Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Кім былі пастушкі з Фацімы?

У жыццё траіх пастушкоў увайшоў сам Бог і даручыў ім перадаць Пасланне, скіраванае ўсяму свету. Луцыя, Францішак і Гіяцынта не толькі асабіста стараліся выканаць пажаданні Марыі, але і ішлі да іншых, каб пераканаць людзей у сапраўднасці аб’яўленняў і заахвоціць іх да малітвы. Дзеці сталі здольнымі да гераічных ахвяр, складзеных з любові да Езуса за навяртанне грэшнікаў і адплату за грахі, здзейсненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі. Іх хваляваў лёс грэшнікаў. Спачуванне да загубленых людзей узрасло яшчэ больш пасля таго, як Марыя паказала ім пекла.

Аб'яўленні ў ФацімеАднойчы Францішак і Гіяцынта пачулі ад Маці Божай, што ў хуткім часе адыдуць у неба. Прынялі гэта са спакоем, што сведчыла аб сталасці іх веры. А Луцыі Марыя сказала, што, згодна з жаданнем Пана Езуса, яна будзе жыць доўга, каб вучыць людзей годна ўшаноўваць Яе Беззаганнае Сэрца.

У хуткім часе пасля атрымання Паслання Францішак і Гіяцынта памерлі. 

У маі 2000 года двое малых пастушкоў былі беатыфікаваны папам Янам Паўлам ІІ. Літургічны ўспамін бласлаўлёных Гіяцынты і Францішка Марто – 20 лютага. А Луцыя далучылася да кармэлітак босых. Адышла ў вечнасць значна пазней, у 2005 годзе. Зараз працягваецца дыяцэзіяльны этап працэсу яе беатыфікацыі, які павінен у хуткім часе скончыцца.

Бласлаўлёная Гіяцынта Марто

Гіяцынта МартоНарадзілася 11 сакавіка 1910 года ў Алжуштрэл (Партугалія). Ніколі ні на што не наракала і цешылася тым, што мела. Кожны вечар прасіла бацькоў і родных супольна памаліцца Ружанец. Запрашала да малітвы суседзяў. Заўсёды жадала шчасця іншым людзям. Аб’яўленні Маці Божай абудзілі ў дзяўчынцы глыбокую літасць і спачуванне да грэшнікаў з-за цярпенняў, якія чакалі іх пасля смерці. Таму часта малілася аб навяртанні і здзяйсняла епітым’ю ў іх інтэнцыі, што стала характэрнай рысай яе духоўнасці. “Гіяцынта так моцна прыняла ў сваё сэрца ахвяры за навяртанне грэшнікаў, што не прапускала ніводнай нагоды для гэтага, – успамінала Луцыя. – Дзеці з двух сем’яў, якія жылі ў Мойта, хадзілі жабраваць. Аднойчы, ідучы на пашу са статкам, мы іх сустрэлі. Заўважыўшы дзяцей, Гіяцынта сказала: «Давайце аддадзім гэтым бедакам свой пасілак за навяртанне грэшнікаў». І пабегла, каб занесці яго. (...) Як толькі мы бачылі гэтых дзяцей, Гіяцынта аддавала ім наш дзённы пасілак. Прытым, з такой радасцю, нібы не адчувала яго адсутнасці”.

Па натуры дзяўчынка была вельмі жвавай. А падчас першага аб’яўлення ўважліва слухала Маці Божую, не прамовіўшы ні слова. “Аднойчы нас наведалі 2 ксяндзы, – узгадвае Люцыя, – задавалі пытанні. Параілі маліцца за Святога Айца. Гіяцынта запыталася ў іх, хто ён такі. Святары растлумачылі і звярнулі ўвагу, што той моцна патрабуе малітвы. З гэтага часу Гіяцынта ўзбудзіла ў сабе такую вялікую любоў да Святога Айца, што заўсёды, складаючы Езусу якуюсьці ахвяру, дадавала: «І за Святога Айца»”.

У снежні 1918 года Гіяцынта захварэла на іспанскі грып, у выніку чаго атрымала гнойную пнеўманію з мноствам ускладненняў. Падчас аперацыі 10 лютага 1920 года ёй выдалілі 2 рабры. Праз некалькі дзён дзяўчынка паведаміла сваім блізкім, што дрэнна сябе адчувае і хутка памрэ.

