Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Святая Камунія ў постаці віна?

Чаму святую Камунію ў Касцёле святары звычайна ўдзяляюць толькі ў адной постаці хлеба, а святой Крыві Пана не ўдзяляюць, хоць пра гэта сказана ў Евангеллі (гл. Мц 26, 26-28)?

Святая Імша ўвасабляе глыбокую і таямнічую рэчаіснасць Хрыстовай Ахвяры дзеля адкуплення чалавецтва ад грахоўнай пагібелі. Кожны раз, прымаючы ўдзел у святой Імшы, мы становімся сведкамі і ўдзельнікамі гэтай таямніцы. Ад першых вякоў хрысціянства яна названая сакрамэнтам Эўхарыстыі — г. зн. падзякі Пану Богу за Ахвяру Яго Сына, якая дае нам збаўленне.

Бачны знак

Эўхарыстыя, як і кожны сакрамэнт, з’яўляецца бачным знакам нябачнага дзеяння Бога. Тое, што мы бачым, — гэта ў першую чаргу ахвярныя дары хлеба і віна. Нябачным чынам яны падчас кансэкрацыйнай малітвы святара становяцца рэальнымі Целам і Крывёю Хрыста. Як і кожны сакрамэнт, Эўхарыстыя існуе не для таго, каб мы былі назіральнікамі, але ўдзельнікамі таго, што Бог здзяйсняе праз гэтую таямніцу. Кожны сакрамэнт — гэта бясцэнны дар дзеля выратавання і ўмацавання кожнага чалавека. У Эўхарыстыі гэты ўдзел у Божым дары збаўлення праяўляецца асаблівым чынам, калі мы прыступаем да святой Камуніі — спажываем Цела і Кроў Хрыста ў постацях кансэкраванага хлеба і віна. Прыняцце святой Камуніі жыццёва неабходнае для кожнага хрысціяніна. Езус сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця» (Ян 6, 53).

Удзел у Ахвяры

Чытаючы ў Святым Пісанні пра важнасць спажывання Цела і Крыві Збавіцеля і назіраючы за практыкаю Касцёла, мы можам спытацца: чаму ў Касцёле так часта падаецца святая Камунія ў постаці хлеба і так рэдка сустракаецца ў постаці віна?

Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна спачатку адрозніць два паняцці: «складанне Ахвяры» і «ўдзел у Ахвяры». Калі мы ўдзельнічаем у святой Імшы, то падчас Эўхарыстычнай малітвы становімся сведкамі і ўдзельнікамі складання Ахвяры Езуса Нябеснаму Айцу за нашыя грахі. Знакам гэтай Ахвяры стала Яго Цела, выдадзенае за нас, і Яго Кроў, пралітая за нас (пар. Мц 26, 26–28). Для складання Ахвяры абавязкова неабходныя Цела і Кроў. Аднак для ўдзелу ў Ахвяры (прыняцці святой Камуніі) дастаткова прыступіць да любой яе часцінкі, у якой ва ўсёй паўнаце прабываюць рэальны Сын Божы і ўсе плады складзенай Ім Ахвяры. Таму з пункту гледжання веры і духоўнага ўзбагачэння хрысціяніна не мае асаблівага значэння колькаснае вымярэнне святой Камуніі (якая форма постаці Камуніі і яе колькасць), бо ў кожнай часцінцы Цела і Крыві Хрыста прысутнічае аднолькавая моц дзеяння Божай ласкі збаўлення.

Проста нязручна?

Дыскусіі вакол колькаснага і знешняга вымярэння святой Камуніі маюць больш практычнае, псіхалагічнае і культурнае вымярэнне. Першыя пакаленні хрысціянаў прымалі святую Камунію пераважна ў дзвюх постацях (хлеба і віна), аднак яны заносілі Камунію хворым або захоўвалі яе толькі ў постаці хлеба. Пры гэтым ніхто не сумняваўся, што прысутнасць Езуса і моц сакрамэнту ад гэтага не змяняецца. Адначасова супольнасць Касцёла часта сустракалася з рознымі практычнымі нязручнасцямі пры масавым удзяленні Камуніі ў постаці віна. Напрыклад, некаторыя вернікі не маглі прымаць Камунію ў постаці віна з медыцынскіх меркаванняў, і святарам нялёгка было знайсці віно адпаведнай якасці, каб хапіла на Камунію тысячам вернікаў. Акрамя таго, паўставалі праблемы з захаваннем неспажытай часткі такога роду Камуніі або клопат у сітуацыі, калі святая постаць пралівалася з келіха ці лыжачкі на адзенне верніка ці на зямлю падчас Камуніі.

