Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Ці выступае рэлігія супраць навукі?

І ў нашыя дні ўсё яшчэ можна пачуць думку, што рэлігія супярэчыць навуцы. Некаторыя “знаўцы” сцвярджаюць, што сапраўдны навуковец не можа быць вернікам і наадварот. Ці сапраўды гэта так? Паспрабуем адказаць у гэтым матэрыяле на прыкладзе некаторых выбітных гістарычных асобаў.

Кажучы “рэлігія” ў гэтым артыкуле, я маю на ўвазе перадусім хрысціянства і ў прыватнасці каталіцтва. Вядома, некаторыя іншыя рэлігіі могуць уваходзіць у канфлікт з рацыянальнай думкай навукі. Але гэта дакладна не каталіцкае хрысціянства! Чаму?

Таму што ў гісторыі каталіцтва ёсць даўняя традыцыя супрацоўніцтва навукі і рэлігіі. Магчыма, не кожны наш чытач ведае, але імклівы росквіт навукі адбыўся ў свой час якраз-такі на хрысціянскім Захадзе, дзе пастулаты хрысціянскай тэалогіі заклалі асновы росквіту навукі. Каталіцкі Касцёл заўсёды падтрымліваў і працягвае падтрымліваць асноўныя галіны навук. Многія навукоўцы былі не проста вернікамі, але належалі да духавенства, былі святарамі або манахамі. Яны дакладна разумелі, што ісціна, якая б яна ні была – навуковай ці рэлігійная – мае адзін выток: Бога, Які сам у сабе просты і не супярэчлівы.

Жорж Лемэтр

Жорж Лемэтр

Жорж Лемэтр (1894-1966) — бельгійскі каталіцкі святар, астраном і матэматык.

Айцец Жорж Лемэтр распрацаваў тэорыю “Вялікага выбуху”, якая навукова тлумачыць утварэнне Сусвету. Ён з’яўляецца аўтарам тэорыі пра Сусвет, які пашыраецца. Цікава, што ў свой час іншы вядомы навуковец Альберт Эйнштэйн раскрытыкаваў тэорыю Лемэтра пра “Вялікі выбух”, назваўшы яе жудаснай. І толькі пасля таго, як Эдвін Хабл даказаў, што ўсе галактыкі разлятаюцца ў Сусвеце адна ад адной, Эйнштэйн прызнаў рацыю Лемэтра і ў 1931 годзе падтрымаў тэорыю пашыральнага Сусвету. Тэорыя “Вялікага выбуху” айца Лемэтра па сённяшні дзень з’яўляецца самай папулярнай касмалагічнай мадэллю Сусвету. У 1936 годзе айцец Жорж Лемэтр быў абраны членам Папскай акадэміі навук, у 1960 годзе быў прызначаны яе прэзідэнтам і займаў гэты пост аж да сваёй смерці.


Роджэр Бэкан

Роджэр Бэкан

Роджэр Бэкан (1214-1292) — манах-францішканін, прафесар Оксфардскага ўніверсітэта.

Займаўся матэматыкай, хіміяй і фізікай, у оптыцы распрацаваў новыя тэорыі пра павелічальныя шклы, вывучаў мовы. Першы з еўрапейцаў падрабязна апісаў спосаб вырабу пораху, прадбачыў стварэнне чалавекам лятальных апаратаў і караблёў з рухавіком. Яго часта называюць прадвеснікам сучаснай навукі. У 1935 годзе імем Роджэра Бэкана быў названы кратар на Месяцы.

 


Нільс Стэнсан

Нільс Стэнсан

Нільс Стэнсан (1638-1686) — каталіцкі біскуп, дацкі анатам і геолаг.

Навярнуўся ў каталіцтва з лютэранства, стаў святаром, пазней біскупам. У 1660 г. Нільс адкрыў і навукова апісаў анатамічную структуру, якую сёння называюць паводле прозвішча навукоўца “стэнсавым пратокам”. Гаворка пра слінавы праток калявушнай сліннай залозы. Адной з заслугаў у анатоміі Стэнсана ёсць грунтоўнае тлумачэнне ролі і прынцыпу дзейнасці мускулаў.

У палеанталогіі і геалогіі ён займаўся даследаваннем акамянеласцяў і мінералаў, а таксама распрацаваў прынцыпы стратыграфіі – галіны геалогіі, якая даследуе скальную пароду і вызначае яе ўзрост. У крысталаграфіі сёння вядомы закон Стэнсана, які сцвярджае, што вуглы паміж адпаведнымі гранямі крысталаў аднолькавыя для ўсіх экзэмпляраў аднаго крыстала пры аднолькавых умовах (тэмпература і ціск). У 1988 годзе Папа Ян Павел ІІ абвясціў Нільса Стэнсана бласлаўлёным.


Мікалай Капернік

Мікалай Капернік

Мікалай Капернік (1473-1543) — польскі астраном, матэматык, механік, эканаміст эпохі Адраджэння.

Быў каталіцкім канонікам. Сфар-муляваў мадэль Сонечнай сістэмы, змясціўшы Сонца ў цэнтр, вакол якога рухаюцца планеты. Публікацыя геліяцэнтрычнай мадэлі адбылася незадоўга да яго смерці ў кнізе “Аб кручэнні нябесных сфераў”. Гэтая падзея была вельмі значнай у гісторыі сусветнай навукі. Папа Грыгорый ХІІІ карыстаўся навуковым здабыткам Каперніка падчас рэформы календара ў 1582 годзе. Большасць свайго жыцця Капернік правёў у якасці каноніка катэдры ў Фромбарку ў Польшчы.


Блез Паскаль

Блез Паскаль

Блез Паскаль (1623-1662) — французскі матэматык, механік, фізік, літаратар, філосаф і тэолаг.

Адзін з вынаходнікаў матэматычнага аналізу, тэорыі верагоднасцей і праектыўнай геаметрыі. Вынайшаў механічны калькулятар. Вядомы тым, што напісаў кнігу “Думкі…” – серыю філасофскіх і тэалагічных запісак у абарону хрысціянства. Усе ведаюць скарачэнне Pa (Паскаль), якое ў фізіцы абазначае ціск. Адна з моваў камп’ютарнага праграмавання атрымала таксама назву “Паскаль” у гонар выбітнага каталіцкага навукоўца.


Грэгар Мендэль

Грэгар Мендэль

Грэгар Мендэль (1822-1884) — аўстрыйскі біёлаг, батанік, манах-аўгустыянец, абат, заснавальнік генетыкі.

Адкрыццё ім заканамернасцяў спадчыннасці манагенных прыкметаў (сёння вядомыя як законы Мендэля) стала першым крокам на шляху да сучаснай генетыкі. Цікава, што ў свой час, здаючы экзамен на тытул выкладчыка, ён атрымаў незадавальняючыя адзнакі па біялогіі і геалогіі. Што, аднак, не перашкодзіла яму зрабіць ашаламляльныя навуковыя адкрыцці, калі ён быў манахам кляштара ў горадзе Старэ Брно.


Мэры Кенэт Келер

Мэры Кенэт Келер

Мэры Кенэт Келер (1913-1985) — амерыканская манахіня, педагог і наватар у галіне інфарматыкі.

У 1965 годзе абараніла доктарскую дысертацыю па інфарматыцы ў Вашынгтонскім універсітэце. Сястра Мэры належала да каталіцкага ордэна Сясцёр Міласэрнасці Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта, аднак, не перашкодзіла ёй у 1958 годзе працаваць у навуковым камп’ютарным цэнтры ў Дартмуцкім каледжы, дзе тады працавалі адны толькі мужчыны. Брала ўдзел у даследаваннях па распрацоўцы мовы праграмавання Бэйсік. Актыўна падтрымлівала ідэю заангажаванасці жанчын у сферу інфарматыкі. Заснавала навуковы камп’ютарны аддзел у Кларк Каледж (сёння – Кларкскі ўніверсітэт).


Паводле catholicnews.by

Меткі: Навука, Хрысціянства, Гісторыя