Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Крыжовы шлях – дарога з Хрыстом Церпячым

Шмат гадоў таму нашыя продкі шукалі магчымасці стварыць такую форму літургічнага набажэнства, якая дазволіла б не проста пазнаёміцца з гістарычным фактам – мукай і смерцю Езуса Хрыста, – але і самому асаблівым чынам духоўна перажыць гэты шлях.

Крыжовы шлях

У сваім развіцці хрысціянства мела разнастайныя кірункі і змены. Так, напрыклад, на самым пачатку свайго існавання яно імкнулася прадставіць Езуса Хрыста перш за ўсё як магутнага Валадара і Пана. Нават Ягоныя першыя абразы альбо крыжы былі практычна паўсюдна сімваламі Уваскрослага Валадара, які нават на ўкрыжаванні выглядае Пераможцам смерці і зла.

Здаецца, гэта можна нейкім чынам патлумачыць як адну з многіх формаў супрацьпастаўлення хрысціянства язычніцкім культам. Святары і вернікі імкнуліся пераканаць іншых у магутнасці Бога, у якога яны верылі, у параўнанні з тымі багамі, у якіх верылі іх продкі.

Прыкладам такога крыжа можа служыць паўсюдна вядомы крыж святога Францішка з касцёла Сан-Дам’яно. На ім Хрыстус не пакутуе, а, уваскрослы, валадарыць.

Крыжовы шлях

Аднак з часам, калі ўжо не было такой патрэбы, людзі ўсё больш пачалі звяртаць увагу на пакутніцкае вымярэнне крыжовай ахвяры, а таксама цярпенне самой асобы Хрыста, і прадстаўляць іх. Пры гэтым нараджалася імкненне самому некім чынам далучыцца да Крыжовага шляху нашага Збаўцы, перажыць і дасведчыць яго.

Падчас першых Крыжовых паходаў жыхары Еўропы атрымалі магчымасць ужо не толькі пачуць пра тыя месцы, якія лічыліся святымі, але і пабачыць іх на ўласныя вочы. Асаблівай пашанай сталі карыстацца тыя, якія былі злучаны з апошнімі момантамі жыцця Хрыста, Яго мукі, смерці і ўваскрасення.

Прычыніліся да гэтага два новыя законы – францішканскі і дамініканскі. У той час яны вельмі ахвярна дзейнічалі і прапаведвалі на тэрыторыях Юдэі. Яны прапаноўвалі шматлікім вернікам асаблівую літургічную малітву – так званае набажэнства падзенняў Хрыста.

Пазней, у першай палове XIV стагоддзя, калі францішкане стала размясціліся ў Ерузалеме, яны распрацавалі і пачалі культываваць іншае набажэнства – Шлях Хрыста, ці пераход з прэторыі Пілата, дзе Ён быў асуджаны, на Галготу, дзе Ён быў пакараны праз укрыжаванне.

Спалучэнне гэтых двух набажэнстваў у выніку і дало пачатак Пакутнай дарозе (лац. Via Dolorosa), або Крыжоваму шляху. Назва гэтая была ўведзена ў 1458 г.

Вяртаючыся дадому, пілігрымы хацелі і надалей некім чынам перажываць той досвед, які яны мелі на Крыжовым шляху ў Ерузалеме. Гэта паспрыяла ў XV стагоддзі пачатку развіцця і будаўніцтва так званых Кальварый (Галготаў), падобных да ерузалемскіх.

Першая такая Галгота была пабудавана паміж 1405-1420 гг. на поўдні Іспаніі. Яна была заснавана айцамі дамініканамі, у тым ліку благаслаўлёным Альваро з Кардовы, у гарах С’ера-Марэна. З цягам часу велічнасць і памер такіх Кальварый раслі. Прыкладам можа служыць Кальварыя Плугастэль у Брэтані, у якой налічвалася больш за 200 капліц.

Крыжовы шлях

Першапачаткова колькасць стацый Крыжовага шляху не была дакладнай – іх магло быць 7, 9, 12, 18, часам нават даходзіла да некалькіх сотняў; яны былі яны размешчаны па-рознаму, і пачатковыя месцы пакланення (пачатак Крыжовага шляху) былі таксама розныя (святліца Пасхі, Гэтсыманскі сад, палац Пілата).

У сваім цяперашнім выглядзе Крыжовы шлях быў сфармаваны ў XVІІІ стагоддзі, калі ў 1731 г. папа Клімэнт XII абмежаваў колькасць стацый да 14.

Належыць таксама ўзгадаць пра магчымасць атрымаць поўны адпуст на звычайных ўмовах для тых, кто пабожна асабіста ці публічна будзе ўдзельнічаць у гэтым набажэнстве.

Кс. Аляксандр Улас
Паводле catholic.by

Меткі: Вялікі пост, Хрысціянства, Гісторыя

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.