Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

«Мядовы доктар»: Рэцэпт хрысціянскай дасканаласці ад св. Францішка Сальскага

За акном зіма, але заўсёды, калі надыходзіць 24 студзеня, успамін св. Францішака Сальскага, сваю прыгажосць, нібы каштоўны дыван, перад маімі вачыма раскрывае духмяная вясна.

Адразу пачынаю ўяўляць рознакаляровыя кветкі на палях і паласатых пчолак, якія сваёй ахвярнай працай збіраюць каштоўны скарб прыроды – мёд. Мёд заўсёды будзе для нас знакам цеплыні, дабрыні і слодычы. Часта любім пасмакаваць яго на свежай булцы або адчуць яго лекавую моц у гарбаце з малінамі.

Менавіта гэты «твор» пчалінага рою з’яўляецца найбольш адпаведным сімвалам постаці святога біскупа Жэневы, якога сёння ў літургіі ўзгадвае Каталіцкі Касцёл.

св. Францішак Сальскі

«Мядовы Доктар» – так называе яго каталіцкая традыцыя, падкрэсліваючы яго лагоднасць і слодыч любові.

«Бог з’яўляецца Богам чалавечага сэрца» (Трактат аб Божай любові, I, XV) – у гэтых словах адлюстроўваецца духоўнасць св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла.

Гэты святы, па праўдзе кажучы, адкрыў новую эру ў хрысціянскай духоўнасці, актуальную і сёння. Святы біскуп прыўзняў перад вернікамі заслону Божай прысутнасці ў свеце, паказаў Бога ў штодзённасці, даў канкрэтныя простыя падказкі на шляху чалавека да святасці.

У чым рэцэпт хрысціянскай дасканаласці?

Божае сэрца дзякуючы яму праявілася ў тэрміне «чалавечае». Хрыстус, прыняўшы чалавечае цела, стаўся адным з нас. Хто, як не Ён, ведае пра нашыя праблемы, хваляванні, мары? Божае сэрца праз уцелаўленне Езуса стала бліжэй да чалавека, а св. Францішак дапамог душам простых вернікаў гэта зразумець і прыняць Бога.

Біскуп Сальскі жыў у вельмі складаны час. Гэта была эпоха «другога гуманізму», як яе любяць называць гісторыкі. Пратэстанты, якія апаноўвалі Еўропу, з амбонаў сваіх збораў абвяшчалі, што чалавек не мае ўплыву на сваю святасць, гуманізм узвышае чалавека як караля сусвету; казалі, што духоўная дасканаласць – гэта пародыя.

св. Францішак Сальскі

У каталіцкай думцы яшчэ панаваў сярэднявечны погляд на святасць, якая здавалася толькі і выключна ў межах вялікіх вырачэнняў і найлепей у якім-небудзь закрытым кляштары.

Супрацьстаянне трох бакоў на полі чалавечай духоўнасці разгортвала сапраўдную баталію. На жаль, удзел у гэтых дэбатах мелі толькі духоўныя і выбітныя людзі той эпохі. А просты люд? Просты люд араў поле, пёк хлеб і гадаваў дзяцей. Яго ўдзел – прыняць тое, што прымуць тыя, на гары…

Францішак Сальскі пераступае падзел, які трываў шмат гадоў. Будучы духоўнай асобай заможнага паходжання, ён спускаецца да самых нізоў – да простых людзей. Яго гаміліі не былі накіраваны, як было прынята, да магнатаў, сабраных у святыні, але да ўсіх без выключэння.

Біскуп для ўсіх – гэта была па-сапраўднаму навізна. Святы Францішак стварае свой рэцэпт хрысціянскай дасканаласці. Інгрэдыенты выглядалі наступным чынам:

  1. Любоў да Бога, якая з’яўляецца цэнтрам і крыніцай хрысціянскага жыцця;
  2. Унутраны супакой і шчырая радасць;
  3. Салодкая лагоднасць і непераможная цярплівасць;
  4. Некрывадушная пакора.

