем жа да таго канчатковага збаўлення нашых душ, даверыўшыся пастаяннай матчынай апецы Маці Божай Фацімскай і выконваючы Яе наказы праз пакуты і малітву. Амэн.

Паводле catholic.by

Меткі: Фаціма, Кардынал Казімір Свёнтэк

  • Кастрычнік
    2017

    Тэатр Зніч

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.

  • Верасень
    2017

    Тэатр Зніч

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.