Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • Замест велікапоснага чування каталіцкая моладзь Беларусі далучылася анлайн да малітвы з арцыбіскупам Кандрусевічам

Замест велікапоснага чування каталіцкая моладзь Беларусі далучылася анлайн да малітвы з арцыбіскупам Кандрусевічам

Увечары 28 сакавіка замест велікапоснага чування моладзі ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску прайшло спецыяльнае набажэнства з анлайн-трансляцыяй, у якім узялі ўдзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі.

Паколькі запланаванае на ноч з 28 на 29 сакавіка велікапоснае чуванне моладзі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу было вырашана не праводзіць, яно было заменена адмысловым набажэнствам, якое складалася са святой Імшы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовай малітвы.

Дзякуючы анлайн-трансляцыі, якая вялася на партале Catholic.by, да малітвы маглі далучыцца юнакі і дзяўчаты з розных куткоў Беларусі.

Набажэнства, прысвечанае малітве за моладзь і аб выбаўленні нашай краіны і ўсяго свету ад эпідэміі каранавірусу, распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

абп. Тадэвуш Кандрусевіч

Да прысутных у Чырвоным касцёле вернікаў, сярод якіх было нямала моладзі, іерарх звярнуўся з пастырскім словам. Яго галоўнай думкаю сталі словы, прамоўленыя святым Янам Паўлам ІІ на Імшы на самым пачатку яго пантыфікату: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» Гэтыя словы, сугучныя з тэмай Пастырскага года ў Касцёле на Беларусі, прысвечанага святому Яну Паўлу ІІ у сотую гадавіну з дня яго нараджэння, павінны былі стаць таксама дэвізам велікапоснага моладзевага чування, да якога так старанна рыхтаваліся юнакі і дзяўчаты сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены, а таксама іх аднагодкі ва ўсёй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і не толькі.

У гаміліі арцыпастыр перадусім звярнуў увагу на прачытаны ўрывак з Евангелля паводле святога Яна пра ўваскрашэнне Лазара, які Касцёл прапануе на Пятую нядзелю Вялікага посту. Па словах іерарха, смерць Лазара, які быў блізкім сябрам Езуса, была патрэбная для таго, каб выявілася боскасць Хрыста і адкрылася перспектыва несмяротнасці – галоўная праўда хрысціянства.

«Драма Лазара – гэта ўвасабленне лёсу кожнага чалавека: напачатку – параза смерці, пасля якой наступае трыумф жыцця. Таму яго гісторыя – гэта знак дару вечнага жыцця», – сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«„Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!“ Актуальнымі і знакавымі з’яўляюцца гэтыя словы сёння, калі свет ахінула пандэмія каранавірусу, якая парушыла звычайны лад жыцця людзей нашага часу. За тры месяцы абясцэнілася тое, што лічылася важным.

малітва моладзі

Грамадства спажывальніцтва ператварылася ў грамадства бяспекі. З-за карантыну і надзвычайнай сітуацыі народы закрыліся ў межах сваіх дзяржаваў. Людзі застаюцца ў сваіх дамах і кватэрах. Абмежаваны рух. Адменены спартовыя спаборніцтвы, канцэрты, забаўляльныя мерапрыемствы. У некаторых краінах нават святыя Імшы цэлебруюцца без удзелу вернікаў. Усё адбываецца паводле прынцыпу: мой дом – мая крэпасць.

Нас чакаюць складаныя часы. Крызіс калісьці скончыцца, але мы ўсе апынемся ў іншым свеце, які ўжо не будзе падобным да таго, да якога мы прызвычаіліся. Пандэмія пацвярджае, што галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца бяспека, і дзеля яе чалавецтва можа адмовіцца ад прывычных дабротаў цывілізацыі.

Мікраскапічны вірус аказаўся мацнейшым за самую разбуральную сучасную зброю. Гэты факт схіляе задумацца над праўдай, якая ніколі не змяняецца, – над праўдай Евангелля.

Выкліканы пандэміяй каранавірусу крызіс выявіў не толькі эканамічныя і сацыяльныя праблемы сучаснасці і ўразлівасць глабалізацыі, але таксама і маральныя праблемы», – адзначыў арцыпастыр.

Таму, дадаў ён, гісторыя Лазара з’яўляецца для нас прыкладам, які вучыць давяраць Богу і ў безнадзейнай сітуацыі спадзявацца перадусім на Яго ўсемагутную дапамогу.

«Словы Езуса: „Лазар, выйдзі вонкі!“ адносяцца да кожнага з нас. Хрыстус не згаджаецца на нашу грахоўную смерць, духоўную магілу. Ён нам кажа: „Выйдзі са сваёй магілы! Выйдзі з вязніцы, у якую сам сябе замкнуў, задавальняючыся штучнай віртуальнай радасцю, якая пазбаўлена ідэалаў і сапраўдных каштоўнасцяў. Пакінь жыццё, якое памяншае тваю веліч Божага дзіцяці!» – перафразаваў іерарх евангельскія словы ў адпаведнасці з сітуацыяй чалавека ў сучасным свеце.

«Таму не будзем баяцца! Адчынім ужо сёння дзверы сваіх сэрцаў Хрысту, а Ён нам скажа: „Увайдзіце ў святло жыцця ў Божай ласцы, якая адорыць вас радасцю ў гэтым жыцці і прывядзе ў радасць неба“», – завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне святой Імшы ён яшчэ раз падзякаваў моладзі і адказнаму за падрыхтоўку чування ксяндзу Кірылу Бардонаву за іх самаахвярную працу, пасля чаго разам з біскупам Юрыем Касабуцкім і Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам удзяліў усім прысутным і «віртуальным» удзельнікам малітвы пастырскае благаслаўленне.

Потым у Чырвоным касцёле распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой гучалі разважанні, спевы і малітвы. Завяршылася набажэнства малітваю святога Ружанца і Эўхарыстычным благаслаўленнем.

Эўхарыстычнае благаслаўленне

Тэкст: Мікола Гракаў
Фота: Віталій Палінеўскі
Паводле catholic.by

 

-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-
-03-28-chk-

Меткі: Літургія, Інтэнцыі, Моладзь, бп. Тадэвуш Кандрусевіч, Эўхарыстыя