Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

У 100-ю гадавіну нараджэння святога Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кандрусевіч маліўся перад яго рэліквіямі ў Чырвоным касцёле

18 мая, у 100-ю гадавіну з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

На галоўным алтары гэтай сталічнай святыні з пашанаю захоўваецца рэлікварый, у якім змешчана часцінка крыві Вялікага Папы.

абп.Кандрусевіч і арх.Гаек

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк і іншыя святары. Да прысутных у касцёле некалькіх дзясяткаў вернікаў дзякуючы анлайн-трансляцыі духоўна далучыліся некалькі соцень «віртуальных» удзельнікаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы.

Цэлебрацыя распачалася спевам на ўваход пад назваю «Човен», які вельмі любіў Ян Павел ІІ.

Усіх удзельнікаў урачыстай Эўхарыстыі – прысутных у касцёле і «віртуальных» – прывітаў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, папрасіўшы арцыбіскупа Кандрусевіча ўзначаліць цэлебрацыю ў 100-ю гадавіну нараджэння Вялікага Папы.

100 год з дня нараджэння св. Яна Паўла II

«Мы не можам не маліцца ў гэты дзень, не можам не дзякаваць Богу за гэтага Папу і за яго мудрыя рашэнні, дзякуючы якім распачалося адраджэнне Касцёла ў Беларусі», – сказаў арцыпастыр напачатку.

Прамоўленае Божае слова арцыбіскуп Кандрусевіч, які 30 гадоў таму прыняў біскупскае пасвячэнне з рук Папы Яна Паўла ІІ, прысвяціў асобе гэтага чалавека, якога Божы Провід у адпаведны час паставіў на чале паўсюднага Касцёла і здзейсніў праз яго вялікія справы таксама на беларускай зямлі, хоць асабіста Папу-славяніну так і не давялося наведаць нашу Бацькаўшчыну.

На пачатку гаміліі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату зазначыў, што Яна Паўла ІІ нездарма называюць «Вялікім Папам», паколькі яму ўдалося тое, што здавалася немагчымым.

«Не чалавек, а Бог піша гісторыю. Аднак піша яе праз людзей. Адным з такіх людзей быў Ян Павел ІІ. Калі многія апусцілі рукі і не верылі ў магчымасць духоўнага адраджэння ў былым Савецкім Саюзе, ён верыў у Божую моц», – сцвердзіў арцыбіскуп, нагадаўшы пра тое, што менавіта чалавек, адкуплены Езусам Хрыстом, быў у цэнтры пантыфікату Яна Паўла ІІ – Папы, які самога сябе і ўсё сваё служэнне цалкам прысвяціў Марыі.

100 год з дня нараджэння св. Яна Паўла II

«Давер Марыі спадарожнічаў Яну Паўлу ІІ на працягу ўсяго яго доўгага пантыфікату. Калі падчас шматлікіх сустрэч з ім я распавядаў пра складанасці жыцця і адраджэння Касцёла ў былым Савецкім Саюзе, то Папа Вайтыла казаў: „Памятай пра словы Марыі з Фацімы, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і гэтыя землі навернуцца“. Гэтыя словы Яна Паўла ІІ давалі новую надзею і падтрымлівалі», – прызнаўся іерарх, які ў той час быў арцыбіскупам у Маскве.

Ён дадаў, што Ян Павел ІІ пакінуў пасля сябе трывалы след у гісторыі чалавецтва і гісторыі Беларусі, хоць ні разу тут не быў, бо яго не запрасілі.

«Гэты след – гэта найперш адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла пасля трох пакленняў ганенняў, – сцвердзіў арцыпастыр. – Папа пакінуў свой след на нашай Бацькаўшчыне і праз беатыфікацыю шэрагу мучанікаў, каб мы мелі сваіх нябесных заступнікаў. Ён пакінуў яго таксама ў сваім вучэнні, якое адносіцца і да нашай зямлі. Ён па-беларуску віншаваў нас на святы Божага Нараджэння і Пасхі. Па-беларуску вітаў падчас візіту ў Літву ў 1993 годзе. Прызначыў першага ў гісторыі Беларусі кардынала – жывога мучаніка савецкага рэжыму Казіміра Свёнтка.

Ён радаваўся адраджэнню нашага Касцёла і разам з намі падзяляў яго цяжкасці», – адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

100 год з дня нараджэння св. Яна Паўла II

Ён падкрэсліў, што, хоць ужо мінула 15 гадоў пасля яго пераходу ў дом нябеснага Айца, вучэнне Яна Паўла ІІ не страціла актуальнасці, бо грунтуецца на вечнай праўдзе Евангелля.

«Сёння Ян Павел ІІ зноў звяртаецца да нас са сваім славутым заклікам: „Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!“ Услухаемся ў гэты заклік. Нягледзячы на ўсе супярэчнасці, адчынім дзверы Хрысту і дазволім Яму кіраваць нашым жыццём, каб у гэтым жыцці будаваць цывілізацыю любові, міру і жыцця, а ў вечнасці прыйсці ў радасць вечнага шчасця ў небе, там, дзе знаходзіцца наш нябесны апякун Ян Павел ІІ», – сказаў напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

100 год з дня нараджэння св. Яна Паўла II

Пасля Камуніі кароткае слова прамовіў архімандрыт Сяргей Гаек, які звярнуў увагу на тое, што Ян Павел, будучы Папам, з самага пачатку маліўся за зняволеныя нялюдскім рэжымам народы былога Савецкага Саюза, калі нават яшчэ не было магчымасці аднавіць на гэтай зямлі структуры Касцёла, знішчаныя злачыннай савецкай уладай.

«І малітва дала свой плён, сведкамі якога мы ўсе сталі», – дадаў айцец архімандрыт.

На заканчэнне святой Імшы адбылася адмысловая малітва, у якой праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кандрусевіч узнёс да Бога просьбы, у тым ліку аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу.

Разам з архімандрытам Гаекам арцыпастыр удзяліў благаслаўленне рэліквіяй святога Яна Паўла ІІ, пасля чаго прысутныя ў касцёле вернікі на чале з духавенствам у працэсіі прайшлі да фігуры Вялікага Папы-славяніна, усталяванай на прыкасцёльным цвінтары.

100 год з дня нараджэння св. Яна Паўла II

На пачатку працэсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што, хоць у Мінску да гэтага часу няма сапраўднага годнага помніка Яну Паўлу ІІ, аднак усе мы можам узнесці ў яго гонар духоўны помнік, калі будзем жыць згодна з яго вучэннем і наследаваць яго святыя справы.


Тэкст: Мікола Гракаў
Фота: Віталій Палінеўскі

Паводле catholic.by

-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-
-05-18-jp2-

Меткі: набажэнствы, Пантыфік, Святыя, Святы Айцец, бп. Тадэвуш Кандрусевіч, Эўхарыстыя, Гісторыя