У Беларусі на аднаго святара-паўліна стала больш
11 чэрвеня ў свята Святой Троіцы ў каталіцкай парафіі св. Сымона і св. Алены адбылася прыміцыйная святая Імша беларускага манаха-паўліна, выхадцы з парафіі, айца Ануфрыя (Дзяніса Альховіка).
29-гадовы манах ордэну святога Паўла Першага Пустэльніка атрымаў святарскае пасвячэнне 27 мая ў санктуарыі Маці Божай Чанстахоўскай на Яснай Гары ў Польшчы. Сваё служэнне з восені будзе несці ў Карэлічах у парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі – адзінай беларускай парафіі, дзе сёння служаць паўліны.
Прыміцыйнай святой Імшы папярэднічала ўрачыстая працэсія вакол касцёла, якая завершылася беларускім рэлігійным гімнам “Магутны Божа”.
Павіншаваць айца Ануфрыя са святарскімі пасвячэннямі прыбылі яго сябры па Вышэйшай духоўнай семінарыі Ордэну паўлінаў у Кракаве, пробашч Карэліцкай парафіі Юрый Саковіч, апостальскі адміністратар беларускіх грэка-каталікоў архімандрыт Сяргей Гаек, святары і клерыкі Чырвонага касцёла разам з ксяндзом Уладыславам Завальнюком, сваякі і сябры новапрэсвітара.
Падчас свайго пасвячэння айцец Ануфрый адзначыў: “Беларусь – вельмі секулярызаваная краіна, і я спадзяюся, што ў тым месцы, дзе буду служыць, з Божай дапамогай здолею гэтых людзей навярнуць да веры і вярнуць да Касцёла».
Тэкст паводле krynica.info
Фотаздымкі кс. Аўгуста Калясінскага
Меткі: Пасвячэнне