Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Святарскае пакліканне: дар і таямніца

У IV Велікодную нядзелю, якую называюць Нядзеляй Добрага Пастыра, будзем адзначаць 55-ты Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях. 

У гэты дзень молімся ў інтэнцыі пакліканняў да святарскага, кансэкраванага і місійнага жыцця. 

Святарства – гэта не адно з грамадзянскіх правоў, якія па сваёй прыродзе служаць чалавеку, але незвычайны дар Божай любові. Пакліканне ніколі не з’яўляецца такім відавочным, як многія рэчы, што акружаюць нас у будзённым жыцці. Дык як яго распазнаць? На гэтыя і іншыя пытанні, якія датычаць сур’ёзнай падрыхтоўкі да святарскай паслугі, адказвае кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Гродзенскай ВДС.

кс. Ян Сарэла– Пакліканне да святарства, як нам прыгадвае Святы Айцец, з’яўляецца адначасова дарам і таямніцай. Якія асноўныя знакі паклікання?

– Асноўным знакам паклікання да святарства і адначасова абавязковай умовай рэалізацыі распазнанага паклікання з’яўляецца асабістая прыязнасць з Хрыстом. Ніхто акрамя Збаўцы не можа аб’явіць яго. А голас Езуса можна пачуць толькі ў хвіліны непасрэднай сустрэчы з Ім.

Чарговым знакам прызначэння да Божай службы, да святарскага стану з’яўляецца тое, што чалавек мае чыстыя інтэнцыі, хоча бескарысліва служыць Пану, захапляецца Хрыстом і прагне Яго пераймаць. Менавіта гэтыя, а не іншыя прычыны, сярод якіх можа аказацца жаданне рэалізаваць уласныя – часта хворыя – амбіцыі, павінны кіраваць маладым чалавекам.

Калі ён прагне служыць Хрысту з любові да Яго і да тых, каго Езус паставіць на яго шляху, ніхто не адбярэ ў яго радасць ад усведамлення таго, што стаў святаром. Калі ж хтосьці выбраў святарства, каб мець задавальненне ці заваяваць людскую ўдзячнасць, то ўжо з самага пачатку ён прыгавораны да няўдачы.

– Як распазнаць жыццёвае пакліканне?

– Гэтая справа патрабуе часу, а таксама кампетэнтнай асобы побач. Трэба, каб чалавек на каленях прасіў дапамогі Святога Духа, які праз духоўнага кіраўніка, спаведніка ці пэўныя падзеі ў жыцці ўкажа правільнае рашэнне. Ён павінен старанна працаваць над сабой, каб здолець з чыстым сэрцам сказаць Богу, самому сабе і кіраўнікам, што, усведамляючы адказнасць, ён хоча адказаць на дар Божага паклікання і што не змарнуе гэтага дару.

biskup– Якая роля духоўнага правадніка ў працэсе фармацыі будучага святара?

– Каб прарасці, насенню неабходна сонца, вільгаць і добрая глеба. Падобна і з кандыдатам да святарства. Чалавек, які пачуў Божы заклік, патрабуе на сваім шляху асаблівай дапамогі. Разумнае спадарожнічанне пакліканым неабходна, каб у адпаведны час яны здолелі прыняць асабістае, вольнае і сталае рашэнне поўнасцю аддаць сябе Хрысту і вытрываць на выбранай дарозе да канца жыцця. Важную ролю ў гэтай справе адыгрывае спаведнік і духоўны кіраўнік. Менавіта яны дапамагаюць распазнаць пакліканне, указваюць бачанне святарства. Без духоўнага кіраўніцтва падрыхтоўка кандыдата немагчымая.

– Многія святары сцвярджаюць, што адкрылі сваё пакліканне дзякуючы іншым асобам. Ці варта заўсёды прыслухоўвацца да галасоў дарадчыкаў?

– Гэта павінны быць добрыя дарадчыкі: не тыя, хто ўгаворваюць, вырашаючы за кагосьці, а тыя, хто дапамагаюць адкрыць пакліканне і пачуць голас Бога. Пастараюся растлумачыць на прыкладзе.