Да хворай прыбыў святар, каб выслухаць яе споведзь. Вечарам 20 лютага 1920 года гэтую маленькую кветку Прыгожая Панна правяла ў Неба.

Усведамляючы тое, што ўдзельнічае ў вялікіх Божых планах, малая дзяўчынка з адкрытым сэрцам прымала ўсе цярпенні і радасна ператварала іх у ахвяру адкуплення і малення за грэшнікаў. Была глыбока пераканана, што яны з’яўляюцца выратаваннем для тых, каму гэта больш за ўсё неабходна.

Бласлаўлёная Гіяцынта прыгадвае нам, што Пан Бог, багаты на міласэрнасць, патрабуе ад чалавека ахвяры як адкуплення за грахі. Вучыць, што пакуль мы не зменім сваё жыццё і не станем як дзеці, не ўвойдзем у Валадарства Нябеснае (параўн. Мц 18, 1–5).

Бласлаўлёны Францішак Марто

Францішак МартоНарадзіўся 11 чэрвеня 1908 года ў Алжуштрэл (Партугалія). У адрозненне ад сваёй малодшай сястры Гіяцынты здаваўся спакойным, удумлівым. Бацька Францішка прызнаваў, што сын быў вельмі ціхім і паслухмяным. Ні з кім не сварыўся. А Луцыя казала пра яго: “Я не вельмі любіла Францішка, таму што яго мірны тэмперамент кантраставаў з маёй празмернай жывасцю”.

Хлопец адзначаўся глыбокай верай. Быў адважны, клапатлівы і здольны на вялікія ахвяры. Меў добрае здароўе. Адчувальная душа Францішка ўвесь час захаплялася прыгажосцю стварэння: небам, крынічкамі, кветкамі і найперш сонцам, якое было для яго сімвалам моцы Бога. 

Пасля таго, як Марыя сказала, што ў хуткім часе хлопец памрэ, той гадзінамі кленчыў на малітве ў адасобленым месцы. Зыходзячы з прадказання Маці Божай, Францішак не хацеў хадзіць у школу, каб больш часу праводзіць у касцёле. Сцвярджаў, што яму не патрэбна ўменне добра чытаць і пісаць, калі хутка ён пакіне свет. Такім чынам хлопец таксама хацеў пазбегнуць недарэчных каментарыяў няверуючага настаўніка, які насміхаўся з аб’яўленняў Марыі дзецям.

Ідучы за заклікам сузірання, Францішак усё часцей пакідаў людзей і маліўся ў адзіноце. На пытанне што робіць паказваў ружанец. Калі Гіяцынта і Луцыя настойвалі, каб пайшоў пагуляць з імі, адказваў: “Ці не памятаеце слоў Маці Божай аб тым, што я павінен адгаварыць шмат таямніц Ружанца?”. Калі знаходзілі яго, паглыбленага ў свае думкі, тлумачыў: “Я разважаю пра Бога, які вельмі сумуе з-за столькіх грахоў... Калі б я мог ахвяраваць Яму трохі радасці!”.

Паводле слоў Луцыі, Францішка найменш уразіла страшнае бачанне пекла, таму што яго вельмі захапіў вобраз Святой Тройцы ў “вялікім святле, якое працінала нават самы далёкі куточак нашай душы”. Яна таксама ўспамінала, што “ў той час, калі Гіяцынта была захоплена толькі адной думкай – як навярнуць грэшнікаў і вызваліць душы з пекла, Францішак думаў выключна аб суцяшэнні нашага Пана і Маці Божай, якія здаваліся яму вельмі сумнымі”.

Хлопец прагнуў як мага хутчэй прыступіць да Першай Святой Камуніі і атрымаць вечнае шчасце ў небе. Так і стала. Ён прыняў Цела Езуса ў першы і адначасова апошні раз перад самым канцом свайго кароткага жыцця на зямлі. Памёр 4 красавіка 1919 года. Калі ў 1935 годзе былі адкрыты труны Гіяцынты і Францішка, аказалася, што іх целы непашкоджаныя. Пастушкі былі беатыфікаваны папам Янам Паўлам ІІ 13 мая 2000 года ў Фаціме.

Бл. Францішак прыгадвае людзям сучаснасці, што ўсе мы пакліканы да святасці. Дарога да неба ў кожнага непаўторная. І кожнаму без выключэння на ёй спадарожнічае Найсвяцейшая Маці. Трэба толькі даверыцца і адкрыць Марыі сваё сэрца.

