Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Май – месяц Маці Божай

“Да Цябе ўсё прамаўляе:
Галасы людзей, траў, ветру,
І мінучыя, і спрадвечныя.
Усё ля ног Тваіх каецца,
Лісце ў садзе, зерне ў глебе,
Да Цябе ўсё горнецца.
Ты зарыстая Гаспадыня мая!”

Ужо распачаўся месяц май, які паўсюдна лічыцца самым прыгожым. Касцёл прысвячае гэты перыяд асабліваму ўшанаванню Маці Божай. “На самой справе гэта Яна з’яўляецца найпрыгажэйшай кветкай, якая расцвіла з часоў стварэння, «ружай», якая з’явілася ў адпаведны час, калі Бог, пасылаючы свайго Сына, адарыў свет новай вясной. Яна таксама з’яўляецца пакорнай і далікатнай выканаўцай першых крокаў хрысціянскай супольнасці: Марыя – сэрца гэтай супольнасці, таму што сама Яе прысутнасць сярод вучняў з’яўляецца жывой памяццю пра Езуса і задаткам дару Яго Духа”, – казаў у 2010 г. папа Бенедыкт XVI у катэхезе, якая растлумачвала літургічны кантэкст прысвячэння Марыі гэтага месяца.

Усемагутны Бог, Спрадвечная Мудрасць, даў свету свайго Сына праз Марыю. Прысутнасць Бога сярод нас у чалавечым целе была магчымай дзякуючы “fiat” Марыі. Гэты факт пацвярджае праўду, што Божая любоў ходзіць па людскіх дарогах, а роля Марыі выключная.

Як сказаў Ота Фабер, вядомы канвертыт, які перайшоў з англіканства ў каталіцызм: “З таго часу, калі мы выставілі Маці Божую за дзверы, нашае хрысціянства ўсё больш высыхае. Нам засталася вегетацыя. Калі мы хочам, каб яно зноў зацвіло, мы павінны вярнуць у англіканскі Касцёл Найсвяцейшую Маці”. Вось, чаму святы Касцёл так ушаноўвае сваю Маці. Бо Яна з’яўляецца дарогай да Бога. Марыя па волі самога Бога стала дарогай, пасярэдніцай, праз якую на свет прыйшоў Хрыстос. Яна з’яўляецца не толькі дарогай Хрыста да нас, але і нашай дарогай да Хрыста. Увесь марыйны культ – гэта нішто іншае, як дарога да Хрыста, г.зн. да святасці.

На нашых землях марыйны культ вельмі распаўсюджаны, на працягу многіх гадоў на яго ў значнай ступені абапіраецца рэлігійнае жыццё. Старэйшыя вернікі прыгадваюць маёвыя набажэнствы ў час, калі іх праследавалі за веру. Тады ніхто адкрыта не мог маліцца. У вёсцы па вечарах людзі збіраліся ў хатах, часам каля прыдарожных каплічак ці крыжа і маліліся Ларэтанскай літаніяй, а потым спявалі “Пад Тваю абарону”. Гэта былі вельмі хвалюючыя хвіліны, бо кожны спяшаўся на Маёўку, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю і праз цудоўную малітву выпрасіць ласкі і бласлаўленне.

У наш час цэлыя парафіі, сем’і і асобныя вернікі таксама інтэнсіўна моляцца ў маі праз заступніцтва Марыі, адгаворваючы, між іншым, Ларэтанскую літанію. Цэнтральным пунктам маёвага набажэнства з’яўляецца спяванне ці прамаўленне літаніі, перад і пасля якой спяваюцца марыйныя песні. У літанію ўваходзяць заклікі, накіраваныя да Бога ў Тройцы Адзінага, затым 52 заклікі да Маці Божай, дзе пералічваюцца розныя Яе тытулы, і тры звароты да Езуса Адкупіцеля. Заклікі да Маці Божай складаюць асноўны матыў Ларэтанскай літаніі і дзеляцца на тры групы: дагматычныя, якія падкрэсліваюць месца Марыі ў справе збаўлення, гісторыя-збаўчыя, што выдзяляюць Яе ролю ва ўсёй гісторыі збаўлення, і эсхаталагічныя, якія ўказваюць на Яе бласлаўлёны стан у небе, дзякуючы чаму Яна з’яўляецца гарантыяй збаўлення і магутнай заступніцай перад Богам.

Але якія нашы адносіны да Марыі? Іх можна падсумаваць у трох пунктах: каб належным чынам адносіцца да Яе, трэба шанаваць Марыю, любіць Марыю і быць Марыяй.

Шанаваць Марыю

Спачатку давайце задумаемся, што значыць шанаваць Марыю. Мы ж ужо робім гэта! Гэта наша прыгожая, багатая, цудоўная традыцыя. Усюды можна ўбачыць абразы, медальёны, каплічкі. Малітва да Марыі займае асаблівае месца ў нашых сэрцах: Ружанец, Анёл Панскі, Зварот, Гадзінкі... Вялікае значэнне маюць пілігрымкі, і асабліва цэнным для нас з’яўляецца акт аддання сябе Маці Божай. Упершыню ён здзяйсняецца падчас св. хросту, затым у час Першай св. Камуніі. Мы аддаём сябе Марыі таксама ў многія іншыя моманты свайго жыцця. Але ўсё тое, што павінна быць збаўчым, прыгожым і багатым, ніколі не можа стаць “аўтаматычным”. Заўсёды трэба нанова звяртаць увагу, нанова прасіць Святога Духа, каб вёў да канца, каб навучыў нас усяму.

Любіць Марыю

Мы хочам не толькі шанаваць Марыю, але і любіць Яе. Кожнай маме неабходна любоў яе дзіцяці. Толькі тады, калі яна адчувае яго ўдзячнасць, яе сэрца яшчэ раз адкрываецца і можа любіць бязмежна. Таму мы хочам любіць Марыю, нашу Маму, каб быць для Яе суцяшэннем, дапамогай і нават абаронай. Як Маці Ёй неабходна гэта, але любоў да Яе яшчэ ў большай ступені неабходна нам! Толькі той, хто любіць Маці і разумее Яе, уваходзіць у Яе сэрца і адчувае сябе зразуметым. Трэба любіць Марыю, каб разумець Яе, каб падысці да Яе правільна.

Быць Марыяй

Каб знайсці правільны падыход да Марыі, трэба быць Ёй. На першы погляд гэта гучыць трохі перабольшана. Як мы можам быць Марыяй? Гэта зашмат! Мы ж не нарадзіліся беззаганнымі. Аднак, гэта магчыма праз удзел у Яе ласцы. Так, мы не былі беззаганна зачатыя, але мы атрымалі чысціню сэрца, ачышчэнне ад усіх унаследаваных і асабістых він, ад усіх плям граху. Праз хрост, а затым праз аднаўленне хросту ў сакраманце пакаяння мы прымаем чысціню сэрца, унутраную свабоду. Мы можам ачышчацца дзякуючы Святому Духу, якога прымаем праз сакраманты і іншыя дары: Божае слова, малітву... Так мы можам стаць на дарогу Марыі.

Акрамя гэтага, мы бачым у Яе жыцці асаблівую адкрытасць на Божае слова. Марыя разважае ўсе падзеі са Святога Пісання і з уласнага жыцця. Адкрытая, асцярожная, як заўсёды, Яна ўзважвае кожнае слова, задумваецца над тым, што гэта значыць. Найлепшая малітва, дадзеная нам Марыяй, Магніфікат, з’яўляецца нібы зборам цытат са Святога Пісання. З таго, што Яна жыла Божым словам, можна пазнаць Яе ў традыцыі Божага люду. Усё ў Яе жыцці кіравалася Божым словам, і нам гэта таксама дадзена!

Трэцім аспектам, які дае нам падыход да Марыі, што дазваляе нам быць Ёй, з’яўляецца давер, асабліва ў цяжкія жыццёвыя моманты. Мы ведаем, што ў жыцці Марыі было шмат “крызісаў”. Але Яна заўсёды ў такіх сітуацыях была здольна спытацца, шукаць далей і вытрываць у веры і даверы. Гэта яшчэ адна рыса Яе жыцця. І наколькі мы зможам разам з Ёй давяраць, пытацца, шукаць і трываць, настолькі мы становімся Марыяй на сваім месцы.

А як на практыцы?

Тым, што больш за ўсё ўражвае і засмучвае ў нашым кульце да Найсвяцейшай Маці, з’яўляецца вядзенне пэўнага роду гандлю. Гэта наша чыстая карыслівасць. Найбольш частыя словы, якія мы ўзносім да Марыі, гэта: “дай, зрабі, выслухай”. Варта прыгадаць сабе, колькі разоў мы маліліся толькі для таго, каб ушанаваць Яе? Не тое дрэнна, што мы просім у Маці Божай дапамогі ў сваіх штодзённых справах. Аб гэтым мы можам прасіць, і нават павінны, бо Яна наша Маці, а для Маці нішто не абыякава. Зло заключаецца ў тым, што ўвесь марыйны культ часам абмяжоўваецца да вырашэння нашых будзённых спраў.

Побач з гэтай выключна штодзённай карыслівасцю ў марыйным набажэнстве існуе яшчэ другая, такая ж грозная небяспека. Святы Луі дэ Манфор, вялікі тэолаг і апостал Марыі, акрэсліў яе словам “нахабства”. Гэта адарванасць марыйнага набажэнства ад жыцця. Нахабным прыхільнікам з’яўляецца той, хто нават часта моліцца да Яе, ходзіць на марыйныя набажэнствы, але адначасова жыве ў цяжкіх грахах, залежнасцях, і яму нават у галаву не прыходзіць пачаць новае жыццё. Як жа часта чалавек можа спалучыць набажэнства да Маці Божай з брудам сумлення і амаль паганскім жыццём.

Беззаганнае Сэрца Марыі прагне быць нашым ратункам, дарогай да Хрыста... Пажылы маршал Францыі Луі Ліатай, які праславіўся шматлікімі перамогамі, мноства часу прысвячаў духоўным справам. Асабліва ён палюбіў набажэнства да Маці Божай, старанна маліўся на ружанцы. Аднойчы яго наведаў адзін з яго сяброў і заўважыў на стале кніжачку для набажэнства і ружанец. Ён вельмі здзівіўся, але маршал сказаў: “Не смейся. У жыцці абавязкова трэба на штосьці абапірацца”. Гэта глыбокія словы, прадыктаваныя жыццёвай мудрасцю.

У жыцці абавязкова трэба на штосьці абапірацца. У нас павінны быць якія-небудзь трывалыя каштоўнасці, на якіх мы зможам будаваць сваё жыццё і не згубіць яго сэнсу. Мы, католікі, абапіраем сваё жыццё на кульце Маці Хрыста і на даверы да Яе. Марыя заўсёды адкрыта на нас, толькі б мы не забыліся пра Яе і не падманулі Яе любячае мацярынскае Сэрца.

Кінга Красіцкая
паводле slowo.grodnensis.by

Меткі: Маці Божая, Традыцыі, Хрысціянства

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"