Простай мовай пра сакрамант Канфірмацыі
У Касцёле надалей перажываем Велікодны перыяд. Радуемся ўваскрасенню Пана, а таксама рыхтуемся да прыняцця абяцанага Збаўцам Святога Духа. Хутка біскупы вырушаць у розныя куткі дыяцэзіі, каб удзяліць моладзі сакрамант канфірмацыі. Аднак кандыдаты, на жаль, нярэдка да канца не разумеюць усёй сутнасці і важнасці яго прыняцця.
Ва ўсіх тонкасцях гэтага святадзейства разбіраемся разам з кс. Андрэем Лішко. Святар звяртае ўвагу на некаторыя моманты, да якіх ні ў якім разе нельга заставацца абыякавымі.
Навошта прымаць сакрамэнт канфірмацыі
Наколькі ён важны для хрысціяніна?
Як правіла, рашэнне аб уваходжанні ў хрысціянскую супольнасць прымаюць за нас бацькі падчас сакраманту хросту. Канфірмацыя ж з’яўляецца свядомым, добраахвотным і адказным адбіткам веры хрысціяніна і яго прыналежнасці як да Паўсюднага Касцёла, так і да парафіі. Яна таксама ўмацоўвае сувязь з Богам.
Падчас гэтага сакраманту Святы Дух памнажае ў чалавеку свае дары: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, набожнасць і боязь Божую. А акрамя таго, умацоўвае хрысціяніна да сведчання аб веры словам і ўчынкам.
Калі трэба прыступаць да сакрамэнту канфірмацыі?
Ці можна прыняць гэты сакрамант у 13-гадовым узросце? Гісторыя паказвае, што ўзрост, у якім вернікі дапускаліся да прыняцця гэтага сакраманту, дастаткова часта падлягаў зменам. Спачатку канфірмавалі толькі дарослых, адразу пасля прыняцця сакраманту хросту. Пасля пачалі хрысціць малых дзяцей, адразу ўдзяляючы ім канфірмацыю. Практыка ўдзялення канфірмацыі дзецям, якія дасягнулі свядомага ўзросту, распаўсюдзілася на захадзе на рубяжы XIV–XV стагоддзяў.
Дакументы ІІ Ватыканскага сабору і выдадзенага пасля яго Кодэкса кананічнага права падкрэсліваюць неабходнасць асягнення кандыдатамі ўзросту адказнасці за свае ўчынкі (кан. 891), разам з тым дазваляючы Канферэнцыям Біскупаў устанаўліваць іншы ўзрост. У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі сакрамант канфірмацыі ўдзяляецца моладзі ва ўзросце 14-15 гадоў. Гэта тлумачыцца тым фактам, што менавіта ў такім узросце моладзь уваходзіць у перыяд сталення, пачынае думаць пра сваю будучыню, усё дакладней пазнаючы праблемы жыцця, таму можа больш свядома падысці і да заданняў, звязаных з прыняццем сакраманту канфірмацыі, лепш зразумець значэнне дароў Святога Духа для фарміравання сваёй асобы. Моладзь можа таксама больш эфектыўна выконваць абавязак сведчання аб сваёй веры.
Аднак па важнай душпастырскай прычыне святар, які клапоціцца аб падрыхтоўцы да сакрамантаў, можа раней дапусціць кандыдата да прыняцця канфірмацыі. Напрыклад, калі кандыдат не мае 14-ці поўных гадоў, ён можа быць дапушчаны да канфірмацыі разам са сваім класам ці равеснікамі. Альбо наадварот, калі кандыдат не выканаў адпаведных умоў падрыхтоўкі (не ўдзельнічаў у занятках рэлігіі, а таксама ў жыцці Касцёла праз наведванне нядзельнай св. Імшы і набажэнстваў), душпастыр можа не дапусціць (адтэрмінаваць) яго да прыняцця сакраманту канфірмацыі.
Нельга забывацца і пра тых, хто па розных прычынах не прыступіў да канфірмацыі ва ўзросце, пазначаным вышэй. Гэтыя людзі павінны выкарыстаць бліжэйшую нагоду, каб пасля неабходнай падрыхтоўкі прыняць дадзены сакрамант.
Якое імя выбраць кандыдату да сакрамэнту канфірмацыі?
І што рабіць, калі не хочацца “мяняць” уласнае імя?
