Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

«І будуць двое адно»: разважанні аб сямейным шчасці

Гэтым артыкулам я б хацела распачаць разважанні аб сужэнскім жыцці. Тэма, зразумела, неабсяжная, і для кожнай канкрэтнай сям’і ў ёй знойдуцца больш ці менш актуальныя пытанні, аднак хацелася б у гэтым цыкле «І будуць двое адно» распавесці аб найбольш распаўсюджаных «падводных камянях» і «струменях» сямейнага жыцця.

Разважаючы аб сямейным жыцці, я б хацела ў гэтым цыкле звярнуць увагу менавіта на адносіны сужэнцаў, бо тэму выхавання дзяцей і адносінаў з імі мы даволі дэталёва разабралі ў папярэдніх размовах з цыклу «Асцярожна — дзеці!».

Мне падаецца, што погляд людзей на сямейнае жыццё да шлюбу і пасля значна адрозніваецца. Большасць маладых людзей, якія яшчэ не стварылі сям’і, часта падзяляюць мару, якая прадстаўлена ў дзіцячых казках: «Прынц і прынцэса ажаніліся і жылі доўга і шчасліва». Тыя ж, хто пачынае сямейнае жыццё, вельмі хутка ўпэўніваюцца, што вяселле — гэта не канец «казкі», а толькі пачатак, і што фраза «жылі доўга і шчасліва» сама па сабе разгортваецца ў суцэльную, вельмі доўгую, поўную нечаканасцяў і прыгодаў гісторыю, якая патрабуе ад яе «герояў» моцы, вытрымкі, самаахвярнасці, працы над сабой і, зразумела, любові. Аб некаторых рысах гэтага падарожжа мы і будзем размаўляць: аб тым, як змяняецца жыццё чалавека пасля таго, як ён/яна становяцца мужам/жонкай; як змяняюцца яго адносіны з бацькамі, сябрамі і знаёмымі; як будуюцца адносіны з новымі сваякамі; нарэшце, якія існуюць крызісы сямейнага жыцця, абумоўленыя часам, і як можна іх пераадолець. Неабходна таксама, на мой погляд, паразважаць і аб тым, як змяняюцца адносіны паміж сужэнцамі са з’яўленнем першага ці чарговага дзіцятка, аб «прахалодзе» ў жарсных адносінах і наогул аб месцы і ролі дзяцей у сямейнай іерархіі; аб тым, што рабіць, каб карабель сям’і не разбіўся аб камяні побыту і шэрай паўсядзённасці і, нарэшце, аб тым, якія складанасці нясуць з сабою такія «квазі-шлюбы», як грамадзянскія шлюбы ці сумеснае пражыванне.

У сённяшняй размове мы звернем увагу на фразу з Евангелля, якая стала агульнай назвай нашых размоваў: «Пакіне чалавек бацьку і маці сваіх, і стануцца двое адным целам». Углядаючыся ў глыбінны сэнс гэтай фразы, мы можам пабачыць, што яна мае нібыта некалькі вымярэнняў. На самай паверхі ляжыць сацыяльнае вымярэнне: калі чалавек знаходзіць сваю палавіну і распачынае сямейнае жыццё, ён бярэ на сябе новыя сацыяльныя ролі, змяняе свой сацыяльны статус: з сына ці дачкі, сястры ці брата ён/яна становіцца мужам (жонкай) — утваральнікамі новай сям’і, асяродка, дзе з цягам часу народзіцца новае жыццё і будзе працягнута гісторыя чалавечых лёсаў. У самым шырокім сэнсе гэтае новае становішча накладае на двух людзей новыя абавязкі па падтрымцы сваёй сям’і, па існаванні ў грамадстве ў гэтым новым статусе.

шчаслівая сям'я

Іншае вымярэнне, якое часта прыгадваюць, каментуючы гэтую фразу, можна назваць сямейным. Яно тычыцца адносінаў паміж маладымі сужэнцамі і іх бацькамі і падкрэслівае, што са зменай сямейнага стану гэтыя адносіны кардынальна змяняюцца, пераходзяць на іншы ўзровень.

Не сакрэт, аднак, што тэарэтычнае абмеркаванне гэтых вымярэнняў вельмі далёкае ад практыкі: насамрэч, навокал мы бачым каласальную колькасць маладых людзей, якія заключаюць шлюб, але не прымаюць на сябе ніякіх абавязкаў і адказнасці і, па сутнасці, нічога не змяняюць у сваім жыцці. Шмат прыкладаў таксама і таго, як, нават стварыўшы сваю сям’ю, чалавек застаецца ў першую чаргу сынам /дачкой сваіх бацькоў і сямейнае жыццё будуе так, як быццам бы будаваў не сваю ўласную сям’ю, а паўтараў сям’ю сваіх бацькоў.

Гэтыя сітуацыі, якія, насамрэч, з’яўляюцца прычынай вельмі шматлікіх балючых сітуацый непаразумення, нячуласці і нават разводаў, патрабуюць, на мой погляд, таго, каб на фразу «і будуць двое адно» зірнуць яшчэ ў адным вымярэнні: духоўна-псіхалагічным. У такім кантэксце гэтая фраза становіцца патрабаваннем кардынальнай змены самога спосабу мыслення і самаўспрымання чалавека. Становячыся мужам/жонкай, ён ці яна павінны кардынальна па-новаму пачаць успрымаць сябе і свайго сужонка, стварыць цалкам новую карціну самога сябе. Асноўнай рысай гэтага новага бачання з’яўляецца, на мой погляд, сталасць, гатоўнасць да самастойнага жыцця, адказнасць, рэалізм поглядаў на жыццё, дастатковая ўнутраная моц для пераадолення цяжкасцяў і для перажывання поспехаў. Гэта таксама гатоўнасць разам з іншым чалавекам будаваць сваё жыццё і шчасце, разумець, што гармонія ў сямейных адносінах — гэта не дадзенасць, якая неспадзявана «валіцца з неба», а вынік клапатлівай, штодзённай, часам вельмі цяжкай працы, і магчымасць гэтую працу выконваць. Адным словам, шлюб — гэта магчымасць распачаць свой уласны шлях па жыцці, шлях, падзелены з іншым чалавекам, які вядзе іх абодвух да вечнасці.

Наталля Станкевіч
Паводле Catholic.by

Меткі: Сужэнства

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч