Родная мова жыве і асвячаецца ў касцёлах
21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы святочна адзначылі ў Чырвоным касцёле. У напісанні нацыянальнай дыктоўкі ўдзялі ўдзел парафіяне і чытачы бібліятэкі імя А. Міцкевіча, настаўнікі, інтэлігенцыя, моладзь.
Для іх была прапанавана выстава твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.
На імпрэзе, арганізаванай куратарам бібліятэкі Галінай Івуць, прагучалі галасы Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна з дыска "Сто паэтаў".
Галіна Фёдараўна распавяла пра гісторыю запачаткавання Міжнароднага дня роднай мовы. Гэта свята было ўсталявана рашэннем 30-тай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці. Гэты дзень супадае з днём памяці пра падзеі, калі паліцыя расправілася са староннікамі прызнання бенгальскай мовы ў якасці афіцыйнай ва ўсходнім Пакістане (Бангладэш).
Тэкст дыктоўкі "Без мовы няма народа" па творы Ніла Гілевіча прачытала выдатнік народнай асветы, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Карлаўна Раманцэвіч. З чытаннем сваіх вершаў выступіла паэтка Ядвіга Іванаўна Рай. Свой верш "Пявучая родная мова" прадэкламавала
вучаніца 8 класа катэхетычнай школы Кацярына Ляшок.
У гэты ж дзень навучэнцы нядзельнай школы прынялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага сакрамэнта. Святыя пачуцці да Пана Бога і да роднай мовы выхоўвае ў іх выкладчыца беларускай мовы і настаўніца нядзельнай школы Ірына Адамаўна.
Эла ДЗВІНСКАЯ,
фота аўтара
Меткі: беларуская культура, Традыцыі, беларуская літаратура, Мерапрыемствы, Бібліятэка