Першыя перапрашальныя суботы
У кожную першую суботу месяца ад Чырвонага касцёла адпраўляюцца аўтобусы з вернікамі да Будслаўскай святыні з мэтаю перапрашэння Маці Божай за знявагі, якія наносяць Ёй людзі.
13 траўня 1917 г. Маці Божая аб'явілася ў Фаціме траім дзецям. Яна прасіла іх, каб яны абвясцілі, што Маці Божая прыйдзе ў хвіліну смерці з ласкамі, патрэбнымі для збаўлення, да ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме Святую Камунію, згаворыць адзін Ружанец і на працягу 15 хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі разам з Марыяй будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога.
Многія задаюцца пытаннем, чаму менавіта пяць першых суботаў трэба перапрашаць Маці Божую. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і блюзнерстваў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі:
- Абраза Беззаганнага Зачацця.
- Абраза Яе Дзявіцтва.
- Абраза Яе Божага Мацярынства, калі прызнаюць Яе толькі як Маці чалавека.
- Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Марыі.
- Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.
Разам з намі ў аўтобусе едзе святар, які моліцца разам з намі. У аўтобусе чытаем літаніі, Ружанец, спяваем духоўныя песні. А 12-й гадзіне прыязджаем у Будслаў. Хутка распачынаецца Святая Імша. Перад Імшою ёсць магчымасць паспавядацца. Імша праходзіць вельмі ўрачыста: чытаем Эвангелле, каментар да Слова Божага, нясем кветкі, ружанец, свечку, хлеб, плады зямлі, Святыя Дары. Пасля Імшы чытаем Ружанец перапрашэння да Маці Божай, у якім прымае ўдзел моладзь. Пасля Ружанца ідзем на гарачую гарбату ў Дом пілігрыма, дзе разам молімся і дзелімся той ежай, якую кожны прывёз. Пасля зноў вяртаемся ў касцёл, вымаўляем Вяночак да Божай Міласэрнасці а 15-й гадзіне. Потым святар асвячае ваду і вяртаемся ў Мінск.
Па дарозе дадому вернікі дзякуюць Маці Божай за час, які правялі з Ёю і Яе сынам. Таксама даюць сведчанні, якія ўражанні засталіся ў іх сэрцах пасля гэтай вандроўкі.
Наступная аўтобусная пілігрымка адбудзецца 4 чэрвеня 2016 г.(першая субота чэрвеня). Ад'езд а 9-й гадзіне раніцы ад Чырвонага касцёла.
Запісацца можна ў закрыстыі Чырвонага касцёла і па тэлефонах:
- +375 29 167-72-23 – Ілля
- +375 29 246-62-97, +375 25 618-17-50 – Уладзімір
- +375 33 337-44-95 – Ірына
- Кошт для дарослых - 100.000 бел.руб., для дзяцей - бясплатна.
Вельмі хочацца, каб, як мага больш людзей ездзіла да Маці Божай Будслаўскай і атрымалі ўсе ласкі, якія абяцала Марыя ўсім тым, хто будзе пяць першых субот маліцца на Ружанцы з мэтай перапрашэння Марыі за ўсе нашыя знявагі і блюзнерствы.
Сведчанні пілігрымаў:
Ірына: Пасля таго, як выпіла Святой вады з Будслава, прайшоў ацёк горла.
Ніна: Хутка прайшло запаленне лёгкіх пасля наведвання Будслава.
Сяргей і Алена: Была пагроза жыцця немаўля, але пасля малітвы на Ружанцы, акрапення святой вадой з Будслава - адбыўся цуд - дзіця ачуняла.
Многія заўважылі, што пасля вандроўкі, атрымалі спакой у душы і духоўнае ўзрастанне.