Келіх

Асцярожнасць

Чым глыбей Касцёл усведамляў каштоўнасць Найсвяцейшай Эўхарыстыі і сур’ёзнасць сітуацый святатацтва, тым больш асцярожна падыходзіў да ўдзялення Камуніі ў постаці віна. Так паволі фарміраваўся звычай прыняцця св. Камуніі пераважна ў постаці хлеба, тым больш што для духоўнага ўзбагачэння вернікаў было не істотнае спажыванне адразу дзвюх Эўхарыстычных постацяў, а практыка схіляла духавенства да большай асцярожнасці з удзяленнем св. Камуніі ў постаці віна. Спецыфіка гэтага напою, высокія патрабаванні адносна яго якасці, небяспека асацыяцыі яго з алкаголем і святатацкімі сітуацыямі, а таксама іншыя праблемы паставілі Касцёл перад неабходнасцю строгага рэгулявання пытання аб Камуніі ў постаці віна. Адказам на гэтую неабходнасць стала рашэнне Трыдэнцкага Сабору (1545–1563) удзяляць святую Камунію ў звычайных умовах толькі ў постаці хлеба. У дзвюх постацях можна было прымаць святую Камунію толькі з дазволу Апостальскай Сталіцы. Пасля Сабору, у залежнасці ад забяспечэння парадку і належнай падрыхтоўкі вернікаў да святой Камуніі, Апостальская Сталіца паволі вяртала права паасобным дыяцэзіям на шырэйшае практыкаванне св. Камуніі ў дзвюх постацях.

Калі ў ХХ ст. узровень эўхарыстычнай пабожнасці і свядомасці вернікаў быў дастаткова высокі, пасля Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965) Апостальская Сталіца прапанавала мясцовым супольнасцям Касцёла асцярожна, з належнаю падрыхтоўкаю, але ўсё ж такі шырэй практыкаваць удзяленне святой Камуніі ў дзвюх постацях (пар. «Sacrosanctum Concilium» (1963); «Eucharisticum Mys­te­rium» (1967); «Sacramenti Communione» (1970); Кодэкс Кананічнага Права (ККП, 1983), кан. № 925; Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала (АУРІ) і інш.).

Усё для дабра чалавека

На сённяшні дзень Касцёл дазваляе святарам у шматлікіх выпадках удзяляць святую Камунію ў дзвюх постацях (пар. АУРІ, № 281–284). Гэта адбываецца падчас прыняцця святых сакрамэнтаў (хросту, канфірмацыі, шлюбу) і святкавання іх гадавінаў. У такіх выпадках уся сям’я і блізкае акружэнне асобы, прымаючай сакрамэнт, можа прыступаць да св. Камуніі ў дзвюх постацях. Акрамя таго, Касцёл прадугледжвае магчымасць прыняцця св. Камуніі ў постаці віна, калі Імша цэлебруецца з удзелам хворых людзей, для іх і ўсіх удзельнікаў цэлебрацыі. Такі пашыраны спосаб прыняцця св. Камуніі дазволены таксама для ўсіх удзельнікаў надзвычайных пабожных сустрэчаў, напрыклад, у часе рэкалекцый. У наш час Апостальская Сталіца пакідае права біскупам вырашаць на месцах, каму і пры якіх умовах дазваляць прымаць св. Камунію пад дзвюма постацямі (гл. ККП, 135 § 2, 391).

Варта ўзгадаць пра тое, што існуюць розныя спосабы прыняцця cв. Камуніі ў постаці віна. Класічны прыклад — прыняцце cв. Камуніі, калі вернік спажывае Кроў Пана, п’ючы з агульнага келіха. Існуе магчымасць прыняцця гэтай постаці з дапамогаю адмысловай лыжачкі або трубкі. Вельмі распаўсюджаны спосаб прыняцця cв. Камуніі ў дзвюх постацях, калі святар макае камунікант (постаць хлеба) у келіх з Кроўю Пана і падае яго верніку.

Як бачым, Касцёл не забараняе прымаць cвятую Камунію ў дзвюх постацях, аднак ставіць пэўныя патрабаванні, клапоцячыся аб тым, каб не было паганьбення Найсвяцейшых Цела і Крыві Пана. Таму, чым больш свядомыя і адказныя вернікі, тым больш Касцёл адкрыты на тое, каб яны з належнаю пашанаю і адказнасцю прыступалі да cв. Камуніі, дбаючы аб кожнай часцінцы пададзенай ім постаці.

Незалежна ад шматлікіх практычных пытанняў адносна прыняцця cвятой Камуніі (ці толькі ў постаці віна, ці толькі хлеба, ці таго і другога), ня­зменнаю застаецца духоўная праўда пра тое, што ў кожнай кроплі Крыві і часцінцы Цела рэальна і дзейсна прыстунічае вечна жывы Сын Божы. І Ён не перастае паўтараць: «Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна» (Ян 6, 51).

Ксёдз Андрэй Рылка
Паводле Ave Maria

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"