Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

У Мінску Мітрапаліт Кандрусевіч памаліўся з прадстаўнікамі літоўскай дыяспары

9 сакавіка ў мінскім касцёле Св. Сымона і Св. Алены Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу для Мінскай літоўскай дыяспары. Нагодай для сустрэчы стаў успамін апекуна Літвы — святога Казіміра. У Каталіцкім Касцёле літургічны ўспамін святога каралевіча прыпадае на 4 сакавіка.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што святога Казіміра можна лічыць апекуном трох народаў, не толькі літоўскага, але таксама беларускага і польскага. Казімір нарадзіўся ў каралеўскай сям’і ў Кракаве, жыў у Вільні, а памёр у гродзенскім замку. Яго імя вельмі папулярнае ў гэтых трох краінах. Таксама св. Казімір з’яўляецца галоўным апекуном Панявежскай дыяцэзіі ў Літве і другім апекуном Гродзенскай дыяцэзіі і Беластоцкай архідыяцэзіі ў Польшчы.

«Літургічны ўспамін св. Казіміра прыпадае на Вялікі пост, і гэта сімвалічна, бо яго жыццё вельмі адпавядае духу гэтага часу. Як вядома, Вялікі пост засяроджвае ўвагу вернікаў на малітве, посце і міласціне. На гэтых трох справах святы Казімір будаваў сваё жыццё. Ён быў чалавекам малітвы, а асабліва адзначаўся пашанай да Найсвяцейшага Сакрамэнту і Найсвяцейшай Панны Марыі.

Яго часта можна было бачыць ноччу на малітве перад зачыненымі дзвярыма віленскай катэдры. Ён напісаў гімн у гонар Божай Маці. А незадоўга да сваёй смерці падчас Імшы ў капліцы гродзенскага замка, калі чыталася Евангелле, хацеў устаць. Яму было цяжка, і прысутныя настойвалі, каб ён не ўставаў. Ён, аднак, адказаў, што не можа сядзець, калі яго Бог прамаўляе. Гэта навука для нас, людзей XXI стагоддзя, калі мы “сядзім” і не звяртаем увагі на Божы закон, жывём не паводле Божага, а паводле свайго закону», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш.

Святы Казімір адзначаўся аскетычным стылем жыцця, хоць і меў слабое здароўе. Маральныя нормы пры каралеўскім двары захоўваліся далёка не заўсёды. «Яму казалі: бяры ад жыцця ўсё, бо толькі раз жывеш. Ён жа адказваў: лепш памерці, чым зграшыць. Мы таксама павінны браць з яго прыклад і не паддавацца спакусам, а жыць згодна з Божым законам», — заклікаў іерарх.

Святы Казімір, як нагадаў арцыпастыр, таксама апекаваўся беднымі і быў адкрыты да кожнага, хто да яго звяртаўся. «Сярод нас мноства бедных, якім патрэбна як матэрыяльная, так і духоўная апека, і мы павінны ім дапамагаць», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

«Пасля Другой сусветнай вайны віленская катэдра была канфіскавана, і ў ёй знаходзіўся музей. Тады рэліквіі св. Казіміра былі перавезены ў касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла. Іх дасталі з сярэбранага саркафага і на аўтамабілі “Перамога” перавезлі на новае месца. Гэта было нібы выгнанне святога. Атэісты, напэўна, святкавалі перамогу. Аднак Бог паказаў, што гэта была пірава перамога. На свята св. Казіміра ў 1989 годзе рэліквіі былі ўрачыста перанесены ў катэдру і змешчаны ў капліцы святога Казіміра. Гэта было трыумфальнае вяртанне святога. Не машына “Перамога”, якая для атэістаў сімвалізавала перамогу, а Бог стаў сапраўднай перамогай», — падкрэсліў іерарх.

На заканчэнне гаміліі арцыпастыр перасцярог перад новымі формамі пераследу за веру, якія незаўважна вядуць да выбару свецкага стылю жыцця замест духоўнага.

Завяршыў гамілію іерарх малітвай да св. Казіміра, каб «праз яго заступніцтва Бог дапамагаў перамагаць у змаганні з выклікамі нашага часу дзеля захавання веры, патрэбнай чалавеку для збаўлення».

Паводле Catholic.by

Меткі: бп. Тадэвуш Кандрусевіч

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч