Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Можа маеш пакліканне да святарства або да манаскага жыцця? Парады для распазнання паклікання

Што з’яўляецца першым указаннем на пакліканне?

“Хіба пайду ў кляштар”. “А можа, я павінен стаць святаром?” Такія думкі паяўляюцца ў многіх хлопцаў і дзяўчат. Гэта можа быць голас паклікання, але гэта можа быць і простае жаданне пазбавіцца ад штодзённых праблем.

Тысячы чалавек прыходзілі да Езуса, каб слухаць Яго, каб паглядзець на знакі, якія Ён чыніў, і каб пад Яго ўплывам змяніць сваё жыццё. Але толькі некаторыя пачулі ад Яго непасрэдна скіраваныя словы “Ідзі за мной”. Такім чынам Хрыстус клікаў для “асаблівых заданняў” у супольнасці Яго паслядоўнікаў. Ён гэта робіць і далей. Як пачуць і распазнаць Яго голас? Адкрыць, што Ён прамаўляе да мяне? Што зрабіць, каб не абмінуць Яго пакліканне? На што звярнуць увагу?

1. Няма адзінай схемы паклікання

У інтэрнэце шмат даведнікаў для кандыдатаў да святарства і кансэкраванага жыцця. Дастаткова ўвесці ў пошукавую сістэму запыт “як распазнаць пакліканне”. І калі вы ўважліва паглядзіце, то заўважыце, што ў гэтай сферы няма нейкай схемы ці шаблону. Аднак, як заўважыў адзін святар, Езус не рабіў “набор”, але да кожнага падыходзіў індывідуальна, клікаў па імені, запрашаў да вызначанай місіі.

Некаторыя з пакліканых цікавіліся Ім яшчэ раней (напрыклад, два вучні Яна Хрысціцеля). Іншыя, як напрыклад, Мацвей-мытнік, больш цікавіліся іншымі рэчамі. Былі і асобы, пакліканыя для канкрэтна вызначанай місіі, якія да Хрыста былі прыведзеныя іншымі. Напрыклад, Сымон-Пётр.

Гэтак жа адбываецца і сёння. Голас паклікання могуць пачуць і пабожныя каталікі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла, але таксама і тыя, хто не вельмі часта практыкуе рэлігійнае жыццё. Бывае, што хто-небудзь з родных ці сяброў, а часам і незнаёмы чалавек кажа якое-небудзь слова, каторае змяшчае ў сабе заклік Хрыста “Ідзі за Мной”.

Усіх, хто пайшоў услед за Езусам у адказ на Яго заклік, яднае адно і тое ж…

2. Ты гатовы змяніць сваё жыццё?

Евангелле неаднаразова апісвае сітуацыі, у якіх тыя, што пачулі заклік Езуса, адказваюць на яго неадкладна. Выразным знакам з іх боку з’яўляецца пакіданне іх папярэдняй дзейнасці і, перш за ўсё, перамена ладу жыцця, выкліканая накіраваннем яго да новай мэты, указанай Езусам. Спатканне з Ім становіцца пераломным момантам, якога яны больш-менш свядома чакалі, да якога яны рыхтаваліся. Яны жадаюць змяніць сваё жыццё, але не з-за сябе.

Калі гатоўнасці да радыкальнай змены жыцця няма, калі ёсць прывязанасць да розных справаў, звязаных са штодзённасцю, калі ёсць спробы паставіць умовы, то пакліканыя Хрыстом часцей за ўсё не могуць прыняць станоўчага рашэння. Яны адыходзяць сумныя, як багаты малады чалавек (Мк 10, 22), не гледзячы на тое, прынамсі, на іх думку, што маюць добрыя намеры.

3. Пашукай цішыні і размовы з ужо пакліканым

У шуме, які сёння напаўняе жыццё чалавека, немагчыма пачуць заклік Езуса. Больш за тое, можна памыліцца і палічыць за Яго голас штосьці іншае. Таму, з аднаго боку, неабходна цішыня, каб пераканацца, што гэта Хрыстус кліча. Але трэба таксама і шмат малітвы, непасрэднага спаткання з Езусам.

Часта мэтазгодна змяніць месца, напрыклад, паехаць на рэкалекцыі альбо ў іншае месца, напоўненае цішынёй. Як пісаў Адам Міцкевіч, “гучней, чым у размовах, Бог прамаўляе ў цішыні, і хто зробіць у сэрцы цішыню, адразу Яго пачуе”.

