Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Крыжовы шлях прабачэння

Езу Хрыстэ, у гэтым набажэнстве Крыжовага шляху мы прагнем разважаць над Тваёю збаўчаю мукаю. Па закліку Святога Айца Францішка, думаючы над прабачэннем сваіх грахоў і грахоў нашых бліжніх, мы ў душы пройдзем з Езусам Хрыстом па стацыях Крыжовага шляху. З пакораю будзем вучыцца прабачаць за ўчынены нам боль і прасіць аб прабачэнні ранаў, якія нанеслі мы самі. Гэтую малітву ахвяруем у інтэнцыі ўміласціўлення Бога за ўчыненае зло, паяднання паміж намі, а таксама за душы, якія церпяць у чыстцы.

Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць
Асуджэнне бліжніх

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам» (Лк 6, 37).

Езу, Цябе — Бога, святога і нявіннага, — асудзілі і паставілі перад судом Пілата. Поўны пакоры і спакою, Ты прыняў вынесены Табе прысуд. На самай справе гэта мы ўвесь час выносім Табе прысуды, асуджаючы нявінных людзей, выказваючы адносна іх паспешныя меркаванні, крыўдныя думкі. Як шмат мы можам расказаць пра іншых! Плёткі, насмешкі, выяўленне чужых слабасцяў і памылак... А Ты вучыш нас пакоры і прабачэнню…

Езу, перапрашаем Цябе за гэтыя грахі і прабачаем тым, хто несправядліва асуджаў нас. У хвіліну цішыні падумаем, каму менавіта мы павінны прабачыць і каго павінны папрасіць аб прабачэнні. Молімся за гэтых людзей:

Ойча наш...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 2. Езус бярэ крыж
Непрыязнае слова

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34а).

Езу, на Твае збалелыя плечы ўсклалі цяжкую бэльку, якую Ты нёс на Кальварыю. Ты ішоў ціха, без слова наракання. Маліўся за нас да Айца, каб Ён прабачыў нам грахі, якія прывялі Цябе на Крыжовы шлях. Як часта мы ранім іншых людзей непрыязным словам, крытыкаю, пачатаю сваркаю, нястрымнаю злосцю і нават праклёнам…

Езу, прабач нам грахі, якія мы ўчынілі словам.

У хвіліну цішыні падумаем пра людзей, якія ранілі нас і якіх ранілі мы. Прабачым усе правіны. Молімся за гэтых людзей:

Вітай, Марыя...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 3. Езус падае першы раз
Мая вера

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых» (Мц 6, 14–15).

Найдаражэйшы Езу, Ты падаеш пад цяжарам крыжа, нашых грахоў… Тваё святое цела прыгнечана слабасцю нашай веры, а менавіта павярхоўнасцю ў яе вызнаванні, нежаданнем шукаць глыбокі кантакт з Табою, вераю «па святах», сорамам перад іншымі за тое, што мы з’яўляемся хрысціянамі, бояззю і страхам быць адкінутымі з-за веры, высмейваннем і адсутнасцю пашаны ў адносінах да веруючых, а таксама атэізмам. А можа, мы вінаватыя ў тым, што хтосьці страціў сваю веру, зняверыўся?

У хвіліну цішыні задумаемся над сваёю вераю. За што мы павінны перапрасіць і прынесці ўміласціўленне? Молімся аб дары прабачэння і моцнай веры:

Ойча наш...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці
Мае бацькі

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. <…> …Гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (Лк 15, 22. 24).

ахвяраваў сабою дзеля нас і клапаціўся пра нас, выхоўваў нас, нягледзячы на матэрыяльныя ўмовы і здароўе…

Узгадайма нашых бацькоў, жывых і памерлых. Ці не павінны мы прасіць прабачэння за недахоп пашаны да іх? Магчыма, бацькі ранілі нас дрэнным прыкладам, пэўнымі залежнасцямі… Магчыма, яны білі нас, а мы, нягледзячы на тое, што ўжо прайшло шмат гадоў, усё яшчэ носім у сэрцах крыўды... Можа, нас пераследуюць грахі мінулага ў адносінах да бацькоў і апекуноў: прэтэнзіі, незадаволенасць, недахоп належнага клопату ў іх старасці і хваробе, абвінавачванне ў адсутнасці адпаведных матэрыяльных умоваў, пачуццё сораму, крыўда…

Калі я з’яўляюся бацькам або маці, ці могуць мае дзеці ганарыцца мною? Ці жыву я так, каб заслугоўваць іх павагу?