Уявім сабе, што ў пэўнай парафіі жыве хлопец, які з’яўляецца міністрантам у касцёле, паходзіць з добрай сям’і, набожны, шануе маральныя каштоўнасці. Гледзячы на яго паставу, акружэнне гаворыць: “Ты павінен пайсці ў семінарыю, бо створаны для таго, каб быць ксяндзом”. Аднак гэты хлопец не знаходзіць у сваім сэрцы паклікання да святарства. У падобнай сітуацыі не варта мучыць сябе і ісці супраць уласнай волі ў семінарыю.

– Чалавек павінен мець 100% упэўненасці ці мусіць ісці ў семінарыю, нягледзячы на сумненні?

– Можна і трэба ісці, хоць існуюць сумненні. Здаецца, я яшчэ не сустракаў такога чалавека, які з самага пачатку меў бы абсалютную ўпэўненасць, што з’яўляецца асобай, пакліканай да святарства, што павінен прыняць пасвячэнне і стаць ксяндзом. Менавіта для гэтага і існуе семінарыя: каб малады чалавек меў магчымасць разважаць і распазнаваць сваё пакліканне. Сумненні – гэта нармальная справа, асабліва ў сённяшнія часы, калі свет прапануе маладым людзям мноства прывабных дарог.

swiecenia– Гродзенская семінарыя штогод арганізоўвае рэкалекцыі распазнання паклікання. Ці бачны ўжо плён гэтых мерапрыемстваў?

– З нашага вопыту вынікае, што такія рэкалекцыі вельмі дапамагаюць маладым людзям распазнаць сваё жыццёвае пакліканне. Амаль усе клерыкі, якія сёння вучацца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, у свой час прымалі ўдзел у такіх духоўных практыкаваннях. Нават сама іх назва гаворыць аб тым, што павінны служыць дапамогай маладому чалавеку. Удзел у такіх сустрэчах не азначае, што іх удзельнік абавязкова павінен стаць ксяндзом. Падобныя рэкалекцыі – нагода, каб задумацца на тым, як рэалізаваць заданне, якое Бог ставіць перада мной, г. зн. да чаго Ён мяне заклікае.

Часта здараецца, што маладыя людзі заглушаюць у сабе голас Усемагутнага – пяшчотны, спакойны, ціхі, паколькі Ён ніколі не навязвае нам сваёй волі. Шум і супраціў навакольнага свету ў сваю чаргу спрыяюць таму, што хлопец не можа знайсці сябе. Здараецца і так, што ў сэрцы маладога чалавека Бог ужо засеяў зярнятка паклікання, але бацькі не хочуць на гэта згадзіцца, паколькі мелі для дзіцяці іншы план. Па гэтай прычыне ў сэрцы маладога чалавека нараджаецца няўпэўненасць, сумненні. Таму вельмі важна, каб моладзь прымала ўдзел у такіх рэкалекцыях, бо гэта значыць, што яна задае сабе пытанні і шукае на іх адказы, прагнучы знайсці сябе.

– Святар – гэта хтосьці, хто ўмацоўвае людзей у веры, надзеі і любові. Па гэтай прычыне ён павінен быць сталай асобай: як на чыста чалавечым узроўні, так і на хрысціянскім. Якім чынам адбываецца фармацыя кандыдата, каб ён дасягнуў неабходнага ўзроўню сталасці?

– У Апостальскай адгартацыі “Pastores dabo vobis” указваецца на 4 вымярэнні фармацыі: людское, духоўнае, інтэлектуальнае і душпастырскае. Заданнем людскога вымярэння з’яўляецца, галоўным чынам, фарміраванне ў будучага святара здольнасці да будавання добрых адносін з іншым чалавекам. Мэта духоўнай фармацыі – будаванне глыбокіх і трывалых адносін з Панам Богам. Інтэлектуальная фармацыя ахоплівае філасофска-тэалагічнае навучанне. На шляху да святарства яна адыгрывае незвычайна важную ролю: каб магчы выйсці ў свет і супрацьстаяць праблемам сучаснага грамадства, ксёндз павінен валодаць адпаведнай адукацыяй і ведамі. Падчас душпастырскай фармацыі клерыкі вучацца паказваць людзям Хрыста, які “прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб самаму служыць” (параўн.: PDV 57). Менавіта таму алюмны, апрача шматлікіх абавязковых заняткаў, павінны развіваць у сабе ўласныя зацікаўленасці, прысвячаючыся іншым.

– Якім чынам клерыкі развіваюць адчувальнасць да патрэб і цярпенняў іншых людзей?

– Каб быць добрым святаром, трэба перш быць добрым чалавекам, мець адкрытае сэрца. Адной з праверак для будучых ксяндзоў, якія навучаюцца ў гродзенскай семінарыі, з’яўляецца камунікаванне з хворымі і самотнымі пажылымі асобамі, якія знаходзяцца ў Доме міласэрнасці ў Каменцы, а таксама з дзецьмі з Дзіцячых дамоў у Радуні і Галавічполі. Такім чынам клерыкі адкрываюцца на бескарыслівую любоў да бліжняга.

– Яшчэ адной важнай умовай падрыхтоўкі да святарства з’яўляецца фарміраванне адпаведнага бачання святара і яго місіі. У чым гэта заключаецца?

– Святарства не з’яўляецца спосабам шукання лёгкага і выгоднага жыцця. Для сапраўднага святара вернасць Хрысту і атрыманаму пакліканню – гэта найвялікшая вартасць. Яна заключаецца ў тым, каб быць сведкам Божай любові і праўды, якая вызваляе з граху, абвяшчаць Добрую Навіну, карміць Божым Целам і дапамагаць у будаванні Божага Валадарства. Добры святар павінен любіць усіх, глядзець вачамі Хрыста. Быць сярод людзей незалежна ад таго, якія яны: добрыя ці дрэнныя, рэлігійныя ці менш рэлігійныя – і быць зацікаўленым. Павінен умець дапасавацца да індывідуальнай сітуацыі іншага чалавека, ставячы на першае месца яго збаўленне. Варта разумець, што прычынай усяго з’яўляецца Бог, а ксёндз – толькі інструмент, памочнік у справе вядзення людзей да Нябеснага Айца.

– Агульнасусветнай тэндэнцыяй з’яўляецца скарачэнне колькасці пакліканняў. Чаму ўсё менш тых, хто прагне адкрываць сэнс жыцця ў Богу?

– Прычын таму вельмі шмат: маладыя людзі менш сталыя, маюць цяжкасці са зразуменнем паклікання і вернасцю прынятаму рашэнню. Можа, мы замала даём сведчанне і прыклад, не праводзім дастатковай колькасці пакліканневых акцый у парафіях. Лічу, што гэтая сітуацыя з’яўляецца сігналам для нас, людзей Касцёла, што трэба ўзяцца за працу. Вядома, што кліча Бог, але і мы не павінны бяздзейсна адчайвацца з-за таго, што сітуацыя пагоршылася. Трывае І Дыяцэзіяльны сінод, у межах якога створана Камісія па справах пакліканняў. Мы прагнем глыбей засяродзіцца над гэтым пытаннем.

– Якую ролю адыгрывае малітва вернікаў у інтэнцыі пакліканняў?

– Малітва ў інтэнцыі пакліканняў адыгрывае вялізную ролю, паколькі Езус казаў: “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам” (Мц 7, 7). Гродзенскі Касцёл актыўна моліцца за кандыдатаў да святарскай службы. У кожны першы чацвер месяца адбываюцца адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі духавенства. Многія вернікі індывідуальна моляцца за ксяндзоў аб умацаванні, асвячэнні і вядзенні Святым Духам, аб дапамозе і бласлаўленні, ахвяруючы за іх свае цярпенні, клопаты і боль, радасці і добрыя ўчынкі.

Падчас Тыдня малітвы аб пакліканнях Касцёл асаблівым чынам запрашае нас далучыцца да малітвы аб новых пакліканнях, а таксама за тых, хто ўжо пакліканы Богам, каб верна пераймаць Езуса Хрыста, Добрага Пастыра. Гэтае запрашэнне скіравана ўсім нам. Дык давайце – кожны ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі – адкажам на яго. Няхай не толькі гэты тыдзень, але і іншыя дні года будуць часам з’яднання ў малітве ўсіх вернікаў у інтэнцыі тых, хто прагне з адказнасцю выканаць місію, даручаную ім Богам.

Паводле slowo.grodnensis.by

 

Меткі: Інтэрв'ю, святары і законнікі, Хрысціянства

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"