Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Што кажа Касцёл пра гіпноз?

“Што кажа Касцёл пра гіпноз? Ці можа вернік паддацца гіпнозу”? Ірына

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Зададзенае пытанне датычыць рэчаіснасці, яшчэ не цалкам даследаванай у сучаснай псіхалогіі і псіхіятрыі. Здаецца, для звычайнага чалавека гіпноз з’яўляецца нечым таямнічым, а адначасова і захапляльным. Каталіцкі Касцёл у сваіх нешматлікіх выказваннях на тэму гіпнозу ставіцца да яго з асцярожнасцю і, звяртаючы ўвагу на разнавіднасць гіпнатычных практыкаванняў, дапускае выкарыстанне кваліфікаванымі спецыялістамі некаторых формаў гіпнозу ў медычных мэтах, паказваючы адначасова пагрозы яго пазамедычнага і неадпаведнага выкарыстання.

Гіпноз

Тэрмін “гіпноз” паходзіць ад грэцкага слова “hipnos”, якое найпрасцей можна перакласці як “сон”. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гіпноз быў вядомы ўжо ў старажытных Кітаі, Індыі і Грэцыі, дзе выкарыстоўваўся ў лячэбных мэтах. Чалавек, які паддаецца гіпнозу, адкрывае гіпнатызёру шлях да свайго нутра, дазваляючы яму ўздзейнічаць на сябе. У літаратуры, прысвечанай дадзенай праблеме, сцвярджаецца, што гіпнозам можна выклікаць у чалавека некаторыя псіхічныя з’явы: адкрытасць на сугестыю, галюцынацыі станоўчага або адмоўнага характару, паслягіпнатычную сугестыю, рэгрэсіўны агляд жыцця ці глыбока падаўленых успамінаў, якія могуць сягаць нават перыяду перад нараджэннем.

Магчыма, што найбольш распаўсюджаныя асацыяцыі, звязаныя з гіпнозам, датычаць пэўнага кшталту гульняў, таксама эстрадных, калі хтосьці паддаецца гіпнатызёру, які не толькі абмяжоўвае стан яго свядомасці, але, напрыклад, загадвае выконваць дзеянні, якіх ён ніколі б не рабіў. У дадзеным выпадку гіпнатызёр просіць або выбірае добраахвотніка з аўдыторыі. Пасля ўвядзення чалавека ў стан гіпнозу, гіпнатызёр можа прапанаваць, напрыклад, лётаць па сцэне, як курыца. Ужо ў гэтым месцы можам сказаць: хоць гіпнатызёры сцвярджаюць, што ў гіпнозе немагчыма прымушаць кагосьці рабіць нешта супраць волі ці маральных прынцыпаў, але такія паводзіны даказваюць іншае.

Гіпноз выкарыстоўваецца таксама ў сучаснай медыцыне як спосаб лячэння розных захворванняў, як альтэрнатыва наркозу для спынення болю, напрыклад, падчас аперацыі, як дапамога жанчынам пры родах. Шмат людзей, сярод якіх католікі не выключэнне, спрабуюць рознымі спосабамі вырашыць свае праблемы, звязаныя ці то са здароўем, ці з самаадчуваннем увогуле. У сучасным свеце шматлікія спецыялісты таксама з выкарыстаннем гіпнозу прапануюць дапамогу ў працэсе пахудзення, у вызваленні ад алкагольнай, наркатычнай, нікацінавай залежнасці, рознага кшталту псіхічных захворванняў, а нават у пераадоленні залежнасці ад азарту.

Да гіпнозу трэба падыходзіць вельмі асцярожна, бо ён можа выкарыстоўвацца рознымі, не заўсёды маральна апраўданымі спосабамі. Пры кожным чалавечым дзеянні неабходна ставіць пытанні адносна прадмету, мэты ды акалічнасцяў дадзенага чыну. Няма сумненняў, што ў часе гіпнозу чалавек мае іншы стан свядомасці, а гэта ў сваю чаргу можа адкрыць дзверы для розных відаў вонкавага ўздзеяння. Такім чынам, кожны, хто задумваецца, ці паддацца гіпнозу, павінен паставіць пытанне: ці неабходны ён, ці дапаможа і да чаго імкнецца?

Мэтаю псіхалогіі ітэрапіі ёсць служэнне накарысць чалавека. Усялякія маніпуляцыі, падазроныяабо не да канца вызначаныяэксперыменты, вынік якіх невядомы, трэба адкінуць. Неабходна памятаць, што дабро чалавечай асобы павінна заўсёды знаходзіцца на першым месцы.

