Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Як трэба апранацца ў касцёл

З прыходам лета дзверы касцёлаў падчас літургіі адчыняюцца, людзі апранаюцца лягчэй. Але наколькі адкрытае адзенне дазволена насіць? Дзе мяжа прыстойнасці?

як апранацца ў касцёлСпецыяльнага дакумента, які б указваў на дрэс-код, патрэбны для наведвання святыні, не існуе. Але тое, што падобныя правілы не прапісаны, не вызваляе чалавека ад абавязку насіць належнае для культавага збудавання адзенне. Наадварот, асоба нясе за гэта яшчэ большую адказнасць. Калі б існавалі задакументаваныя нормы, чалавек мог бы проста адмахнуцца, што не ведаў іх, таму не прытрымліваўся. А з-за неабходнасці прыняць самастойнае рашэнне ў дадзенай сітуацыі ён поўнасцю адказны за свой выбар.

Нормы рэгулююцца этыкетам, які абапіраецца на сумленне самой асобы, што прыйшла ў Божы дом. Усемагутнаму, канешне, няма розніцы, як апрануты вернікі – Ён глядзіць у сэрца, а не на вопратку. Наша ўбранне, перш за ўсё, сведчыць пра ўласную культуру, павагу да сябе і тых, хто побач.

Знешні выгляд чалавека можа быць прычынай, па якой цэнтрам засяроджання бліжняга ў месцы, дзе патрэбна суцішыцца на малітве, стане не Бог, а яго персона. Увага – свядома ці несвядома – можа адцягвацца на непатрэбныя рэчы. І калі хтосьці выкажацца, нібы гэта праблема таго чалавека, то прадэманструе натуральны эгаізм. Мы не павінны замінаць сабою іншым, даваць падставу для зараджэння грахоўнай рэчаіснасці.

Часам асоба, якая не клапоціцца аб унутранай прыгажосці, спрабуе кампенсаваць гэта ў знешнім выглядзе.

Дык як жа належыць выбіраць убранне для паходу ў святыню? Па-першае, адзенне павінна быць чыстае. Па-другое, павінна мець ахайны выгляд. Вопратка не можа быць падзёртай ці мятай. Па-трэцяе, мусіць адпавядаць настрою святыні, дзе варта задумацца аб той святасці, на парозе якой стаім, а таму адзенне павінна быць сціплым, няяркім. Важна, каб былі прыкрыты плечы і калені, жывот і вобласць дэкальтэ. Непажадана апранацца ў адзенне з буйнымі прынтамі, лагатыпамі, надпісамі, якія адцягваюць увагу. Яшчэ горш, калі ўладальнік не ведае пра іх паходжанне і значэнне. Гэтая норма ні ў якім разе не павінна ўспрымацца як перажытак мінулага ці нешта такое, што беспадстаўна абмяжоўвае свабоду чалавека. У доказ гэтаму давайце ўзгадаем форму дзелавога стылю. У ім недапушчальны бляск, разнастайныя паеткі і стразы, таму што такі стыль характарызуецца строгасцю і стрыманасцю. Свядомы чалавек ніколі не апранецца падобным чынам на субяседаванне, так як яго можа няправільна зразумець працадаўца. З якім намерам прыйшоў суіскальнік? Навошта ён так ярка падкрэслівае свой знешні выгляд? А цяпер давайце перанясёмся ў тым жа ўбранні ў святыню. Узнікае такое ж пытанне: “Навошта?”.

Трэба памятаць аб тым, што любая вопратка мае сваё прызначэнне. Напрыклад, купальны касцюм патрэбны для плавання, спартыўны – для трэніровак. Недарэчна было б апрануць працоўную форму ў госці або зімовы пухавік летам. Калі ідзём у святыню, варта зірнуць у люстэрка і задумацца: “Для якой мэты прызначана маё ўбранне?”.

Можа здарыцца так, што чалавек вырашыў зайсці ў святыню спантанна. Знешні выгляд, які можа не зусім адпавядаць, не павінен спыніць яго на прыступках. Куды больш важная духоўная вопратка, у якую апранулася душа праз парыў сэрца.

Ніякі канон не забараняе жанчыне насіць штаны. Але спадніца або сукенка мае больш урачысты характар, нагадваючы жанчыне, якім прыгожым стварэннем яе задумаў Бог. Мужчыны выглядаюць элегантна ў гарнітурах. Менавіта па гэтай прычыне святары заахвочваюць паству апранацца такім чынам, каб паход у святыню меў святочнае вымярэнне.

Шмат сумненняў узнікае ў людзей летам, калі тэмпература на тэрмометры можа дыктаваць свае правілы. З аднаго боку, трэба прытрымлівацца норм этыкету, а з другога – не хочацца самлець у святыні. У такім выпадку патрэбны кампраміс. Так як плечы і калені павінны быць закрыты і ў спякотнае надвор’е, варта аддаць перавагу светлым танам у адзенні і лёгкім тканінам, якія прапускаюць паветра (бавоўна, лён).

Калі вы бачыце, што нехта апранаецца ў святыню “няправільна”, не трэба браць на сябе ролю касцёльнага наглядчыка і (нібы з добрых пабуджэнняў) гнаць такога чалавека за брамы. Вы можаце адштурхнуць яго ад веры, бо ёсць верагоднасць, што асоба больш не вернецца ў святыню. І тады адказнасць за гэты праступак панясеце перад Богам абодва.

Паводле slowo.grodnensis.by

Меткі: Хрысціянства, Катэхеза

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"