Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Споведзь: тры памылкі ў шкадаванні за грахі

У падрыхтоўцы да сакрамэнту пакаяння жаль за грахі часта аказваецца самай складанай умовай, прынамсі самай цяжкай для рэалізацыі.

Несумненна, няпроста вызнаваць свае грахі і шкадаваць за іх — сучасная культура кажа нам, людзям ХХІ стагоддзя, што мы самыя геніяльныя і пра ўсё ў сваім жыцці маем права вырашаць самі.

Іншая праблема — ўсё больш хуткі тэмп жыцця, у якім не хапае часу на цішыню і рэфлексію. Жыццё чалавека канцэнтруецца на шэрагу дасяжных мэтаў, але пры гэтым гіне перспектыва рэалізацыі трансцэндэнтнай мэты, дабра. Чалавечае жыццё становіцца серыяй мэтаў для дасягнення, і пры гэтым усё часцей губляецца канчатковая мэта жыцця чалавека.

1. Я не магу шкадаваць за гэты ўчынак, бо гэта было так цудоўна і прыемна

Вельмі часта такія сумненні ўзнікаюць у грэшнікаў, якія адчуваюць задавальненне і блізкасць, напрыклад, у адносінах да іншага чалавека, як гэта бывае ў пазасужэнскіх сексуальных адносінах. Аднак шкадаванне за ўчынены грэх — гэта не пераконванне сябе ў тым, што нейкі ўчынак быў непрыемны, агідны. Гаворка ідзе пра ацэнку не эстэтычную, псіхалагічную ці філасофскую, а пра тэалагічную. Пэўны ўчынак з’яўляецца дрэнным не таму, што выклікае дрэнныя пачуцці, а таму, што з’яўляецца непаслухмянасцю Богу, Яго волі.

Таму жаль за грахі не з’яўляецца перажываннем эстэтычнага ці толькі псіхалагічнага дыскамфорту. Гэта рэлігійны акт, прызнанне сваёй непаслухмянасці Божаму слову. Шкадаванне за грэх — гэта малітва чалавека, які ўсвядоміў сваю нявернасць у адносінах да Бога і Яго маральнага закону.

2. Шкадую, бо гэта было неразумна і агідна

Шкадаванне за грахі — гэта рэлігійнае пакаянне. Яго матыў ва ўсведамленні, што мае ўчынкі не адпавядалі таму, чаго чакае ад мяне Бог, да чаго заклікае мяне Евангелле, інтэрпрэтаванае паводле навучання Касцёла. У сувязі з гэтым шкадаванне за грахі павінна адбывацца па рэлігійных матывах, а не эстэтычных, псіхалагічных ці філасофскіх. Хоць былі мысліцелі, некаторыя стоікі, як напрыклад, Марк Аўрэлій, якія патрабавалі практыкавання рахунку сумлення і пастаяннага выпраўлення жыцця, але рабілі гэта згодна з філасофскімі, а не рэлігійнымі матывамі.

Маральная тэалогія адрознівае дасканалы жаль і менш дасканалы (раней яго называлі недасканалым) жаль за грахі. Іх адрозненне ляжыць у матывах. Дасканалы вынікае з любові да Бога, са свядомасці, што наш грэх быў дрэнным адказам на Божую дабрыню. Жаль менш дасканалы можа паходзіць з іншых рэлігійных матываў, напрыклад, з боязі быць пакараным за грахі. Для сапраўднага і плённага перажывання сакрамэнту пакаяння і паяднання (споведзі) дастаткова менш дасканалага жалю.

3. Мне шкада і няёмка, што я мог так зрабіць

Здараецца і так, што пэнітэнт, кленчачы пры канфесіянале, настроены хутчэй на аплакванне сябе, чым сваіх грахоў. Ён больш скардзіцца на грахі, чым шкадуе за іх. Грэх — гэта прыкрасць і мука, многія знаўцы духоўнага жыцця параўноўваюць яго з хваробай.

На старонках Святога Пісання мы сустракаем асобаў, хворых цялесна, што сімвалізуе хваробу маральную, рэлігійную — грэх. Аднак грэх — гэта заўсёды свабоднае рашэнне чалавека. Там, дзе ён не мае свабоды выбару, маральная тэалогія ясна кажа пра абмежаванне або скасаванне адказнасці за грэх. Таксама грэх можа выклікаць крыўду на самога сябе, на акалічнасці, на іншых, хто не стрымаў перад грахом. Аднак усе гэтыя сітуацыі не скасоўваюць адказнасці грэшніка за грэх. Шкадаванне за грахі — гэта не аплакванне сябе і сваёй слабасці, а малітва, скіраваная да Бога, — пакорная просьба аб прабачэнні. Яе прыкладам з’яўляецца малітва евангельскага мытніка: «А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”» (Лк 18, 13).

Скруха — аснова і душа навяртання

Гэтае разважанне пра частыя праблемы ў перажыванні пакаяння за грахі варта скончыць пазітыўнай прэзентацыяй акту жалю. Змешчаны ён у адгартацыі св. Яна Паўла ІІ Reconciliatio et paenitentia: «Асноўным актам пакаяння з боку пэнітэнта з’яўляецца жаль або выразнае і рашучае адкідванне здзейсненага граху і пастанаўленне больш у будучым не грашыць, з любові да Бога, якая адраджаецца праз скруху. Такім чынам зразуметы жаль з’яўляецца асновай і душой навяртання, той евангельскай metanoia, якая вядзе чалавека да Бога, як марнатраўнага сына, які вяртаецца да айца, і якая мае ў сакрамэнце пакаяння свой бачны знак, што ўдасканальвае гэтую скруху. Таму сапраўднасць пакаяння залежыць ад скрухі сэрца».

Добра — а значыць аўтэнтычна і глыбока — перажыты жаль з’яўляецца знакам спраўднасці і верагоднасці сакрамэнтальнага пакаяння. Таму варта прасіць Бога аб такім жалю за грахі, а таксама прысвяціць гэтаму адпаведны час падчас падрыхтоўкі да сакрамэнту пакаяння.

Практыка шкадавання за грахі, спалучаная з рэгулярным рахункам сумлення, можа стаць важнай практыкай у развіцці ўнутранага жыцця. Яна вучыць хутка распазнаваць свае грахі і заганы, якія ляжаць у іх аснове, а таксама адрыванню ад іх і вяртанню да Бога, поўнага міласэрнасці. Рэгулярнае практыкаванне акту жалю за грахі можа дапамагаць у пазнанні праўды пра сябе ў адносінах з Богам і людзьмі.


Паводле Catholic.by

Меткі: Споведзь

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч