Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • Святкаванне ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста адбылося на плошчы перад Чырвоным касцёлам у Мінску

Святкаванне ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста адбылося на плошчы перад Чырвоным касцёлам у Мінску

У нядзелю 14 чэрвеня на плошчы перад касцёлам святога Сымона і святой Алены ў Мінску адбылася Імша і Эўхарыстычная працэсія з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі працэсіі Божага Цела па вуліцах гарадоў і іншых населеных пунктаў нашай краіны былі адменены.

У Мінску замест агульнагарадской працэсіі было вырашана правесці два адмысловыя Эўхарыстычныя набажэнствы.

Першае з іх прайшло 11 чэрвеня, у сам дзень урачыстасці, у архікатэдры.

Да ўдзельнікаў урачыстай Імшы, якіх сабралася некалькі соцень, духоўна далучыліся з дапамогаю анлайн-трансляцыі на партале Catholic.by яшчэ каля тысячы чалавек. У цэлебрацыі ўдзельнічаў таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра новыя магчымасці для малітвы, якія дала трансляцыя святой Імшы, што ва ўмовах эпідэміі і звязанай з ёю ізаляцыі дазваляе ўсёй сям’і разам уключацца ў святкаванне Эўхарыстыі. Але, дадаў ён, разам з гэтымі станоўчымі рысамі з’явіліся небяспечныя, калі чалавек лічыць, што няма патрэбы хадзіць у касцёл на Імшу, бо гэты абавязак можна выканаць перад маніторам камп’ютара.

Іерарх падкрэсліў, што такое меркаванне памылковае і сведчыць пра неразуменне сутнасці Эўхарыстыі як крыніцы і вяршыні хрысціянскага жыцця, а таксама хлеба вечнага жыцця.

Ён дадаў, што віртуальны вобраз не замяняе фізічнай прысутнасці, трансляцыя ж Імшы можа выклікаць логіку спектаклю і пошук чалавечых эмоцый.

Разам з тым пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заўважыў, што ёсць і добрыя прыклады: усё больш вернікаў выказвае жаданне непасрэднага фізічнага ўдзелу ў Імшы і прыняцця рэальнай святой Камуніі. З гэтага можна «зрабіць выснову, што час ізаляцыі спрыяе паглыбленню ўдзелу ў таямніцы Вячэрніка».

«Падчас Апошняй вячэры Езус пакінуў нам найбольш каштоўны дар, якім з’яўляецца Эўхарыстыя, у якой Ён сам прыходзіць да нас. Урачыстасць Божага Цела — гэта найбольш яскравае прадстаўленне праўды прысутнасці сярод нас Эммануэля — Бога з намі, якому мы аддаём публічную пашану», — адзначыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што «Эўхарыстыя дае надзею, нават насуперак надзеі, бо гарантуе вечнае жыццё».

Арцыпастыр прывёў прыклад, калі ў 1969 г. адбылася пасадка месяцахода на Месяцы. Тады адзін з астранаўтаў прыняў святую Камунію і ахвяраваў місію на Месяц Езусу. Кансэкраваную гостыю яму даў яго пробашч, які атрымаў на гэта спецыяльны дазвол біскупа.

Гэтая гістарычная падзея, па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, вучыць, каму найперш неабходна давяраць у складаных умовах жыцця.

Падчас першага палёту на Месяц, «не ведаючы, як усё завершыцца, давяраючы дасягненням навукі і тэхнікі, амерыканскі астранаўт даверыўся і Богу». «Больш за тое, ён узяў з сабой Эўхарыстычнага Езуса, каб быў яго моцай. Гэта добры прыклад усім нам ісці па жыцці з Езусам», — звярнуў увагу іерарх.

Як адзначыў арцыбіскуп, урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста вучыць, што «мы павінны верыць у рэальную прысутнасць Езуса пад відамі хлеба і віна». «Выгляд і смак застаюцца тымі самымі, але змяняецца сутнасць. Гэта тое, што ў тэалогіі называецца транссубстанцыяцыяй. У руках святара Езуса моцаю Духа Святога чыніць цуд — а менавіта наступае сутнаснае перамяненне хлеба і віна ў Яго Цела і Кроў», — патлумачыў іерарх.

Таксама, па яго словах, гэтая ўрачыстасць нагадвае, што «Эўхарыстыя нас аб’ядноўвае»: «Падчас святой Імшы мы, хаця і розныя, становімся адной супольнасцю. Падобна таму, як хлеб паўстае са шматлікіх зёрнаў, а віно — са шматлікіх гронак вінаграду, таксама і мы падчас Эўхарыстыі, асабліва калі прымаем святую Камунію, становімся адной сям’ёй, становімся Касцёлам як Містычным Целам Хрыста».

«Каб годна прыняць госця, мы адпаведна рыхтуемся. У Эўхарыстыі да нас прыходзіць не звычайны госць, а сам Езус Хрыстус. Больш за тое, Ён становіцца нашым духоўным Хлебам», — дадаў арцыбіскуп, падкрэсліўшы, што трэба з гэтай прычыны належным чынам рыхтавацца да прыняцця святой Камуніі.

Яшчэ адзін урок, які, па словах іерарха, вынікае з гэтай урачыстасці, — тое, што «нам неабходна сведчыць нашу хрысціянскую тоеснасць у штодзённым жыцці».

Духоўна змененыя Эўхарыстыяй, прыкладам свайго жыцця вернікі павінны змяняць свет, адзначыў арцыбіскуп.

Арцыпастыр падзякаваў Езусу за магчымасць цэлебраваць Божае Цела, што не ўсе сёння маюць у закранутым пандэміяй свеце, папрасіў благаславіць сабраных у Яго Імя на цэнтральнай плошчы Мінска і распаліць у іх голад Эўхарыстыі.

Як 11 чэрвеня ў архікатэдральнай парафіі, так і ў гэты дзень было вырашана правесці на заканчэнне Імшы Эўхарыстычную працэсію на плошчы перад святыняй для захавання дыстанцыі з мэтаю прадухілення заражэння.

Вернікі заставаліся на месцах, а духавенства з Эўхарыстычным Хрыстом у манстранцыі прайшло ў працэсіі да чатырох алтароў. Падчас прыпынкаў каля алтароў чыталіся адпаведныя ўрыўкі з Евангелля і малітвы.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў Богу за надвор’е, якое дазволіла адзначыць гэтае свята — «публічнае вызнанне нашай веры» — цэлебрацыяй на плошчы перад касцёлам.

Іерарх пажадаў, каб гэтая ўрачыстасць дапамагла «асэнсаваць значэнне Эўхарыстыі ў нашым жыцці» і каб «Эўхарыстыя заўсёды прысутнічала ў ім».

Удзельнікі праспявалі гімн «Магутны Божа».

Тэкст: Анастасія Грышан
Фота: Віктар Ведзень
Паводле catholic.by

-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-
-06-14-chk-

Меткі: Літургія, Традыцыі, Урачыстасць, Хрысціянства, бп. Тадэвуш Кандрусевіч, Эўхарыстыя