Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць

Ці ўсе грахі могуць прабачацца?

Мы прызвычаеныя да таго, што кожны грэх можа быць адпушчаны. Аднак Святое Пісанне гаворыць пра тое, што існуе такі грэх, які ніколі не будзе прабачаны ні ў зямным жыцці, ні ў вечнасці. Біблія называе яго грахом «супраць Духа Святога» (пар. Мц 12, 31—32; Мк 3, 28—29; Лк 12,10; 2 П 2, 20—22; Гбр 6, 4—6. 10, 26—29). Але ў чым канкрэтна выяўляецца гэты грэх? Знайсці адказ на гэтае пытанне нам дапамагае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК, 1864). Ёсць падрабязнае апісанне шасці праяўленняў гэтага граху:

  • Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць;
  • Роспач або сумненне ў Божай ласцы;
  • Супраціўляцца спазнанай хрысціянскай ісціне;
  • Зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку;
  • Закамянеласць у грахах;
  • Адкладаць пакаянне аж да смерці.

Калі разважаць пра сутнасць усіх гэтых праяўленняў граху супраць Духа Святога, можна заўважыць, што ўсе яны зводзяцца да дзвюх крайнасцяў у духоўным жыцці (пар. ККК, 2091–2092). Умоўна іх можна назваць фальшывым духоўным аптымізмам і фальшывым духоўным песімізмам.

У першым выпадку чалавек не ўстрымліваецца ад граху, бо лічыць, што Бог абавязкова яму прабачыць. У другім выпадку чалавек таксама не ўстрымліваецца ад граху, але ўжо з адваротнай матывацыяй: ён лічыць, што Бог яму ніколі не прабачыць.

Як бачым, у знешнім — практычным і маральным сэнсе — грэх супраць Духа Святога праяўляецца ў нястрымным пагружэнні ў нейкі грэх. Трываць у граху чалавек можа па розных прычынах (свядома, несвядома, упаўшы ў залежнасць, з’яўляючыся закладнікам нейкай сітуацыі і г.д.). Спецыфіка граху супраць Духа Святога заключаецца ў тым, што чалавек трывае ў граху не з-за нейкіх знешніх (не залежных ад яго) ці неўсвядомленых прычынаў. Наадварот. Гэта поўнасцю свядомае і дабравольнае нежаданне пакаяцца, адкідванне такой магчымасці. Як мы ўзгадалі вышэй, пакаянне адкідваецца або па прычыне фальшывага пераканання, што Бог сам усё зробіць, або пераканання, што Бог і так нічога не зробіць. Незалежна ад праяўленняў і перакананняў грэх супраць Духа Святога — гэта свядомае трыванне ў граху і нежаданне ад яго пазбаўляцца.

Здаецца, у сучасным свеце асабліва папулярнае першае з узгаданых праяўленняў граху супраць Дух Святога: грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць. Людзям прыемна ўсведамляць, што Бог іх любіць заўсёды, усюды, незалежна ад акалічнасцяў. Разважанне аб бязмежнасці Божай любові можа прывесці да вельмі небяспечнай высновы: «калі Бог любіць без меры, і калі Ён усё можа, то Ён не можа не ўратаваць сваё любімае дзіця — чалавека. Бог не быў бы Богам, калі б для Яго было нешта немагчымае. Калі Ён можа збавіць, хоча збавіць, значыць — збавіць».

Гэты на першы погляд правільны лагічны ланцужок на самай справе падманлівы, бо магчы і хацець не азначае зрабіць. Існуе розніца паміж жаданнем і дзеяннем. Калі Бог бязмежны ў сваіх магчымасцях, але не выкарыстоўвае іх, каб зацягнуць грэшніка сілком у неба, значыць існуе нейкая прычына, па якой Ён так не робіць. Прычына вельмі простая: Пан Бог не садыст. Ён любіць! А любоў пад прымусам немагчымая. Сапраўдная любоў — гэта дабравольнае жаданне быць разам і нешта рабіць для любімага чалавека.

Чалавек, які трывае ў граху і суцяшае сябе надзеяй на Божую міласэрнасць, становіцца ахвярай уласнага эгаізму. Ён лічыць, што можна грашыць, выкарыстоўваць любоў Бога, перакінуць на Яго клопат аб выратаванні, а самому нічога не рабіць, разбураць, свавольнічаць.

Гэта тыповыя паводзіны нясталага і капрызнага дзіцяці, якое не ўмее любіць і не жадае змяняцца. Адсутнасць спачування, любові, ахвярнасці, няўменне валодаць сабою такі чалавек гатовы прыкрываць прыгожымі словамі сваю слабасць і бязмежнасць Божай міласэрнасці. Аднак учынкі сведчаць пра тое, што такі чалавек не шануе ні Бога, ні сябе. У гэтым кантэксце св. Аўгустын назваў грэх «любоўю да сябе, даведзенай ажно да прыніжэння Бога» («Contra Faustum manichaeum», 22). Папа Бэнэдыкт XVI, працягваючы думку св. Агустына, указваў на Бога, аб’яўленага ў Хрысце, які палюбіў чалавека ажно да прыніжэння сябе. Як жа страшна выглядае чалавек, які ўпарта намагаецца выкарыстаць Любоў Бога, у душы пагарджаючы ёю, выбіраючы трыванне ў граху.

Дык чаму ж не прабачаецца грэх супраць Духа Святога? Чаму не прабачаецца празмерная надзея грэшніка на Божую міласэрнасць? Не прабачаецца таму, што чалавек не жадае прыняць прабачэнне, бо ўмова прабачэння — пакаянне, адмаўленне ад граху. Усё вырашаюць не прыгожыя словы грэшніка пра Бога, пра любоў і спадзяванні, а канкрэтныя дзеянні, скіраваныя на вызваленне ад граху неадкладна. Узгаданы ўжо намі св. Аўгустын казаў: «Бог стварыў цябе без цябе, але не збаўляе цябе без цябе» («Sermones», 169). Вызваліцца з граху празмернай надзеі можна толькі адным шляхам: пачаць рабіць хоць нешта, каб ужо цяпер пераадолець грэх, і клікаць Духа Святога, каб Ён даў мудрасць і моц для поўнай перамогі Хрыста ў нашым жыцці.

Кс. Андрэй Рылка
Паводле Ave Maria

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"