10 прычынаў пайсці ў пілігрымку
Пра тыя ласкі, якія можам атрымаць у намоленых месцах, успамінаць не будзем, бо гэта зразумела. Паразважаем пра тое, які плён можам здабыць яшчэ ў дарозе, чаму варта запланаваць вандроўку.
1. Змена абстаноўкі.
Жыццё, як правіла, нагадвае мноства паўтараючыхся дзеянняў. Чалавек можа стаміцца ад такой руціны. Для бадзёрасці і прыліву сіл псіхолагі рэкамендуюць час ад часу змяняць абстаноўку, выязджаць куды-небудзь. Асабліва ў гэтым маюць патрэбу людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю: ім востра неабходна пераключыць сваю ўвагу на штосьці іншае.
2. Новыя ўражанні і знаёмствы.
Нешта новае заўсёды ўзбагачае чалавека, пакідае ў душы пэўны след. Водгукі на некаторыя падзеі здольны перавярнуць жыццё дагары нагамі. Часам светаўспрыманне кардынальным чынам змяняе малазнаёмая асоба. І пілігрымка адкрывае нас на гэтыя магчымасці!
3. Пашырэнне кругагляду.
Кола інтарэсаў і ведаў чалавека абмежавана толькі ў дадзены момант. Яно ўвесь час можа пашырацца – свет неабсяжны. У пілігрымцы мы часта даведваемся пра рэчы, аб якіх раней не чулі, бо сустракаем людзей, што жывуць на другіх землях, па-іншаму думаюць. А гэта, зразумела, робіць нас карыснымі адзін для аднаго.
4. Час для душы.
Кожнаму чалавеку калінікалі неабходна пабыць аднаму, каб нішто не перашкаджала. У такія моманты пачынаеш чуць сябе, свой заглушаны ўнутраны голас. На працягу ўсяго шляху пілігрыму прадстаўляецца шмат часу для таго, каб разабрацца з уласнымі думкамі, зрабіць нейкія высновы, ачысціўшыся ад шэрага пласту штодзённасці.
5. Магчымасць удасканаліць сваю малітву.
“Каб была магчымасць, я б затрачваў на размову з Богам больш часу”, – напэўна, не аднойчы думаў кожны з нас. У пілігрымцы для гэтага існуе шмат нагод і гадзін. Рэгулярныя і працяглыя моманты сустрэчы з Богам на малітве могуць зрабіць зносіны больш трывалымі і шчырымі.
6. Сузіранне прыроды.
Чалавек усё далей і далей ад натуральнай рэальнасці. І ежа ўжо напалову штучная, і адзенне, і дамы. Можна назіраць за тым, як сучаснае пакаленне нястомна працуе над “карэкціроўкай” таго, што створана Богам, альбо будаваннем нечага новага. У пілігрымцы прапануецца адмовіцца ад большасці выгод цывілізацыі і атрымаць асалоду ад яднання з прыродай.
7. Нагода ўпэўніцца, што для жыцця неабходна мінімум рэчаў.
Сёння мы, чаго ўтойваць, залежым ад матэрыяльнай рэчаіснасці. Прывязваемся да шматлікіх прадметаў, без якіх не можам уявіць сваё жыццё. Але варта ўсведамляць, што ўсё матэрыяльнае створана для таго, каб палегчыць наша жыццё – не замяняць сабою ўсё. Мы павінны карыстацца рэчамі, а не яны – намі. Пілігрым адпраўляецца ў падарожжа ўлегцы, паклаўшы ў заплечнік самае неабходнае. І асабіста пераконваецца ў тым, што для шчасця патрэбна няшмат.
8. Рашэнне нестандартных задач.
Каб перастаць разважаць па шаблону, дастаткова трапіць у неардынарную сітуацыю. Калі хто думае, што ў пілігрымцы ўсё запланавана, адбываецца па накатанай, то ён сур’ёзна памыляецца. Любое падарожжа – гэта своеасаблівая авантура. У кожную хвіліну можа адбыцца тое, чаго зусім не чакаеш. І тады даводзіцца вырашаць задачу па меры магчымасцей. Але які ты герой пасля!
9. Спосаб загартавацца ў цяжкасцях.
Складанасці робяць чалавека мацнейшым. У пілігрымцы яны пачынаюцца з прыняцця рашэння пайсці ў вандроўку: часам даводзіцца перапланаваць свой час, нечым паступіцца. Шмат цяжкасцей чакае ў дарозе. Але ўсё гэта дзеля вялікай мэты, вартай таго. Чым больш складаным выдасца шлях, тым саладзей яго фініш.
10. Шанец стаць лепшым!
Усё жыццё свядомы чалавек імкнецца да дасягнення нейкага ідэалу. Здараюцца абставіны, прайшоўшы праз якія можна стаць на прыступку вышэй на лесвіцы сваёй дасканаласці.
У пілігрымцы таксама даводзіцца пераадольваць выпрабаванні: ахвяраваць сваімі інтарэсамі, працягваць руку патрабуючаму, падтрымліваць бліжняга ў няпростай сітуацыі. Таму хоча асоба таго ці не, але з паломніцтва яна вяртаецца ўжо зусім іншым чалавекам...
Паводле slowo.grodnensis.by
Меткі: Пілігрымкі