Аднак размова таксама неабходная. Варта паразмаўляць з чалавекам, які пачуў голас паклікання і ўжо адказаў на яго, са святаром, законнай сястрой, манахам. Варта пытаць, шукаць, даведвацца, як выглядае іх жыццё.

4. Неабходнасць: малітва і Святое Пісанне

Перш за ўсё неабходная размова з Богам. Ён той, Хто дае пакліканне, таму неабходна ў Яго прасіць дапамогі ў распазнанні правільнага шляху. Варта надаваць больш часу малітве, арыентуючыся не толькі на размову, перапаўняючы Бога просьбамі і пытаннямі, але перш за ўсё на слуханне.

Сэнс у тым, каб выявіць і зразумець Божую волю для мяне, а не пераконваць Бога ў сваім бачанні будучыні.

Слухаючы голас Бога, трэба звярнуцца да Святога Пісання, бо яно змяшчае адказы на шматлікія пытанні і сумневы, якія датычацца паклікання. Варта засяродзіцца на гісторыях асобных людзей, якіх выбраў Бог. Напрыклад, жыццё і лёс апосталаў не толькі дае шмат інфармацыі для разважання, але і паказвае, як здзяйсняецца пакліканне Езусам, як яно развіваецца і што адбываецца далей.

5. Будзь адважным і гатовым да сюрпрызаў

Распазнанне паклікання патрабуе мужнасці. Можа адбыцца так, што, каб адказаць на заклік Хрыста, будзе трэба як святы Станіслаў Костка пайсці насуперак самым блізкім людзям, якіх вы любіце.

Часам здараецца, што хтосьці глыбока перакананы, што ён павінен стаць законнікам ці законніцай, як святая Брыгіда Шведская, якая з дзяцінства мела такі намер. Аднак яе пакліканне аказалася іншым. Хоць яна і заснавала кангрэгацыю, але яна ніколі не склала рэлігійных шлюбаў. Шмат гадоў яна была жонкай, нарадзіла восем дзяцей і … аказала велізарны ўплыў на жыццё Касцёла.

Здараецца, што той, хто на працягу многіх гадоў (напрыклад, у парафіі ці ў нейкай іншай супольнасці) духоўна фарміруецца у пэўным тыпе духоўнасці, калі чуе голас паклікання, лічыць заканамерным ісці далей у гэтым кірунку. Аднак ў пэўны момант ён нечакана разумее, што Бог накіроўвае яе ці яго ў зусім іншым напрамку. Напрыклад, камусьці сфармаванаму праз рэдэмптарыстаў, Бог дае пакліканне ў кангрэгацыі салезіянаў ці езуітаў.

6. Першы паказчык паклікання: радасць

Адказваючы на пытанне, як можна даведацца пра сваё пакліканне ў сучасным свеце, Папа Францішак сказаў, што першым паказчыкам з’яўляецца радасць сустрэчы з Езусам.

“Сужэнства, кансэкраванае жыццё, святарства – кожнае пакліканне пачынаецца з сустрэчы з Езусам, Які дае нам радасць і новую надзею і вядзе нас, таксама праз выпрабаванні і цяжкасці, да больш поўнага спаткання з Ім і да поўнай радасці”, – зазначыў Святы Айцец.

Пакліканне – гэта дар, які нельга заслужыць. Гэта дар не толькі для саміх пакліканых, але перш за ўсё для Касцёла. Таму, як падкрэсліў Папа Францішак, пакліканы “не гаспадар свайго паклікання, але распарадчык дару, які Бог даручыў яму на карысць усіх людзей”.

Пакліканне адбываецца праз супольнасць, нараджаецца і развіваецца ў Касцёле, распазнаецца і падтрымліваецца Касцёлам. Адказам Касцёла на адкрыццё паклікання адным з яго ўдзельнікаў з’яўляецца фармацыя. Гаворка ідзе пра тое, каб пакліканне было плённым.

Той, хто паступае ў семінарыю альбо ўступае ў рэлігійную кангрэгацыю, у гэты момант не прымае рашэння на ўсё жыццё. Перад тым, як скласці вечныя манаскія шлюбы альбо прыняць пасвячэнні, Касцёл як супольнасць вернікаў дапаможа пакліканаму добра распазнаць сваё пакліканне і падрыхтуе да жыцця паводле яго.

кс. Артур Стопка
Пераклаў кс. Аляксей Ляшко, паводле матэрыялаў pl.aleteia.org
П
аводле catholicnews.by

Меткі: духоўнае жыццё, Разважанні, Моладзь, Хрысціянства