Насамрэч, момант выбару імені для сакраманту канфірмацыі не акрэслены ні ў адным з апошніх дакументаў Касцёла, аднак з’яўляецца глыбока ўкаранёным у традыцыі вернікаў. Згодна ёй, праз нашэнне пэўнага імені можна заручыцца падтрымкай нябеснага заступніка. Пажадана, каб гэта была асоба, блізкая па характары, з падобнай біяграфіяй, якая клапацілася асаблівым чынам пра тыя рысы хрысціянскага жыцця, якія ў нас самых ляжаць на сэрцы, або якая проста імпануе нам сваім жыццём. Прыняцце чыйгосьці імені з’яўляецца своеасаблівай хрысціянскай ідэнтыфікацыйнай прыкметай, якая дэкларуе, што мы хочам ісці па слядах канкрэтнай асобы.
Такім чынам, Касцёл заахвочвае кожнага верніка мець другое, “святое” імя. Калі атрымалі яго на сакраманце хросту, можна не вызначацца з “дапаможным” для прыняцця сакраманту канфірмацыі, а можна і ўзяць дадатковае.
Часта моладзь любіць выбіраць прыгожыя імёны, нават не задумваючыся, хто іх насіў. Такі легкадумны падыход пазбаўляе сэнсу традыцыю, якая грунтуецца на ідэі падтрымаць кандыдата ў духоўным развіцці праз дапамогу асобы, што была беатыфікавана ці кананізавана. Таму выбар імені трэба рабіць асэнсавана.
Хто павінен быць сведкам сакрамэнту канфірмацыі?
Ці могуць імі быць праваслаўныя вернікі ці асобы, якія жывуць у грамадзянскім шлюбе?
Паводле Кодэкса кананічнага права, сведкам сакраманту канфірмацыі можа быць чалавек, які дасягнуў 16-гадовага ўзросту – калі толькі пробашч ці цэлебрант не лічыць, што па важнай прычыне можна зрабіць выключэнне – і ўжо прыняў гэты сакрамант. Ідэальна, калі сведкам сакраманту будзе хросны бацька ці хросная маці кандыдата (тым самым падкрэсліваецца сувязь паміж сакрамантамі хросту і канфірмацыі).
Трэба заўважыць, што сведка канфірмацыі не павінен быць звязаны ніякім кананічным пакараннем, “накладзеным або аб’яўленым законным чынам” (кан. 874, 1/4). У гэтым шэрагу – чалавек, які ўступіў у другі сужэнскі саюз або ўвогуле жыве без шлюбу. Сведкам сакраманту канфірмацыі таксама не можа быць бацька ці маці кандыдата, вернік некаталіцкай канфесіі.
Вельмі важна, каб патэнцыяльны сведка быў прыгодны да гэтага, а значыць жыў у веры. Ён абавязкова павінен мець свядомы намер удзелу ў сакраманце, бо яго далейшым абавязацельствам будзе клопат аб тым, каб канфірмаваны “жыў як сапраўдны сведка Хрыста і верна выконваў абавязкі, якія вынікаюць з гэтага сакраманту” (кан. 892). Такім чынам, быць сведкам сакраманту – значыць не толькі прысутнічаць на ўрачыстасці, але і несці адказнасць, якая вынікае з прыняцця канфірмацыі. Гэта павінна абавязваць з 2-ух бакоў: як кандыдата пры выбары сведкі, так і патэнцыяльнага сведку пры прыняцці адпаведнага рашэння.
Да чаго абавязкае сакрамэнт канфірмацыі?
Вернік атрымлівае яго толькі для сябе, ці таксама для карысці іншых?
Прыняцце сакраманту канфірмацыі ўказвае на сувязь “новага” хрысціяніна з біскупам, які з’яўляецца гарантам і слугой еднасці свайго Касцёла і яго паўсюднасці і апостальства. Такім чынам таксама падкрэсліваецца сувязь з апостальскімі пачаткамі Хрыстовага Касцёла.
Праз прыняцце сакраманту канфірмацыі вернік свядома вызнае сваю веру, а таксама абавязваецца да мужнага сведчання аб ёй іншым, прысягае жыць згодна з Божымі запаведзямі і нястомна клапаціцца пра паглыбленне сваіх рэлігійных ведаў. Выракаецца ўсяго, што звязана з нячыстым і можа прывесці да зла. Інакш кажучы, з гэтага часу хрысціянін становіцца поўнасцю адказным за сваё жыццё.
Ангеліна Пакачайла
Паводле slowo.grodnensis.by
Меткі: Нядзельная школа, Бежмаванне, Катэхеза, Канфірмацыя