Давайце вучыцца ад бл. Францішка разважлівасці, замілаванню да ружанцовай малітвы і прастаце дзіцячага сэрца, якое не падманвае і не здаецца. Падтрыманае любоўю Стварыцеля, яно заўсёды шчырае і поўнае даверу да Бога і людзей.

Луцыя дос Сантас

Луцыя дос Сантас

Адносіны дзяцей з Найсвяцейшай Маці выразна адрозніваліся, што згаджалася з планамі Божага Провіду. Самая
малодшая – Гіяцынта – бачыла Марыю і чула, што Яна гаварыла, але да канца не разумела значэння слоў. Францішак бачыў Маці Божую, але не чуў Яе, таму пазней пытаўся ў сясцёр, што казала Прыгожая Панна. Толькі Луцыя бачыла, чула і разумела Марыю. Больш таго, размаўляла з Ёй: задавала пытанні, адказвала ад імя ўсіх, скіроўвала просьбы. Бог учыніў дзяўчыну галоўнай даверанай асобай паслання. Гэта яна пераказвала людзям змест чарговых аб’яўленняў.

Луцыя нарадзілася 22 сакавіка 1907 года ў Алжуштрэл (Партугалія). Была старэйшай з трох дзяцей – сведкаў аб’яўленняў Марыі. Мела тады 10 гадоў. З самага пачатку была найбольш уцягнутай удзельніцай аб’яўленняў. Выступала завадатарам у гульнях з малодшымі братам і сястрой, таму, зразумела, прыняла на сябе ініцыятыву падчас сустрэч з Марыяй.

13 чэрвеня 1917 года Найсвяцейшая Маці даручыла Луцыі заданне, для якога “на пэўны час” яна павінна была застацца на зямлі: “Езус прагне, каб Мяне больш ведалі і любілі. Я хацела б устанавіць на свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца”. На працягу ўсяго жыцця Луцыя старалася даследаваць праўду аб Маці Божай. Арганізоўвала мноства разнастайных ініцыятыў, каб людзі лепш пазналі Марыю і мацней Яе палюбілі. 

Луцыя дос Сантас

У 1925 годзе дзяўчына ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр св. Дароты, а ў 1948 годзе пераехала ў Кармэль, каб стаць кармэліткай босай. Была простай, сціплай манахіняй, вернай Богу, якая жыла ў цені таямніцы фацімскага паслання. Пра шчырасць, бурны тэмперамент і адвагу с. Луцыі сведчыла тое, што яна смела выражала ўласныя погляды і стукалася ў многія зачыненыя дзверы. Манахіню лічылі асобай спакойнай, але рашучай, свядомай свайго паклікання і місіі.

Манахіня памерла 13 лютага 2005 года. І ўжо праз 3 гады распачаўся яе беатыфікацыйны працэс, які трывае да сёння.С. Луцыя належыць да самых незвычайных постацей мінулага стагоддзя.

На працягу 87-мі гадоў с. Луцыя захоўвала вернасць Марыі, нават у цяжкія хвіліны. Была не толькі сведкам фацімскага паслання, але і яго апосталам. Пры жыцці манахіня пакінула нам запавет, а ў ім – некалькі просьбаў, якія павінны выканаць.

  1. Вернасць фацімскаму пасланню. Словы Маці Божай заўсёды былі для Луцыі важнымі. Яна памятала іх і рабіла ўсё, каб рэалізаваць у жыцці: як сваім, так і ўсяго Касцёла.
  2. Вернасць набажэнству першых субот. Візіянерка просіць нас не толькі практыкаваць гэтае набажэнства, але і распаўсюджваць яго.
  3. Вернасць малітве на Ружанцы. Нам вядома шматразова паўторанае пажаданне Марыі, каб штодзённа маліліся Ружанец. Толькі ён можа забяспечыць свету супакой і адкрыць перад людзьмі брамы неба.
  4. Праяўленне любові да Касцёла і Святога Айца. Яна мае вельмі вялікае значэнне, паколькі Маці Божая ў сваім пасланні сказала, што кожны з нас павінен ахінуць Касцёл любоўю – бязмежнай, бясконцай, вышэйшай за ўсё.

кс. Юрый Марціновіч
Паводле slowo.grodnensis.by

Папа ў Фаціме кананізуе двух сведкаў марыйных аб’яўленняў

Меткі: Хрысціянства, Святыя, кананізацыя

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"