Францішак Сальскі паставіў гэтыя чатыры аспекты краевугольнымі камянямі ў фундамент святасці, якую практыкаваў сам і раіў іншым. Аднак большай рэвалюцыяй у сферы духоўнага жыцця стала тое, што жаданую святасць, паводле яго, можна было здабыць сярод місаў і апалонікаў – у звычайнай штодзённасці.

У цэнтры духоўнага змагання чалавека святы ставіць Божую любоў, а не асабістыя заслугі, пакуты і ахвяраваныя цярпенні. Святы казаў, што менавіта з любові выцякаюць усе вядомыя тыпы духоўнасці дзяцей Божых.

Чалавек, паводле навучання Францішка Сальскага, павінен не толькі палюбіць свайго Стварыцеля, але таксама шчыра любіць сваё асабістае месца ў жыцці. Адна з маіх любімых думак гэтага святога – парада, якую біскуп напісаў у лісце да мадам Блюлярт, якая моцна зайздросціла сваёй сястры, законніцы.

Навошта будаваць замкі ў Іспаніі, калі мы жывём у Францыі?

Святы напісаў наступныя словы: «Калі прагнем быць святымі паводле нашай волі, ніколі імі не будзем па-сапраўднаму; святымі трэба быць згодна з воляй Божай. А воля Божая ў тым, каб Вы з любові да Яго шчыра палюбілі практыкаванне свайго жыццёвага стану жыцця».

У іншым лісце да той самай асобы ён піша:

«Калі ласка, не сейце свае мары ў чужым садзе; дбайце пра свой сад. Няхай ваша душа не жадае быць кімсьці, кім не з’яўляецца, але моцна прагне быць тым, кім вы ёсць. Навошта будаваць замкі ў Іспаніі, калі мы жывём у Францыі?»

Францішак у сваім навучанні абапіраецца на духоўны рэалізм, каб не памнажаць мары і прагненні, якія з’яўляюцца толькі і выключна нашай воляй, а не Бога.

Сваім духоўным дзецям ён нястомна паўтараў: «Трэба расквітнець там, дзе пасадзіў нас Бог». Тым самым «мядовы доктар» падкрэсліваў, што кожны грамадскі і духоўны стан, кожная жыццёвая сітуацыя з’яўляюцца плённай глебай для духоўнага ўзрастання.

св. Францішак Сальскі

Не трэба шукаць надзвычайнасці ў жыцці, але сярод звычайнай, шэрай атмасферы дня шукаць Бога, які ўжо тут. Вялікі націск ставіць на вернасць штодзённым абавязкам – менавіта гэтую думку св. Ян Боско пазней прапануе сваім хлопцам у першым араторыі.

План духоўнага развіцця св. Францішка Сальскага не датычыць «надзвычайных спраў, а штодзённых дробных клопатаў». Менавіта тут адбываецца асабістая сустрэча з Найвышэйшым.

«Ці прагнеш падабацца Богу? – пытаецца Францішак. – Калі яшчэ не выбраў свайго стану жыцця, зрабі гэта як мага хутчэй, калі ўжо выбраў яго – тут знойдзеш Бога; Бога, які будзе апекавацца табою!»

Кожны з нас атрымаў ад Бога ўнікальную магчымасць стаць святым па-свойму, гэта значыць там, куды пасылае мяне Бог, з тым багаццем талентаў і магчымасцяў, якімі адарыла нас Неба.

Не трэба шукаць невядома якіх духоўных практык і ўзнёслых пачуццяў у малітве. Патрэбны давер да Божага плану і любоў да яго, а ён у кожнага з нас свой асабісты. Кожны з нас з’яўляецца ўлюбёным Божым нашчадкам. Наша спадчына – лёс, які мы атрымалі з рук нашага Айца, – «зямля абяцаная».

На гэтай зямлі кожны па-свойму садзіць сад духоўнага жыцця. А калі нашыя дрэвы заквітнеюць, мы паклічам працавітых пчол, каб сабралі жаданы мёд – слодыч вечнага жыцця, якім мы павінны падзяліцца з кожным, каго сустрэнем на сваім жыццёвым шляху.

кл. Артур Ляшнеўскі SDB

Паводле catholic.by

Меткі: духоўнае жыццё, Святыя, Хрысціянства