Традыцыя працягваецца. Падарунак ад біскупа для Чырвонага касцёла
Напярэдадні радаснага чакання Божага Нараджэння для касцёла Cвятых Сымона і Алены з Гомеля была прывезена жывая елка.
Адбылося гэта згодна з планам штогадовай дабрачыннай акцыі "Святочная елка з Марыйных санктуарыяў Беларусі", арганізаваная мінскай парафіяй святых Сымона і Алены яшчэ ў перыяд Адвэнта 2021 года. Ідэя якой узнікла ў душпастыра парафіі ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка ў часе перэгрынацыі копій (спісаў) цудадзейных абразоў Маці Божай па парафіях Беларусі. Гэта таксама стала своеасаблівым напамінам пра малітоўнае яднанне вакол Багародзіцы ў Яе цудадзейных абразах.
Тады ў 2021 годзе, падчас святой Імшы Пастэркі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч урачыста паклаў фігуру Нованароджанага Хрыста на сена ў яслях, усталяваных каля елкі з леса Будслаўскай базілікі. Так заслужаны іерарх блаславіў пачатак новай традыцыі каляднай елкі з ваколіц беларускіх Марыйных санктуарыяў.
У мінулым годзе елка была асвечана кусташам гудагайскага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай айцом Аркадзем Куляхам OCD і ўсталявана каля ясялек зачыненага сталічнага касцёла. Цяпер штогадовую акцыю падтрымаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
На фоне алтара, сярод высокіх цагляных сцен будучага каталіцкага храма ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, Яго Эксцэленцыя блаславіў навагоднюю ялінку для закрытага ўжо 15 месяцаў касцёла Cвятых Сымона і Алены, з пажаданнямі спакойнага Раства і малітвай аб найхутчэйшым аднаўленні парафіяльнага жыцця ў гэтай мінскай святыні.
Чатырохметровая натуральная ялінка усталявана побач з нованароджаным Дзіцяткам Езусам, Які прыходзіць нанава у наш грэшны свет, каб прынесці веру, надзею і любоў…
Гістарычная даведка: Парафія ў Гомелі пад такім тытулам існавала да 1938 года, пасля чаго атэістычна настроеная ўлада ліквідавала парафію, а святары былі рэпрэсіраваны і забіты, сам касцёл затым быў узарваны. Цяпер каталіцкая супольнасць парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі адраджаецца, а з 2013 года па ініцыятыве біскуп Казіміра на ўскраіне горада ўзводзіцца новы касцёл. А апякуюцца парафіяй двое братоў паўлінаў: пробашч парафіі айцец Леанард Адушкевіч OSPPE і айцец Майкл Окіка OSPPE з Нігерыі.
У алтары часовай капліцы, дзе зараз адбываюцца набажэнствы, знаходзіцца абраз Абраз Маці Божай Гомельскай, Успамога тых, хто ў патрэбе. Гэта спіс абраза Маці Божай Снежнай, які таксама пілігрымуе разам з астатнімі 16-ццю святымі выявамі Божай Маці, набывае ўсё большую папулярнасць і ўвагу сярод вернікаў у інтэнцыі абароны наступстваў чарнобыльскай трагедыі.
Ахвяраванні, складзеныя вернікамі на дабрачыннай акцыі "Святочная елка з Марыйных санктуарыяў Беларусі" будуць накіраваны на працяг будаўніцтва Гомельскага касцёла.
Фота: Віктар Ведзень
Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая