Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Святы Тамаш: Божы Сын прыняў нашую натуру, каб учыніць людзей багамі

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста прапануем духоўнае разважанне св. Тамаша Аквінскага на тэму збавеннага сакрамэнту Эўхарыстыі з сённяшняй літургічнай Гадзіны чытанняў.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Ілюстрацыйная выява: mercy.e-monsite.com

О дзівосная і цудоўная гасціна!

Адзінародны Божы Сын, жадаючы даць нам удзел у сваім бостве, прыняў нашую натуру, каб, стаўшыся чалавекам, учыніць людзей багамі.

Больш за тое, усё, што Ён прыняў ад нас, цалкам прызначыў для нашага збаўлення. Ахвяраваў сваё цела Богу Айцу як уміласціўленне за нас. Сваю кроў праліў дзеля нашага адкуплення і абмыцця, каб мы, выкупленыя з няшчаснай няволі, былі ачышчаныя ад усіх грахоў.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Ілюстрацыйная выява: catholictradition.org

Але каб памяць пра такое вялікае дабрадзейства жыла ў нас заўсёды, Ён пакінуў сваім верным у постаці хлеба і віна сваё Цела як спажытак і Кроў як напой.

О дзівосная і цудоўная гасціна, збавенная і поўная ўсялякай слодычы! Што ж можа быць яшчэ больш цудоўным?

Ужо не мяса казлоў і цяльцоў, як у Старым Запавеце, але сам Хрыстус, праўдзівы Бог, ахвяруецца як спажытак.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Ілюстрацыйная выява: WordPress.com

Ніводзін іншы сакрамэнт не з’яўляецца больш збавенным; ён знішчае грахі, памнажае цноты, шчодра насычае душу духоўнымі дарамі.

У Касцёле Эўхарыстыя цэлебруецца як за жывых, так і за памерлых, каб дапамагаць усім, бо была ўстаноўлена дзеля дабра ўсіх.

Урэшце, ніхто не можа выказаць слодычы гэтага сакрамэнту. Праз яго пазнаецца смак духоўнай радасці каля самай крыніцы; праз яго ўшаноўваецца памяць непараўнальнай любові, засведчанай Хрыстом падчас Мукі.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Ілюстрацыйная выява: truecrosschurch.org

Каб веліч гэтай любові найдасканалей была ўпісана ў сэрцы вернікаў, пасля спажыцця Апошняй Вячэры разам са сваімі вучнямі, калі намерваўся перайсці з гэтага свету да Айца, Хрыстус устанавіў гэты сакрамэнт як вечны ўспамін сваёй Мукі, як спаўненне даўніх прадказанняў, як найбольшую сваю справу, і пакінуў як асаблівае суцяшэнне для тых, хто смуткуе з прычыны Ягонага адыходу.

Св. Тамаш Аквінскі. Opusculum 57, in festo Corporis Christi, lect. 1–4. © Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Паводле catholic.by

Меткі: Навука, Урачыстасць, Разважанні, Хрысціянства, Катэхеза, Эўхарыстыя

  • Творчая выстава архітэктара Аляксандра Базевіча адкрыецца ў мінскім Чырвоным касцёле

    22 верасня ў Белай зале мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены (вул. Савецкая, 15) адбудзецца адкрыццё творчай выставы архітэктара Аляксандра Базевіча «Адраджэнне касцёлаў на Беларусі». Пачатак у 12.30.

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.