Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
Перадусім трэба адзначыць, што Эўхарыстыя – гэта самае каштоўнае, што ёсць у Касцёле. Яна ўяўляе сабой пастаянную прысутнасць Езуса Хрыста ў супольнасці вернікаў. Папа Бэнэдыкт XVI казаў: “Эўхарыстыя знаходзіцца ў цэнтры любой формы святасці, а кожны з нас пакліканы да паўнаты жыцця ў Духу Святым. Як жа шмат святых здолела ўчыніць сваё жыццё аўтэнтычным дзякуючы эўхарыстычнай пабожнасці! Святасць заўсёды мела сваю крыніцу ў Эўхарыстыі. Таму неабходна, каб у Касцёле падтрымлівалася вера ў найсвяцейшую таямніцу і каб вернікі інтэнсіўна перажывалі яе. Справаванне і адарацыя Эўхарыстыі дазваляе наблізіцца да любові Бога і асабіста да яе дакрануцца”. Святы Айцец таксама спасылаўся на св. Аўгустына, якому належаць словы:
“Няхай ніхто не спажывае гэтае Цела, пакуль спачатку не адаруе Яго. Мы зграшым, калі не будзем Яго адараваць”.
Што азначае слова “адарацыя”? Гэтым словам мы называем аддаванне пашаны Хрысту, прысутнаму ў постаці Эўхарыстычнага хлеба. Звычайная форма адарацыі – гэта ўкленчванне, калі мы праходзім паўз табэрнакулюм, праводзім перад ім час на прыватнай малітве, альбо падыходзім да алтара, каб прыняць святую Камунію. Ёсць і ўрачыстая форма, якая выражаецца ў выстаўленні Эўхарыстычнага хлеба ў манстранцыі з адпаведнымі цырымоніямі. Адарацыя – гэта акт падзякі і ўшанавання Божай прысутнасці.
Цяжка сказаць, калі ўзнікла традыцыя адараваць Хрыста ў Святых Дарах. Не падлягае, аднак, сумніву, што гэтая практыка вельмі старажытная. Папа Пій ХІІ у энцыкліцы “Mediator Dei” пісаў, што яна можа выводзіцца з раннехрысціянскіх часоў з адарацыі ў Вялікі Чацвер, калі пасля св. Імшы Вячэры Пана святыя постаці захоўваліся і выстаўляліся для пакланення. З цягам часу вера і любоў вернікаў узбагаціліся публічнымі і прыватнымі набажэнствамі да Найсвяцейшай Эўхарыстыі.
Касцёл заўсёды настойваў на тым, каб у святынях праводзілася адарацыя. Вернікі павінны чуць, як Збаўца заклікае іх: “Прыйдзіце да мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя і я супакою вас” (Мц 11, 28). Святы Ян Павел ІІ казаў калісьці: “Я заахвочваю вернікаў адараваць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Алтара, дазваляючы Яму аздараўляць нашае сумленне, ачышчаць нас, асвячаць і аб’ядноўваць”. Кодэкс кананічнага права, у сваю чаргу, заўважае, што святыня, у якой захоўваецца Эўхарыстыя, штодня павінна быць хаця б на некалькі гадзін адчынена для вернікаў, каб яны маглі памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам (пар. ККП 937).
Адарацыя мае вялікае значэнне для вернікаў. Праз гэты пабожны акт яны спрычыняюцца да радыкальнай перамены свету і да таго, каб Евангелле прыносіла багаты плён. Кожны чалавек, дзякуючы ўдзелу ў адарацыі, трывае ў Хрысце і Яго любові. Той, хто моліцца перад Святымі Дарамі, ніколі не адзінокі. Разам з ім моліцца Хрыстус і ўвесь Касцёл. Адарацыя – гэта рэальная магчымасць адчуць, што Бог кожнага з нас вельмі любіць.
Кс. Юрый Дрозд
Меткі: Адарацыя, Эўхарыстыя