Езу, праз заступніцтва Тваёй Святой Маці — Марыі — просім Цябе аб прабачэнні грахоў, учыненых у адносінах да нашых бацькоў і дзяцей, а таксама просім, каб нашыя сэрцы былі поўныя прабачальнай любові да нашых бацькоў.

Вітай, Марыя...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
Добрыя ўчынкі

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Езу, Сымона Кірынэйца, які праходзіў побач, змусілі дапамагчы Табе несці крыж. Колькі разоў нас прасілі аб дапамозе, але мы заставаліся глухія і сляпыя да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе! Мы ж не маем часу! Няхай іншыя самі спраўляюцца, а мы мусім заняцца сваімі справамі, сям’ёю, працаю, таму няхай яны звернуцца да кагосьці іншага… А Ты, Езу, прыходзіш да нас у асобе церпячага чалавека, якому часта патрэбна зусім няшмат: пачуць добразычлівае слова, параду, паразмаўляць хвілінку, атрымаць суцяшэнне, пасілак, пазычыць грошай.

Езу, прабач нам кожнае занядбанае дабро, нявыкананыя ўчынкі міласэрнасці і адары ласкаю ўсіх, каго мы ранілі сваёю абыякавасцю.

У хвіліну цішыні ўзгадаем людзей, якім мы адмовілі ў дапамозе, і папросім Езуса аб прабачэнні.

Ойча наш...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса
Мая адвага

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32)

Езу, Вераніка была адважнаю жанчынаю. Нягледзячы на варту і забарону набліжацца да асуджанага, яна выбегла з натоўпу і хусткаю выцерла Твой святы збалелы твар. Ніхто яе не затрымаў, не адцягнуў ад Цябе. Яна сама сваім учынкам выклікала страх. Прынесла Табе палёгку і атрымала ўзнагароду — Твой адбітак на хустцы.

Езу, як часта нам не хапае адвагі ў розных жыццёвых сітуацыях. Мы баімся сказаць праўду і захаваць цвёрдую і годную пазіцыю, каб не страціць працы, псеўдасяброў, каб нас не высмеялі, не адкінулі. З-за страху за сябе прыстасоўваемся да людзей, якіх не хацелі б наследаваць. А сумленне няспынна падказвае, што толькі праўда дае ўнутраную свабоду і супакой. Езу, прабач нам усе сітуцыі, у якіх мы кіраваліся страхам, былі баязліўцамі, страчвалі сваю чалавечнасць і ранілі іншых.

У цішыні давайце ўспомнім гэтыя канкрэтныя здарэнні і папросім Езуса аб прабачэнні. Молімся за людзей, якіх мы ранілі адсутнасцю адвагі:

Вітай, Марыя…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 7. Езус падае другі раз
Мая малітва

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе» (Мц 6, 6).

Езу, Ты другі раз падаеш пад крыжам. Цябе прыгнятаюць нашыя грахі занядбання рэгулярнай і шчырай размовы з Табою. Ты навучыў нас малітве, даверу да Бога, штодзённаму кантакту з Найвышэйшым. Але мы не маем часу! Не ўзносім нашыя сэрцы да Цябе, забываем пра малітву, павярхоўна адносімся да яе або ўспамінаем пра Бога толькі тады, калі нам пагражае небяспека. Найдаражэйшы Езу, прабач нам, што мы не бачым у Табе Асабовага Бога, які любіць нас і з’яўляецца нашым Сябрам, цярпліва чакае нас і хоча прысутнічаць у нашым жыцці. Перапрашаем Цябе за недахоп малітвы, пабожнасці, засяроджанасці, за тое, што часам нават у касцёле размовы з суседам у лаўцы або тэлефонныя званкі важнейшыя за кантакт з Табою; перапрашаем за маўчанне ў адказ на Тваю любоў, за зневажанне Найсвяцейшага Сакрамэнту, нягоднае прыняцце Цябе ў святой Камуніі. Прабач нам, Езу…

У хвіліну цішыні паразмаўляем з Езусам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Молімся, праслаўляючы Бога:

Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Крывадушнасць

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 27).

Езу, на Тваім Крыжовым шляху апынуліся жанчыны, якія плакалі над Табою, галасілі, не разумеючы збаўчай ролі Тваёй мукі. Як жа мы падобныя да іх! Ты ўшчуваеш нас, таму што бачыш нашую абыякавасць і крывадушнасць. Мы ж не бачым і не хочам бачыць уласнага сэрца… Лягчэй ацэньваць іншых, прытварацца, унушаць сабе, што мы найлепшыя. Мы не жадаем працаваць над сабою, удасканальваць сваю слабую натуру. Шмат часу праводзім у салонах прыгажосці, спартыўных залах, але не маем ані хвіліны, каб зазірнуць у глыбіню сваёй душы, задумацца над яе жыццём у адзіноце і цішыні. Адсюль узнікае неўпарадкаваная эмацыйнасць, выцясненне пачуццяў, пошукі замяняльных сродкаў, жыццё пад маскаю. На самай справе мы падманваем саміх сябе.

Езу, прабач нам недахоп клопату пра духоўнае жыццё, якое вядзе нас да вечнасці.

У цішыні задумаемся пра тое, якія куточкі нашых сэрцаў патрабуюць Божай інтэрвенцыі і нашай працы. Папросім Езуса аб дапамозе і прабачэнні за гэтае занядбанне.

Ойча наш...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 9. Езус падае трэці раз
Залежнасці

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя» (Мк 11, 25).

Езу, Ты падаеш чарговы раз. Церпіш за нашыя сем’і, грамадства і сучасны свет, у якім так шмат людзей пакутуе ад залежнасцяў. Найбольш шкоды прыносяць наркотыкі і алкаголь. Многіх з нас закранаюць наступствы алкагалізму, які спараджае шмат болю, з-за якога распадаюцца сем’і, людзі не маюць сродкаў на пражыванне і не шануюць адзін аднаго; з-за якога ўзнікаюць сваркі, пашыраецца амаральнасць і нянавісць. Езу, дапамажы нам прабачыць усім, хто раніў нас у выніку злоўжывання алкаголем. Вылечы раны, якія мы носім у сабе доўгія гады. Перамяні нашыя сэрцы, каб яны былі здольныя прабачыць і аднавіцца.

У цішыні падумаем пра людзей, якія маюць залежнасці. Прабачым ім. Калі я залежны або быў залежным, я мушу прасіць аб ласцы прабачэння маіх правінаў.

Вітай, Марыя...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне
Мая чыстасць

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Ён … сказаў ім: „Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень“ <…> . Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным… „Ніхто не асудзіў цябе?“ Яна адказала: „Ніхто, Пане“. Езус сказаў ёй: „І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы“» (Ян 8, 7. 10–11).

Езу, каты здзерлі з Цябе адзенне. Ты стаіш перад натоўпам аголены, прыніжаны…Просім Цябе аб прабачэнні ўсіх грахоў, звязаных з неўпарадкаванаю пажадлівасцю цела. Яны нішчаць нашую чыстасць і ўносяць бязладдзе ў духоўнае жыццё. Як цяжка з імі парваць! Сучасны свет прапануе людзям карыстацца сваёю сексуальнасцю без абмежаванняў, і мы паддаемся гэтай намове, адмаўляемся ад утаймавання, вернасці Табе і тым, хто нас любіць. Перапрашаем Цябе, Езу, за нашыя грахі і грахі грамадства: за чужаложства, здрады, парнаграфію, самазадавальненне, свядомае ўзбуджэнне ў іншых пажадлівасці, за гвалт і нежаданне змяніць сваё грэшнае жыццё.

У цішыні даверымся Езусу і папросім аб прабачэнні. Узгадаем людзей, якіх мы ранілі сваёю неўпарадкаванаю сексуальнасцю, і памолімся за іх.

Ойча наш...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса
Недахоп любові

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунка Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць» (Лк 7, 44–47).

Езу, каты прыбілі Цябе да крыжа тупымі цвікамі. Кожны ўдар, кожны боль — гэта наш грэх. Кожная рана, нанесеная іншаму чалавеку, — гэта вынік нелюбові з нашага боку. Мы не любім бліжняга, таму няспынна змагаемся за сваё меркаванне і лепшае месца, праяўляем упартасць і эгаізм, непрыязнасць, агрэсію і нянавісць. Не клапоцімся пра любоў у сям’і, да сужэнца і дзяцей, таму яна памірае… Але ж мы створаныя з любові і для любові! А Ты з любові да нас аддаў сваё жыццё.

Езу, дапамажы нам адкрыць і нанава знайсці ў сабе любоў. Дапамажы праяўляць яе да нашых непрыяцеляў, да тых, хто не любіць нас і ставіцца да нас непрыязна. Перапрашаем Цябе, Езу, за недахоп любові ў нашым жыцці.

У цішыні падумаем пра людзей, якіх мы ранілі сваёю нелюбоўю і ў прысутнасці Езуса перапросім за ўчыненае зло. Памолімся таксама за нашых непрыяцеляў.

Вітай, Марыя...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 12. Езус памірае на крыжы
Забойствы

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Вы чулі, што было сказана продкам: „Не забівай“, а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду» (Мц 5, 21–22).

Езу, Ты паміраеш на крыжы, каб нас збавіць… Ці памятаем мы пра гэта? Сёння ў свеце не хапае супакою. У войнах гіне шмат нявінных людзей. Няма супакою таксама ў нашых сем’ях, бо ў іх пануе гнеў, злосць і адсутнасць згоды. Няма супакою ў сэрцах многіх людзей, якія забіваюць ненароджаных дзяцей. Езу, прабач усе грахі, учыненыя супраць пятай запаведзі — «Не забівай».

У цішыні зробім рахунак сумлення адносна таго, у якой смерці вінаваты я сам? Што я забіваю ў іншым чалавеку? Яго жыццё, радасць, спакой? А можа, я раблю аборты ці намаўляю да іх? Што павінна ўва мне памерці, каб я стаў святым чалавекам? Молімся аб ласцы прабачэння грахоў.

Ойча наш...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа
Зайздрасць

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Вы так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе <…>. Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым» (Мц 6, 9–13).

Езу, мы глядзім на тое, як Тваё цела здымаюць з крыжа. Павінны былі б захоўваць цішыню, але ў нашых сэрцах часта пануе адзін з галоўных грахоў — зайздрасць. Нам увесь час чагосьці не хапае, чагосьці недастаткова, мы незадаволеныя, не жывём паўнатою свайго жыцця і не маем унутранай гармоніі, паддаемся комплексам, таму зайздросцім поспехам іншых людзей, лепшай матэрыяльнай сітуацыі, чужым здольнасцям… Часам таксама і мы становімся ахвярамі зайздрасці, якая ўчыняе нам фізічную, псіхічную і духоўную крыўду. Езу, просім Цябе аб ласцы вызвалення нас ад усяго, што абуджае зайздрасць. Просім аб унутранай свабодзе і прабачэнні ранаў, нанесеных іншым людзям і нам з прычыны зайздрасці.

У цішыні ўзгадаем людзей, якім патрэбна нашае прабачэнне і малітва.

Вітай, Марыя...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу
Прабачэнне

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

«Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: „Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?“ Езус адказаў яму: „Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў“» (Мц 18, 21–22).

Езу, укленчваючы каля апошняй стацыі Крыжовага шляху, мы глядзім на Тваю магілу. Яна не толькі сведчыць пра смерць, але і дае надзею на ўваскрасенне. Ты вучыш нас прабачаць. Шмат разоў прабачаць — не адзін раз ці два, а заўсёды, калі хтосьці будзе перад намі вінаваты. Гэтага ж мы чакаем і ад іншых.

Гледзячы на магілу, мы ўспамінаем, што нашае зямное жыццё скончыцца, а вечнае распачнецца. Мы хочам заслужыць неба, да якога вядзе шлях любові і паяднання. Езу, просім Цябе, прабач нам нашыя грахі і дапамажы верна ісці з Табою праз цяжар штодзённага жыцця да святасці. Дай нам ласку пакоры, якая прабачае іншым і можа прасіць аб прабачэнні, калі мы правініліся.

У цішыні даверымся Езусу і папросім Яго аб патрэбных ласках.

Ойча наш...
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

З мэтаю атрымаць адпуст памолімся ў інтэнцыях Святога Айца.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Cястра Марцэліна Мігач ISSM
Паводле Ave Maria

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"