Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Падрыхтоўка да сустрэчы

Надышоў чарговы Адвэнт — літургічны перыяд, які папярэднічае Божаму Нараджэнню. Для некаторых ён пяты, дзясяты або трыццаты. Закончыцца Адвэнт 24 снежня.

Убачыўшы святара ў фіялетавай вопратцы каля алтара, мы можам падумаць, што надышоў чарговы час пакаяння, аднак гэта не зусім так. На ўзнікненне Адвэнта ў Рыма-каталіцкім Касцёле паўплывалі дзве традыцыі — рымская і гальская. Да апошняга часу пераважала ўспрыманне Адвэнта, якое зарадзілася ў Галіі. Адвэнт меў у ёй пакаяльныя элементы. Цяпер жа нельга казаць пра Адвэнт як пра пост перад Калядамі. Касцёл у гэтыя дні з радасцю рыхтуецца да прыходу Хрыста.

У самой назве — значэнне гэтага перыяду. Слова “адвэнт” паходзіць ад лацінскага дзеяслова ad venire, што на беларускай мове можна патлумачыць як “прыходзіць да”. Мы радуемся, бо Сын Божы прыходзіць да нас. Ён ужо аднойчы прыходзіў, нарадзіўшыся ў Бэтлееме, і прыйдзе другі раз у канцы часоў.

Калі жаўнер рымскага легіёна ішоў на вайну, яго жонка апранала вопратку пурпуровага колеру, адценне якой было блізкае да фіялетавага. Такі быў бачны знак яе чакання. Для вернікаў лацінскага абраду фіялетавы колер літургічных вопратак у Адвэнце можа быць знакам чакання. Мы просім Бога, каб Ён падрыхтаваў усіх людзей да другога прыходу Хрыста. Евангелле заклікае нас не трапляць у духоўны сон, а быць гатовымі, што Бог пакліча нас з гэтай зямлі ў той момант, пра які мы не ведаем. Быць гатовымі — азначае зрабіць усё так, як трэба, не адкладваючы на заўтра. Можа, мы займаемся непатрэбнымі справамі, а нашы прамыя абавязкі не выконваем? Можа, мы жывём за кошт іншых і не бяром адказнасць за сваё жыццё? Можа, наша запрацаванасць аддаліла нас ад сям’і? Бог прыходзіць нечакана, і важна не прапусціць гэту важную сустрэчу.

“Кожнай парою, кожны дзень я хачу быць гатовы стаць перад Богам”, — так думае адноўлены чалавек. Той, хто ўсведамляе сваё грэхападзенне, няхай як мага хутчэй бяжыць да любячых абдымкаў Міласэрнага Бога. Бог прыходзіць, каб даць нам жыццё ў любові.

Кс. Кірыл Бардонаў
Паводле ng.sb.by