Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Нядзеля Спаслання Духа Святога: адкрыцца на Яго натхненні

Урачыстасць Пяцідзясятніцы нагадвае пра спасланне Духа Святога на апосталаў, сабраных у вячэрніку. Чытаючы Дзеі Апосталаў, мы заўважаем, што гэтая падзея ператварыла вучняў Езуса ў адважных апосталаў. Молячыся ў вячэрніку, яны памяталі навучанне і цуды Хрыста, сведкамі якіх былі ў мінулыя гады. Іх сэрцы былі поўныя любові і прывязанасці да Яго, а радасць сустрэчы з Уваскрослым і бачанне Яго ўнебаўшэсця ўмацоўвалі іх. Ім здавалася, што яны найлепшым чынам абароняць усё тое, што Езус ім пакінуў, зачыніўшыся і пазбягаючы пагрозаў. Таму яны прабывалі ў вячэрніку, зачыніўшыся і баючыся, не ведаючы, што рабіць. 

Падзея Пяцідзясятніцы здзяйсняе ў іх сэрцах перамену. Калі на іх сыходзіць Духа Святы, страх знікае, саступаючы месца адвазе. Апосталы ўжо ведаюць, што павінны рабіць, таму што ў іх сэрцы разам з прыняццем Духа ўваходзяць Яго моц і святло. Дзякуючы гэтай моцы яны становяцца сапраўднымі сведкамі Езуса і вестунамі Яго навучання. Яны выходзяць са свайго сховішча і перадаюць Добрую Навіну пілігрымам, сабраным у Ерузалеме на іўдзейскім свяце.

Дзень спаслання Духа Святога лічыцца днём аб'яўлення Касцёла свету. Гэта быў хрост Касцёла, які нарадзіўся, выходзячы, каб абвяшчаць усім Евангелле.

Спасланне Духа Святога

Такім чынам Касцёл як новая супольнасць пачынае спаўненне сваёй місіі, вырушвае ў свет для абвяшчэння Евангелля ўсім людзям. Ён ужо можа пачаць выконваць заданне, якое пакінуў яму Хрыстус. Гэта Касцёл, які вырушвае ў шлях, каб служыць усім людзям. Як чата падкрэслівае Папа Францішак, Касцёл жыве і ўмацоўваецца, калі адважна абвяшчае Евангелле, калі выходзіць у знешні свет, да тых, хто па якіхсьці прычынах адкідвае або ігнаруе пасланне Евангелля.

«Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне» (Ян 15, 26).

Спасланне Духа Святога было не аднаразовай падзеяй. Дух быў дадзены Касцёлу і дзейнічае ў ім праз усе пакаленні, напаўняе сэрцы веруючых новых пакаленняў, праганяючы з іх страх і шчодра ўзбагачаючы сваімі дарамі.

Дух Святы быў дадзены кожнаму з нас. Аднак мы не можам затрымліваць Яго толькі для сябе. Наша заданне — несці Яго на ўвесь свет. У гэтым наша велізарная адказнасць, бо мы былі адораны Духам Святым у сакрамэнтах хросту і канфірмацыі. Таму, глыбока перажываючы сваю веру, мы павінны ісці праз жыццё з усведамленнем таго, што мы не адны, што Дух Святы нас павучае, падтрымлівае і ўмацоўвае.

Сёння мы молімся аб тым, каб заўсёды быць адкрытымі на натхненні Духа Святога і з Яго дапамогай здолець выйсці з замкнутасці і страхаў перад светам. Бо сёння больш, чым калі-небудзь, існуе патрэба, каб Касцёл, які мы ўтвараем, моцна і паспяхова дзейнічаў пад уплывам Духа Святога паміж людзьмі ў іх штодзённасці, ці там, дзе місія Хрыста з’яўляецца бясцэннай і неабходнай.

Як людзі, якія жывуць у моцы Духа, мы павінны заўсёды даваць сведчанне. Як вучні Езуса адновім аблічча зямлі і ўсяго свету праз любоў, якая паходзіць з Духа Святога.

Прыслухаемся да павеву моцы Духа Святога. Гэта павеў Яго любові, якая нясе супакой. Дух Святы дзейнічае сёння, сярод нас і для нас. Прымем Яго ў сваё сэрца і жыццё, каб, як апосталы, пасля ўваскрашэння сустрэць Езуса і, як Тамаш, сказаць з верай: «Пан мой і Бог мой».

Кс. Юрый Марціновіч
Паводле catholic.by

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"