Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

А што пасля споведзі?

Некаторыя лічаць, што вызнанне грахоў перад святаром з’яўляецца асноўным элементам паяднання з Богам і часцей за ўсё ўспрымаюць яго як прыкры і балючы абавязак. З хвілінай адыходу ад канфесіяналу прыходзіць пачуццё супакою ажно да бліжэйшых святаў, у той час як сакрамэнт паяднання з моманту развітання са спаведнікам толькі пачынаецца.

Працэс навяртання

Кардынал К. М. Марціні раіў надаць споведзі характар трайнога вызнання (confessio): вызнання хвалы і праслаўлення Бога злучанага з падзякай (confessio laudi), вызнання сваіх слабасцяў перад абліччам сэрца міласэрнага Айца (confessio vitae) і вызнання веры ў Божую міласэрнасць (confessio fidei).

Нямецкі бэнэдыктынец Ансэльм Грун OSB прапанаваў узмацніць гэты сакрамэнт пэўным рытуалам святочнага характару (postludium). Для адных ён быў бы хвілінай цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, для іншых -радасцю, выражанай келіхам віна, для астатніх — сустрэчай з блізкімі ці сябрамі.

Спосабы ажыўлення сакрамэнту паяднання, якія прапануюць вядомыя тэолагі, павінны суправаджацца штодзённай духоўнай працай. Мэтай сакрамэнту паяднання з’яўляецца таксама навяртанне. Гэтае новазапаветнае паняцце выходзіць ад грэцкага слова metanoia, якое абазначае “пазнаць у пазнейшы час”, “змяніць спосаб мыслення

Сапраўднае навяртанне не з’яўляецца аднаразовым здарэннем. Гэта працэс, які трывае ўсё жыццё. Кожны дзень, пазнаючы Бога, Яго любоў і міласэрнасць, перамагаючы свае слабасці і, робячы высновы з паразаў, мы навяртаемся, інакш кажучы, змяняем мысленне, набліжаемся да Бога.

Рахунак сумлення і пастанова выправіцца

У духоўнай працы важнае месца займае штодзённы рахунак сумлення. Гэта дапамога ва ўчыненні рэфлексіі над вызнаванымі падчас споведзі грахамі, а таксама ў даследаванні ўласнай свядомасці: наколькі працэс навяртання выконваецца ў штодзённасці.

Кароткая рэфлексія падчас вячэрняй малітвы з’яўляецца дасягальнай для кожнага. Падчас яе можна дзякаваць Богу за дабро і духоўнае ўзрастанне, а можна таксама зрабіць кароткую рэвізію сваіх пачуццяў, матываў, словаў, думак, паводзінаў і ўчынкаў.

У сакраманце паяднання важнымі з’яўляюцца духоўныя пастановы — “матор” для далейшай працы. Ужываючы іх, трэба аднак пазбягаць пэўных пастак. Перш за ўсё яны не павінны быць абстрактнымі (“Буду больш любіць Пана Бога”), бо ў штодзённасці яны “размываюцца” і замест таго, каб быць стымулам да далейшай працы, выклікаюць засмучэнні і расчараванні. Яны не павінны быць адарванымі ад рэальнасці. Перакананне, што дастаткова даверыцца Богу, а Ён сам будзе дзейнічаць — гэтага мала. Нельга таксама чакаць лёгкіх і імгненных зменаў падчас рэалізацыі пастановаў.

Псіхолаг Ансельм Грун OSB замест пастаноў прапануе ўжываць тэрмін “праграма практыкаванняў“: “Вядома, што цяжка змяніцца карэнным чынам, але можна практыкавацца, каб прынамсі штосьці змянілася, можна выпрабоўваць новыя шляхі”. Дапамогай у рэалізацыі “праграмы практыкаванняў” можа быць дзённік пачуццяў. Назіранне за тым, як праходзіць унутраная праца і накірунак духоўнага развіцця, вельмі дапамагае ў духоўнай практыцы.