Каталіцкі Касцёл, дбаючы пра праўдзівасць чалавечага сумлення, засцерагаў вернікаў перад небяспекай шкоднага ўздзеяня гіпнозу, аднак не забараніў яго навуковых даследаванняў. У 1840 годзе Апостальская Сталіца сцвердзіла, што выкарыстанне гіпнозу маральна дапушчальнае пры ўмове, што яно не скіравана на незаконную або дрэнную мэту. У 1917 годзе Святы Пасад перасцярог католікаў, каб не ўдзельнічалі праз медыум ці без яго, а таксама з дапамогай гіпнозу ў спірытуальных сеансах, незалежна ад іх характару. Папа Пій XII у 1956 і 1957 гадах звярнуў увагу на магчымасць выкарыстання гіпнозу як спосабу абязбольвання, між іншым пры натуральных родах. Папа пры гэтым тлумачыць, што такі метад павінен мець медычную мэту пры захавані асцярожнасці і адпаведных ведаў і маральных прынцыпаў як з боку медыка, так і пацыента. У тых жа прамовах Святы Айцец падкрэслівае таксама, што гіпноз – гэта вельмі сур’ёзная рэчаіснасць, таму патрабуе адпаведных навуковых і маральных ведаў і не можа практыкавацца як форма зацікаўленасці або хобі. Такім чынам, Касцёл не забараняе гіпноз у медычных мэтах, аднак звяртае ўвагу на небяспеку і пагрозы, звязаныя з ім.

Адным з найбольш важных элементаў гіпнозу ёсць сугестыя, г. зн. уздзеянне на асобу. Гіпнатызёр утрымлівае кантакт з чалавекам, перадае яму розныя просьбы, загады, якія датычаць як простых рухаў, так і складаных дзеянняў, успамінаў ці ўяўленняў. Існуе таксама паслягіпнатычная сугестыя, якая належыць да чыну ў будучыні, ужо пасля тэрапеўтычнага сеансу. Менавіта перадача кантролю над сабою другой асобе ёсць маральнай праблемай. Кожная чалавечая асоба, створаная па вобразе Бога, мае натуральнае права на свабоду і павагу да сябе, што ў сваю чаргу з’яўляецца неад’емным элементам яе годнасці. Існуе небяспека, што ў некаторых выпадках падчас гіпнозу можа быць парушана годнасць чалавечай асобы і яе свабода.

Некаторыя тэолагі і экзарцысты сцвярджаюць, што гіпноз можа перашкодзіць чалавеку ўзрастаць у святасці і адкрыць яго на дэманічныя сілы. Тут ідзе гаворка пра магчымасць спалучэння гіпнозу з магіяй, спірытуалізмам і акультызмам. У 2003 годзе Апостальская Сталіца выдала дакумент Jesus Christ, the bearer of the Water of Life, прысвечаны руху “Нью эйдж” (New Age), што нясе пагрозу. Рух сярод розных практык увядзення чалавека ў містычны стан па ўласным жаданні (такіх, як адраджэнне, біялагічная зваротная сувязь, сэнсарная ізаляцыя, халатропнае дыханне, трансцэндэнтальная медытацыя) выкарыстоўвае таксама і гіпноз. Католік не можа пагадзіцца на такога кшталту згубныя практыкаванні, бо яны супярэчныя з хрысціянскай антрапалогіяй.

Варта на заканчэнне нагадаць вучэнне, змешчанае ў “Катэхізісе Каталіцкага Касцёла” ў нумарах 2116 і 2017, дзе чытаем, што трэба адкінуць магію, вядзьмярства ды ўсе формы варажбы, звароту да дэманаў, выкліканне мёртвых, гараскопы, астралогію, хірамантыю або іншыя практыкі, якія скіраваны на пазнанне будучыні, панаванне над часам, бо яны супярэчныя з пашанай і павагай, якая належаць толькі Богу.
Даследаванні паказваюць, што ў некаторых выпадках медычны гіпноз дапамагае, але трэба звяртацца да сапраўднага прафесіянала, які прызнае праўды веры і маральныя прынцыпы Каталіцкага Касцёла. Трэба памятаць, што неадпаведна выкарыстаны гіпноз можа пашкодзіць чалавеку і прывесці да зла, таму патрэбныя тут асцярожнасць, пакора і пастаянная сувязь з духоўным кіраўніком. Заўсёды можна звярнуцца па дапамогу да святароў у сваёй парафіі.

Паводле: grodnensis.by

Меткі: Гіпноз

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч