Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • Паведамленне курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аб заснаванні катэдральнага капітула

Паведамленне курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аб заснаванні катэдральнага капітула

14 студзеня 2017 года Кангрэгацыя па справах Духавенства, адказваючы на просьбу Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, разгледзеўшы ўсе прадстаўленыя дакументы, заснавала катэдральны капітул у Мінску ў гонар cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай.

Галоўнымі функцыямі капітула з’яўляецца ўдзел у найбольш урачыстых цэлебрацыях у катэдральным касцёле ў Мінску і ў іншых месцах архідыяцэзіі, арганізацыя ў катэдральным касцёле канферэнцый і сімпозіумаў, прысвечаных дакументам Святога Айца і Апостальскай Сталіцы, паглыбленне культу святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, дапамога Арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, калі ён аб гэтым папросіць, а таксама забеспячэнне вернікам магчымасці прыступаць да сакрамэнту пакаяння праз дзейнасць каноніка пенітэнцыярыя.

Згодна са статутам, капітул складаецца з 8 грэміяльных канонікаў, якімі могуць быць толькі святары, інкардынаваныя ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, і ганаровых канонікаў, колькасць якіх акрэсліваецца Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Усіх членаў капітула прызначае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Грэміяльныя канонікі выконваюць наступныя функцыі:

Канонік дэкан. Яго заданнем з’яўляецца скліканне паседжанняў капітула і ўстанаўленне парадку дня пасяджэнняў, у выпадку неабходнасці на моцы дэлегацыі дыяцэзіяльнага біскупа ўвядзенне новапрызначаных канонікаў у іх функцыі; выкананне функцый старшыні на пасяджэннях капітула; абвяшчэнне рашэнняў, прынятых на пасяджэнні, а таксама падпісванне пратаколаў пасяджэнняў, карэспандэнцыі і актаў капітула, інфармаванне Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага аб рашэннях, прынятых на пасяджэннях, падтрыманне адносін паміж капітулам і катэдральнай парафіяй; першынство ў прадстаўленні капітула ў іншых касцёльных установах.

Канонік тэолаг. Яго заданнем з’яўляецца адказнасць за арганізацыю ў катэдральным касцёле сімпозіумаў і канферэнцый, прысвечаных дакументам Рымскага Пантыфіка і Апостальскай Сталіцы; паглыбленне культу св. Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай — галоўнай апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Канонік кусташ. Яго заданнем з’яўляецца чуванне над рухомай і нерухомай маёмасцю капітула і кіраванне гэтай маёмасцю згодна з прадпісаннямі права і рашэннямі капітула, а таксама прадстаўленне штогадовай фінансавай справаздачы аб дзейнасці капітула; адказнасць за адзнакі кананіцкай годнасці, якія перадаюцца яму пасля смерці грэміяльнага каноніка на пакоі або ганаровага каноніка для далейшага захавання ў архіве капітула, інфармаванне членаў капітула аб матэрыяльнай сітуацыі канонікаў старэйшых, хворых або тых, якія знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы; арганізацыя пахавання памерлага каноніка.

Канонік пенітэнцыярый. Згодна з кан. 508 § 1 ККП, пенітэнцыярый катэдральнага капітула з моцы сваёй пасады мае звычайную ўладу, якую, аднак, не можа дэлегаваць, здымання пакарання ва ўнутраных межах ад цэнзур latae sententiae, не задэклараваных і не захаваных за Апостальскай Сталіцай. Гэтай уладай пенітэнцыярый можа карыстацца таксама ў адносінах да асоб, якія не маюць сталага або часовага месца жыхарства на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама можа ажыццяўляць сваю ўладу па-за дыяцэзіяй у адносінах да жыхароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Канонік цырымоніймайстар. Яго заданнем з’яўляецца размеркаванне літургічных функцый падчас цэлебрацый, якія ўзначальвае Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі і на якіх прысутнічае капітул; праца над упрыгожваннем святой літургіі ў катэдры ў цесным супрацоўніцтве з пробашчам катэдральнай парафіі ў г. Мінску; узначальванне спеву і рэцытацыя Літургіі гадзінаў.

Канонік сакратар. Яго заданнем з’яўляецца вядзенне пратакола пасяджэнняў капітула, рэгістрацыя пратакола ў адпаведнай кнізе і падпісанне пратакола разам з дэканам; чытанне падчас пасяджэнняў капітула пратакола мінулага пасяджэння; вядзенне звычайнай карэспандэнцыі капітула; чуванне над архівам капітула, які павінен знаходзіцца ў дыяцэзіяльнай курыі; напісанне біяграфіі памерлага члена капітула.

Сярод іншых абавязкаў усе члены капітула, апрача выпадкаў сур’ёзных перашкод, звязаных таксама з выкананнем душпастырскіх абавязкаў, павінны браць удзел, апрануўшыся у спецыяльны харальны строй, у дыяцэзіяльных урачыстасцях, якія ўзначальвае Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, удзельнічаць у святых Імшах, цэлебраваных у мінскай архікатэдры з нагоды гадавіны выбару Святога Айца, гадавіны заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, гадавіны інгрэса Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, ва ўрачыстасць св. Міхала Арханёла, а таксама ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай у Будслаўскім санктуарыі. Канонікі таксама маюць абавязак служыць ў катэдры канцэлебраваную святую Імшу падчас пахавання Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, дапаможных біскупаў і канонікаў у дзень пахавання або ў іншы ўстаноўлены дзень. У сераду пасля Дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў канонікі павінны канцэлебраваць у катэдральным касцёле святую Імшу за памерлых біскупаў, членаў капітулы і святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Канонікі маюць абавязак супольна цэлебраваць Літургію Гадзінаў у катэдры — Першыя Нешпары ўрачыстасцяў, а таксама ютрань ва ўрачыстасць св. Міхала Арханёла, Папяльцовую сераду і ў Пасхальны Трыдуум.

Усе канонікі павінны збірацца на звычайныя і надзвычайныя пасяджэнні. Звычайныя пасяджэнні павінны адбывацца ў тыдні, які папярэднічае ўрачыстасці св. Міхала Арханёла — апекуна Мінска-Магілёўскай Мітраполіі; надзвычайныя пасяджэнні адбываюцца згодна з рашэннем Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага.

Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі прызначыў 8 грэміяльных канонікаў і 10 ганаровых канонікаў.

Грэміяльныя канонікі:

Кс. Антоні Клімантовіч — пробашч Архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Мінску — дэкан капітула.
Кс. Уладзіслаў Завальнюк — пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены ў г. Мінску, дэкан дэканата Мінск-Захад — кусташ капітула.
Кс. Аляксей Раманчук — пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў г. Барысаве, дэкан Барысаўскага дэканата — канонік тэолаг.
Кс. Андрэй Яркавец — пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Бабруйску, дэкан Бабруйскага дэканата — канонік пенітэнцыярый.
Кс. Ян Крэміс — пробашч парафіі Святога Духа ў г. Мінску, дэкан дэканата Мінск-Усход — канонік цырымоніймайстар.
Кс. Аляксандр Барыла — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў г. Вілейка, дэкан Вілейскага дэканата — канонік сакратар.
Кс. Дзмітрый Барыла — афіцыял Міждыяцэзіяльнага Касцёльнага суда ў Мінску, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка ў Ракаве, дэкан Валожынскага дэканата.
Кс. Пётр Шарко — пробашч парафіі Божага Цела ў г. Нясвіжы, дэкан Нясвіжскага дэканата.

Ганаровыя канонікі:

Кс. Сяргей Бараўнёў — пробашч парафіі Божага Цела ў пас. Беразінскае Маладзечанскага дэканата.
Кс. Юрый Быкаў — пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў п. Радашковічы Маладзечанскага дэканата.
Кс. Андрэй Далянскі — святар Тарноўскай дыяцэзіі (Польшча), пробашч парафіі Святой Тройцы ў г. Касцюковічы Магілёўскага дэканата, духоўны айцец для Магілёўскай вобласці архідыяцэзіі.
Кс. Уладзімір Каспарэвіч — пробашч парафіі Св. Юзафа у в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага дэканата.
Кс. Багуслаў Маджаеўскі — святар Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі (Польшча), пробашч парафіі св. Мікалая ў в. Свір, дэкан Мядзельскага дэканата.
Кс. Дзмітрый Пухальскі — канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Кс. Францішак Рудзь — пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у г. Мінску.
Кс. Юрый Санько — в.а. прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) ў г. Мінску.
Кс. Раман Факсінскі — святар Улацлаўскай дыяцэзіі (Польшча), дырэктар Пастаральнага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Кс. Мар’ян Шэршань — святар Драгічынскай дыяцэзіі (Польшча), пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Налібакі Стаўбцоўскага раёна.

Паводле catholic.by

Меткі: катэдральны капітул у Мінску, бп. Тадэвуш Кандрусевіч