Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Святы Шарбэль здзяйсняе цуды і ў нашыя часы

У парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску ўжо два гады вернікі моляцца праз заступніцтва святога Шарбэля, выпрошваючы патрэбныя ласкі і дары здароўя душы і цела для сябе і сваіх родных, а таксама для ўсіх, хто прасіў аб малітве.

Вялікі абраз святога Шарбэля — ліванскага манаха цудатворцы — у мінскім Чырвоным касцёле размешчаны такім чынам, што кожны, хто прыходзіць у святыню, можа з лёгкасцю яго заўважыць з левага боку ад галоўнага алтара. Тут можна запаліць свечку, памаліцца і падаць малітоўную інтэнцыю на святую Імшу, якая цэлебруецца а 19-й гадзіне 22 чысла кожнага месяца. Вернікі рыхтуюць працэсію з дарамі і скіроўваюць да Бога малітву праз заступніцтва святога Шарбэля. Пасля заканчэння святой Імшы праводзяцца супольныя спатканні ў бібліятэцы імя А.Міцкевіча на цокальным паверсе Чырвонага касцёла, куды вернікі прыходзяць паслухаць пра жыццёвы шлях святога Шарбэля і ягоныя цуды, якія ён чыніў пры жыцці і чыніць да сённяшняга дня. Прычым спатканні наведваюць не толькі католікі, але і праваслаўныя, а таксама госці з Лівана, радзімы святога Шарбэля — яны супольна моляцца і дзеляцца сведчаннямі пра тыя аздараўленні і ласкі, якія ўжо атрымалі, запісваюць іх у спецыяльную кнігу сведчанняў. Калі чытаеш сведчанні іншых людзей, яшчэ больш умацоўваецца вера ў тое, што для Бога няма нічога немагчымага, і ўзрастае любоў да Бога і бліжніх.

Св. Імша ў Чырвоным касцёле

Нядаўна хтосьці з вернікаў у знак падзякі Богу і святому Шарбэлю за атрыманыя ласкі прынёс вельмі шмат чырвоных ружаў. 24 ліпеня, якраз у дзень літургічнага ўспаміну святога Шарбэля, у Чырвоны касцёл з Лівана прывезлі яго рэліквіі, і з гэтай нагоды цэлебравалася святая Імша. Цяпер святыя рэліквіі выстаўлены на галоўным алтары, аздобленыя ў форме ліванскага кедра. Нядаўна каля касцёла была ўсталяваная фігура святога Шарбэля, каля якой можна таксама затрымацца і памаліцца, уваходзячы ў святыню. З асабістага жыццёвага досведу магу сказаць, што святы Шарбэль працягвае здзяйсняць цуды і цяпер у нашай штодзённасці. Так, у ліпені мне давялося пабываць у пілігрымцы па святых месцах Польшчы (Кальварыя Забжыдоўская, Вадавіцы, Чэнстахова, Ліхень) і на працягу некалькіх дзён наведаць з групаю пілігрымаў Марыйныя санктуарыі.

Рэліквіі Св. Шарбэля ў Чырвоным касцёле

Святы Шарбэль вельмі любіў і ўшаноўваў Найсвяцейшую Панну Марыю. І так цудоўна атрымалася, што 21 ліпеня, у суботу — Марыйны дзень — я з раніцы малілася падчас святой Імшы ў Чэнстахове і зусім выпадкова спынілася насупраць абраза святога Шарбэля. А потым днём, калі мы пайшлі з сяброўкаю Кацярынаю набываць сувеніры, яна мне пачала распавядаць, што існуе Вяночак да святога Шар­бэля на польскай мове, але Каця колькі яе ні шукала, на Беларусі раней не сустракала такой малітвы. Яна расказала мне, як выглядае той спецыяльны ружанец і як на ім маліцца праз заступніцтва святога Шарбэля.

І так цікава атрымалася, што ў той самы дзень мне давялося ўбачыць і набыць для сябе такі спецыяльны 4-каляровы ружанец, прычым я яго не шукала і не ставіла сабе такой мэты, каб абавязкова яго знайсці. Проста на тое, відаць, быў сапраўды Божы Провід: ідучы каля Яснай Гары ў Чэнстахове сярод мноства кіёскаў з сувенірамі і рэлігійнымі рэчамі, я затрымалася якраз каля таго, дзе ўбачыла такія Вяночкі. Так змагла набыць яго для сябе і сваёй сяброўкі, а яшчэ прывезла ў падарунак сваёй маці, у якой дзень нараджэння 22 ліпеня. Я ўпэўнена, што святы Шарбэль паспрыяў гэтаму цуду...

Вяночак да Св. Шарбэля

Вяночак да святога Шарбэля

Прапаную варыянт Вяночка да святога Шарбэля, які чытаецца на звычайным пяцідэкадным ружанцы. Многія вернікі з парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску моляцца гэты Вяночак са жніўня мінулага года.

На пачатку — знак крыжа.
У Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Потым молімся:
«Ойча наш...», «Вітай, Марыя...», «Хвала Айцу...»

На вялікіх пацерках (1 раз):
Святы Шарбэлю, вялікі Божы пустэльнік і хвалебны цудатворца, — умацуй нашую веру.

На малых пацерках (10 разоў):
Святы Шарбэлю, які выслухоўваеш просьбы вернікаў, — выпрасі ў Бога для нас дары аздараўлення душы і цела.

Напрыканцы Вяночка чытаецца наступная малітва (1 раз):
Святы Шарбэлю, чалавек пабожнасці, любові і веры. Выслухай малітвы нашыя і ўзнясі ўсе просьбы да Бога Айца Усёмагутнага, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
Фота аўтара, Наталлі Лаўрэнкі
і з парафіі святых Сымона і Алены, Мінск
Паводле Ave Maria

Меткі: Святы Шэрбэль