Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

«Веру, што адбудзецца цуд»: будслаўскія пілігрымы і іх інтэнцыі

Кожны з пілігрымаў нясе ў сваім «духоўным заплечніку» шматлікія інтэнцыі да Бога праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай. Хтосьці нясе свае падзякі за ўжо выслуханыя просьбы, хтосьці – праблемы, якія здаюцца невырашальнымі, а хтосьці ахвяруе цяжар пілігрымкі ў інтэнцыі іншых людзей.

Пілігрымы падзяліліся з Catholic.by сваімі інтэнцыямі і думкамі, з якімі яны прыйшлі да Маці Божай Будслаўскай.

Іна Барташэвіч з Ільі, удзельніца пілігрымкі Вілейка-Будслаў:

Сёлетняя пілігрымка Вілейка-Будслаў ужо дзявятая не толькі ў маім жыцці, але і ў жыцці маёй сям’і. За гэты час у мяне нарадзілася дачушка Кацярына. Кожную пілігрымку я ахвяроўвала за сваіх дзяцей, а таксама за здароўе кагосьці з іх.

будслаўскія пілігрымы

Апошнія гады я несла ў сваім сэрцы інтэнцыі аб распазнанні жыццёвага паклікання для сваіх старэйшых дзяцей, каб Найсвяцейшая Панна Марыя накіроўвала і падтрымлівала іх на жыццёвым шляху. Сёлета мой старэйшы сын Мікіта скончыў школу і ўжо зрабіў свой жыццёвы выбар, таму гэту пілігымку мы ахвяроўваем у яго інтэнцыі. Але ўсяму свой час, таму няхай гэта інтэнцыя застанецца для вас таямніцай.

Ад сябе магу зазначыць, што мае ранейшыя інтэнцыі былі выслуханыя. У Мікіты палепшыўся стан здароўя, а падчас адной з пілігрымак ён прыняў канчатковае рашэнне наконт сваёй будучыні.

Інэса Самбук з Бабруйска, удзельніца пілігрымкі Вілейка-Будслаў:

будслаўскія пілігрымы

Гэта мая пятая пешая пілігрымка ў Будслаў. Сёлета нясу да падножжа Будслаўскага санктуарыя інтэнцыі аб аздараўленні для маёй матулі і аб навяртанні сваіх родных. Таксама хачу падзякаваць Маці Божай Будслаўскай за ўсе выслуханыя інтэнцыі з мінулых пілігрымак. Адбыўся сапраўдны цуд, калі праблемы, з якімі я ішла ў Будслаў, былі вырашаныя літаральна адначасова з маім прыездам дадому.

Катажына Шаўрук з Мінска, удзельніца пілігрымкі Мінск-Будслаў:

Гэта мая 19-я пілігрымка. І кожная з іх проста цалкам змяняе светапогляд. Часам выходзіш з аднымі інтэнцыямі, а на трэці дзень разумееш, што ўсе твае інтэнцыі былі толькі эгаістычнымі памкненнямі, і яны змяняюцца на іншыя, супрацьлеглыя, такія, якія, верагодна, больш падабаюцца Пану Богу.

будслаўскія пілігрымы

Для мяне пілігрымка – гэта глыток паветра, які дазваляе пасля ўвесь год больш па-хрысціянску ўспрымаць тыя сітуацыі, якія са мной адбываюцца. Да таго ж пілігрымка – гэта такая школа жыцця, у якой ты вучышся дапамагаць у нязручных умовах, нават тады, калі трэба было б з чалавечага пункту гледжання думаць пра сябе, а насамрэч ты найперш павінен больш думаць пра тых, хто побач з табою.

А інтэнцыя ў мяне заўсёды адна і тая ж. Галоўнае, аб чым прышу, – каб споўнілася Божая воля ў маім жыцці, таму што гэта бяспройгрышны варыянт і, напэўна, тады будзе ўсё добра.

Лізавета Старас са Слуцка, удзельніца пілігрымкі Мінск-Будслаў:

Я вырушыла ў пілігрымку ў сёмы раз. Тыя інтэнцыі, з якімі хадзіла мінулыя гады, былі выслуханыя і адбыліся цудоўныя перамяненні. Я атрымала тыя ласкі, аб якіх прасіла. Кожны раз я верыла, але не чакала, што так хутка можа адбыцца цуд.

будслаўскія пілігрымы

У гэтым годзе я іду не са сваёй інтэнцыяй, але ў інтэнцыі іншага чалавека, таму што ведаю, што яму малітва больш патрэбная. У мінулым годзе я прасіла аб навяртанні члена маёй сям’і і гэта адбылося, а ў гэтым годзе я сказала Марыі: іду ў інтэнцыі пэўнага чалавека, выслухай, калі ласка, маю просьбу. Веру, што адбудзецца цуд. Мае ж інтэнцыі былі ўжо ўсе выслуханыя.

Віталій і Ганна Туровіч з Маладзечна, удзельнікі пілігрымкі Маладзечна-Будслаў:

Нясём у Будслаў шмат інтэнцый. У мінулым годзе мы неслі інтэнцыю аб здароўі Вікторыі з Маладзечна. Ад нараджэння яна мела цяжкую хваробу, якую выявілі толькі тады, калі яна была цяжарная. Стан здароўя падчас цяжарнасці быў вельмі цяжкі, яна нават не магла размаўляць і рухацца.

будслаўскія пілігрымы

Вікторыю забралі ў шпіталь і сказалі, што могуць быць вельмі цяжкія наступствы для яе і для дзіцяці. Ёсць толькі адзіночныя выпадкі, калі людзі пасля падобнай хваробы выжывалі і вярталіся да здароўя. Урачы прапаноўвалі выклікаць роды, таму што дзіця не можа нармальна развівацца пры такой колькасці медыцынскіх прэпаратаў.

Пяць пілігрымак неслі да Маці Божай Будслаўскай інтэнцыю Вікторыі. Падчас пілігрымкі ёй зрабілі дзве аперацыі. Пасля ўсяго гэтага ўрачы вырашылі паглядзець на дзіця і былі вельмі здзіўленыя, што ўсё ішло вельмі добра. Вікторыя нарадзіла здаровую дачушку, але цяпер яе чакае складаны перыяд вяртання да нармальнага жыцця і поўнага здароўя, таму ў гэтым годзе мы просім у Бога для яе здароўя. Мы вельмі хочам, каб у іх маладой сям’і ўсё было добра, каб яны вытрывалі ў гэтым выпрабаванні.

А яшчэ сёлета ў гэтай пілігрымцы мы просім, каб Пан Бог сапраўды паглыбіў нашу веру, каб мы змаглі прыняць запрашэнне да навяртання і каб яно было не кароткачасовае, а назаўсёды.

Кацярына Дурко, фота аўтара

Паводле catholic.by

Меткі: пілігрымка ў Будслаў, Маці Божая, Будслаў, Хрысціянства, Пілігрымкі