Прабачэнне і паяднанне

Інтэгральнай часткай споведзі з’яўляецца прабачэнне і паяднанне з людзьмі. Досвед Божай міласэрнасці – гэта не прыватная справа, якая не мае ніякага ўплыву і ўздзеяння на іншых.сакрамэнт пакаяння дае ласку, каб распачаць працэс паяднання з сабой і бліжнім. Часам гэта становіцца магчымым адразу пасля споведзі. Але часцей патрабуе часу і сталасці, асабліва, калі мова ідзе пра даўнія эмацыйныя параненні.

Прабачэнне і прыняцце прабачэння мае тэрапеўтычнае вымярэнне. Яго недахоп нараджае горыч. Больш таго, робіць залежным. Пакуль чалавек не прабачыць, ён звязаны з іншымі нябачнай ніткай і не да канца з’яўляецца сабою. Замест духоўнага супакою і радасці яго суправаджаюць сум і агрэсія.

Закаранелыя і штодзённыя грахі

У ацэньванні закаранелага граху трэба мець на ўвазе шматлікія чыннікі, напр., пачуццёвую нясталасць чалавека, стан страху, псіхічныя або сацыяльныя прычыны. Гэтыя, а таксама іншыя ўмовы змяншаюць, а часта нават зводзяць да мінімуму маральную віну. Аднак, гэта не азначае, што да закаранелых грахоў можна ставіцца паблажліва. Наадварот, з-за таго, што яны моцна ўкараніліся, патрабуюць большай духоўнай працы. Акрамя малітваў і іншай духоўнай дапамогі рэкамендуецца знайсці духоўнага кіраўніка. У выпадку споведзі з закаранелых грахоў нельга рабіць пастаноў тыпу: “Ніколі больш гэтага граху не зраблю ”, бо гэта немагчыма. У такім выпадку трэба карыстацца тымі сродкамі, якія паступова будуць выводзіць з залежнасці.

Іншай праблемай з’яўляюцца штодзённыя грахі. Яны нястомна спадарожнічаюць чалавеку ў жыцці з большай ці меншай інтэнсіўнасцю. Некаторыя сумняваюцца ў сэнсе споведзі, якая з’яўляецца пастаянным (звычайна несвядомым) паўтарэннем такіх “вывучаных” грахоў. У сакрамэнце паяднання аднак не маецца на ўвазе тое, каб мы былі арыгінальныя або прыдумвалі новыя грахі. Пан Бог добра ведае нашае сэрца. Таму чакае шчырасці, праўды і пакаяння. Акрамя гэтага, ўсведамленне паўтараемых слабасцяў нараджае большую пакору перад Богам, самім сабой, а таксама ўстрыманасць у адносінах да памылак іншых.

Выкананне прызначанай пакуты

Дапаўненнем споведзі з’яўляецца дзейнасць, накіраваная на выпраўленне ўчыненых памылак. Адпушчэнне грахоў выдаляе грэх, але не знішчае беспарадак, які ўвёў грэх. Пакута залежыць ад вагі і акалічнасцяў граху. Часам гэта будзе доўгая малітва, іншым разам — учынкі міласэрнасці, розныя формы аскезы ці прыняцце цярпення. Калі грэх парушыў маральнае ці матэрыяльнае дабро бліжніх, ён вымагае рэстытуцыі. Напрыклад, крадзеж чужой рэчы патрабуе яе звароту. Знеслаўленне бліжніх — выпраўлення сказанай няпраўды.

Гэта вымаганні, якія вынікаюць са справядлівасці, правоў іншых і любові да бліжняга. Без іх выканання споведзь застаецца фармальным актам.

Засігналізаваныя праблемы сведчаць, што споведзь не заканчваецца з хвілінай атрымання адпушчэння грахоў. Гэта працэс навяртання, які трывае на працягу ўсяго жыцця. Тым больш свядомы, чым глыбейшае духоўнае жыццё.

Святыя мелі найбольшую свядомасць сутнасці граху. Адчувалі, што нават найменшы грэх аддзяляе іх ад Бога. Таму часта спавядаліся і жылі ў перакананні, што з’яўляюцца толькі грэшнікамі, якім Пан дараваў вялікі грэх. Няхай іх прыклад заахвочвае да штодзённай унутранай працы і навяртання.

Паводле grodnensis.by
са спасылкай на deon.pl

Меткі: Пакаянне

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч