Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Якая праца з’яўляецца працаю?

Занядбанне адпачынку ў святочны дзень – гэта непаслухмянасць Богу і Касцёлу, адным словам – грэх. З другога боку, трэба пазбягаць крайнасцяў.

Першы з пяці касцёльных наказаў гучыць наступным чынам: «У нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у св. Імшы і не рабіць неабавязковай працы». Удзел у святой Імшы – патрабаванне адназначнае, і тут мы не сутыкаемся з вялікімі цяжкасцямі інтэрпрэтацыі. Інакш выглядае справа з устрыманнем ад працы. Цяжка вызначыць дакладна, ад якой працы і ў якой ступені належыць устрымацца, а якая праца можа быць дапушчальнаю.

Само паняцце «праца» мае розныя значэнні. Касцёльны наказ аб устрыманні ад працы ў нядзелі і прадпісаныя святы грунтуецца на трэцяй запаведзі Дэкалогу, які Майсей атрымаў ад Бога на гары Сінай. У Кнізе Зыходу напісана: «Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік…» (Зых 20, 9-10).

Каб перадыхнулі…

Трэцяя запаведзь Дэкалогу звязаная з апісаннем стварэння свету. Бог стварыў свет за шэсць дзён, а на сёмы дзень адпачываў (гл. Зых 20, 11). Відавочна, гэтае апісанне не з’яўляецца натуральнаю гісторыяй пачатку свету, але яно мае тэалагічна-культавы сэнс. Шабат як дзень, вольны ад працы, – гэта знак запавету Бога з выбраным народам. Здаўна ён быў таксама элементам упарадкавання грамадскіх адносінаў і арганізацыі працы. Шабат быў бар’ерам, які абараняў ад бескантрольнай эксплуатацыі: «У сёмы дзень спыніш працу, каб адпачылі твой вол і асёл і перадыхнулі сын тваёй нявольніцы і чужаземец» (пар. Зых 23, 12). Можна сказаць, што запаведзь пра шабат – гэта першы працоўны закон у гісторыі чалавецтва.

Кожны, у тым ліку жывёла і нявольнік, маюць права на адзін вольны дзень у тыдзень. Арганізацыя грамадства праз сямідзённую сістэму з адным днём, вольным ад працы, прынятая ва ўсім свеце. У ХХ стагоддзі ў многіх краінах да нядзелі былі дададзеныя вольныя суботы. У наш час па розных прычынах усё больш прафесійных калектываў, асабліва ў сферы гандлю, вымушаныя працаваць не толькі па суботах, але таксама па нядзелях і святах.

Такім чынам, праблема вольных ад працы дзён – гэта справа не толькі індывідуальных рэлігійных поглядаў, але і сацыяльна-палітычная справа, праблема справядлівасці ў сацыяльным вымярэнні.

Якая праца неабавязковая?

У касцёльным наказе гаворыцца пра ўстрыманне ад неабавязковай працы. У папраўках да Катэхізіса («Corrigenda»), якія ўнесла Кангрэгацыя Веравучэння, ужываецца выраз «службовая праца». Гэта рэха даўнейшага сацыяльнага ладу, у якім цяжкую фізічную працу выконвалі нявольнікі і слугі (адсюль прыметнік «службовы»). Азначэнне «неабавязковы» здаецца больш адэкватным, аднак гэта не значыць, што яно дастаткова зразумелае. У Кодэксе Кананічнага Права сцвярджаецца, што вернікі павінны ўстрымлівацца ад працы, якая «ўскладняе праслаўленне Бога, перажыванне радасці дня Панскага, а таксама перашкаджае належнаму духоўнаму і фізічнаму адпачынку» (пар. кан. 1247).

З другога боку, у Катэхізісе адзначаецца, што часта сямейныя абавязкі і спецыфічныя грамадскія задачы з’яўляюцца дастатковым апраўданнем для разнастайнай працы (гл. № 2185). Відавочна, у сучасным грамадстве розныя службовыя арганізацыі, камунікацыя, некаторыя віды паслугаў павінны дзейнічаць таксама ў нядзелі і святы. А калі хтосьці мае малых дзяцей або хворага ў доме, то пэўную працу, часам вельмі цяжкую, мусіць выканаць менавіта ў нядзелю. Святы Аўгустын пісаў, што «любоў да праўды шукае вольнага часу, а патрэба ў любові бярэ на сябе адпаведную працу» (De civitate Dei, 19, 19).

Аднак існуе шмат розных заняткаў, адносна якіх мы можам сумнявацца ў кантэксце наказу пра ўстрыманне ад неабавязковай працы. Напрыклад, лічыцца, што інтэлектуальная праца, вучоба, напісанне тэкстаў (такіх, як гэты) не супярэчаць святкаванню дня Пана. Адзін ксёндз распавядаў мне, што, калі ён вучыўся ў семінарыі, у нядзельнай праграме ў першай палове дня ў іх дзве гадзіны былі прызначаныя на вучобу. Клерыкі абураліся, пытаючыся ва ўладаў семінарыі, як стасуецца гэтая абавязковая вучоба са святкаваннем нядзелі. У навучальных установах, у тым ліку касцёльных, экзамены могуць быць у панядзелкі – вядома ж, у такой сітуацыі студэнты праводзяць нядзелю за вучобаю. Асаблівым, вельмі распаўсюджаным відам інтэлектуальнай працы па нядзелях з’яўляецца завочная вучоба. Многія людзі ўвесь тыдзень працуюць, каб на выхадных вучыцца, павышаць кваліфікацыю. Гэтая праца не з’яўляецца абавязковаю ў поўным сэнсе слова, але ў перспектыве жыццёвых выклікаў бывае вельмі патрэбнаю. Таму завочная вучоба па нядзелях паўсюль прымальная, у тым ліку і ў Касцёле.

праца

Варта таксама заўважыць, што размежаванне працы, якая выклікае стому, ад дзейнасці, якая спрыяе адпачынку, часта залежыць ад абставінаў. Класічным прыкладам можа быць праца ў садзе ці агародзе. Для чалавека, які цэлы тыдзень працуе ў офісе, капанне ў градках можа быць не толькі псіхічным адпачынкам, але таксама нагодаю для таго, каб знаходзіць Бога ў харастве прыроды. Той, хто мае нейкае хобі, любіць майстраваць, будзе шчаслівы, калі знойдзе крыху вольнага часу, каб пакалупацца ў сваёй хатняй майстэрні.

Можна доўга пералічваць прыклады, якія сведчаць пра цяжкасці ў выкананні наказу ўстрымлівацца ад працы ў святочныя дні. Не думаю, што гэтую праблему можна вырашыць адназначна, падаўшы канкрэтныя прынцыпы. Тут мы мусім перажываць свайго роду напружанне паміж слушным наказам і рознымі жыццёвымі акалічнасцямі, якія кожны павінен урэгулёўваць у сваім сумленні праз дыялог з сям’ёю, грамадствам і Касцёлам. Іншымі словамі, кожную сітуацыю неабходна ацэньваць асобна. У гэтай ацэнцы нам могуць дапамагчы розныя крытэрыі. Некаторыя называюць крытэрый заробку: ці дае праца ў святочны дзень магчымасць зарабіць, ці яна выконваецца з якою-небудзь іншаю мэтаю?

Ацэньваючы канкрэтныя сітуацыі, варта адказаць сабе на пытанне: ці маем мы час на Імшу, на малітву, на тое, каб пабыць з самымі блізкімі людзьмі, нягледзячы на выкананне пэўнай працы? У нядзелі, як у кожным іншым дні, 24 гадзіны, і добрае яе перажыванне – гэта ў пэўнай ступені пытанне правільных прапорцый паміж рознымі відамі дзейнасці.

Гутарка ідзе пра тое, што святочны дзень у плане адносінаў з Богам і самымі блізкімі павінен адрознівацца ад рабочага, быць больш глыбокім. Аднак ці не вядуць разважанні такога роду да рэлятывізму і перакрэслівання на практыцы наказу пра ўстрыманне ад неабавязковай працы ў святочныя дні? Відавочна, такая небяспека існуе. Чалавек мае схільнасць да самападману, да апраўдання свайго выбару. Таму трэба падкрэсліць, што занядбанне адпачынку ў святочны дзень – гэта непаслухмянасць Богу і Касцёлу, гэта грэх. Аднак, з другога боку, трэба пазбягаць крайнасцяў. Сам Езус сказаў: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату» (Мк 2, 27).

Шабат для чалавека

З працытаванага выказвання Езуса не вынікае, што чалавек можа зрабіць са святочным днём усё, што захоча. Бо хоць шабат для чалавека, аднак не чалавек з’яўляецца гаспадаром шабату, а Сын Чалавечы (гл. Мк 2, 28). Таму адмаўленнем ад фундаменталізму нельга апраўдваць іншай крайнасці – практычнага адмаўлення наказу пра святкаванне святочнага дня. Тым не менш, вучэнне пра тое, што шабат – для чалавека, з’яўляецца важнаю падказкаю ў ацэнцы канкрэтных сітуацый.

Езус станавіўся ў апазіцыю да фарысеяў і вучоных у Пісанні, якія дзялілі волас на чатыры часткі, інтэрпрэтуючы Божы Закон такім чынам, што ён рабіўся невыносным цяжарам. Апостал Ян піша, што габрэі хацелі забіць Езуса ў тым ліку з-за таго, што Ён «зняважыў шабат» (Ян 5, 18). Яны асуджалі Настаўніка з Назарэта за тое, што Яго вучні лушчылі каласы ў шабат (гл. Мц 12, 1 і наст.), што Ён сам аздараўляў у шабат (гл. Лк 13, 10 і наст.; 14, 1 і наст.). Габрэі спрабавалі выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб абвінаваціць Езуса ў парушэнні Закону і незахоўванні шабату. Яны не мелі рацыі, бо Хрыстус не адкідваў запаведзяў.

У Казанні на гары Езус тлумачыць, што прыйшоў не адмяніць Закон, а выканаць яго. Гэтае выкананне заключаецца ў тым ліку ў падпарадкаванні розных прадпісанняў найбольшай запаведзі, гэта значыць, запаведзі любові да Бога і бліжняга (гл. Мц 22, 34 і наст.). У пэўным сэнсе любоў рэлятывізуе ўсё іншае. У гімне св. Паўла пра любоў мы чытаем, што калі б мы выконвалі ўсялякія добрыя ўчынкі, але не мелі б любові, то былі б як «гулкія цымбалы» (1 Кар 13, 1). Аднак гэта не тая рэлятывізацыя, якая перакрэслівае неабходнасць захоўвання і змест запаведзяў. Зусім наадварот, перспектыва любові раскрывае сэнс усялякага закону.

Тут узгадваюцца словы св. Аўгустына: «Любі – і рабі, што хочаш». Калісьці адзін малады мужчына пахваліўся мне, што не паехаў са шваграм на аўтабіржу ў нядзелю, хоць той прасіў яго аб такой паслузе. Ён падкрэсліваў, што ёсць наказ пра ўстрыманне ад працы ў нядзелю, і католік у гэтым павінен быць паслядоўным. Добра! Нам патрэбна такое прынцыповае сведчанне. Аднак я папрасіў свайго суразмоўцу, каб ён яшчэ раз ацаніў сітуацыю з пазіцыі любові да бліжняга. Ці прымусіла ягоная адмова задумацца швагра, ці зразумеў ён сутнасць справы? А можа, больш эфектыўна было б паехаць на біржу і паразмаўляць аб праблеме?

Шабат – для чалавека, але гаспадар шабату – Бог. Наш Стварыцель і Збаўца дае нам праз Касцёл святочныя дні, у якія мы павінны ўстрымлівацца ад неабавязковай працы, каб мець час на іншыя справы. Разуменне і выкананне гэтага наказу залежыць ад нашых адносінаў з Богам і з бліжнімі.

Устрыманне ад працы не будзе для нас стратаю часу і грошай, незразумелым біблійна-касцёльным наказам, калі мы спасцігнем яго значэнне для творчага будавання нашых адносінаў з Богамі і з іншымі людзьмі. Калі мы маем праблемы з устрыманнем ад неабавязковай працы ў святочныя дні, то, магчыма, мы перш за ўсё маем праблемы ў адносінах з Богам і бліжнімі. Таму «працу» над адпачынкам трэба пачынаць не з працы як такой, а з асабістых адносінаў.

Паводле catholicnews.by

Меткі: Разважанні, Хрысціянства, Нядзельная школа, Катэхеза