Праўда і справядлівасць несмяротныя. Арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў святую Пасхальную Вігілію ў Чырвоным касцёле
Увечары 16 красавіка цэлебрацыю святой Пасхальнай Вігіліі ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасхальная Вігілія ў святую ноч Уваскрасення Пана — галоўная цэлебрацыя на працягу літургічнага года, у якой Касцёл у чуванні ўшаноўвае цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры.
У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх перадусім падкрэсліў тое, што, нягледзячы на складаныя ўмовы, у якіх знаходзіцца сучасны свет, Уваскрасенне Хрыста дае надзею на пазітыўнае вырашэнне ўсіх крызісаў.
Звярнуўшыся да евангельскага тэксту пра ўваскрасенне Хрыста, арцыбіскуп засяродзіў увагу прысутных на пустой магіле Езуса. Да яе прыйшлі жанчыны міраносіцы і, калі знайшлі яе адкрытай і пустой, то моцна спалохаліся. Але анёл супакоіў іх і перамяніў іхні смутак у радасць, абвясціўшы ўваскрасенне Хрыста.
«Як без захаду сонца няма яго ўсходу, таксама і без крыжовай смерці не было б Уваскрасення. Свята Пасхі дазваляе нам перажываць сапраўдны парадокс, бо са смерці нарадзілася жыццё»,— адзначыў арцыпастыр.
Нягледзячы на складаную сітуацыю ў нашай краіне і ва Украіне, дзе ідзе вайна і гінуць людзі, ён заклікаў вернікаў жыць надзеяй. «Уваскрасенне Хрыста нагадвае пра тое, што вера ў Яго трыумфуе. Праўда перамагла хлусню, справядлівасць запанавала над несправядлівасцю, а параза ператварылася ў перамогу. <…>
Гэта азначае, што праўда несмяротная. Яе можна схаваць у магіле, але на трэці дзень яна ўваскрэсне і зробіць нас свабоднымі, як кажа Хрыстус»,— падкрэсліў іерарх.
Ён дадаў, што «ў гэты складаны час, калі льецца кроў нашых украінскіх братоў і сясцёр, мы не можам страціць здольнасць адрозніваць дабро ад зла», і нагадаў вучэнне Касцёла, якое кажа, што «вайна не з’яўляецца спосабам вырашэння праблем, але катастрофай і злачынствам супраць Бога і чалавека, што заслугоўвае асуджэння».
«Пасхальная таямніца смерці і Уваскрасення Хрыста — гэта праяўленне бязмежнай Божай Міласэрнасці, якой патрабуе свет і Украіна. Святы Ян Павел ІІ кажа, што адзінай надзеяй свету ёсць Божая міласэрнасць. Таму, поўныя надзеі, мы звяртаемся да цябе, Міласэрны Уваскрослы Езу, міласціва глянь на нашу паўднёвую суседку Украіну! Зруш скамянелыя сэрцы адказных за ваенную трагедыю, каб пачулі плач маці забітых сыноў і дачок, скалечаных людзей, бежанцаў і ўсіх пакрыўджаных і тэрмінова яе спынілі! Няхай шляхам дыялогу, узаемапашаны і прабачэння будзе прадухілена далейшая эскалацыя ваенных дзеянняў і настане справядлівы мір!
Няхай у нашай Бацькаўшчыне, ва Украіне і ва ўсім свеце запануе мір, узаемная любоў, дух прабачэння, свабода і справядлівасць!»— скіраваў малітоўны заклік да Уваскрослага Хрыста арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля Імшы ён на розных мовах павіншаваў прысутных у касцёле вернікаў і тых, хто далучыўся да пасхальнага святкавання дзякуючы прамой трансляцыі.
Паводеле: catholic.by
Фота: Віктар Ведзень