Аб’яўленне Пана або наведванне Трох Каралёў
“…Вось прыбылі магі з усходу ў Ерузалем.… Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся. І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.” (Мц 2, 1, 10-11).
Урачыстасць Аб’яўлення Пана была вядома на Усходзе ўжо ў III веку. Па-грэцку назва гэтага свята гучыць як Epifania, што азначае “з’яўлянне боства ў людской постаці“. У літургіі гэтая ўрачыстасць звязана неразарвальна з Божым Нараджэннем. На Захадзе гэтая ўрачыстасць узнікла на 100 гадоў пазней і ператварылася ў свята Трох Каралёў.
Прышэльцы здалёк
Прышэльцы здалёк – гэта каралі, як даносіць да нас традыцыя. Гісторыкі сцвярджаюць, што гэтыя мудрацы былі вядомы ў Бабілёне, у дварах персаў і мідзянаў. Магі, якія там развівалі актыўную дзейнасць у розных напрамках, моцна ўплывалі на палітычнае, рэлігійнае і грамадскае жыццё краіны. Іх заданне – ажыццяўленне культу і растлумачэнне з’яваў прыроды. У апошнім іх прызнавалі бясспрэчнымі аўтарытэтамі. Яны ведалі значэнне астранамічных з’яваў і, калі гэта было патрэбна, то надавалі ім адпаведны сэнс.
Святое Пісанне не гаворыць, колькі было мудрацоў. Іх магло быць многа. Але паводле традыцыі іх было трох, адпаведна таму, колькі дароў было імі прынесена: золата, ладан і мірра. Аналагічна Святое Пісанне не падае іхніх імёнаў. У нашай традыцыі былі прыняты імёны: Каспэр, што азначае “годны хвалы” – ён павінен быць чарнаскуры, мець самы высокі рост і паходзіць з Этыёпіі; Мельхіёр ці “Бог ёсць маім святлом” – павінен быць самага ніжэйшага росту і паходзіць з Егіпту; Бальтазар ці іншымі словамі “Бог прыняў яго жыццё” – павінен быў паходзіць з Усходняй Азіі.
Ахвяраваныя дары
Мудрацы прынеслі дары Дзіцятку, каб споўніліся прароцтвы пра тое, што каралі Усходу і валадары ўсіх народаў прыносяць дары Месію і будуць яму служыць (Пс 72, 10-11, Іс 60, 1-10). Мудрацы падаюць на калені перад Езусам, бо прызнаюць Яго Богам. Цудоўныя былі тыя дары мудрацоў: золата, ладан і мірра. У Ізраілі золата было вядома даўно. Яго не лічылі самым каштоўным, бо ведалі, што багацце праходзіць. Для ізраільцянаў яно азначала тое, што ёсць на свеце прыгожае, багатае, слаўнае і вартаснае, у дадзеным выпадку азначала – Валадара свету. У паганскім свеце ладан лічылі духмянасцю, якую прыносілі ў якасці ахвяры. Ладан палілі ў святыні падчас складання ахвяраў дзеля ўшанавання якога-небудзь боства. Дым, які ўзносіўся ўгару, з’яўляецца сімвалам малітвы да Бога, як адлюстраванне пашаны і хвалы Яму. Міра – гэта каштоўны бальзам, які ўжывалі падчас урачыстасці, каб навокал разыходзіўся прыемны пах. Мірай намашчалі таксама памерлых, а дабаўленая ў віно, яна ўзмацняла яго і садзейнічала таму, што той, хто яго выпіваў, быў злёгку адурманены. Таму такі напой падавалі асуджаным. Падчас аб’яўлення мудрацоў з Усходу міра была прадвесцем чалавека-ахвяры, збаўленчай мукі Езуса.
Звычай асвячэння
Касцёл увёў традыцыю асвячэння золата і ладану падчас урачыстасці Аб’яўлення Пана толькі ў канцы XV пачатку XVI стагоддзяў. Кароль Ян Казімір меў звычай класці на алтар (як ахвяру) ўсе манеты, якія былі выпушчаны ў мінулым годзе. Асвячаным золатам дакраналіся да шыі чалавека, каб засцерагчы яе перад хваробай. Вернікі акаджалі ладанам свае памяшканні і нават аборы, а ў іх – хворую жывёлу. У касцёлах асвячалі міру, якая была галоўным чынам смалой дрэва сommiphore, а ладан – жывіцай з розных дрэваў з дадаткаў водару ўсіх зёлкаў. Ёсць звыш 10 гатункаў дрэў з духмяным пахам, бальзамаў. Яны растуць галоўным чынам у Афрыцы (Самалі і Этыёпія) і ў Саудаўскай Арабіі. Звычай асвячэння крэйды меў месца ў XVIII ст. На дзвярах сваіх дамоў мы пішам крэйдай першыя літары імён мудрацоў і бягучы год.
C + M + B + 2019
У Сярэднявеччы гэты надпіс прачытвалі на лацінскай мове як: “Christus Mansioni Benedicat”, што азначае “Няхай Хрыстус благаславіць дом”. Паводле іншых інтэрпрэтацый С, М і В азначае: “Christus Multorum Вenefactor” ці “Хрыстус – дабрачынец многіх”.
Народныя традыцыі
З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаныя розныя народныя традыцыі. У дамах пад канец святочнага абеду разносілі пірагі. Хто атрымаў кавалак ласунка з мігдалам, быў мігдалавым каралём. Дзеці хадзілі па дамах з зоркай і спявалі калядкі, атрымліваючы ад гаспадыні “шчадракі” ці ражкі. Ва ўсіх касцёлах, калі наступала свята Трох Каралёў, дадавалі да бэтлеемскай батлейкі фігуркі святых, а за імі – світу рознага гатунку: персаў, арабаў, афрыканцаў, якія вядуць коні, сланы і вярблюды; розныя войскі: ліцвінскія, польскія, маскоўскія, вугорскія; розныя конныя гусарскія, уланскія атрады. З днём Трох Каралёў звязаны народныя прыказкі: “У свята Трох Каралёў кожны пад кажух туліцца”. У старадаўнія часы перыяд ад Божага Нараджэння да Трох Каралёў лічылі святым: не выконвалі ў гэтую пару ніякіх цяжкіх працаў, нават, жанчыны перарывалі прадзіва.
Давайце ж і мы пойдзем і складзем дары Езусу: золата нашага жыцця, ладан нашых малітваў і міру нашага цярпення. Пойдзем там, дзе Езус нараджаецца кожны дзень: на алтарах нашых касцёлаў. Папросім Яго аб благаславенстве для сем’яў. Давайце ж прызнаемся ў веры перад людзьмі, пазначаючы літарамі на дзвярах нашых дамоў і паклапоцімся пра тое, каб гэтыя літары былі напісаны асвечанай і прынесенай з касцёла крэйдай, а не пазычанай у суседа.
Віталій Бяленік
Паводле www.wsd.grodnensis.by
Меткі: Божае Нараджэнне, Свята, Хрысціянства