Арцыбіскуп Кандрусевіч: Вялікі тыдзень — час выпрабавання любові чалавека да Бога
10 красавіка, у Пальмовую нядзелю, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстых набажэнстваў у сталічным касцёле святога Сымона і святой Алены, вядомым у народзе як Чырвоны касцёл.
Ва ўспамін урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузамлем перад Імшой адбылася традыцыйная працэсія з вербамі.
У прамоўленай пасля чытання Мукі Пана гаміліі заслужаны іерарх адзначыў, што Пальмовай нядзеляй распачынаецца Вялікі тыдзень — час, калі вернікі ўспамінаюць і святкуюць вялікую справу збаўлення.
"Натоўп людзей вітаў Езуса як караля, з песнямі і пальмавымі галінкамі. Пазней, літаральна праз некалькі дзён, той самы натоўп звярнуўся да Пілата з патрабаваннем: „Укрыжуй Яго!“ <…>
"Таму Пальмовая нядзеля, калі ўспамінаецца урачысты ўваход Езуса ў Ерузалем, спалучана з успамінам Яго цярпення і крыжовай смерці. Гэта — вобраз нясталасці чалавека і яго нявернасці",— заўважыў арцыпастыр.
Ён з горыччу канстатаваў, што людзі часта нясталыя ў сваіх поглядах і імі лёгка маніпуляваць, прыкладам чаго з’яўляецца публічны суд над Хрыстом, калі, падбухтораныя купкай кіраўнікоў, людзі пажадалі вызваліць злачынцу Барабу замест Хрыста, пра якога нават Пілат казаў, што Ён «не здзейсніў ніякага злачынства».
"Таму Вялікі тыдзень — гэта час выпрабавання любові чалавека да Бога і адначасова час бязмежнай любові Бога да чалавека.Падчас Апошняй вячэры Езус вучыў нас гэтай любові, а потым сам памёр на крыжы з любові да нас, каб выбавіць з палону граху і адкрыць брамы неба", — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
"У Пальмовую нядзелю мы асвячаем галінкі як сімвал перамогі любові над смерцю. Нясем іх дамоў, хоць ведаем, што яны хутка засохнуць. Аднак наша любоў і вернасць Хрысту не можа засохнуць, як „засох“ энтузіязм людзей, якія ўрачыста віталі Езуса падчас Яго ўваходу ў Ерузалем. Наадварот, мы заўсёды павінны заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб ніколі не адрачыся ад Езуса, бо толькі ў Ім збаўленне", — заклікаў прысутных заслужаны іерарх.
На заканчэнне ён заахвоціў вернікаў успрымаць набажэнства Пальмовай нядзелі і Вялікага тыдня як "лакмусавую паперку" свайго хрысціянства.
"У гэты тыдзень кожны павінен даць адказ, на чыім баку ён знаходзіцца: Бога ці злога духа",— паставіў пытанне рубам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Паводле: catholic.by
Фота: Віктар Ведзень